пэ́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Дакладна вызначаны, прызначаны. Ліда атрымала некалькі мін, заведзеных на пэўны, вядома, позні час ночы. Кавалёў. [Тарыел і Тапурыя] ўгаварыліся сустрэцца на пэўным месцы, на паўднёвай ўскраіне лесу. Самуйлёнак.
2. Выразны, акрэслены, які склаўся канчаткова. Без пэўнай думкі расчыніў.. [Раман] у клуню вароты, зайшоў туды, агледзеў сцены, зірнуў на кучы саломы і выйшаў на двор. Колас. Назаўтра, пасля абходу, калі ўрач, таксама не сказаўшы нічога пэўнага, пайшоў з палаты, Лёдзя ўстала і падышла да жанчыны. Карпаў.
3. Некаторы, той ці іншы. У працы выяўлены пэўныя недахопы. □ Кожны будаўнік — у пэўнай ступені паэт і летуценнік, з вялікаю вераю ў свае сілы і магчымасці. Грахоўскі.
4. Перакананы ў чым‑н.; упэўнены. Аўгеня пайшла дадому, пэўная ў тым, што сёння свята. Колас.
5. Такі, якому можна даверыцца; надзейны. [Алалоўнік] быў чалавекам пэўным у палітычным сэнсе... Бядуля. [Жэня:] — [Серада] абяцае завесці нас у найбольш пэўную схованку. Брыль.
6. Упэўнены, цвёрды. Спрактыкаваныя, пэўныя рукі паклалі пад рэйку адну з «мышаловак». Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адзінабо́рства, ‑а, н.
Барацьба адзін на адзін паміж двума праціўнікамі; паядынак. Даўней гэта выглядала так. Сустракаліся два варожыя станы. Асілкі скрыжоўвалі зброю, а ворагі тым часам, гледзячы з двух бакоў на адзінаборства, набіраліся злосці, каб рынуцца пасля ў крывавы бой. Брыль. // Барацьба аднаго з некалькімі праціўнікамі адначасова або са стыхіяй. Сама легенда была нескладанай: паводле яе, адзін толькі Страцім-лебедзь адмовіўся ад Ноевага каўчэга, сам уступіўшы ў адзінаборства са стыхіяй патопу. Лойка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адсве́чваць, ‑ае; незак.
1. Адбіваючы святло, свяціцца, даваць водсвет. Конь прыціх, супакоіўся, ледзь адсвечвала нерухомая падкова. Лынькоў. // Адліваць колерам чаго‑н. або якім‑н. колерам. Золатам адсвечвала пажоўклае лісце вішняку. «Маладосць».
2. Адбівацца на чым‑н. Выгібы хваль, разварушаных лодкай, пабліскваюць, адсвечваюць на пясчаным дне. Брыль. [Міхалковіч:] Унь, бачыш, бляск. Гэта, мусіць, сонца ад шыб адсвечвае. Чорны. // перан. Адбівацца (у вачах, на твары — пра душэўны стан). Але ў [Рыгоравай] ухмылцы адсвечвала сур’ёзная ўвага да Ганны. Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абра́ннік, ‑а, м.
1. Той, хто абраны для выканання якіх‑н. высокіх абавязкаў. Дэпутаты — абраннікі народа. □ Усё гэта нова для нас, і самі мы — абраннікі калектыву — таксама нібы панавелі адразу. Брыль.
2. Уст. Незвычайна здольны, асаблівы чалавек, дзейнасць якога не пад сілу для іншых. Ідэалістычнае ўяўленне пра паэта як абранніка лёсу.
3. Любімы чалавек; каханак. Відаць, што чакае яна [Гандзя] к вечарку свайго Серафіма, абранніка сэрца, Ля самых Баркоў на сваім хутарку. Зарыцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пазла́зіць, ‑злазіць; ‑злазім, ‑злазіце, ‑злазяць; зак.
1. Злезці адкуль‑н. — пра ўсіх, многіх. Паліцыянты пазлазілі з веласіпедаў і, грозна пакрыкваючы на нас, ішлі абочынамі дарогі. Брыль.
2. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Знікнуць з паверхні чаго‑н. Хутка рана загаілася зусім, пазлазілі струны і са спіны, кабылка пакруглела, нават павесялела. Дамашэвіч.
3. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Разм. Знацца з чаго‑н. — пра ўсё, многае. Хусткі пазлазілі з галоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ме́сіва, ‑а, н.
Разм.
1. Густая або вадкаватая маса, ліпкая сумесь з чаго‑н. У круглай яме топчацца двое коней, месячы гліну. Усё ідзе ў гэта месіва — і салома з.. стрэх, і пацяруха ўсякая, і кастрыца... Брыль. // Глыбокая ліпкая гразь на дарозе. А дарога — месіва веснавой гразі, якая ўжо не замярзала і ўначы. Мікуліч.
2. Тое, што і мешаніна (у 1 знач.). У празрыстай лёгкай сіняве загойдалася чорнае месіва — дым з пылам. Кухараў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мужчы́на, ‑ы, м.
1. Асоба, процілеглая жанчыне па полу. Пара людзей — мужчына і жанчына — неўзабаве адсталі і павярнулі назад. Чорны. У сям’і павага ў нас мужчынам! Дзед тапіў дзянікінцаў у Доне, Бацька ўзводзіў горад на Амуры, Брат старэйшы штурмаваў Берлін. Гілевіч. // Асоба гэтага полу, якая вызначаецца мужнасцю. [Таццяна:] — Будзьце мужчынам. Не да твару камандзіру гаварыць такое. Пальчэўскі.
2. Дарослы чалавек мужчынскага полу ў адрозненне ад юнака, хлопчыка. Па хатах збіралася моладзь, мужчыны. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
не́куды, прысл.
1. Кудысьці, невядома куды. Некуды ж вось ідзе гэтая вузкая лясная дарожка. Брыль. [Вісарыёна] моцна ўдарылі па галаве, схапілі за рукі, некуды пацягнулі. Самуйлёнак. Паравоз, пыхкаючы і набіраючы хуткасць, паімчаўся некуды ўдалячынь. Шчарбатаў.
2. Няма такога месца, куды б можна было адправіцца, змясціць каго‑, што‑н. Без вестак ад цябе — нам некуды ісці. Глебка.
•••
Далей (ехаць, ісці) некуды — горш таго, што ёсць, быць не можа.
Дзець некуды гл. дзець.
Некуды вачэй дзець гл. дзець.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
непако́й, ‑ю, м.
1. Стан душэўнай трывогі, хвалявання, выкліканы чым‑н. Дні трывог, страху і непакою пачаліся для дзеда Талаша і яго сям’і. Колас. Непакой за лёс разведчыкаў ахапіў усю роту. Васілёнак. З надыходам восені ўсё з большым непакоем заглядваў Шыманскі на малочную ферму. Дуброўскі.
2. Турботы, клопаты. Мой непакой за спраўнасць ахоўвання межаў радзімы развеяўся [на заставе] вельмі хутка. Брыль. Смокча душу балючы непакой: як.. [сын] там ходзіць ці бегае, з кім, дзе, чаго? Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нечака́ны, ‑ая, ‑ае.
Такі, якога не чакалі; непрадбачаны. Нечаканая вестка. □ Нечаканых гасцей было чацвёра: трое палякаў у вайсковай форме, а чацвёрты Мікіта Цэлех, узяты за панятога. Колас. Мільгалі твары ў масках і без масак, у самых нечаканых мудрагелістых касцюмах. Лобан. // Які ўзнік вельмі хутка; раптоўны. Насцярожанае маўчанне ночы парушылася раптам нечаканым раскатам грому. Васілевіч. / у знач. наз. нечака́нае, ‑ага, н. Раптам сталася нечаканае, — плотка даволі ўжо высока над вадой сарвалася з кручка... Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)