пасрэ́дніцтва, ‑а, н.
1. Садзейнічанне пагадненню, здзелцы паміж кім‑, чым‑н. Ліга мае ўсе правы камітэтаў, з тым толькі выключэннем, што падтрымку рускаму руху яна аказвае не інакш, як праз пасрэдніцтва асоб або груп, спецыяльна назначаных Цэнтральным Камітэтам. Ленін.
2. Садзейнічанне ў наладжванні сувязей, адносін паміж кім‑н. Найбольшая частка .. [лацінізмаў] замацавалася ў беларускай мове дзякуючы польскаму пасрэдніцтву. Жураўскі. // У міжнародным праве — удзел трэцяй нейтральнай дзяржавы або міжнароднай арганізацыі ў мірным вырашэнні канфлікту паміж дзвюма дзяржавамі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
патака́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Паблажліва, нястрога адносіцца да каго‑, чаго‑н.; патураць каму‑, чаму‑н. Баранок як быццам ва ўсім згаджаўся з Сомікам, патакаў яму. Крапіва. Але бацьку, які заўжды шанаваў, песціў яе і патакаў ёй ва ўсім, яна ў гэты момант не падабалася. Хадкевіч. [Аграном:] — Сардэчна дзякую вам за давер’е, за пашану, Але дамовімся адразу грамадой, Калі рабіць на полі, дык рабіць з душой, Я абібокам патакаць не стану. Валасевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пафарсі́ць, ‑ршу, ‑рсіш, ‑рсіць; зак.
Фарсіць некаторы час. [Тамаш:] — Чаму яна босая ходзіць?.. Каб чаравік[аў] у гразь не запэцкаць. А падыдзе пад мястэчка.., абуе чаравікі і пафарсіць па мястэчку. Чорны. // Пахваліцца, выстаўляючы што‑н. напаказ. Пан Вашамірскі захацеў пафарсіць перад госцем, ляснуў па баках жарабца канчуком і панёсся, як вецер. Бядуля. Учора было позна, і Кастусь не паспеў нагуляцца з ёю і пафарсіць, і маці адабрала планшэтку і схавала ў куфар, а яго пратурыла спаць. Кудравец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
слыць, слыву, слывеш, слыве; слывём, слывяце; незак., кім-чым, за каго і без дап.
Разм. Быць вядомым у якасці каго‑, чаго‑н., лічыцца кім‑, чым‑н., славіцца. На звадку для хлопцаў, на зайздрасць дзяўчатам, Слыла паваблівай дзяўчынай яна [Гануля]. Купала. [Сімха:] — А можа. Таня, хочаш есці? Я тут за кухара слыву. Глебка. [Коля:] — Ты ж, Міхась, слывеш сярод нас самым разумным. Няўжо ты не можаш што-небудзь выдумаць? Шахавец. Адным словам, школа слыла па ўсё Навагранскае ваяводства. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спра́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. спрах, ‑ла; зак.
Сатлець, збуцвець, ператварыцца ў парахню. Папера спрахла. / у перан. ужыв. Нібы ў сне, прадчуваючы, як зараз канчаткова рухне і спрахне ягонае жыццё, Рыбак пераступіў парог і ўпёрся позіркам у магутную печ-галанку. Быкаў.
•••
Каб ты (ён, яна і пад.) спрах — ужываецца як праклён, вырашэнне крайняй незадаволенасці кім‑, чым‑н. — Цьфу, каб ты спрах, — вылаяўся Тульба. Радкевіч. [Лявон:] — Толькі, от каб яно спрахла, дзе тая паперка? Гроднеў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ста́ласць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць сталага (у 1–3 і 5 знач.); высокая ступень развіцця, дасканаласці. Сталасць думак. Творчая сталасць пісьменніка. Палітычная сталасць моладзі. □ Роля Марылькі была пераходнай ад травесці да гераінь, яна сведчыла аб сталасці таленту актрысы, аб яе акцёрскім майстэрстве. «Полымя». Сярод таварыш[а]ў Сцёпка выдзяляўся сваёю стараннасцю ў навуцы, сваёю сталасцю і сур’ёзнасцю. Колас.
2. Стан арганізма, які дасягнуў поўнага развіцця. Васемнаццаць год — час юнацкай сталасці.
•••
Атэстат сталасці гл. атэстат.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
счырване́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Стаць чырвоным (у 1 знач.). Абышоўшы разоў з дзесяць каля кедраў, нехта з гасцей заўважыў паламаны кедр, на якім ігліца не тое каб зруд[з]ела, але счырванела нават. Дубоўка. Як даспела, счырванела Ягада-рабіна, — Увокал глянулі нясмела Мы з табой, дзяўчына. Купала. // Зрабіцца чырвоным ад прыліву крыві да скуры; пачырванець. Дала руку яна [Ева] нясмела І счырванела: грымнуў смех. Гаўрусёў. Пабялелі Вусы, світка вазака, Толькі шчокі счырванелі Ад марозу ў мужыка. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сядзя́чы, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, які сядзіць. Страляць у сядзячую птушку. / у знач. наз. сядзя́чы, ‑ага, м. // Разм. Пра хворага, раненага, які можа сядзець. Сядзячы ранены. // Такі, які бывае, калі сядзяць. Сядзячая поза. Заснуць у сядзячым становішчы. // Разм. Прызначаны для сядзення. Сядзячыя месцы ў вагоне.
2. Звязаны са знаходжаннем на адным месцы; маларухомы. Сядзячае жыццё. □ — Давай падсілкуемся, — запрасіў да сябе Алеся дзядзька Язэп. — Дарма, што работа ў нас сядзячая, апетыт і яна наганяе. Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
та́інства, ‑а, н.
1. Тое, што і тайна. Таінства прыгажосці. □ Пасвяціў мяне ў грыбное таінства Коля Шпакоўскі, хлопец гадоў дваццаці, высокі, тонкі, як маладая таполя. Навуменка.
2. Рэлігійны абрад, які па царкоўнаму веравучэнню мае цудадзейную сілу. Таінства споведзі. □ Перш за ўсё ў католікаў і праваслаўных па-рознаму адпраўляюцца так званыя «таінствы». Залескі. / у перан. ужыв. У сэрцы яго, апрача кахання, з’явілася нейкая асабліва глыбокая павага да Сашы: яна прысутнічала пры святым таінстве — нараджэння чалавека. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
трактава́цца, ‑туецца; незак.
1. Быць прадметам абгаварэння, разгляду, тлумачэння чаго‑н. Княжанне Вітаўта трактуецца ў паэме [«Песня пра зубра» М. Гусоўскага] як час гераічных спаборніцтваў, дзе кожны чалавек меў поле для подзвігаў і сцвярджэння сваёй годнасці. У. Калеснік. // Характарызавацца, адлюстроўвацца пэўным чынам. У адрозненне ад аднайменнага рамана ў п’есе Чорнага «Бацькаўшчына» псіхалагічна паглыбляюцца або інакш трактуюцца асобныя вобразы. Луфераў. П’еса, напісаная як драматычная паэма, патрабавала героіка-рамантычнага вырашэння. Так яна і трактавалася рэжысурай. Сяргейчык.
2. Зал. да трактаваць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)