паралізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., каго-што.
1. (часцей у форме дзеепрым. зал. пр.). Прывесці (прыводзіць) у стан паралічу, выклікаць (выклікаць) параліч. У яго паралізавана рука. / у безас. ужыв. У выніку кантузіі яму паралізавала ногі. // перан. Прывесці (прыводзіць) у аняменне, нерухомасць. Відаць страх, які адразу паралізаваў дыверсанта, быў ужо пераадолены ім. Гамолка. / у безас. ужыв. Я адчуў, як ад страху агортвае мяне хваля холаду і здранцвення. Мне спачатку паралізавала ногі, потым зайшлося сэрца, запякло ў скронях. Карпюк.
2. перан. Пазбавіць (пазбаўляць) здольнасці, магчымасці дзейнічаць; паслабіць (паслабляць) сілу, дзеянне чаго‑н. — Трэба паралізаваць нямецкія дывізіі яшчэ хаця б на некалькі тыдняў, хаця б да зімы. Шашкоў. Першая наша задача — паралізаваць чыгунку. Новікаў. Я заўсёды адчуваю старонкі позірк, ён перашкаджае, паралізуе мяне. Шынклер.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прытры́млівацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да прытрымацца.
2. чаго. Імкнуцца быць, знаходзіцца бліжэй да чаго‑н. Прытрымлівацца правага боку дарогі. □ [Драчам] даводзіцца быць асабліва асцярожнымі і прытрымлівацца цёмных купін або знаходзіцца ў цяні траў. Самусенка.
3. чаго. Кіравацца чым‑н., выконваць што‑н., дзейнічаць згодна з чым‑н. Прытрымлівацца чаргі. Прытрымлівацца традыцый. □ Цімох і цяпер прытрымліваецца старых спосабаў помсты і змагання. Колас. — А я, ведаеце, прытрымліваюся мудрага правіла: каб быў парадак у рабоце, трэба перш за ўсё навесці яго ва ўласным доме. Шамякін. // Быць згодным з чым‑н. (думкай, поглядам і пад.). Большасць з .. [вучоных] прытрымлівалася думкі, што ракета з’явілася ахвярай сутыкнення з метэарытам. Гамолка. [Мірон] прытрымліваўся погляду, што чалавек усё можа зрабіць, калі толькі захоча. Гурскі.
4. Зал. да прытрымліваць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раздаві́ць, ‑даўлю, ‑давіш, ‑давіць; зак., каго-што.
1. Надавіўшы або сціснуўшы, расціснуць, расплюшчыць, раздушыць. [Надзя:] — Тады збірай бульбу, бо часам як раздавіш пухір, пяску наб’ецца, можа быць заражэнне. Васілевіч. Немцы пусцілі на гармату танк, мабыць хацелі раздавіць яе, але артылерысты падпалілі яго снарадам. Сабаленка.
2. Разм. Сціснуўшы, задушыць, скалечыць, забіць. — Спаткаць бы такога дзесь у цёмным куце і раздавіць,.. — рашуча сказаў Сяргей. Машара.
3. перан. Разграміць, нанесці рашучае паражэнне. — Дзіўна, такая сіла, а ў Ламавічах — нямецкі гарнізон, — падкалоў Бондар. — Няўжо не можаце раздавіць? Навуменка.
4. перан. (звычайна ў форме дзеепрым. зал. пр.). Знішчыць, падавіць маральна. Візэнер, забыўшыся на ўсялякую субардынацыю, злосна папракаў яго.. Раздаўлены Кайфер маўчаў. Шамякін.
5. Разм. Выпіць што‑н. спіртное. — От жа, не кажы ты, завялі парадкі: беднаму чалавеку і пляшку раздавіць няма дзе. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сма́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пад уздзеяннем тэмпературы, агню рабіцца гатовым да ўжывання як ежа. Пакуль смажыліся скваркі, Турсевіч падгатаваў стол да вячэры. Колас. Там на вясёлым полымі даўно ўжо смажыліся грыбы ў смятане і яечня з вяндлінай, а на моцным дубовым стале чакалі нас сыр, агуркі, мёд, духмяны хлеб з кменам і вялікі збан кіслага малака. В. Вольскі.
2. перан. Разм. Пячыся па сонцы; знаходзіцца ў гарачым месцы. — Нашы людзі пылу не баяцца, — уставіла сваё мачыха. — Нашы людзі на сонцы смажацца, на дажджы купаюцца і пылам прычашчаюцца, дык ім нічога не абыходзіць. Сабаленка. А Віктар, бачыш ты,.. прымусіў сядзець тут і смажыцца на сонцы. Гамолка.
3. Зал. да смажыць (у 1 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тра́ціцца, трачуся, трацішся, траціцца; незак.
1. Расходаваць свае грошы, сродкі на якія‑н. патрэбы. Прасцей бывае ў пост: сушаныя грыбы, цыбуля, кіслая капуста — усё гэта расце, сушыцца і соліцца на месцы. Траціцца даводзіцца хіба толькі на тараны ды на алей. Васілевіч.
2. Марна, без толку расходаваць. [Ліда да Сярожы:] — Ідзі скарэй правай білеты. Навошта табе траціцца? Лобан. // Марнавацца, прападаць. — Што ж ты не глядзіш? Збожжа траціцца. Колькі ў каласах! — і Кузьма сунуў жмут саломы Кардзянкову. Дуброўскі.
3. перан. Губляцца, знікаць. Зірнеш на косы ільняныя, — адвага траціцца твая, і сэрца ёкне і заные, бы ў золкай плыні ручая. Гаўрусёў. Шмат часу трацілася на гэты надвячорак. Маўр. Выходзіць, не толькі марна загінула .. праца [хлопцаў], а і трацілася апошняя надзея раскрыць таямніцу кургана. Якімовіч.
4. Зал. да траціць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хвалява́цца, ‑лююся, ‑люешся, ‑люецца; незак.
1. Знаходзіцца ў вагальным руху, ад якога ўтвараюцца хвалі. Навокал аж да самага небасхілу неспакойна хвалявалася свінцовае мора. Бяганская. // перан. Знаходзіцца ў руху, падобным на хваляванне паверхні вады. Калі налятаў вецер, хвалявалася спелая пшаніца. Гурскі. Хвалююцца морам зялёным Ільны на палескім балоце. Калачынскі.
2. Перажываць хваляванне (у 2 знач.); непакоіцца. Седзячы перад сталом старшыні, Якім хваляваўся і не ведаў, як сказаць, чаго прыйшоў. Дуброўскі. Валя думала толькі пра Толю. Як перажывала яна і хвалявалася ўсе гэтыя дні за яго! Якімовіч. Алік хвалюецца. Ён насцярожана глядзіць на суддзю, кусае вусны, скупа і неахвотна адказвае на пытанні. Дадзіёмаў.
3. Выказваць незадаволенасць чым‑н., пратэст супраць чаго‑н. Натоўп хваляваўся на пляцы перад ратушаю. Чорны. Зал хваляваўся, трэба было пачакаць. Нарэшце супакоіўся, выгаварыўся. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
церабі́цца, цераблюся, цярэбішся, цярэбіцца; незак.
1. Рабіць дробныя, частыя рухі рукамі і нагамі (пра чалавека), канечнасцямі (пра жывёлу), вызваляючыся ад каго‑, чаго‑н., з чаго‑н. Мухі старанна ўвіхаюцца каля яго і рады, што Петрык не вельмі цярэбіцца. Крапіва. Царкоўны стараста.. стаяў і спакойна пазіраў, як Мадэст церабіўся ў гразі і не мог вывалачы з балота ног. Колас. Недзе з алешыны, з камля, падала на ваду і бездапаможна церабілася чорная малюсенькая мурашка. Адамчык.
2. Чысціцца дзюбай (пра птушак). [За канавай] сядзела і церабілася чародка белых качак. Ракітны.
3. Абл. З цяжкасцю, намаганнямі ісці, рухацца. [Партызаны] сталі асцярожна церабіцца да азярка. Навуменка. Неяк раз, толькі пачынала днець, Мірон церабіўся дамоў — паспець звесці вочы, пакуль маці пачне штурхаць пад бок. Кудравец.
4. Зал. да церабіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кармі́цца, кармлюся, кормішся, корміцца; незак.
1. Прымаць ежу, корм; насычацца. [Вепр] ішоў павольна і пачынаў ужо корміцца. Самуйлёнак. Лось карміўся каля стога, Піў ваду, лядок пратоўк. Лужанін. [Дзіцятка] ляжала на руках маці і кармілася, прыпаўшы да адкрытых белых грудзей. Пестрак.
2. чым і без дап. Мець за сродак для існавання, пражыцця; харчавацца. Чапля корміцца рыбай. □ Стрыжы адлятаюць першымі таму, што кормяцца толькі тымі насякомымі, якіх яны могуць схапіць сваім шырокім ротам у паветры, у час палёту. В. Вольскі.
3. чым, з чаго, на што. Здабываць сродкі для існавання, пражыцця. Выпраўляў кульгавы Цыпрук хлопчыкаў да купца ў лес на заработкі. Гэтым кармілася сям’я. Бядуля. — [Марыля] хоча рабіць нешта, каб .. корміцца. Чыгрынаў.
4. Зал. да карміць.
•••
Карміцца акрыдамі — бедна харчавацца, галадаць (з евангельскага апавядання пра Іаана Хрысціцеля, які ў пустыні еў акрыды і дзікі мёд).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мяша́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Злучацца, змешвацца з чым‑н. Снегавыя крупы мяшаліся з пылам, чарнелі і прападалі. Чорны. Раса паступова высыхала, і лес напаўняла густая, паркая духмень, у якой мяшаліся пахі травы, сосен, суніц. Мележ. // Перамешвацца. Бярозы мяшаюцца з елкамі. □ Чырвоныя хустачкі дзяўчат мяшаліся з хлапцоўскімі шапкамі розных гатункаў. Колас. // Рабіцца невыразным, неразборлівым. Мяшаюцца ў вачах літары.
2. Прыходзіць у беспарадак, блытацца. Пяхота зусім сплывае ў пшанічныя палеткі: тут ужо ясна — і рэзервы, і першая лінія мяшаюцца. Чорны. // Траціць яснасць, рабіцца незразумелым (пра думкі, мову). Думкі мяшаліся. Мінулае ўрывалася ў сённяшняе, а сённяшняе нырала ў мінулае. Новікаў.
3. перан. Разм. Умешвацца ў што‑н. Мяшацца ў чужыя справы. □ Дзядзька, як кажа бабуля,.. не мяшаецца ў палітыку, а толькі чытае ды піша. Брыль.
4. Зал. да мяшаць 1 (у 1, 2 і 4 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
называ́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Мець якое‑н. імя, прозвішча, якую‑н. назву. [Казановіч:] — Калі я не памыляюся, Чорным называецца толькі адно возера. Шашкоў. Сто гадоў прайшло, і блізка наша мэта, Да якое з барацьбою мы ішлі, Хутка будуць называцца — знаю гэта — Камуністамі ўсе людзі на зямлі. Куляшоў.
2. Разм. Узяць на сябе выкананне якіх‑н. абавязкаў, якой‑н. справы. — Хто закладае банк? — спытаў сядзелец. Звычайна ніхто першым не называўся. Колас.
3. у знач. пабочн. Зрабіць не так, як трэба, як хацелася б, як неабходна. Прыгледзеўшыся, жанчына здзіўлена ўскрыкнула, потым заплакала і выйшла з кухні. — Называецца, прывіталася! — спагадліва ўсміхнуўся Тэафіл. Самуйлёнак.
4. Незак. да назвацца.
5. Зал. да называць.
•••
Што называецца (у знач. пабочн.) — як кажуць, як прынята гаварыць. За сорак год валацужання з сякерай .. [дзед] вывучыў пушчу, што называецца, назубок. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)