Му́ляр1, му́лір ’рабочы, які будуе з цэглы’, ’пячнік’ (ТСБМ, Яруш., Шн. 2, Шат., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ), ст.-бел. муляръ, мураль, мураръ ’тс’ (XV ст.) запазычаны са ст.-польск. mularz, murarz ’тс’, якія (як і іншыя слав.: палаб. mau̯rnĕk, каш. mulåř, н.-луж. muŕaŕ, в.-луж. murjer, muler, славац. murár) узыходзяць да с.-в.-ням. mūrer (Булыка, Лекс. запазыч., 89; Трубачоў, Этимология–1973, 179). Гл. таксама мур, мурава́ць. Сюды ж му́ляр ’птушка, якая робіць гняздо з гразі’ (Совещ. ОЛА — Гомель, 234) — у выніку семантычнага пераносу.

Му́ляр2 ’драўляны вугаль’ (хойн., Мат. Гом.). Да мі́лёр (гл.).

Муля́р ’жывапісец’ (глус., паўд.-усх., КЭС). Да маля́р, маляваць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мурла́т, мурла́та, мурла́ціна ’апрацаванае бервяно памерам 10×5 см’ (Сцяшк.), ’апошняе бервяно (верхні вянец зруба), на якое абапіраюцца кроквы’ (Тарн., Шушк., ТС; глус., Янк. Мат.; КЭС, лаг.; нараўл., КЭС; міёр., Нар. словатв.; Касп., Бяльк., Мат. Гом., Сл. ПЗБ), ’бэлька’ (Ян.), кам. ’кладзь, апора страхі на сохах’, нараўл. ’падруба ў доме’ (Нар. сл.); кобр. мурлатэ ’бярвёны над вокнамі’ (Сл. Брэс.); ст.-бел. мурлатъ, мулатъ, мулартъ, мурлятъ (XVII ст.) запазычаны са ст.-польск. murłat, murłata, якое з с.-в.-ням. mūrlatte, суч. ням. Mauerlatte, якое з mūr ’сцяна’ і latte ’жардзіна’, ’паласа’ (Чартко, Бел. лінгв. зб., 150; Булыка, Лекс. запазыч., 97; Грынавяцкене, Сл. ПЗБ, 3, 85).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Навод1 ’навучэнне, падвучванне’ (Бяльк.), ст.-бел. наводъ ’настаўленне’ (Скарына), укр. навід ’указанне, падвучванне’. Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад навесці (гл. весці), якое яшчэ ў прасл. мела значэнне ’накіраваць, навесці (на што-н.)’, параўн. бел. навесці на дарогу, навесці на думку, ст.-слав. навести на пжть, польск. nawieść na dobrą drogę і інш. (Герай–Шыманьска, БЕ, 31, 1, 49); у сувязі з гэтым беспадстаўна Булыка (Лекс. запазыч., 205, 208) лічыць яго «лексічным чэхізмам» у Скарыны або запазычаннем з польск. мовы.

Навод2 ’самастрэл на мядзведзя’ (Маш.). Ад навесці (гл. весці) ’нацэліць’, параўн. навесці стрэльбу на каго‑н. ’прыцэліцца’ або ’настроіць наладзіць’, параўн. навесці пілу, касу і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жаўне́р ’польскі салдат’ (ТСБМ), ’салдат’ (БРС). Рус. жолнер ’польскі салдат’, укр. жовнір ’тс’, ’салдат’. З польск. żołnierz, ст.-польск. żołdnierz < ням. Söldner. Паводле Клячкоўскага (Зб. Развадоўскаму, II, 331) і Шцібера (Świat jęz. Sł., 295), ст.-польск. з ням. праз чэш. пасрэдніцтва да XIV ст. У ст.-бел. фіксуецца яшчэ з канца XV ст. жолнеръ з шэрагам вытворных (Булыка, Запазыч., 114–115), ст.-польск. żołdnierz зафіксавана ў першай палавіне XVI ст. (Рэчак). Ням. Sold ’плата прафесіянальнага салдата’, с.-ням. solt ’тс’ < ст.-франц. solt ’залатая манета, аплата салдата’ < познелац. sol(i)dus (nummus) ’шчырая манета’. С.-в.-ням. soldenx̄re, soldenier ’наёмны салдат’ утворана на гэтай аснове (Дудэн).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жывёла ’жывая істота’, зборн. ’свойская скаціна’ (ТСБМ). Польск. żywioła ’свойская скаціна’. Параўн. славен. živâl ’жывёла’. Слав. мовы захоўваюць асобныя словы з суф. ‑ela, ‑ola (напр., чэш. mrtvola ’труп’). Аднак не хапае падстаў для атаясамлівання славен. слова з бел., хаця наяўнасць літ. gývolis, gyvulỹs ’жывая істота, жывёла’ ўказвае на магчымасць яшчэ прасл.-балт. узаемадзеяння (Безлай, Radovi XXXV, Odjeljenje društvenih nauka, 12. Sarajevo, 1969, 92) і нават уплыву. Ст.-бел. ведала живиолъ, живелъ ’стыхія’ (XVI ст. Скарына; Булыка, Запазыч., 114) з польск. żywioł, дзе, як сведчыць Брукнер (670), так у XVI ст. тлумачылі і лац. animal (а не толькі element). Таму бел. жывёла, відаць, таксама з польск. Лаўчутэ, Сл. балт., 45.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зброд ’бязладнае зборышча выпадковых людзей’ (ТСБМ), ’зборышча бадзяг’, ’свавольнік’ (Нас.). Рус. сброд ’тс’, укр. збрід ’зборышча бадзяг’. Sъbrodъ — аблаўтная форма назоўніка да дзеяслова bred‑ti (брасці, гл. брадзіць, брод). КЭСРЯ, 401. Збродзень ’свавольнік’ з суфіксам ‑ень да таго ж кораня; параўн. рус. сбродни ’бадзягі’, ст.-рус. XV ст. събродьнь ’бадзяга’ (Сразн.). Параўн. развіццё знач. у чэш. zbrodeň, zbrodně, польск. zbrodnia ’злачынства’, адкуль ст.-бел. (XVI ст.) збродня, збродзень і суч. дыял. збродня ’злачынства’ (Булыка, Запазыч., 118), Брукнер (648) тлумачыў zbrodnia як ’адход ад броду’, г. зн. ’дарогі’, што наўрад ці дакладна. Хутчэй тут пераход ад назвы сукупнасці бадзяг на ўчынак, які яны могуць зрабіць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Здрой ’крыніца’ (Сл. паўн.-зах.), здруй (Бельск. пав., Яшкін) ’тс’. Ст.-бел. здрой ’тс’ з польск. zdrój ’крыніца’. Булыка, Запазыч., 120. Zdrój з устаўным d і менай o > ó (чэш., славац. zdroj < польск. у XIX ст.) з jьz‑roj‑ь (як і ц.-слав. изрой ’семязвяржэнне’, Міклашыч, Lex. palaeosl.), аддзеяслоўнага (jьz‑ri‑nǫ‑ti) назоўніка з чаргаваннем галосных ioiě (параўн. рэяць) у корані (гл. рой, рынуць). Форма зрой (Сл. паўн.-зах.) хутчэй за ўсё з другасным спрашчэннем групы зычных. Формы здрай (Сл. паўн.-зах.), здра́я (Яшкін) адлюстроўваюць нейкія народна-этымалагічныя збліжэнні (можа, з рай?). Брукнер, 650; Голуб-Копечны, 434; Махэк₂, 713; Фасмер, 3, 496.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зо́лата. Рус., укр. зо́лото, польск., серб.-луж. złoto, палаб. zlåtă, чэш., славац., zlato, славен. zlató, серб.-харв. зла̑то, балг. зла̀то, макед. злато. Ст.-слав. злато. Ст.-рус. золото (1339 г.). Ст.-бел. золото (Марч., дыс.), злото < польск. (Гіст. лекс., 92, XV ст.; Булыка, Запазыч.), злато < ст.-слав. Прасл. zolto < і.-е. *gʼhlo‑, *gʼhel‑: літ. дыял. žel̃tas ’залаты’, лат. zèlts ’золата, залаты’, ням. Gold ’тс’, ст.-інд. híranyam, ст.-іран. zaranya ’золата’. Шанскі, 2, З, 105; Фасмер, 2, 103–104; Махэк₂, 716; Скок, 3, 656–657; БЕР, 1, 644–645; Траўтман, 368; Покарны, 1, 430. Пра развіццё значэння ў ст.-бел. прыметніка золотый гл. Булахаў, Прыметнік, 3, 89–90.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пастарна́к1, пастарнак ’расліна Pastinaca sativa L.’ (Федар. 6 і 7; віц., гом., гродз., маг., Кіс.; Бес., Булг.), ’бядрынец вялікі, Pimpinella magna L. et P.’, ’бядрынец каменяломкавы, Pimpinella Saxifraga L.’ (Касп.), ст.-бел. пастернакъ (пастарнаку пасторнакъ, пастрнакъ, постернакъ, Посторнакъ, постэрнак) ’пастарнак’ (1556 г.) запазычаны са ст.-польск. pasternak, якое праз с.-в.-ням. pasternac з лац. pastinaca ’морква’ (Міклашыч, 233; Вальдэ-Гофман, 2, 261; Брукнер, 398; Фасмер, 3, 212; Булыка, Лекс. запазыч., 150).

Пастарна́к2 ’галоўны корань яблыні’ (бярэз., Сл. ПЗБ), ’калочак пры вяроўцы, якім карыстаюцца пры навязванні жывёлы на пашы’ (КЭС, лаг.). Да пастарнак (гл.). Названы так у выніку пераносу значэння паводле падабенства да стрыжнёвага кораня расліны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́бліка ’супольнасць людзей, сабраных у пэўным месцы’ (ТСБМ), ст.-бел. публика ’публічнасць’ (1687). Запазычана праз польск. publika ’вялікі з’езд, публічны сход; грамадскасць’, першапачаткова ’агульны або дзяржаўны інтарэс’ (XVI–XVII стст.), што ўзыходзіць да лац. (res)publica, літаральна ’агульная справа’, гл. рэспубліка (ад лац. pūblicus ’народны, дзяржаўны, грамадскі’, скарочаны варыянт ад незафіксаванага *populicus < populus ’тлум, люд, народ’, гл. Банькоўскі, 2, 961, даслоўным перакладам якога было рэч паспалітая, адсюль паспо́льства ’грамадскасць, грамадства’. Розныя дэрываты, большасць з якіх запазычана з польскай і рускай моў, а таксама непасрэдна з лацінскай мовы (параўн. яшчэ ст.-бел. публикация, публиковати, публичный, Булыка, Лекс. запазыч., 33), распаўсюдзіліся пад уплывам франц. publik, publique (з XIII ст.) ’яўны, адкрыты, даступны ўсім’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)