вы́весці, ‑веду, ‑ведзеш, ‑ведзе; пр. вывеў, ‑вела; заг. выведзі; зак., каго-што.

1. Ведучы, выдаліць адкуль‑н. Вывесці каня з канюшні. Вывесці за дзверы. □ Мажэйка забег дадому, каб трохі перакусіць, вывеў з.. хлеўчыка матацыкл і праз мінут якіх пятнаццаць быў ужо за Узлессем. Шахавец.

2. Выключыць, прымусіць выйсці са складу чаго‑н., адкуль‑н. Вывесці з гульні. Вывесці з камісіі.

3. Накіроўваючы рух, паказваючы дарогу, прывесці куды‑н. Вывесці на арбіту. Вывесці трактары ў поле. □ З лагчыны, парэзанай скрозь акопамі, палонных вывелі блытанымі дарогамі на гасцінец. Чорны. Неўзабаве бацька звярнуў на сцежку, якая вывела іх у густы асіннік. Гамолка. // перан. Выкіраваць, прывесці да пэўнай мэты. Кастрычніцкая рэвалюцыя вывела краіну на дарогу сацыялізма. Праграма КПСС. // Надбудоўваючы, надстаўляючы, высунуць куды‑н. Вывесці трубу ў акно.

4. Перавесці ў іншае становішча, змяніць стан, дзеянне, рух. Вывесці брыгаду ў перадавыя. Вывесці з цярпення. Вывесці з забыцця. □ Сонечны прамень трапіў на твар дзіцяці.. Гэта вывела жанчыну з задуменнасці. Лынькоў. // Надаць іншы напрамак. Вывесці самалёт са штопару.

5. Выседзець з яйца (пра птушак). Ластаўкі вывелі сваіх птушанят і разам з імі паляцелі ў вырай, пакінуўшы гнёзды да наступнай вясны. В. Вольскі.

6. Вырасціць, стварыць (сорт раслін, народу жывёл, птушак). Цяпер.. [Вера Васільеўна] працавала над тым, каб вывесці такі гатунак [буракоў], які б меў высокае ўтрыманне цукру і добра рос на тарфяных глебах. Дуброўскі.

7. Збудаваць, паставіць. Вывесці комін. □ — Глядзі-тка, — сказаў Мікода, — гэта ж ён хутка сцены-такі выведзе: яшчэ вянкі чатыры і ўсё. Галавач.

8. Зрабіць вывад, прыйсці да якой‑н. думкі. Вывесці формулу.

9. Старанна і акуратна аформіць лініі, абрысы чаго‑н. Вывесці літару. Вывесці вензель. // Выцягнуць голасам. Вывесці трэль. □ І ніхто так, як Лукаш Леўчанка, не мог вывесці «выган-я-я-яй», хоць многія стараліся пераняць яго. Колас.

10. Апісаць, паказаць у мастацкім творы. Вывесці вобраз нашага сучасніка.

11. Звесці, знішчыць. Вывесці плямы на паліто. Вывесці прусакоў.

•••

Вывесці бал (адзнаку) — вызначыць сярэднюю ацэнку.

Вывесці з сябе каго — давесці да страты самавалодання; узлаваць.

Вывесці на дарогу — дапамагчы каму‑н. знайсці сваё месца ў жыцці, правільную лінію паводзін.

Вывесці на чыстую ваду — выкрыць чые‑н. нядобрыя ўчынкі. [Ганна:] Не! Яшчэ не ўсё! Я вас выведу на чыстую ваду. Макаёнак.

Вывесці са строю — зрабіць непрыгодным для выканання чаго‑н.

Вывесці ў людзі — прымаючы ўдзел у жыцці каго‑н., дапамагчы яму заняць трывалае або высокае становішча ў грамадстве. Сына свайго ў людзі Вывеў бы Ігнат. — Вось мой сын, паночкі! «Асадзі назад!». Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свіста́ць, свішчу, свішчаш, свішча; заг. свішчы; незак.

1. Утвараць свіст (у 1 знач.). Клён стаіць яшчэ, той самы клён, на які мы лазілі ў свой час, каб давесці, хто мацней свішча ў пальцы. Брыль. Праз хвіліну за лазняй пачуўся свіст. Федзя ўмеў свістаць на розныя лады. Нядзведскі. // каго і без дап. Свістам клікаць, падзываць, гукаць каго‑н. Слаўны выдаўся дзянёк: Свежая пароша. Я свішчу: — Цю-цю, Жучок, Пойдзем, мой харошы. Бялевіч. // што і без дап. Высвістваць мелодыю, матыў; пераймаць голас птушак. Алесь хадзіў каля крынічкі, Што з лесу тут жа выцякала І дужкай хату агібала, Хадзіў, свістаў пад голас птушак, Збіраў ён ягадкі ў гарнушак. Колас. // Сапці, храпці са свістам. Злева ад мяне, у сёмым радзе, чацвёрка слухачоў сапраўдны квартэт наладзіла: адзін свішча праз нос, другі са смакам падхр[о]пвае, а двое сапуць. Кавалёў. // безас. Пра хрыплыя, свісцячыя гукі (пры дыханні, кашлі і пад.). Крэст завярнуў за рог, і вакол Алеся зноў завіравала. Ён раскідваў тых, што чапляліся за яго, як мог, атрымліваючы за кожны ўдар — чатыры. У грудзях свістала. Караткевіч.

2. Утвараць свіст (у 2 знач.). На дварэ вясна. Свішчуць шпакі ў садзе, над палямі не сціхаюць жаўранкі, ля калгаснага двара бегаюць, падбрыкваючы, жарабяты. Лупсякоў. Свішчуць, цёхкаюць салаўі так, што гаі і дубровы звіняць. Бялевіч.

3. Утвараць свіст (у 3 знач.). Паравоз свішча. □ З адкрытага ніпеля свістала паветра. Гамолка. // Гусці, выць (пра вецер, мяцеліцу, завіруху і пад.). Гуляла завіруха. Была. Свістала. Шамякін. Гудзе, свішча, вые лютая паўночная пурга. Бяганская.

4. Біць, ліцца з сілаю (пра вадкасць). — Пазаўчора ўранку прыбягае на кватэру цётка Магдалена, наша прыбіральшчыца. «Аркадзька, а даражэнькі, дзеці скруцілі кран. Вада свішча, ратуй». Пальчэўскі. А хлопчык ужо ляжыць на зямлі. Кроў свішча з невялікай дзюрачкі. Прокша.

5. Утвараць свіст (у 4 знач.). І гудуць касілкі, Свішчуць тонка косы, І наўсцяж кладуцца Роўныя пракосы. Астрэйка. Кінулася.. [жонка] да стала і пачала свістаць дубцом над галовамі. Броўка. Стары цыган з чорнаю барадою спрытна свістаў пугаю, і конік круціўся вакол яго, як уюн. Якімовіч. / у безас. ужыв. Навокал выла, свістала, грымела. Васілеўская. Унізе было ціха, .. а ў верхавінах стромкага сасняку часам пачынала шумець і свістаць, нібы зімою ў завіруху. Кулакоўскі.

6. перан. Гультайнічаць, не працаваць. — Як будзеш свістаць, то трасцу і мець будзеш, — панура адзываецца Пракоп: — машына сама рабіць не будзе. Колас.

•••

Вецер (свішча) у галаве — тое, што і вецер (гуляе) у галаве (гл. вецер).

Свістаць усіх наверх — каманда на флоце для выкліку экіпажа карабля на палубу для работы ці бою.

Чортам свістаць — вельмі злавацца, варожа ставячыся да каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слаць 1, шлю, шлеш, шле; шлём, шляце; пр. слаў, слала; незак., каго-што.

1. Пасылаць куды‑н. з якой‑н. мэтай, з якім‑н. даручэннем; адпраўляць. Імя тваё славячы, Ленін, гараць ярка зоры Крамля. Сюды, да твайго маўзалея, сыноў шле ўся наша зямля. Машара. Да буданоў ён [Міхал] пад’язджае. Пад’ехаў, коніка спыняе, Знімае стол, услон, салому. Алеся шле з канём дадому. Колас.

2. Адпраўляць, пасылаць што‑н. для перадачы, дастаўкі паводле прызначэння. Слаць лісты. Слаць пасылкі. □ [Ігар:] — Разумееш, ні маці, ні сястра ўжо другі тыдзень не шлюць грошай. Карпюк. Я помню, на дапамогу Сялянам Трактараград Патокам слаў трактар за трактарам. Куляшоў. // Пры звароце да каго‑н. выказваць свае адносіны і пачуцці ў словах, на пісьме і пад. [Паўтарак:] Шафёры нашай аўтабазы шлюць вам нізкі паклон і вялікае дзякуй за выдатную машыну. Крапіва. Мы шлём табе, Масква, прывет З заходняе граніцы. Колас. Мы шлём табе, горад, жаданыя весці: Ты родзішся зноўку, абуджаны Мінск. Броўка.

3. Накіроўваць што‑н. куды‑н., да каго‑н. Кулямёт то змаўкаў, то слаў зноў доўгія перарывістыя чэргі. Навуменка. З нябёсаў хмары шэрыя Ёй [сасонцы] слалі цёплы дождж. Прыходзька.

слаць 2, сцялю, сцелеш, сцеле; незак., што.

1. Класці, накрываючы паверхню чаго‑н. Слаць коўдру па ложак. Слаць абрус на стол. □ Пясок гарачы, і мама сцеле для Юркі шырокі, калматы ручнік. Брыль. // Рыхтаваць (пасцель), раскладваючы пасцельныя рэчы. Чатыры санітары, якія былі пры раненых, сталі слаць і сабе пасцелі на саломе. Чорны.

2. Раскладваць на лузе, полі тонкім слоем для вылежкі (лён, каноплі); рассцілаць на траве для адбельвання (палатно). Слаць лён. □ На сіўцы аж да самага лесу ляжаў раскіданы гэтымі днямі лён — яшчэ не пачыналі слаць. Пташнікаў.

3. Рабіць, укладваючы шчыльна дошкі, пліткі і пад. Слаць падлогу. □ Уначы .. [сапёры] білі палі і слалі мост пад вадою. Грамовіч.

4. Пракладваць барозны, пракосы і пад. Пяціплужны трактар упэўнена, павольна слаў глыбокія барозны ўпоперак. Пестрак.

5. перан. Рассцілаць што‑н. па паверхні або нізка над паверхняй чаго‑н. Ранак сцеле туман. □ Зноў і зноў па беражок тонкай выдмаю пясок вольны вецер сцеле. Вялюгін. / у паэт. ужыв. Мы вольны, мы песні спяваем, Мы кветкамі сцелем дарогу. Чарот.

•••

Слаць лістам (пухам) — лісліва дагаджаць каму‑н. з карыслівай мэтай. Уваходзіць госць неспадзяваны, Мікодым Богут, той павук, Што лістам сцеле перад панам, Перад панамі гнецца ў крук. Колас. Вось другі. Усюды сцеле пухам, Прасвяціць бы, — што там на душы? Можа, ён пляткар альбо хапуга, Мо чый-небудзь талент прыдушыў? Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спіса́ць, спішу, спішаш, спіша; зак., каго-што.

1. Перапісаць з арыгінала які‑н. тэкст; зрабіць рукапісную копію чаго‑н. Спісаць з дошкі ўмову задачы. Спісаць вершы з кнігі ў сшытак. Спісаць расклад лекцый. // Намаляваць, скапіраваўшы (карціну і пад.). Спісаць пейзаж Левітана. // Перапісаць што‑н., напісанае кім‑н. іншым, выдаючы за сваё. На ўроках [Кандрат] — майстра на падгляд. Заўжды спісаць у сябра рад! Хведаровіч.

2. з каго-чаго. Паказаць (у літаратуры, жывапісе), выкарыстаўшы каго‑, што‑н. як прататып, натуру. Спісаць героя рамана са знаёмага чалавека.

3. Скласці пералік каго‑, чаго‑н., запісаць у спіс. [Шарон:] Мне трэба ведаць, хто і колькі іх. Спішы мне зараз, Мітрафан, усіх! Танк.

4. Дакументальна афармляючы, запісаць як зрасходаванае або нягоднае. Спісаць устарэлую тэхніку. □ [Майстар:] — Ладна ўжо, спішам гэты твой разец — ніхто і ведаць не будзе. Асіпенка. Тунякоў такія штукі мог рабіць адмыслова: спісаць збожжа ці яшчэ што як бракованае, а потым сплавіць налева. Радкевіч. // Ускласці на каго‑, што‑н. адказнасць за што‑н. (часцей за знішчэнне, пашкоджанне і пад. чаго‑н.). [Следчы да Сотнікава:] — Не выдасі ты — другі нехта выдасць. А спішам на цябе. Быкаў. Відаць, не першы ты, хто ўсе выдаткі Хацеў бы на мінулае спісаць. Пысін. // Лічыць несапраўдным, скасаваць (доўг, запазычанасць і пад.). Спісаць запазычанасць. // Разм. Зняць у якасці спагнання. [Карова] .. цэлую ноч жэрла .. кіяхі. З Піліпкі за гэта цэлых пяць працадзён спісаў брыгадзір. Навуменка.

5. Звольніць (з карабля, авіяцыйнай часці і пад.); адправіць у запас. Спісаць з карабля. □ Як спісалі [Аўсяніка] з авіяцыі, .. як апусцелі кішэні, як спусціўся на зямлю механікам у нейкі задрыпаны гараж, так і сяброў тых не стала. Васілевіч. — Вось так я, малады чалавек, і ваяваў, — кажа цесць зусім ціха. — Пасля вайны мяне спісалі ў запас на адпачынак. Хомчанка.

6. Запоўніць пісьмовымі знакамі (аркуш паперы, сшытак і пад.). Пісаў .. [Валодзя] доўга.. Спісаў шмат старонак. Шамякін. Увесь вялікі ліст спісалі, хто алоўкам, хто чарнілам, хто прозвішча паставіў, а хто крыжыкі. Брыль.

7. Разм. Зрасходаваць на пісанне. Спісаць аловак. □ Колькі мы спісалі паперы, колькі ў раён папахадзілі! Ракітны.

8. перан. Разм. Збіць, спаласаваць. — Вось каб яго [Юрку] палажыў на лаўку ды дубцамі спісаў, каб дзве нядзелі сядзець не мог,.. — сярдзіта прабасіў суддзя. Чарот. Адам упаў у капу кулёў і не вельмі выцяўся, паабдзіраў толькі рукі, спісаў калючай саломай твар. Сабаленка.

•••

Спісаць у расход — у бухгалтарскай справе — ліквідаваць, знішчыць.

Спісаць у архіў — тое, што і здаць у архіў (гл. здаць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спра́віцца, спраўлюся, справішся, справіцца; зак.

1. з чым і без дап. Змагчы зрабіць, выканаць што‑н. (якую‑н. работу, абавязак і пад.). Справіцца з заданнем. □ Зямля была мяккая, і Вова хутка справіўся з гэтай работай. Якімовіч. «Глядзі, якая яна [Усця], — думаў Васіль, — старшынёй калгаса пастаў — справіцца». Кулакоўскі. [Лясніцкі:] — А вось з санітарамі ў нас цяжка. Алена не можа справіцца адна. Шамякін.

2. з кім-чым. Перамагчы, узяць верх у баі, бойцы і пад. [Балук:] — Два, тры чалавекі бяззбройныя лёгка справяцца з адным узброеным, калі толькі зробяць гэта борзда і спрытна. Колас. Алесь ведаў, што з Федзем яму аднаму не справіцца, і моцна свіснуў у два пальцы. Ваданосаў. Нягледзячы на здвоеныя кантынгенты войска і жандармерыі на заходнебеларускіх землях, акупацыйная ўлада не магла справіцца з партызанскім рухам. Ліс. // Прымусіць слухацца, падпарадкавацца. Брыгада павінна справіцца з тым, хто ёй не падпарадкуецца, хто ідзе супраць яе. Шыцік. А што ж гэта за манера Паддавацца дужа: Не ўламаеш кавалера, Не справішся з мужам! Лойка. // Адолець, асіліць што‑н. Справіцца з агнём. Справіцца з цяжкасцямі. □ Але .. [Мая] справілася з плынню і да лодкі дабралася хутка, прывязала вяроўку і ўзнятаю рукою дала знаць, што ўсё гатова. Дуброўскі. // Сумець пакарыстацца чым‑н., гладзіць, саўладаць з чым‑н. Справіцца з машынай. □ Рука ніяк не магла справіцца з гузікамі. Паслядовіч. З клямкай старшыня, нарэшце, справіўся сам і, бразнуўшы дзвярыма, скочыў з высокага ганка. Навуменка. // перан. Перамагчы, перасіліць (якое‑н. пачуццё, стан і пад.). Справіцца з хваляваннем. □ Абое яны хацелі справіцца са сваёй няёмкасцю, і абаім гэта не ўдавалася. Асіпенка. Голас .. [маці] задрыжаў, але праз хвіліну яна справілася з сабою. Ус.

3. Атрымаць весткі, даведацца пра што‑н. [Гулік] зараз жа распарадзіўся паслаць у вёску Міхалку Крупіка справіцца, ці дома Нічыпар. Колас. — Ты скора ад нас едзеш? — справілася Зося. Гартны.

4. Паспець своечасова зрабіць, завяршыць што‑н. Да свят бярозаўцы справіліся з пасяўной, з копкай бульбы. Васілевіч. Згледзеў [Андрэй], што .. [Валюта] справілася змяніць сукенку, была цяпер у зялёнай з гарошкам. Пташнікаў. Пасля работы Васіль прыйшоў у інтэрнат і ўжо справіўся памыцца і пераапрануцца, калі, нарэшце, вярнуўся з завода Саша. Шуцько. // Разм. З’есці, выпіць усё без астатку. Абое хутка справіліся з гарбатай, і Рыгор прынёс яшчэ па шклянцы. Гартны.

5. Разм. З’ездзіўшы, схадзіўшы куды‑н., вярнуцца назад. Заўтра субота, паслязаўтра нядзеля, два выхадныя, спраўлюся туды і назад. Арабей.

6. Разм. Зраўняцца з кім‑н. Праўда, .. [Алена] не апошняя работніца ў засценку. І то сказаць, хто можа з ёю справіцца. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суро́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Якому не ўласціва паблажлівасць да сябе і іншых; цвёрды, непахісны. Вася нават не чакаў, што строгі, суровы на выгляд капітан праявіць такую ўвагу да яго. Краўчанка. «Да цябе я, можа, і не была б такая суровая», — трошкі змякчылася Надзя. Кулакоўскі. // Уласцівы такому чалавеку. Суровы характар. □ На важнай рабоце не спаў ён дзве ночы — зліпаюцца вочы, суровыя вочы. Вялюгін. // Поўны цвёрдасці, непахіснасці. Кожная складка сухога, старэчага твару поўнілася суровай рашучасцю. Лынькоў. На крутых узбярэжжах стаяць курганы У глыбокім, суровым маўчанні. Грахоўскі. На гэты раз Уля не разгубілася пад суровым бацькавым позіркам. Паўлаў. // Прасякнуты сур’ёзнасцю, непахіснасцю, строгасцю. І толькі задымленых танкаў маторы Суровы складалі аб воіне сказ. Кірэенка. І ён [лес], як я, суровым спевам Над краем помстаю гудзе. Астрэйка. Нават у моцную навальніцу .. [дубы] варушацца неахвотна, уздымаючы нездаволены суровы шум. Дуброўскі. // перан. Які робіць уражанне змрочнасці, хмурнасці (сваім выглядам, колерам і пад.). Закутае ў суровы камень кіпела возера, як вір. Машара. Лес, які абступаў лугавіну, пачаў злівацца ў адну суцэльную масу, стаў суровым, непрыступным. Ставер.

2. Які не дапускае ніякіх паслабленняў, паблажак; вельмі строгі. Суровая дысцыпліна. □ [Лясніцкі:] — Адразу ўсё стала ясным, зразумелым. Што рабіць, чаго чакаць... І пайшло ў нас уладкаванае жыццё па суровых законах ваеннага часу. Шамякін. Дружба народаў, якая выкавана ленінскай партыяй, вытрымала суровую праверку і яшчэ больш загартавалася ў гады Вялікай Айчыннай вайны. «Звязда». // Бязлітасны, жорсткі (пра меры пакарання, уздзеяння і пад.). [Саламея] патрабаваў прыняць да парушальніка самыя суровыя меры. Алешка. Вось і скончана ўсё: Для пачуццяў маіх Прыгавор ты выносіш суровы... Тарас. // Бязлітасны, цяжкі па сваёй непазбежнасці, справядлівасці і пад. Суровая неабходнасць. □ Ліда сумелася. Яна не чакала такіх суровых слоў. Колас. Першы раз у сваім жыцці жанчына атрымала такі суровы ўрок. Кулакоўскі.

3. Вельмі цяжкі, невыносны, поўны выпрабаванняў, цяжкасцей. У час суровы, у дні вайны Тут ракаталі грозна сосны, сваіх братоў хавалі сёстры У час суровы, у дні вайны. Кляўко. Маршыруй, пакаленне!.. Самой гісторыяй наканавана табе суровая дарога. Навуменка. Не зналі бацькоўскіх пяшчот, Суровая праца расціла І ў свет хараства і турбот Нам рана вароты адкрыла. А. Александровіч. // Які выклікае цяжкае пачуццё. Паэт здолеў намаляваць праўдзівыя і суровыя карціны жыцця прыгонных сялян — з аднаго боку, і паказаць неабмежаваную ўладу над імі князя — з другога. Шкраба.

4. Неспрыяльны для жыцця, існавання. Суровы клімат. □ О, край суровы! Дзікія лагчыны Спяць сны аб гулкай сонечнай вясне. Звонак. // Халодны, марозны. Суровая зіма. □ Зімой суровыя завеі наляталі высокія гурбы снегу. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

схапі́цца, схаплюся, схопішся, схопіцца; зак.

1. за каго-што. Узяць што‑н., узяцца за каго‑, што‑н. хуткім, рэзкім рухам (рук). Рукі ў Анісіма ліхаманкава схапіліся за стрэльбу. Сачанка. Агрыпіна войкнула і схапілася за твар рукамі, закрыла вочы. Пестрак. // Учапіцца за каго‑, што‑н., імкнучыся ўтрымацца. Я схапіўся за тату, і мы, падаючы і падымаючыся, пачалі прабірацца дамоў. Бяганская. [Жанчына] таксама, каб утрымацца на нагах, сутаргава схапілася за яго [Сіўцова] рукаў. Васілевіч. // перан.; за што. Ахвотна згадзіцца на што‑н., шукаючы падтрымкі; выкарыстаць што‑н. Хлопцы схапіліся за яго [Хведара] прапанову. Машара. Як за нейкі паратунак, я схапілася за вясёлыя жарты сяржанта і азірнулася яшчэ раз. Савіцкі.

2. Уступіць у бой, барацьбу, бойку. Ганна горача развіталася з ім ды на дарогу папрасіла ў яго: — Мікола, бацька мой... Там, дзе мы схапіліся першы раз з палякамі... Там Петруся забілі... Нікановіч. // Пачаць дурэць, бароцца. Праўда, калі-нікалі хацелася з хлапчукамі, як бывала, наганяць галубоў або схапіцца са сваімі аднагодкамі і падужацца ўволю. Гроднеў. / Пра жывёл. На двары сабака з кошкай схопяцца, а гэта ж — ой, як цікава. Гарбук. // Пачаць спрэчку, сварку. Зноў схапіліся два «старыя прыяцелі». Ніхто ім не пярэчыў. Пасля гаварылі праўленцы. Пташнікаў. А на другім канцы стала ў гэты час жонка Антося схапілася грызціся з Купрыяніхай, якая ўвесь час сачыла за гутаркаю Антося і ўпікала, што яе муж трымае сябе вельмі брыдка. Чарот. // Разм. Распачаць заўзятую гульню ў што‑н. Схапіцца ў шахматы.

3. Разм. Раптам успомніць пра што‑н.; спахапіцца. Аж раптам чую: «Хведар, а валы твае дзе?» Схапіўся — няма. Кірэйчык.

4. за што, з інф. Спехам або раптоўна пачаць што‑н. рабіць, прыняцца за якую‑н. справу. Не ведаць, за што схапіцца. □ На гэты раз Кравец чамусьці Схапіўся камізэлькі шыць. Корбан.

5. Разм. Хуткім рухам устаць, ускочыць. Як схопіцца .. [дзед Анісім], як пагоніцца за хлопцамі, як пачне латашыць кульбаю! Колас. Косця схапіўся з ложка і пабег мыцца. Адамчык.

6. Заняцца полымем. У адным канцы схапілася полымем хата. Васілевіч.

7. Спец. Зрабіцца цвёрдым, застыць. Шафёры выскаквалі з кабін, крычалі адзін на аднаго, заглядвалі ў кузавы, роспачліва ўзмахвалі рукамі: баяліся, каб не схапіўся бетон. Місько. // Зацягнуцца лядком. Пад нагамі дзе-нідзе праломваўся тоненькі, што ледзь паспеў схапіцца, лядок. Лобан.

•••

Схапіцца за галаву — жахнуцца; прыйсці ў адчай. [Косцік] разгарнуў кошыкам калючыя лапкі, зірнуў і за галаву схапіўся. Матачкі! Уся зямля ўкрыта [грыбамі], хоць касою касі! С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сці́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. сціх, ‑ла; зак.

1. Перастаць чуцца; заціхнуць (пра гукі, шумы і пад.). Крокі і шолах даўно ўжо сціхлі, а хлопцы ўсё яшчэ ляжалі ў сваёй засадзе і не дыхалі. Маўр. Рэха глуха пакацілася па сасняку і сціхла. Пестрак. Праз нейкі час перастрэлка сціхла. Сяргейчык. // Перастаць утвараць гукі. Недзе ў лесе спалохана крыкнула птушка і сціхла. Мележ. Лёдзя пачула стракатанне матацыкла, які, неўзабаве наблізіўшыся, раптам сціх. Карпаў. Гармонік ужо сціх, і ў цішыні, што наступіла, Сцяпан добра чуў, як у кустах за пуняй конь скубе траву. М. Стральцоў. // Стаць нячутным. Не паспеў сціхнуць гул самалётаў, якія ўзляцелі, а па старце ўжо з’явілася звяно другой эскадрыллі. Алешка. // Перастаць страляць (пра агнястрэльную зброю). Батарэя выйшла [са] строю, толькі адна Вітушкава гармата яшчэ страляла, але і тая хутка сціхла. Гурскі. Міхась спалохаўся, адхапіў палец з курка — аўтамат сціх. Якімовіч. // Стаць бязлюдным, бясшумным. Ад заняткаў вольныя Лета дні цяклі. Сціхлі класы школьныя, Як без пчол вуллі. Куляшоў.

2. Перастаць гаварыць, спяваць, крычаць; замоўкнуць. Андрэй Пніцкі перабраў перад сходам у сваёй гаворцы ўсё, а тут раптам сціх і ўважна слухаў. Чорны. Нехта .. суняў яго [Пацяроба] раз’юшаны лямант: — Сціхні ты ўжо. Чаго галёкаеш, як у лесе! Зарэцкі. Пад акном сціхлі, нехта некаму кінуў: «Пачынай!» — і звонкія галасы завялі [песню]. Палтаран. [Слухачы] ведалі — пакрычыць начальнік і сціхне. Кавалёў. // Перастаць гучаць; заціхнуць (пра размову, крык, спеў і пад.). Людзі хіснуліся, сціх гоман у задніх радах. Шамякін. На дарозе раз-пораз чутны былі выбухі смеху. І калі яны ўжо сціхлі, Аксіння ўзваліла мех на спіну і павольна пайшла. Ракітны. У пакоях цішыня, Сціхлі песні, крыкі. Гілевіч. // Перастаць злавацца, хвалявацца, непакоіцца і пад. [Яўхім] доўга тупаў у хляве, пад павеццю, не мог ніяк умерыць злосць, сціхнуць душою. Мележ. // перан. Перастаць выяўляць адзнакі жыцця. З наступленнем ночы вёска сціхла.

3. Паменшыцца ў сіле, аслабець; спыніцца (пра з’явы прыроды). А вецер свішча, гудзе, Сціхнуць не хоча. Чарот. Грымоты сціхлі, і па лісці Лапочуць кроплі — дождж ідзе... Кусянкоў. Далонь падставіў кожны ліст, Ды сціхла ўраз стыхія. Кляўко. // Прыйсці ў стан нерухомасці, спакою. Пушча сціхла, як сціхае натоўп людзей у першую хвіліну ўрачыстасці. Шамякін. Сціхлі хвалі па Бярозе, Змоўк гармат гарачы гул. А. Александровіч. // Перастаць распаўсюджвацца (пра чуткі і пад.). Пагалоскі сціхлі. // Суняцца (пра боль і пад.). Боль у нагах сціх. // Аслабець або прыглушыцца (пра пачуцці). Калі сціхла радасць першага спаткання, Максім выпусціў з абдымкаў сябра. Машара. Пачуцці іхнія [Малашкіна і Сашы] сціхлі, прытаіліся, як гэтая плынь ракі. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ту́заць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каго-што, за што. Торгаць, цягаць рыўкамі, рэзкімі рухамі. — Добра б, каб вы [Цімка] пра гэта Лёдзі расказалі... — сказаў Шарупіч, не зважаючы на тое, што жонка тузае яго за крысо. Карпаў. [Мартыневіч] падганяў сваю Чорную, дужую, але ляную кабылу, тузаў лейцамі, цмокаў, крычаў, але яна не слухалася. Чарнышэвіч. У швачнай гудзелі машыны. Заўважыўшы Ваську, .. [дзяўчаты] кінуліся да яго гаманлівай стайкай, церабілі за пінжак, тузалі за рукі. Лынькоў. // Цягаць за валасы, вушы і пад. Раман крыху пастаяў, потым рашуча падышоў да ложка, узяў Сафрона за кучаравую чупрыну і пачаў тузаць. Чарнышэвіч. Машынка [майстра], як і нажніцы, раз-пораз так тузалі мае валасы, што аж іскры мітусіліся ў вачах. Паслядовіч. // Тармасіць, трэсці. Я абшчапіла .. [бацьку] за плечы, тузала, смяялася. Савіцкі. Разбудзілі [Ігната] пасля таго, як доўга тузалі за плечы. Галавач. // Разм. Біць, калаціць, трэсці каго‑н. Тады жонка Змітрака, хітрая жанчына, пачынала тузаць мужчын, даваць то аднаму, то другому ў каршэнь ды выпіхваць з хаты. Кавалёў. // Рэзкім рухам кранаць з месца. [Шафёр:] — Чапляй [трос] там!.. Ды не тузай рыўкамі... Аношкін. [Андрэй] азірнуўся — ззаду падскоквалі ўгару снапы; трактар тузаў воз. Пташнікаў. / у безас. ужыв. Вагон калыхала і тузала на кожным стыку. Грахоўскі. Вагон хадзіў ходарам. Эшалон тузала, бразгалі буферы. Ставер. // Торгаць сюды-туды, імкнучыся адчыніць што‑н. [Маці] тузала дзверы, бразгала жалезам, пакуль адчыніла. Чорны. // Шавяліць, развяваць, рваць што‑н. (пра вецер). Ветрык весні, ветрык-гарэза Ўсё трасе і тузае сад. Караткевіч.

2. каго-што. Рытмічна торгаць, пранізваць (пра боль). Пасля ўсёй гэтай валтузні Кандрат Назарэўскі пачуў яшчэ больш, як боль востра тузаў нагу. Чорны. Часам Ганна вярэдзіла .. [пазногаць], і руку ламаў, тузаў моцны боль. Мележ. // безас. Разм. Нудзіць, рваць. Выжлятніка тузала ў качарэжніку ля грубкі. Пташнікаў. На ўсю царкву не пах ужо — смурод, І чхае, й кашляе народ, Таго ўжо тузае і рве. Крапіва. // безас. Выклікаць рэзкі штуршок. Забыўшы пра гэта, жанчына дакранаецца рукой да металічнага прадмета, і яе тузае электрычным разрадам. Новікаў. // чым. Рабіць рэзкія сутаргавыя рухі якой‑н. часткай цела. [Ігнат] напінаў рукі, тузаў плячыма, ірваўся. Мележ.

3. перан.; каго. Разм. Не даваць спакою каму‑н., дакучаць якімі‑н. патрабаваннямі. Крытык, родненькі! Даруй Мне з маёю музай! Кіраваць — то ты кіруй, Ды не вельмі тузай. Крапіва. [Ермаліцкі:] — Да таго ж у нас пачынаецца справаздача, і замест работы мы будзем толькі тузаць людзей, а яны і так перагружаны. Скрыган. А жыццё тузае людзей, як захоча. Асіпенка. // Надаядаць каму‑н. шматлікімі пытаннямі, просьбамі. Ганьку тузаюць малыя: — Што ты прынесла? Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

убі́ць, уб’ю, уб’еш, уб’е; уб’ём, уб’яце; заг. убі; зак., што.

1. Б’ючы, стукаючы па якім‑н. прадмеце, прымусіць яго ўвайсці ў што‑н., унутр чаго‑н. [Рыльскі] каменем убіў два цвікі, прыгнуў іх, і падлога зноў мела свой сапраўдны выгляд. Чорны. Убілі [мы] ў зямлю некалькі калоў, развесілі на іх вопратку і анучы. Лупсякоў. // Шчыльна прытуліць што‑н. да чаго‑н., утуліць што‑н. куды‑н. У галаве закружылася, усё навокал паплыло, і такая знямога скавала цела, што .. [Сотнікаў], бы нежывы, распластаўся ніц, убіўшы ў снег галаву. Быкаў. [Міхась] павярнуўся на бок і шчыльней убіў твар у рэчавы мяшок. Машара.

2. З сілай уваткнуць, усадзіць куды‑н. што‑н. вострае; увагнаць. Ссекшы некалькі сукоў з тоўстай калматай елкі, Язэпка ўбіў сякеру ў камель дрэва, азірнуўся кругом .. і нырнуў у гушчар. Якімовіч. Але аднаго разу Рагіна не стрывала, убіла ў зямлю капач, выпрасталася і адрэзала Сяргею проста ў вочы. Адамчык. А трава якая! Касы не ўбіў бы. Дуброўскі.

3. Утаптаць, утрамбаваць да цвёрдасці. Убіць сцежку праз поле.

4. перан. Разм. Утлумачыць, прымусіць цвёрда засвоіць што‑н. А Сегенецкага хлопцы! Праўду кажучы, дзікуны. Панскі дух бацька ўбіў у іх. Але не чыста панскі, а з лёкайскім душком. Чорны.

5. Дадаючы да стравы, умяшаць (пра сырыя яйцы). Калі бульба зварылася, бабка патаўкла яе, дадала пшанічнай мукі ды ўбіла пару яечак. Колас. // Тое, што і узбіць (у 5 знач.). Трэба было яшчэ сала насмажыць ды з паўдзесятка яечак убіць на патэльню. Чарнышэвіч.

6. Разм. Змарнаваць. Убіць шмат часу на пустыя справы. □ Дарма свой век убіў я, Нічога не зрабіў я. Дзяргай.

•••

Носа не ўбіць — пра што‑н. непраходнае, цеснае. А за .. [балотам] пайшоў лес такі густы, што і носа не ўбіць. Якімовіч.

Убіць асінавы кол — тое, што і забіць асінавы кол (гл. забіць).

Убіць клін паміж кім — тое, што і забіць клін (гл. забіць).

Убіць (набраць) сабе ў галаву — умацавацца ў якой‑н. думцы, трымацца яе. [Данута:] — Хлопец недзе схаваўся .. Убіў сабе ў галаву, што яго тут зненавідзелі, і цэлымі бадзяецца недзе. Бажко.

Убіць у галаву каму — а) паўтарэннем прымусіць засвоіць што‑н. Хоць творы Беднага .. [Міхась] любіў, разумеў іх змест і яны былі блізкія яму, але яны не ўкладваліся ў тыя каноны, якія ўбілі яму ў галаву выкладчыкі літаратуры і падручнікі. Машара; б) унушыць што‑н., пераканаць у чым‑н. — Бачыла ты, Алена, гэткага? І хто .. [Міхасю] ўбіў у галаву, што ён нейкі асаблівы? Ваданосаў.

У рот (душу) не ўбіць — не да смаку, не пад густ (прадукт, страва і пад.).

Што ўбіў, то ўехаў — пра бесклапотнага, гультаяватага чалавека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)