валачы́ць, ‑лачу, ‑лочыш, ‑лочыць; незак.
1. каго-што. Тое, што і валачы; розніца толькі ў тым, што валачыць азначае дзеянне, якое адбываецца шматразова і ў розны час. Валачыў воўк, павалаклі і ваўка. Прыказка.
2. што. Разм. Насіць (пра адзенне). Скінь лахманы, што доўгія векі, Ты валачыла з кастры, з палыну. Купала.
3. перан., што. Весці бязрадаснае, цяжкае жыццё. [Старац:] Ганьба таму, хто, радзіўшыся ў ярме, валочыць яго пакорна. Купала. Гэта была гнедая, яшчэ не да смерці худая кабылка, якраз тая гарапашніца, што валочыць сялянскую горкую долю. Брыль.
4. што. Спец. Рабіць валачэнне. Валачыць дрот.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
выда́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. выдаць (у 4, 5 знач.).
2. Твор друку, які мае спецыфічныя асаблівасці ў знешнім афармленні, у падборы матэрыялаў і можа быць аднесены да пэўнага тыпу. Акадэмічнае, перыядычнае выданне.
3. Сукупнасць экземпляраў якога‑н. твора, надрукаванага з аднаго набору. Пятае выданне твораў У.І. Леніна.
•••
Афіцыйнае выданне — выданне, якое ажыццяўляецца ад імя ўрада ці кіраўніцтва якой‑н. грамадскай арганізацыі і мае заканадаўчы, нарматыўны або дырэктыўны характар.
На выданні — у тым узросце, калі пара выдаваць замуж. Дзве слаўныя дачкі ў Маланні. Прыгожыя, абедзве на выданні. Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дыктава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., што.
1. Вымаўляць, зачытваць што‑н. уголас з тым, каб слухачы (слухач) запісвалі. Дыктаваць тэкст пісьма машыністцы. □ — Я не хутка дыктую, вы паспяваеце запісваць? Краўчанка.
2. Загадваць, прадпісваць што‑н. для безагаворачнага выканання. Дыктаваць сваю волю. □ Укалола .. [Ельскага] графская пыха, што не можа дыктаваць .. ён, афіцэр, пан, шляхціц. Пестрак. // перан. Падказваць, пераконваць. Сам розум дыктаваў даць гэту паркалёвую хустку Марылі: ёй не прыйшлося мануфактуры, а хустка гэтая аставалася. Чорны. Ехаў Юрка дамоў з намерам правесці канікулы на беразе рэчкі. Аднак нейкая маўклівая праца розуму, унутранае пачуццё дыктавала зусім іншае. Ермаловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жахлі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які выклікае жах, вельмі страшны. Не забыць пра жахлівыя рэчы: Мерцвякоў адубелых пласты, Узарваныя хаты, масты. Броўка. // Роспачны, поўны жаху. І енк, і плач, калёс засмягшых скрып,.. — Усё злівалася ў жахлівы крык. Танк. // Вельмі цяжкі, пакутлівы, трагічны. Жахлівая смерць. Жахлівае здарэнне. // Разм. Вельмі дрэнны. Жахлівая дарога.
2. Вельмі моцны (пра ступень інтэнсіўнасці чаго‑н.), крайні ў сваім праяўленні. Смешнай і разам з тым жахлівай іроніяй гучаў плакат. Мікуліч. Пан Вальвацкі.. прагуляў.. усё, што маглі даць яму некалькі маёнткаў пры жахлівай эксплуатацыі парабкаў і падзённікаў. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дабы́ць 1, ‑буду, ‑будзеш, ‑будзе; зак.
Прабыць дзе‑н. да пэўнага тэрміну ці да канца. Не дабыць да канца свайго адпачынку. // Правесці астатак часу дзе‑н. Страшны смутак па тым, што ён [Вялічка] не дабыў тут спакойна свой астатні тыдзень.., прайшоў праз усю яго істоту. Чорны.
дабы́ць 2, ‑буду, ‑будзеш, ‑будзе; зак., што і чаго.
Разм. Дастаць, раздабыць у выніку пошукаў, намаганняў. — Нам вядома, — сказаў Алёшка, — што спісы ў Опермана, іх трэба, канешне, дабыць. Мікуліч. Як не будзе, то маці Забудзе, як не стане, то бацька дастане. З нар. // Набыць паляваннем, рыбнай лоўляй і пад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адпрацава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак.
1. Разлічыцца за даўгі, атрыманыя грошы і пад. сваёй працай; адрабіць. Тады Бай-Цзы злітаваўся і згадзіўся, каб яму гэтыя грошы адпрацавалі. Маўр.
2. Скончыць, перастаць працаваць. Васіль быў хіба задаволены тым, што адпрацаваў, што сёння больш рабіць не трэба. Мележ. // Перастаць працаваць, стаўшы непрыгодным для працы. [Вейс] ужо адпрацаваў сваё і выйшаў на пенсію. Арабей. // Знасіцца ад працяглага выкарыстання (пра машыны і пад.).
3. Папрацаваць нейкі час. Адпрацавалі [камсамольцы] па чатыры дні ў лесе і першыя аддалі свой заробак на ўзнос. Пальчэўскі.
4. Дамагчыся майстэрскага выканання. Адпрацаваць гімнастычную праграму.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
асудзі́ць, асуджу, асудзіш, асудзіць; зак., каго-што.
1. Прызнаўшы вінаватым, вынесці абвінаваўчы прыгавор.
2. Прызнаць заганным, ганебным што‑н.; выказаць неадабрэнне каму‑, чаму‑н. Адна толькі Волька, ідучы паўз хату Лявона, рэдка калі прамінала, каб не асудзіць уголас старых. Васілевіч. Старэйшыя жанчыны сурова асудзілі [Таццяну] за тое, што яна кінула дзіця. Шамякін.
3. перан.; на што або з інф. Аддаць, пакінуць (на волю лёсу, на голад і пад.). Фашысцкія акупанты імкнуліся зрабіць партызанскія раёны зонай пустэчы, вынішчыць пасевы і тым самым асудзіць насельніцтва і народных мсціўцаў на голад. «Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паздава́ць, ‑здаю, ‑здаеш, ‑здае; ‑здаём, ‑здаяце, ‑здаюць; зак., каго-што.
1. Аддаць, здаць, перадаць куды‑н., каму‑н. усё, многае. Пазнаваць збожжа дзяржаве. Паздаваць кнігі ў бібліятэку. □ Па загаду цара Ўсіх здаровых і дужых Ад малых да старых Паздавалі ў салдаты. Глебка. Тут жа.. адпускалася поўная норма [малака] тым калгаснікам, што паздавалі свае каровы ў калгас. Колас.
2. Здаць у часовае карыстанне ўсё, многае. Паздаваць кватэры кватарантам.
3. Здаць, раздаць усе карты ў гульні.
4. Здаць усе іспыты. Мы, выпускнікі, пасля таго, як паздавалі экзамены, адчулі сябе вольнымі казакамі. Сабаленка.
5. Спыніць супраціўленне ўсіх, многіх.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пазы́ка, ‑і, ДМ ‑зыцы, ж.
1. Грашовая аперацыя, якая заключаецца ў тым, што некаторая сума грошай бярэцца ў доўг на пэўных умовах звароту. Дзяржаўная ўнутраная пазыка. Узяць пазыку. Выплаціць пазыку.
2. Выдача ў доўг на пэўных умовах грошай, рэчаў і інш., а таксама грошы, рэчы і інш., узятыя ў доўг. Сярэднія сяляне і вясковая бедната, атрымліваючы пазыку ад банка і не маючы магчымасці расплаціцца, часта трацілі зямлю і маёмасць. «Весці». А што калі б Ладуцька для пачатку паспрабаваў узяць у дзяржавы грашовую пазыку? Краўчанка. Дзяржава дала насенную пазыку. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мацава́ць, мацую, мацуеш, мацуе; незак., што.
1. Трывала прымацоўваць. Чалавек шэсць грузчыкаў завіхаліся на платформах, мацавалі станкі сталёвымі тросамі. Асіпенка. // Змацоўваць элементы машын, канструкцый.
2. У горнай справе — устанаўліваць крапеж. Аглядалі [крапеж] ў забоях дбайна, Як мацуюць шахцёры столь. Аўрамчык.
3. У марской і авіяцыйнай справе — моцна прывязваць, замацоўваць. Мацаваць трос.
4. перан. Рабіць моцным, узмацняць. Мацаваць дружбу. □ — Вам шлях у заўтра, ленінцы, Смялей мацуйце строй! Кірэенка.
5. Разм. Прабаваць моц чаго‑н. [Наўмыснік] паднімаўся кожны дзень на ўзровень сцяны і кожны раз перад тым, як стаць мураваць, мацаваў нагой дошку пад нагамі. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)