Касіе́р ’касір’ (Сцяшк., Сл. паўн.-зах.). Параўн. укр. дыял. ка́сієр, польск. (Ліндэ) kassyer, польск. kasjer, балг. касцѐр. У гэтай форме слова з’яўляецца запазычаннем з італ. мовы. Параўн. італ. cassiere ’касір’ (вытворнае ад італ. cassa ’каса’). Пры гэтым варта адзначыць, што, відавочна, у якасці крыніцы выступае італ. cassier — форма, магчымая для некаторых італ. дыялектаў, дакладней для паўночных, дзе часта адпадаюць галосныя ў канцы слоў. Калі гэта так, то мы маем магчымасць удакладніць крыніцу запазычання з пункту гледжання лінгвагеаграфіі і тым самым часткова праясніць роль паўночных італ. гаворак у фарміраванні еўрапейскай лексікі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вы́салапіць (БРС, Нас., Гарэц., Грыг., Чач., Клім., Бес., Шн., 2, Нік., Оч., Шпіл., Янк. БФ), вы́салапіцца ’выказацца’ (Мат. Гом.). Укр. ви́солопити ’тс’, рус. вы́солопить (толькі пагран. рус. гаворкі). Беларуска-ўкраінская ізалекса, якая не мае адпаведнікаў у іншых славянскіх мовах. Слова-крыніцу (*salpiti) Мартынаў (Бел.-укр. ізал., 46) прапаноўвае аднесці да літ.-лат. лексічнай групы: літ. sul̃pti, sul̃piti ’ссаць, прысёрбваць’, лат. sulpît ’ссаць, аблізваць’. У сувязі з тым што бел. і ўкр. формы паслядоўна фіксуюць поўнагалоссе, гэта запазычанне павінна было адбыцца да метатэзы плаўных. Гл. яшчэ салупаць і Трубачоў, Слав. языкозн., 177.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
На́вязка ’нешта навязанае’: навязкі навязваць (Л. Калюга), ’загавораная шаптухай ніцяная перавязка на балючым месцы’ (дзярж., Нар. сл.), ст.-бел. навязка, навезка, навеска (1444 г.) ’барыш, прыбытак; штраф’ (Гарб.): за шестеро коней no рублю грошей платити з навезкою. Да вязаць, першапачаткова ’тое, што прывязвалася’, у тым ліку пры ўзважванні ці вымярэнні — ’адрэзаная частка, якая прымацоўвалася да цэлага, каб не згубілася; даважка’, пазней ’дадатак звыш пэўнай меры’, ’прыбытак’, ’штраф’; старабеларускі юрыдычны тэрмін Булыка (Лекс. запазыч., 84) лічыць запазычаннем са ст.-польск. nawiązka ’тс’, што ў святле прыведзеных вышэй меркаванняў патрабуе дадатковай аргументацыі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Няўчо́м (не въ чомъ) ’ах як; вось чаму; вось табе (і)’ (Нас.), ’нездарма’ (Барцоўскі, Шляхціц Завальня), неўчом ’нездарма, то-та ж’ (ТС), параўн. польск. niewczym, niewczymci ’тс’. Першаснае спалучэнне, раскрытае Насовічам, што было заменена пазней спалучэннем у нечым (гл. нешта), польск. w nieczym ’у чымсьці’, далей ’не ўпустую’, ’нездарма’ (Брукнер, 362). Карскі (2–3, 453) цытуе народныя песні з формамі учом: учом ты ни цвила? у чом замуж ни ишла?, якія дэманструюць першаснае спалучэнне; у тым жа значэнні ’чаму’, гл. чом: чом ты, каваль, ни куеш (там жа). Параўн. няўком.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ляўша́, ляўша́к, леўша́к, ляўша́ты, ляўшні́к, ляўшня́, ляўшу́н, ляўшэ́нь ’леварукі’ (ТСБМ, Чач., Сцяшк., Шат., Мат. Маг., Нар. сл., Сл. ПЗБ). Усе словы ўтвораны ад першага, якое з лев‑ (< прасл. lěvъ) і суфікса ‑ш‑а. У сувязі з тым што ў слав. гаворках існуе другая назва левага — šujь, можна дапусціць, што цяперашняе ‑ш‑а з’яўляецца скарочанай другой часткай кантамініраванага *lev‑šuj, якое магло ўзнікнуць пры налажэнні арэала з lěv‑ на арэал з šuj‑ і аформіцца па аналогіі да суфікса ‑уша. Параўн. суч. рус. леворуч і левшерукий, левка́, лево́ня, левош, леву́ха, леву́ша, левха́, левы́ка, левя́к.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ат, выгук ’усё роўна, няхай’. Рус., укр. ат, польск. at, ст.-рус. атъ, ст.-бел. атъ (Гіст. мовы, 1, 171). Згодна з думкай Бернекера, 1, 21, з спалучэння злучніка а і займенніка тъ; таксама ўтварылася, відаць, ато; параўн. ась — тым жа шляхам, але з займеннікам сь. Рудніцкі, 1, 38; Краўчук, ВЯ, 1968, 4, 123. Іначай: са спалучэння a + ti (адкуль чэш. ať, ст.-польск. ać), дзе ti > tь — часціца (Шахматаў, AfslPh, 7, 65; Саднік-Айцэтмюлер, 1, 4), аднак пераход у тъ растлумачыць цяжка, таму гэта этымалогія здаецца менш верагоднай.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Аха́бак ’бярэмя, вязка’ (Бір. Дзярж.). Хутчэй за ўсё ахапак (гл.) з азванчэннем n у інтэрвакальным становішчы, параўн. у тым жа арэале (Міншчына) драбакаваць ’баранаваць вясной зямлю, узараную на зіму’ (Жд., з драпакаваць), стаган ’шклянка’ і інш.; аднак магчыма і самастойнае аддзеяслоўнае ўтварэнне тыпу рус. охабка ад охабить ’абхапіць’, хабить ’хапаць, захопліваць, прысвойваць’, гл. Фасмер, 3, 175; пра існаванне ў старабеларускай мове адпаведнага дзеяслова, магчыма, сведчыць цытата з аканнем «ахабивъ» (XV ст.), якую прыводзіць Карскі, 1, 136; параўн. таксама ст.-польск. ochabić ’абхапіць’ ад гукапераймальнага выклічніка xab‑, гл. Бернекер, 381.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
*Варса́ць, ворса́ть ’калоць з разбегу ў бок’ (Мядзв.), ва́рсаць ’кідаць’ (КЭС), варса́ць або́ры ’працягваць аборы праз вуха лапця’ (Маш.). Сюды ж і варсану́ць ’піхнуць, штурхнуць’. Параўн. рус. дыял. варсану́ть ’з сілай ударыць чым-небудзь вострым; штурхануць’. Слова цёмнага паходжання. Часам паралельна ўжываюцца барса́ць ’працягваць абору ў лапці’ і варса́ць (Шат.). Барса́ць таксама значыць і ’кідаць’, але і яно няяснага паходжання (гл.). Паралелізм барса́ць|варса́ць можа тлумачыцца тым, што зыходным з’яўляецца варса́ць. Так, Януў (Зб. Развадоўскаму, 2, 277) зыходзіў пры тлумачэнні барса́ць (укр. бо́рса́ти) з *ob‑vors‑ati (пры гэтым корань *vors‑ не тлумачыўся). Параўн. абарсаць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Зара́за ’інфекцыя’. Рус., укр. зара́за, польск. zaraza ’тс’, чэш., славац. záraza ’паразітная расліна Orobanche’, чэш. уст. ’заразная хвароба’, серб.-харв. за̑раза, за̏раза ’інфекцыя’, балг. зара̀за, макед. зараза ’тс’. Ст.-рус. зараза ’зараза’ (XVII ст.). Параўн. ст.-слав. заразити ’перарваць, спыніць’, ц.-слав., ст.-рус., ст.-бел. (з XV ст.) заразити ’паразіць’ (у тым ліку хваробай). Зараза — бязафіксны наз. ад дзеяслова заразити (за + разити < razъ, гл. раз). Іншыя версіі (з ісп. < араб.-тур. ці арм. паралелямі) неверагодныя. Трубачоў, Дол., 2, 79; Шанскі, 2, З, 59; БЕР, 1, 607; Скок, 3, 116.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
За́ступ ’рыдлёўка, жалязняк’. Рус., укр. за́ступ ’тс’. Польск. zastup ’тс’ (з рус.; Дарашэўскі, 10, 795), zastęp ’група людзей’, ’ахоўны вал’, серб.-луж. zastup ’уваход’, чэш., славац. zástup ’мноства, група людзей, наогул нейкіх элементаў’, славен. zastòp ’уваход’, ’прадстаўніцтва’, ’розум, сэнс’. Ст.-слав. застѫпъ ’дапамога, абарона; натоўп’. Ст.-рус. заступъ ’абарона’ (XII ст.), ’рыдлёўка’ (XVI ст.). Верагодна, што бел. і ўкр. заступ ’рыдлёўка’ з рус., дзе значэнне тлумачыцца тым, што пры працы з гэтым відам лапаты на яе наступаюць нагой. Таму бязафіксны наз. ад заступати (гл. ступаць). Шанскі, 2, З, 66–67; Праабражэнскі, 2, 408.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)