утрыма́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Трымаючы або падтрымліваючы, не даць упасці каму‑, чаму‑н. Рукі дрыжаць і не слухаюцца, не могуць утрымаць вясла. Ваданосаў. Дзяўчына хацела падняцца, каб выйсці з пакоя, але пабаялася, што ногі яе не ўтрымаюць, і засталася сядзець на месцы. Сіняўскі.

2. Спыніць, прыпыніць рух каго‑н.; стрымаць. Панця рвануўся бегчы, але бацька зноў утрымаў яго за крысо світкі. Кулакоўскі. Ганна цяжка дыхае, спрабуе ўскочыць, корчыцца, і мне з цяжкасцю ўдаецца ўтрымаць яе на ложку. Савіцкі.

3. Прымусіць застацца дзе‑н.; не адпусціць, затрымаць. — Уладзімір Мікалаевіч, прараба Мамкіну трэба ўтрымаць на будоўлі, — сказаў Мароз, прыгладжваючы касматыя сівыя бровы. — Утрымаць. Мыслівец. Язэп кінуў шапку на зямлю, сеў. Факт, утрымаць мінёраў ён не можа, не мае права. Другім яны не менш патрэбны. Асіпенка.

4. Стрымаць праяўленне якіх‑н. жаданняў, пачуццяў, учынкаў і пад. Ведаў.. [дзед], што варта каму-небудзь не ўтрымаць слязу, усхліпнуць, як не вытрымаюць і ўсе астатнія. Хадкевіч. Майстар глянуў на маёра: — Ваша знаёмая? Нешта ўтрымала Смірына ад прызнання. — Сваячка... Блізкая... Алешка.

5. Захаваць за сабой, не ўступіць каму‑н. іншаму. Утрымаць першынство. □ [Жанчына:] — А-а, зяцёк!.. Што ж [г]эта ты не ўтрымаў нявесту? Чыгрынаў. // Зберагчы ў памяці, не даць магчымасці знікнуць. — А памятаеш, дзе мы з табою ўпершыню спаткаліся? — пытаўся Валошын. [Купрыянаў:] — Шмат год прайшло, хіба ўсё ўтрымаеш у галаве... Гурскі. // Не здаць непрыяцелю пазіцыю, крэпасць, горад і пад. Палякі намагаліся з усіх сіл, каб адбіць атаку і ўтрымаць свае пазіцыі. Колас.

6. Вылічыць, не выплаціць (якой‑н. сумы). Утрымаць пяць рублёў з зарплаты.

•••

На ланцугу не ўтрымаць — сілай не ўтрымаць.

утрыма́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

Забяспечыць сродкамі для існавання, пракарміць. [Косця:] — Бацька распрадаўся зусім, а ўтрымаць мяне ў гімназіі не здолеў. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ха́та, ‑ы, ДМ хаце, ж.

1. Жылая сялянская пабудова, зрубленая з бярвення. Дзе была адна пустыня — Елкі ды бярозкі. — Поле будзе, пушча згіне, Стануць хаты, вёскі. Купала. Прасторная хата-пяцісценка, хляўчук, пуня. Верхавінне гонкіх сосен гойдаецца над гонтавым дахам. Хадкевіч.

2. Унутраная частка такой жыллёвай пабудовы; жылое памяшканне. На гэты дзень і сама хата Была прыбрана зухавата: Памыты лавы, стол, падлога. Колас. У хаце прыемна пахла цёплым хлебам і напаленай печкай. Мележ. У печы патрэсквалі і стралялі на хату чырвонымі вугельчыкамі дровы. Адамчык. // Падлога (з дошак або глінабітная). А месяцы праз два так хата зарасла, Што і зайсці ў яе агідна стала. Корбан. Не хітруе і лісіца, Ёй таксама не ляжыцца: Як мятлой, хвастом пушыстым Падмятае хату чыста. Муравейка. Дзе багата гаспадыняў, там хата не мецена. Прыказка. // Птушынае гняздо. Ластаўка ўецца віхураю — Над хатаю новай клапоча. Чарот. Натрудзіць дзяцел сваю дзюбу, збудуе сабе хату, і не паспеў яшчэ ў ёй асталявацца, як, глядзіш, ужо і кватарант з’явіўся: рыжая белка ці сама.. драпежніца-сава. Якімовіч.

3. Асобны сялянскі двор, гаспадарка; асобная сям’я. Вёска на пяцьдзесят хат. □ Тады, у тую восень, і нарабілі зямлянкі пад Курачовымі Цянямі. Збіраліся хатамі — і рабілі. Пташнікаў.

4. У назвах некаторых сельскіх устаноў. Хата-чытальня. Хата-лабараторыя.

•••

Адбіцца ад хаты — не быць дома, не глядзець гаспадаркі.

Выносіць смецце з хаты гл. выносіць.

Мая хата з краю — мяне гэта не датычыцца; гэта не мая справа.

На ўсю хату — а) вельмі моцна плакаць, гаварыць, крычаць. [Агапа] моцна заплакала на ўсю хату. Мурашка; б) займаць многа месца.

Чужую хату пільнаваць гл. пільнаваць.

Чым хата багата — форма ветлівага запрашэння.

Як у сваёй хаце — тое, што і як дома (гл. дома).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чарада́, ы́, ДМ ‑дзе́; мн. чаро́ды (з ліч. 2, 3, 4 чарады́), чаро́д; ж.

1. Рад аднародных прадметаў ці жывых істот, якія размяшчаюцца або рухаюцца адно за адным. У канцы бетаніраванай шашы стаяла чарада аўтобусаў. Хадкевіч. Чыгунку пераразала дарога, і па ёй, здавалася, бясконцай чарадой цягнуліся калёсы, пешаходы, прывязаныя да вазоў каровы. Мікуліч. Чароды навальнічных хмар Паўзлі наўпрост ад акіяна. Зарыцкі. / у перан. ужыв. Думак бясследна плыве чарада. Танк. І дзяцінства чарадой гадоў Праляцела воблакам стракатым. Аўрамчык.

2. Статак, гурт свойскай або дзікай жывёлы. Па вуліцы ў хмары рудога пылу ішла з пашы чарада кароў. Грахоўскі. Немцы прыгналі.. у мястэчка статак кароў, дзве чарады свіней і авечак. Навуменка. А то часам, утоптваючы снег, пройдзе цёмнай лютаўскай ноччу чарада галодных ваўкоў. Ігнаценка. // Група жывёл, птушак, рыб аднаго віду, якія трымаюцца разам. Людзі пачалі махаць птушкам рукамі, падняўся крык, што аж з асін зляцела чарада спалоханых галак. Карпюк. Ад чарады кнігавак зноў адлучыліся дзве, залёталі над імі, закружылі. Місько. Такія мясціны [водмелі] чароды акунёў часта наведваюць у пошуках корму. Матрунёнак. // Разм. Натоўп, гурт (людзей). У хату ўваходзіць Батура з гармонікам, за ім чарада хлапцоў і дзяўчат. Крапіва. Цэлая чарада дзяцей сустрэла.. [Хвядзька] на дарозе яшчэ далёка за Некрашамі. Лобан.

3. Чарга. На мех кабета села, Чакае чарады [у млын]. Калачынскі. Доўгія чароды жанчын стаялі ля донарскіх пунктаў. «Звязда».

4. у знач. прысл. чарадой (‑ою). Адзін за другім; бесперапынна. Касцы ідуць то грамадою, То шнурам цягнуць, чарадою, То паасобку, то па пары. Колас. Плывуць па Дзвіне чарадою плыты, Мінаючы ўзгоркі, лясы, балаты. А. Александровіч. Дні міналіся за днямі, Адплывалі чарадой. Броўка.

•••

Сваёй чарадой — незалежна ад каго‑, чаго‑н., як звычайна (ісці, разгортвацца).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пайсці́, пайду, пойдзеш, пойдзе; пр. пайшоў, ‑шла, ‑шло; заг. пайдзі; зак.

1. Зак. да ісці (у 2, 3, 7, 16, 24 і 25 знач.).

2. Пачаць ісці (у 1, 4, 5, 8, 15, 26 і 27 знач.). [Астап] пайшоў уперадзе групы людзей. Лынькоў. Праз некаторы час Волька прыслала бацьку грошы, але іх ніхто з пошты не забіраў і яны пайшлі назад. Чорны. Па вадзе адзін за другім пайшлі роўныя кругі. Даніленка. На змярканні пайшоў дождж, дробны, але густы. Шамякін. [Сяргей:] — Цяпер тэхніка далёка пайшла наперад. Гурскі. — Ух, які пах пайшоў! — здымаючы лыжкай пену з варыва, усклікнуў Толік. Хадкевіч. Густы лес пачаў радзець, на змену вялікім дрэвам пайшоў малады дубняк. Васілеўская.

3. Пачаць расці, вырастаць. Вёска хадзіла цяпер па ягады, а на грыбы яна накінецца пазней, калі баравікі пойдуць. М. Стральцоў. // Пачаць нараджацца, з’яўляцца адзін за другім (пра дзяцей). // Вырасці падобным на каго‑н. Браты пайшлі па дзеду — рослыя, медзведзяватыя, а .. [Бондар] па бацьку, які здаля заўсёды нагадваў хлапчука-падлетка. Навуменка.

4. з інф. незак. Разм. Пачаць рабіць што‑н. Каб .. [Наўмыснік] пра ўсё гэта дазнаўся, у галаве яго, напэўна, пайшлі б спець рашучыя планы. Чорны.

•••

Далёка пайсці — дабіцца вялікіх поспехаў у рабоце, на службе.

І пайшла пісаць губерня гл. губерня.

Калі на тое пайшло — калі так атрымалася.

Мурашкі пайшлі па спіне (скуры, целе) гл. мурашка.

Пайсці (з) дымам (агнём, ветрам) — марна прапасці.

Пайсці па дрэннай дарозе — стаць на няправільны шлях жыцця.

Пайсці па руках — а) быць у карыстанні то ў аднаго, то ў другога (звычайна пра пазычаныя рэчы); б) пачаць інтымна збліжацца то з адным, то з другім мужчынам (пра жанчыну).

Пайсці прахам — пагінуць, знішчыцца.

Пайсці (падацца) у белы свет — пакінуць дом у пошуках іншага спосабу жыцця.

Пайсці ў прымы — тое, што і прыстаць у прымы (гл. прыстаць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́ле, ‑я, н.

1. Абшар зямлі, прызначаны, прыгодны для ворыва. Балеслаў стаяў у самым лесе, на мяжы з полем. Чорны. Па той бок Нёмана лугі ідуць, а за лугамі — лес і поле. Колас. // Засеяны або падрыхтаваны да пасеву ўчастак зямлі. За садам разгортвалася вялікае поле канюшыны. Бядуля. Малашонак доўга не здаваўся, але ўсё ж штучнае ўгнаенне зааралі ў глебу разам з гноем, рыхтуючы поле пад кукурузу. Ермаловіч. // чаго або якое. Вялікі абшар, прастора, накрытая чым‑н. [Маечка] потым доўга расказвала бацьку, як яны хутка імчаліся па дарозе, як з-пад капытоў каня ляцеў іскрысты снег, як прыгожа блішчыць за вёскай снежнае поле. Краўчанка. // чаго або якое. Прастора, прызначаная для чаго‑н.; пляцоўка. Лётнае поле. Футбольнае поле.

2. Спец. Прастора дзеяння якіх‑н. сіл. Электрычнае поле. Магнітнае поле.

3. перан.; чаго або якое. Галіна, сфера (якой‑н. дзейнасці, заняткаў і пад.). З гадамі ж увогуле поле дзейнасці для будаўніка ў вёсцы стане неабмежаваным. Хадкевіч. «Вось дзе багатае поле для гераічных учынкаў», — думаў ён. Шамякін.

4. Фон, на якім нанесены ўзоры. Тканіна з узорам на атласным полі. Паркаль у белыя гарохі на чырвоным полі.

5. звычайна мн. (палі́, ‑ёў). Вузкія чыстыя палоскі па краях аркуша, кнігі, сшытка, рукапісу і пад. Потым сеў і стаў чытаць кнігу.., робячы на палях нейкія паметкі. Гурскі. На вялікіх палях з нядбайна абарванымі краямі.. [Валя] піша папраўкі мікраскапічнымі літарамі. Асіпенка.

6. толькі мн. (палі́, ‑ёў). Шырокі бераг капелюша. [Мінгрэл] быў невялікага росту, і першае, што кідалася ў вочы, — гэта яго шырокі чорны капялюш з абвіслымі палямі. Самуйлёнак.

•••

Аперацыйнае поле — участак цела, на якім робіцца аперацыя. Коўбец прыняў з рук другой памочніцы вузкі нож і, нахіліўшыся над аперацыйным полем, спакойным рухам зрабіў разрэз. М. Ткачоў.

Аднаго поля ягады гл. ягада.

Поле зроку — а) прастора, якую бачыць вока; б) перан. круг інтарэсаў, кругагляд.

Шукаць ветру (лавіць вецер) у полі гл. шукаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́ставіць, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак., каго-што.

1. Выняць устаўленае. [Юрка:] — О, ужо і ў вас падвойныя вокны вынялі! [Лаўрэн:] — Вясна, Юрка! — Вясна, дзядзька Лаўрэн. — І смяецца: — А я свае яшчэ тыдні два назад быў выставіў. Ракітны.

2. Падаць, высунуць уперад. Выставіць перад сабою рукі. □ — Во, сіла ў мяне яшчэ ёсць, — выставіў.. [Гардзіенка] свае пудовыя кулакі. С. Александровіч. Падышоў Мартын трохі бліжэй да лесу, паднёс да губ трубу, выставіў крыху наперад левую нагу і затрубіў. Колас.

3. Паказаць, высунуць што‑н. адкуль-небудзь. Выставіць галаву з-за дзвярэй. // перан. Утаропіўшы, спыніць на кім‑, чым‑н. вочы. Доктар і адвакат выставілі на.. [Язэпа] здзіўленыя вочы. Бядуля.

4. Перамясціць што‑н. за межы чаго‑н.; вынесці. Выставіць вазоны з пакоя на балкон. // Паставіць на віду, дастаючы адкуль‑н. Буфетчыца выставіла на стол бутэльку крэм-соды. Асіпенка. // перан. Разм. Выдаліць, выгнаць. Выставіць за дзверы. □ [Дзядок:] — Старшынстваваў Якім у адным калгасе ў суседнім раёне. .. Але выставілі яго адтуль. Корбан.

5. Вылучыць для якой‑н. мэты пэўную колькасць асоб. [Сяльчонак:] — Каб сабраць гэтае сена, мы павінны выставіць сотні касцоў, бо касілкі ўсюды не пусцім. Асіпенка. // Паставіць, размясціць (варту і пад.). Выставіць вартавых. □ [Партызаны] занялі рад .. суседніх вёсак, выставілі заслоны. Казлоў.

6. перан. Выказаць прапанову, патрабаванне. Сход пастанавіў арыштаваць стражнікаў і ўрадніка і выставіў патрабаванне аб скасаванні пасады земскага начальніка. «Весці».

7. перан. Назваць, прапанаваць для якой‑н. ролі. Выставіць сведку.

8. Змясціць для агляду. Выставіць напаказ. □ Паны, распісваючы нас, Не шкадавалі чорнай фарбы, А мы ўзялі на гэты раз Ды нашы выставілі скарбы. Крапіва.

9. перан. Падаць у якім‑н. выглядзе. [Алесь:] — Можа, думаеш, прыемна, калі цябе выставяць вось гэтакім даўгавухім ішаком? Шыцік. // Паказаць, пахваліць сябе. Ваўчок пакідае ўражанне чалавека энергічнага, кемлівага, але занадта самаўпэўненага, схільнага парысавацца, выставіць самога сябе на пярэдні план. Хадкевіч.

•••

Выставіць на смех (на пасмешышча) каго — прымусіць каго‑н. аказацца ў смешным становішчы; абсмяяць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адзна́ка, ‑і, ДМ ‑знацы, ж.

1. Метка, знак, пастаўлены з мэтай абазначыць што‑н., паказаць на што‑н. Адзнака на дрэве. Адзнака на карце. // Запіс, штамп і пад., якія сведчаць што‑н. — Адзінае, што я магу зрабіць, — сказаў .. [дзяжурны па станцыі], разглядаючы паперкі, — гэта адзнаку аб прычынах затрымання грузу. Самуйлёнак. [Паліцай:] — Бачыце, бачыце, пан афіцэр, тут [у кнізе запісу хворых] ёсць свежыя адзнакі аб выпісцы. Лынькоў. // Прадмет, які служыць умоўным абазначэннем чаго‑н. Тры стужкі — адзнакі аб раненнях, ордэны і медалі на гімнасцёрцы самі сабой сведчылі аб яго шляху ў гады вайны. Хадкевіч. // Знак, які астаўся пасля чаго‑н. на якой‑н. паверхні; след. Абапал дарог усюды віднеліся адзнакі нядаўніх баёў — чорныя варонкі, скарэжаныя машыны. Мележ. Дзе была запляснелая сінь, Там няма і адзнакі балота. Глебка.

2. Знак, прыкмета, акалічнасць, паводле якіх можна пазнаць, вызначыць што‑н. Адзнакі хваробы. □ І вось яно выхадзілася, выстаялася гэтае новае жыццё, набыло такія адзнакі, па якіх відаць было, што стаяць яму назаўсёды. Лынькоў. Прывычка гаварыць сам з сабой у некаторых ёсць адзнака блізкай ці сапраўднай старасці. Чорны. // Прыкмета, акалічнасць, якая прадвяшчае, прадказвае што‑н. Гадавалі вока дружныя ўсходы яравых; па ўсіх адзнаках, ураджай павінен быць добры. Гурскі.

3. Асаблівасць, рыса, якімі асоба, прадмет і пад. адрозніваюцца ад іншых асоб, прадметаў і пад. — Пад языком у.. [сакаляняці] знаходзіцца зубец — характэрная адзнака ўсіх сокалаў, — гаворыць Лёня. В. Вольскі. Разам з тым.. [Крапіва] дбайна збярог і традыцыйныя ўласцівасці, традыцыйныя адзнакі баечнага жанру. Казека.

4. Агульнапрынятае абазначэнне ступені ведаў і паводзін навучэнцаў. Жарынку не зацікавіў па-сапраўднаму ні адзін прадмет, ёй было ўсё роўна, што вучыць, абы атрымаць добрую адзнаку. Шыцік. Гартаючы сшыткі, Святлана прыкмеціла, што ў іх было многа добрых і выдатных адзнак. Шахавец.

5. Ганаровы знак, ордэн, медаль і пад. Маці беражна з хусцінкі Зорку з гонарам вымала. — Бацька твой — баец славуты, Гэта бацькава адзнака. Броўка.

•••

Дыплом з адзнакай гл. дыплом.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

захава́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Аберагаючы, не даць чаму‑н. прапасці, знікнуць; зберагчы цэлым. Захаваць дзяржаўную маёмасць. □ — Пакляніся мне, што ты захаваеш сцяг нашага палка. Якімовіч. Музей збудуйце вокнамі да сонца. Там захавайце да драбніцы ўсё. І першую сваю калгасную заяву,.. І плуг, што межы разараў навекі. Танк. // Не змяніць, пакінуць у ранейшым выглядзе. Тое лясніцтва — глухі куток Беларусі, — у якім служыў Васіль, захавала, у сабе яшчэ старыя парадкі. Колас. — Маіх ты не мог абмераць, — адказаў Чарныш, — бо мае, як і большасць тут людзей, не хацелі дзяліць калгас, а стараліся захаваць яго цэлым. Кулакоўскі. // Шануючы, падтрымліваючы, прадоўжыць існаванне чаго‑н. Захаваць нацыянальную незалежнасць. Захаваць традыцыі. // перан. Утрымаць (у памяці, у сэрцы); запомніць. [Заранік], калі б куды ні ездзіў, заўсёды стараўся захаваць у памяці ўражанні, факты, сустрэчы з людзьмі. Хадкевіч.

2. Зберагчы ад псавання, знішчэння. Захаваць ураджай. Захаваць прадукты ад цвілі. // Зберагчы ад пагібелі, небяспекі; не даць загінуць. [Ігнась] развітаўся, узяў на рукі чатырохгадовага Васілька,.. сказаў, папрасіў: — Захавай яго... Які ж ён асілак у нас... Во!.. Лынькоў. — Каб захаваць жыццё камандзіра, патрэбна ампутацыя. Паслядовіч.

3. Застацца ў якім‑н. стане, становішчы, не страціць якіх‑н. якасцей, уласцівасцей. Захаваць знешні спакой. □ [Сцёпка] хоча захаваць сур’ёзнасць, нават значную жорсткасць, як і належыць усякаму, хто пайшоў адзін супроць усіх. Колас.

4. Разм. Пакласці, размясціць так, каб другія не маглі ўбачыць, знайсці; схаваць. Хітры «Козлік» захаваў .. [раненых] у нейкай глушы. Брыль. Сівыя валасы .. [Тэкля] старанна захавала пад хустку. Краўчанка. // Закрыўшы сабою, схаваць. Чорнае густое шчацінне пакрывала яго бараду і шчокі.. Вусы захавалі верхнюю губу. Чарнышэвіч. // перан. Схаваць, утаіць (думкі, пачуцці і інш.). Дзяўчына тут жа павярнулася да акна, каб захаваць ад Рыгора сваё хваляванне. Гартны. Ты ж захавай сваё гора У сэрцы глыбока, Каб не зацьміць ім Ні сонца, ні светлага неба. Тарас.

5. Прытрымліваючыся пэўных правіл, норм і пад., дакладна выканаць. Захаваць умовы дагавору. Захаваць дысцыпліну.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звалі́ць 1, звалю́, зва́ліш, зва́ліць; зак., каго-што.

1. Ударам або штуршком паваліць, заваліць. Вецер зваліў дрэвы. □ Сушчыцкі хацеў абараніцца нажом, але не паспеў, — пагранічнік спрытна зваліў яго. Пальчэўскі. // Спілаваць, ссячы (дрэва, лес). — Сляды прывялі ў гэты двор, — зычна пачынае [Драгун]. — Самаўпраўная парубка. Гаспадар гэтага дома зваліў дзве сасны. Навуменка. // Зрэзаць, скасіць (пра траву). Зваляць, бывала, луг у пракосы, сена зграбуць, а хмарка пакажацца — прыслухоўваюцца да далёкага грому людзі. Бялевіч. // Прымусіць упасці, забіўшы або падстрэліўшы. — Біў я ў цэль. Калі б не я яго, дык ён мяне зваліў. Гурскі. // перан. Пазбавіць улады, пасады; скінуць. «Ты думаеш, так і зваліш Бабейку? Пачакай, пабачым яшчэ, хто каго...» Хадкевіч.

2. перан. Адолець, асіліць каго‑н. (пра сон, хваробу і пад.). Сон зваліў. □ Гарачка зваліла .. [Аляксея Мартынавіча] на нары. Грамовіч.

3. Скінуць (што‑н. вельмі цяжкае). Зваліць мех з плячэй. // перан. Збавіць сябе ад чаго‑н. цяжкага, непрыемнага. Зваліць з сябе клопат.

4. перан.; на каго-што. Пералажыць на каго‑н. (свае абавязкі, справы і пад.). Малодшы сын рашыў астацца дома і памагаць брату па гаспадарцы, бо старэйшы не глядзеў яе зусім, усё зваліў на старога бацьку. Дамашэвіч. // Несправядліва прыпісаць каму‑н. чужую віну, учынак. — Ты ж вінаваты... Толькі, мусіць, усё роўна на мой узвод зваляць. Мележ.

5. Неакуратна скідаць, беспарадкава злажыць куды‑н. у адно месца. Зваліць дровы ў кучу.

•••

Зваліць з ног — а) прымусіць упасці. [Саўку] нагналі і аглушылі калом, звалілі з ног. Колас; б) прымусіць злегчы (пра хваробу, працу, гора і пад.). Хваляванні, бяссонныя ночы, думы пра лёс камуны звалілі .. [Вераб’ёва] з ног. Дуброўскі.

Зваліць з плячэй — збавіцца ад чаго‑н. непрыемнага, цяжкага.

Зваліць з хворай галавы на здаровую — перакласці віну з вінаватага на нявіннага.

звалі́ць 2, звалю́, зва́ліш, зва́ліць; зак., што.

Зрабіць з шэрсці, пуху і пад. шляхам валення. Зваліць валёнкі. Зваліць сукно.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак.

1. каго-што. Накіраваць каго‑, што‑н. куды‑н., у якім‑н. напрамку. Дзед, нічога не гаворачы, скіраваў на грудок каня. Гурскі. [Салвесь] скіраваў фурманку ў лес, скінуў мяшкі з соллю, прыкрыў іх галлём, стаў масціць воз. Карпюк. Іван прыгнуўся, позіркам адмераў якую паўсотню крокаў да вострага каменнага абломка ў траве і скіраваў туды пісталет. Быкаў. // да чаго, на што і без дап. Узяць кірунак куды‑н., накіравацца ў які‑н. бок. Гнедка і цяпер скіраваў да лужка, але Сцёпка не пусціў яго. Хомчанка. Сёння зранку неба ўкрылі хмары, і Антановіч не скіраваў, як звычайна, на возера, а пайшоў з Русіновічам у бібліятэку. Дамашэвіч. Машыны скіравалі ў лес. Асіпенка. // што. Накіраваць у які‑н. бок (вочы, позірк). Марына Мікалаеўна здрыганулася, зыркія вочы да дзвярэй скіравала. Кавалёў. Віктар скіраваў позірк на неба, усміхнуўся нейкім сваім думкам. Савіцкі.

2. перан. каго-што. Даць пэўны кірунак каму‑, чаму‑н. Недзе ў сярэдзіне падрыхтаванай загадзя прамовы Вера са страхам падумала, што не ведае, куды ёй скіраваць моладзь. Асіпенка. Фільм «Міколка-паравоз» .. на матэрыяле шырокавядомай аповесці М. Лынькова скіраваў беларускае кіно да тэмы рэвалюцыі і грамадзянскай вайны на Беларусі. «Полымя». // Накіраваць на каго‑, што‑н. (размову, думкі і пад.). Скіраваць памаганні людзей на вырашэнне галоўнай задачы. □ Успамін пра Паходню скіраваў у другое рэчышча думкі Зараніка. Хадкевіч. Мы не ведалі, куды скіраваць гаворку, як раптам наш заўзяты маўчун Косцік ціхенька прамовіў: — Нешта есці дужа хочацца... Ваданосаў. // Звярнуцца да каго‑н. — Трэба нам з вамі новага брыгадзіра шукаць, — не то да ўсіх, не то да аднаго Базыля скіраваў гэтыя словы Сушчык. Дуброўскі.

3. каго. Паслаць каго‑н. куды‑н., даць прызначэнне каму‑н. Бацькі пярэчылі, рабілі ўсё, каб скіраваць дзяўчыну на якую-небудзь лягчэйшую работу, але яна пастаяла, дамаглася свайго: «Буду трактарысткай». Кухараў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)