відо́чны, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Тое, што і відавочны. Можа, і Сухаварава не ўпадабаў ён за тое, што яна аддавала відочную перавагу яму... Колас. Рыбак з відочным клопатам ссунуў на патыліцу шапку і запытальна паглядзеў на жанчыну. Быкаў.
2. Які добра відаць, знаходзіцца на відным месцы. Трошкі на водшыбе, на відочным узгорку, стаяла мураваная двухпавярховая будыніна. Сабаленка. І маленькая беларуская вёсачка, адкуль мы як бы пачыналі слухаць голас паэта, робіцца відочнай і блізкай людзям далёкіх земляў. Лужанін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзя́каваць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак., каму-чаму.
1. Выказваць удзячнасць, падзяку. Дзякаваць сябрам за паслугу. □ [Старшыня] дзякаваў Сашкавай маці, што яна хадзіла дапамагаць жанчынам выполваць свірэпку з пшаніцы. Даніленка.
2. інф. Разм. Тое, што і дзякуй (у 1 знач.). Мікола моцна паціснуў руку старому машыністу: — Дзякаваць табе. Краўчанка. Паляцелі б з калгаса і Ёсіп, і Макар сёння ж, прыйшлося б развітацца і з прысядзібнымі, але, дзякаваць, Глеб Іванавіч стрымаў напор. Дуброўскі.
•••
Дзякаваць богу — тое, што і дзякуй богу (гл. дзякуй).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дро́гкі, ‑ая, ‑ае.
Які трасе або трасецца. Расцёрты ў пальцах лісток пах, як вясковая ралля. Гэта нагадала Свідзерскаму той далёкі час, калі ён з бацькам ездзіў на дрогкай брычцы ў поле. Хомчанка. Усёю пяцярнёю экскаватар у дрогкі кузаў сыпле жаўтазём. Барадулін. // Які выклікае трасенне; няроўны, нягладкі. Цераз колькі хат быў канец даўгой шапятоўскай вуліцы, дзе выходзіла яна дрогкай грэбляй цераз выган у шырокі палявы прастор. Галавач. [У]ецца лясная дарожка, ляскаюць калёсы.. па дрогкай лясной зямлі. Марціновіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аду́мацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Падумаўшы і зразумеўшы няправільнасць сваіх паводзін, намераў і пад., адмовіцца ад іх, змяніць іх. Ды адумалася Чапля, Што дарма за Жураўля, За балотнага суседа, Яна замуж не пайшла. Танк.
2. Разм. Выйсці з задуменнасці, усвядоміць што‑н. (пасля чаго‑н. нечаканага, раптоўнага); апамятацца, схамянуцца; сабрацца з думкамі. Сашка падышоў да самага таго стала, дае быццам быў прэзідыум. І ўжо сеўшы, ён адумаўся, што тут жа яго ніхто не ведае. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абарва́цца, ‑рвуся, ‑рвешся, ‑рвецца; ‑рвёмся, ‑рвяцеся; зак.
1. Адарваўшыся, аддзяліцца ад чаго‑н. Трос абарваўся.
2. Не ўтрымаўшыся, сарвацца, зваліцца адкуль‑н. [Даўгулевіч:] — Мне было горача і сніўся сон, нібы мы з Адэляю падымаліся на высокія горы, яна абарвалася і паляцела ў прорву. Гурскі.
3. перан. Нечакана спыніцца, перарвацца (пра якое‑н. дзеянне, працэс). Яшчэ некалькі хвілін, і гэтая вінаватая песня паравоза абарвалася, прыціхла. Колас. // Рэзка, без паступовага пераходу кончыцца. За вёскай шаша абарвалася.
•••
Сэрца абарвалася гл. сэрца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падо́нкі, ‑аў; адз. падонак, ‑нка, м.
1. адз. няма. Рэшткі вадкасці з асадкамі на дне пасудзіны.
2. перан. Дэкласаваныя, разбэшчаныя, злачынныя элементы грамадства. [Завербаваныя] былі выпадковыя людзі, розныя падонкі, якія трапілі ў рады Чырвонай Арміі, ратуючыся ад суда і следства, ім было ўсё роўна, каму служыць, абы толькі не сядзець за калючым дротам і не галадаць... Машара. Рэакцыя Іры была зусім нечаканая. Яна паглядзела на брата зняважліва і на поўны голас, пры маці, сказала: — Падонак ты! Што ты разумееш? Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пажы́ва, ‑ы, ж.
1. Ежа, корм; тое, чым жывіцца арганізм. Пажыва для раслін. Пажыва для рыб. □ Прыйшла вясна. Яна адчувалася ўсюды: нават вераб’і і тыя аджылі і весела скакалі на чорных вуліцах, шукаючы сабе пажывы. Чарнышэвіч.
2. Здабыча, нажыва. Асабліва ўдала Лукаш умеў паляваць на каўбасы або сыры. Агледзеўшы пажыву, ён.. адломліваў кавалак як пад’есці і ўцякаў. Лобан.
3. перан. Тое, што дае матэрыял, служыць крыніцай для думак, размоў і пад. Духоўная пажыва. Пажыва для плётак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лаз 1,
гл. лазы.
лаз 2, ‑а, м.
1. Невялікая адтуліна, шчыліна, праз якую можна прайсці, пранікнуць куды‑н. Зрабіць лаз у плоце. □ Волька адхінула кол, з асцярогай прасунулася ў лаз, і ўся вуліца — вось яна, перад вачыма, аж у самы канец. Марціновіч. Пад новую сцяну [дзед Андрэй] зрабіў лаз, на які лажылі вечка і засыпалі мятай, саломай і розным смеццем. Федасеенка.
2. Спец. Адтуліна ў сценцы апарата, машыны, катла і пад. для пранікнення ўнутр з мэтай агляду, рамонту, запраўкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нясла́віць, ‑слаўлю, ‑славіш, ‑славіць; незак., каго-што.
Сваімі паводзінамі, учынкамі ўзводзіць няславу на каго‑н.; ганьбіць. [Гаспадыня:] — Плёткі гэта! Мой сын дваранін, а яна што? З ёй не стане свайго імя няславіць... Галавач. [Старая:] — Лепш мяне, калі хочаш, забі, а дзіця не дам няславіць. Грахоўскі. // Абражаць пры людзях чый‑н. гонар; распаўсюджваць плёткі, якія ганьбяць каго‑, што‑н. От жа стаіць Лявон і слухае, як сын абражае, няславіць маці, і адно толькі твар у старога балюча перасмыкаецца. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паве́даміць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак., каму (зрэдку каго-што), што, аб чым, пра што, з дадан. сказам і без дап.
Давесці да ведама. Паведаміць начальству аб здарэнні. Яна паведаміла, што не прыйдзе на работу. □ Трэба так ці сяк паведаміць дзеда Талаша ці каго-небудзь з яго сяброў. Колас. Роўным і як быццам спакойным голасам паведаміла радыстка пра сігналы з эсмінца. Кулакоўскі. // Расказаць, сказаць. Мой тата прыехаў, сур’ёзна паведаміла Марынка. Васілевіч. // Даваць якія‑н. звесткі. Паведаміць міліцыі. Паведаміць суду.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)