Прарадзі́ма ’самае старажытнае, першапачатковае месца пражывання таго ці іншага племені, народа, той ці іншай пароды жывёл і пад.’ (ТСБМ). Рус. праро́дина, польск. praojczyzna ’тс’ і да т. п. З пра- і радзіма. Паводле Борыся (Prefiks., 86), словы гэтага словаўтваральнага тыпу з’явіліся ў XIX ст. у якасці навуковых тэрмінаў першапачаткова ў польскай і чэшскай мовах як калькі ням. слоў з прыст. ur‑ (напр., Urheimat ’прарадзіма’, Urwald ’пралес, старажытны запаведны лес’), а потым распаўсюдзіліся ва ўсходнеславянскія мовы. Борысь (там жа) нават бачыць тут новую функцыю славянскай прыстаўкі *pra‑ пад уплывам ням. ur‑ і лац. prae‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Праро́к ’прапаведнік волі Бога, пасланы Богам; прадказальнік будучыні, вяшчун’ (ТСБМ), прарок, прарока ’тс’ (Нас.), ст.-бел. пророкъ ’тс’. Рус. проро́к, укр. прарок, прорік, пророка ’тс’. У сучасных усх.-слав. мовах запазычанне са ст.-слав. пророкъ, што з’яўляецца калькай грэч. προφήτης ’прарок, прадвяшчальнік’. Ад *pro‑ (гл. пра-) і *rekti ’гаварыць’ (гл. Фасмер, 3, 465; ЕСУМ, 4, 600), параўн. ст.-бел. прорекуе (XVI ст.), паводле Карскага (1, 158), пад уплывам реку, ректи — “в живых белорусских говорах это слово неизвестно” (там жа, 261). Форма прарока па тыпу народных утварэнняў на ‑а, гл. Сцяцко, Афікс. наз., 76.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Праста́к ’дурань’, ’неахайны’ (Ян.), сюды ж прастакава́ты ’праставаты, ніякаваты’ (Нас., Ян.). Рус. проста́к ’прасцяк’, укр. проста́к ’просты чалавек’, польск. prostak ’прасцяк, неадукаваны чалавек, просты чалавек’, чэш. prostáček ’прасцяк’, серб.-харв. проста́к ’прасцяк, неадукаваны, нявыхаваны чалавек’, славен. prosták ’звычайны, просты чалавек’, балг. проста́к ’неадукаваны, нявыхаваны чалавек’, макед. простак ’тс’. Ад просты з суф. ‑ак. Суфікс яшчэ праславянскі, гл. Слаўскі (SP, 1, 89), але першапачаткова слова, відаць, мела значэнне ’просты чалавек’ у процілегласць высакароднаму, што гаворыць аб самастойным утварэнні ў розных славянскіх мовах, параўн. Банькоўскі, 2, 788; Сной₂, 586 і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прата́ліна ’месца, дзе растаў снег і агалілася зямля’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Сл. ПЗБ), прата́лка, прота́лка ’тс’, ’агрэх (пры сяўбе)’ (Шчарб., ТС; Жд. 1), прота́лак ’тс’ (Касп.), ’паляна’ (віл., шальч., Сл. ПЗБ), ’лапіна, дзе вымакла збожжа’, ’вузкі праход паміж будынкамі’ (астрав., Сл. ПЗБ), ’пропуск, зроблены пры сяўбе’ (Сцяшк.). Рус. прота́лина, прота́лок, укр. прота́лина, прота́лка ’праталіна’, польск. przetalina ’тс’. Дэрываты ад *прата́ць ’растаць, утварыўшы праталіну’, *прата́лы ’расталы (снег, лёд)’, што адлюстроўвае варыянтнасць та́яць/‑таць (параўн. пата́ць, адта́ць (Стан.), аналагічную да стая́ць ста́ць, гл. таяць. Банькоўскі (2, 915) бачыць кантракцыю ў польск. przetalina < *przetajalina. Гл. таксама тал, талона.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Прыбо́ркаць, прыбо́ркаты ’прыручыць (пра хатнюю жывёлу)’ (кобр., Нар. лекс.). Да незафіксаванага о́ркаць ’падрэзваць крылы (хатняй) птушцы’, параўн. укр. бо́ркаты ’тс’, якія працягваюць прасл. *bъrkati (se), дзеясл. на ‑ati ад асновы гукапераймальнага паходжання з надзвычай разнастайнай семантычнай разгалінаванасцю ў слав. мовах (гл. ЭССЯ, 3, 125–127). У значэнні ’прыручыць; прыстасаваць’, відаць, усходнеславянскае, параўн. рус. разан. приборка́ться, приборкну́ться, прибурка́ться ’прыстасавацца, прызвычаіцца да нечага’, укр. прибо́ркати, прибо́ркувати ’падрэзаць крылы птушцы; прыбіраць, прыбраць да рук; уціхамірыць, скарыць, падпарадкаваць’, што суадносяцца з буркова́ць, боркова́ць, бу́ркаць ’назначаць, памячаць’, бурко́ваны ’падрэзаны (пра пер’е на крылах), надрэзаны (пра перапонкі на лапах)’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прывіле́я ’выключнае права, якім карыстаецца хто-небудзь у адрозненне ад іншых’ (Бяльк., ТСБМ), прывіле́й ’права ўвогуле, якое засноўваецца на пісьмовым дакуменце; прывілея’ (Нас., Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Др.-Падб.). Працягвае ст.-бел. привилеи (Грамата Вітаўта 1388 г.), привилей, прывилей, привелей, привилий, привилье, прывилье ’ўрадавы ўказ, прывілея’ (з 1434 г.), якое са ст.-польск. przywilej (1393 г.) < лац. prīvilēgium (Булыка, Лекс. запазыч., 57). Таксама з польскай і іншыя ўсходнеславянскія формы: рус. смал. приви́лье ’павяленне, указ; прывілея’, укр. привіле́й, привиле́й ’прывілея’ (Фасмер, 3, 363; ЕСУМ, 4, 569; Банькоўскі, 2, 954).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыла́зка (прыла́ска) ’вялікая дарога’ (Касп.). Разам з серб.-харв. прѝлаз ’падыход, подступ’ утварае сепаратную ізаглосу, працягваючы, такім чынам, прасл. *prilazъ ’прасека; дарога і пад.’ < *lazъ з вельмі шырокай семантычнай базай (ЭССЯ, 14, 72–76), у якую ўваходзіць магчымае зыходнае значэнне ’месца, што стала праходным пасля раскарчоўкі лесу’ (Бернекер, 1, 696–697). Параўн. укр. полазо́к ’палянка ў чорным лесе’. Ст.-бел. прилазъ ’выбіранне мёду з вуллёў’ звязана з лазити (гл. ла́зіць2) > ст.-рус. лазити пчелъ, медъ ’тс’ (падрабязней аб гэтым значэнні гл. ЭССЯ, там жа, 66). Параўн. балг. подлез ’праход пад мостам’ (БЕР, 5, 452).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыме́та ’знак’, прыкме́та (ТСБМ, Ян.), сюды ж дзеяслоў прыме́ціць ’заўважыць’, прыкме́ціць (ТСБМ) ’адзначыць, назначыць’ (Бяльк.), таксама зваротнае прыме́ціцца ’прыцэліцца’ (Бяльк.). Укр. примі́та, примі́тка ’прымета, прыкмета, знак’, примі́тити ’прыкмеціць, заўважыць’, примі́тний ’прыкметам’, примі́тливий ’уважлівы, той, які ўсё пераймае і засвойвае’, рус. приме́та, ’заметка, знак; след’, приме́тить ’заўважыць’, приме́тный, приме́тливый ’прыметны, заўважны’, польск. przymiot ’прымета, адзнака’, чэш. přimět(a) ’пацёртасць каля ранкі’, в.-луж. přimjet, н.-луж. pśimjet, серб.-харв. приме́тити ’прымеціць; зазначыць’. Працягвае прасл. *primětą < *primětiti, прэфіксальнае ўтварэнне ад *mětiti, гл. мета. Гл. таксама Махэк₂, 493 (лічыць слова заходнеславянскім); ЕСУМ, 3, 485; 4, 573.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прымкну́ць ’закрыць, зачыніць няпоўнасцю; прысунуцца блізка, шчыльна да чаго-небудзь; стаць прыхільнікам, удзельнікам у якой-небудзь справе’ (ТСБМ), ’замкнуць ненадоўга’, прымкну́ты ’тс’ (брасл., драг., Сл. ПЗБ), прымукну́ць, прымыкну́ць ’замкнуць ненадзейна’, прыму́кваць ’прымацоўваць’ (ТС); сюды ж з развіццём значэння ’далучыцца’ зваротнае прымкну́цца ’ўзяцца шчыра (за работу)’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Да рэдкага мкнуць ’пацягнуць, ударыць дубцом’, ’кінуцца бегчы’, мкну́цца ’крануцца з месца; ударыцца; паткнуцца’ (Нас.), гл. мкаць. Усходнеславянскае ўтварэнне, параўн. рус. примкну́ть ’далучыцца’, дыял. примкну́ться ’далучыцца’, ’налегчы (на вёслы)’, укр. примкну́ти ’прычыніць, зачыніць няпоўнасцю; стаць прыхільнікам, паслядоўнікам чаго-, каго-небудзь’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыну́ка́ць, ’прымушаць, патрабаваць’ (Нас., Ласт., Байк. і Некр., ТСБМ), пріну́кыць ’тс’ (Бяльк.). Сюды ж вытворныя назоўнікі прыну́ка ’прымус, прымушэнне’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Др.-Падб., Янк. БП), пріну́ка ’тс’ (Бяльк.). Прэфіксальнае ўтварэнне ад ну́ка́цьЭСБМ адсутнічае), параўн. панука́ць (гл.), якое, верагодна, праз ну́ка́ць, адносяць да ўзмацняльнай часціцы ну (гл.). Больш абгрунтаванай падаецца версія аб праславянскім характары адносін *nukati () і *nu (ЭССЯ, 26, 30–32; 43–44). Прэфіксальныя ўтварэнні ўсходне-славянскага характару, параўн. рус. зах. принука́ть ’прымушаць’, укр. прину́кувати ’прымушаць, вымушаць’. Польск. przynukać, przynuka, верагодна, усходнеславянскія запазычанні (Брукнер, 352).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)