со́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сну, звязаны са сном (у 1 знач.). Сонны стан. □ Роўны храп.. калыхаў сонную цішыню хаты. Лынькоў. // Які бывае ў сне. У зямлянцы чулася роўнае соннае дыханне.. сябровак [Каці]. Алешка. Вахву.. пачало скоўваць соннае адранцвенне.. Твар старастаў расплываўся бясформеннай плямай. Самуйлёнак. // Адведзены для сну (пра час). І вось у адну сонную ноч хлопцы Архіпа Іванюка ціха падышлі да логава і абяззброілі ўсіх да аднаго бандытаў. Кавалёў.

2. Які спіць. А «сіцыліст» усё спіць — ураднік проста не ведае, як арыштаваць соннага чалавека. Колас. Чуваць роўнае дыханне сонных людзей. Лынькоў. / у знач. наз. со́нны, ‑ага, м. [Марыся] кінулася ў спальню і пачала тармасіць сонных. Чарнышэвіч. // перан. Агорнуты сном. Сонны дом. // перан. Пасіўны, бяздзейны. Жыў на свеце Лявон, Молад, дужы быў ён, Толькі з воляй і доляй не бачыўся: Сонны сэрцам, душой, Драмаў ў хаце крывой, А выходзіў — слязамі след значыўся. Купала. // перан. Бязлюдны, заціхлы. Сонны горад. □ Хуценька памыўшыся, Вера выйшла на яшчэ сонную вуліцу. Асіпенка. // перан. Спакойны, нерухомы. Туманок, туманок! Хто цябе навалок На прадоннае, соннае возера Нарач? Лужанін. Гэтай раніцай доктар падслухаў усе птушыныя спевы, падглядзеў, як прачынаецца сонны лес. Васілевіч.

3. Які не зусім прачнуўся або хоча спаць. — Ну, чаго? — ускочыў яшчэ сонны Мікола. Новікаў. [Гайдук] млява пацягнуўся да тэлефона.. і доўга, з д’ябальскай цярплівасцю, выклікаў сонную тэлефаністку. Зарэцкі. / Пра жывёл, птушак. На верхавіне дуба спалохана затрапятала сонная птушка. Шамякін. // Уласцівы чалавеку, які хоча спаць або яшчэ не зусім прачнуўся. Сонны выгляд. □ [Дзяжурны] глядзіць соннымі вачыма, лена пытае. Данілевіч. Захрыпеў сонным голасам Скуратовіч: — Хто там? Чорны. // Вялы, слабы, пазбаўлены жвавасці. Дзе толькі дзяваліся яго запаволеныя, нібы нейкія сонныя рухі! Паслядовіч.

4. Снатворны (пра лекі). Сонныя кроплі. // Які выклікае сон, хіліць на сон. Сонны пошум лесу. □ Дзверы ў пакой, дзе былі хворыя, адкрывалі за сабою мяккі сонны змрок. Чорны. Бачыць [Ян], як хмары ўсё больш і больш закрываюць сонца і дзень робіцца шэры, дзень без руху, сонны і нудны. Пестрак.

•••

Сонная артэрыя гл. артэрыя.

Сонная хвароба гл. хвароба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Калужа́нка, калу́жынка ’кошык’ (Мат. Гом.). У іншых беларускіх крыніцах не адзначаецца, аднак сумнявацца ў дэфініцыі як быішам няма прычыны, няглсдзячы на непераканаўчыя ілюстрацыі. Параўн.: «Ой якія добрыя яблыкі стаяць у калужанцы. У цябе новая калу́жынка такая харошчая» (Мат. Гом., 199). Нягледзячы на супадзенне фармальна і па акцэнтуацыі з калужына. ’лужына’ суаднесці гэтыя лексемы, як здаецца, нельга. З магчымых паралелей звяртаюць на сябе ўвагу адзначанае Далем рус. усх.-сіб. калуга ’кошык, кашолка’ і больш блізкае фармальна тамб. калужка ’драўлянае самаробнае выдзеўбніце блюда’. Не выключана, што сюды неабходна аднесці і арханг., халмаг. калуга ’драўляная скрыня, рыбнік з прарэзамі, зроблены ў выглядзе лодкі, які выкарыстоўваецца для перавозкі жывой рыбы па вадзе’; на гэту рэалію назва магла перайсці з больш даўняга плеценага вырабу. У такім выпадку’, нягледзячы на іншую суфіксацыю, гэты прыклад неабходна кваліфікаваць як больш дакладны адпаведнік у параўнанні з калужка ’драўлянае блюда’. Апошнюю лексему, відаць, неабходна супастаўляць з вядомай назвай драўлянай міскі (у рус. гаворках калга, калгашка, калган, калгушка, колган і да т. п.). Беларускія і паўн.-рус. прыклады дазваляюць узнавіць аснову кал‑, хаця, відавочна, поўнасцю выключыць іншай магчымасці нельга. Значэнне асновы пакуль што неабходна разумець як ’плецены выраб’, пры гэтым, відавочна, назва характарызавала або яго форму, або нейкую спецыфічную прымету. Дакладных адпаведнікаў у іншых слав. мовах намі не выяўлена, аднак калі дапускаць архаічнасць утварэння, усх.-слав. прыклады можна параўнаць з каш. (славін.) kalizńa ’пустое, нежылое памяшканне’ і, магчыма, больш падыходзячае па семантыцы рус. с.-ур. калспа ’гняздо собаля ў кучы ламачча’, разглядаючы іх як роднасныя на узроўні асноў. Пры гэтым рускі прыклад не вельмі ясны фармальна, а зах.-слав. — семантычна, што не дазваляе лічыць гэтыя супастаўленні надзейнымі. Калі разглядаць прыведзеныя лексемы як усходнеславянскія, можна паспрабаваць разгледзець іх як дэрываты ад каlъ падобныя фармальна да рус. наўг. калюх ’пасудзіна для адыходаў (з якой звычайна кормяць свойскіх жывёл)’ (як вытворнае ад fta/ъ гэта слова разглядае Трубачоў, Эт. сл., 9, 125, аднак з іншай матывацыяй). Магчыма, архетып рэаліі (калужанка, калуга) неабходна разумець як плецены выраб, аблеплены, абмазаны глінай. Пацвердзіць гэта цяжка, хаця як на нейкі аналаг можна спаслацца на ўтворанао іншым спосабам серб.-харв. каленица ’сноп саломы, змочаны растворам гліны, які ўжываецца для пакрыцця даху’, ’гліняная міска’, чэш. дыял. kalenec ’тс’. Рус. алан. колисанка ’кошык, абмазаны гноем і абліты вадой, прыстасаваны катацца з горак’, пск., цвяр., кастрам. колыжка ’невялікі вазок’, тульск., раз. ’калыска’ і паводле тлумачэння Даля «лубяное лукошко или плетюшка» (ярасл., вяц.). Паходжанне гэтых лексем зразумелае, параўн., напрыклад, рус. тульск. колиска ’плеценая калыска для дзіцяці’ або ярасл. колышка ’плецены кошык’, ’плецены кошык для cena’, ’вялікі дрэннай работы кошык для бульбы і да т. п.’, каляз., цвяр. ’каробачка з бяросты, пасудзіна для вады’. Відавочна, што назва плеценай калыскі магла пераносіцца на іншыя плеценыя вырабы. Не выключана, што ў выпадку з бел. лексемай назіраецца падобны працэс. Словаўтварэнне можна тлумачыць як вынік субстытуцыі суфікса (пры зацямненні ўнутранай формы?);⇉першапачаткова, магчыма, чыста фанетычны працэс (калыб‑ калуб‑), хаця не выключана, што была толькі мена суфікса.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рысь1 ’спосаб бегу жывёлы’ (ТСБМ), рысі́ць ’бегчы рыссю’ (ТСБМ), рыса́к ’пародзісты, рысісты конь’ (ТСБМ), ры́сом ’рыссю’ (ТС), рысяко́м ’рыссю’ (Юрч.), рус. рысь, ры́сью, рысцо́й, укр. ристь, ст.-руск. ристію. Звязана з рус. риста́ть, ристаю, рищу ’бегчы’ (Фасмер, 5, 531). Няпэўна.

Рысь2 ’драпежная жывёліна’ (ТСБМ, Сцяшк.), ры́ся (Нас., Байк. і Некр.), рус. рысь, укр. рись, ст.-рус. рысь, польск. ryś, славац., чэш. rys, славен. rȋs, rȋsa, серб.-харв. ри̏с, балг. рис. Прасл. *rysъ: *rysь ’рысь’ з’яўляецца, хутчэй за ўсё, вынікам кантамінацыі з rysъ (< ryd‑sъ) ’руды’, ’чырванаваты’, засведчанага праз в.-луж., н.-луж. rysy ’руды’, польск. rysawy ’рудаваты’, славац. rysý, rysavý ’стракаты’, чэш. rysý, rysavý, ryšý, ryšavý ’рудаваты’, ryšán ’рудагаловы’, ’ліс’ і далей роднаснае да ры́жы, руда́, ру́сы (БЕР, 6, 265). Але такое тлумачэнне адрывае славянскую назву ад іншых і.-е. назваў звера. Таму больш верагодным падаецца тлумачэнне з *lysь з другасным r пад уплывам *rysъ ’руды, плямісты’. У апошнім выпадку трэба збліжаць з літ. lúšis ’рысь’, лат. lusis ’рысь’, ст.-пруск. luysis, ст.-в.-ням. luhs ’рысь’, ст.-англ. lox, грэч. λῡγξ (Махэк₂, 527). Кантамінацыя з *rysъ магла абапірацца на матывы табу. Менш верагоднае тлумачэнне ‑r‑ уплывам *rzkati (> бел. рыкаць) або словам рваць. Нельга даказаць запазычанне *rysь з іранскага, паколькі падобнае слова да гэтага часу не занатавана ў іранскай мове (Фасмер, 5, 530–531 з літ-рай; Брукнер, 473; Чарных, 2, 131). Пачатковае r‑ можна тлумачыць і як адзінкавае пранікненне гукавой нормы іншага і.-е. дыялекта — іранскага — у славянскі. У іранскай і індыйскай адбыўся перабой агульнаеўрапейскага плаўнага l у іншы плаўны r (арыйскі ратацызм). “Іранская” форма *rusi і адлюстравана ў слав. *rysь. Гаворка тут ідзе не пра запазычанне з іранскай (у іран. мове слова не зафіксавана), а пра тое, што фанетычная заканамернасць (l > r), якая выступае як норма у адной групе моў, арыйскай, магла, у выглядзе выключэння, праявіцца адзінкавымі выпадкамі ў іншай групе, славянскай (Абаев, Этимология–1966, 261–262). Фанетычныя хістанні ў славянскіх назвах могуць тлумачацца спецыфікай самой семантэмы ’назвы жывёл’. Этымалагічна гэтыя назвы звязаны з і.-е. коранем *leuk​[h]:*luk​[h] ’свяціць’ па прыкмеце колеру светлай ззяючай скуры або вачэй звера (параўн. лат. lûša spalvas zirgs ’конь колеру рысі’) (Гамкрэлідзэ-Іванаў, 511–512). Па версіі Махэка (Махэк₂, 527) тут было і.-е. *lŭkʼ‑ з асновай на зычны, верагодна ад асновы *leu̯kʼ‑ ’глядзець’ (грэч. λεύσσω). Ён мяркуе, што тут былі 2 часткі слова, якія па сэнсе адпавядалі чэш. ostrovid (рысь бачыць і ноччу); у слэнгу старажытных паляўнічых слова было скарочана шляхам адкідання першай часткі. Пры такой моцнай дэфармацыі замест l пачало ўжывацца r, магчыма, з мэтай табу. Аб табу сведчыць і тое, што стара-рускія помнікі стараюцца не ўжываць назву рысь, а карыстаюцца лютый зверь. Па іншай версіі, славянскае r было першасным. Іншыя даводзяць, што слав. *rysь наклалася на слав. *rysъ ’стракаты’, ’каляровы’, ’чырванаваты’, ’рудаваты’, параўн. славен. risága ’вінаградная лаза’, польск. дыял. rysawy ’чырвоны’, чэш. rysý ’тс’, rysavý (Мацэнаўэр; Безлай, 3, 182).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

каці́цца 1, качу́ся, ко́цішся, ко́ціцца; незак.

1. Верцячыся, рухацца ў адным напрамку (пра што‑н. круглае, шарападобнае). Маленькая пацешная постаць цягнулася наперад, да гэтага капрызнага мяча, які можа так слаўна скакаць па траве, а потым раптам сарвацца куды-небудзь убок і каціцца, каціцца, каціцца... Лынькоў. Колы стукаліся аб карэнне, плюхалі па гразі і каціліся бокам. Колас. // Саслізгваць, з’язджаць па нахіленай плоскасці. То коціцца камень з высокай гары, То птушка крычыць спрасоння. Свірка. Нарэшце дэтанатар падагнаны пад рэйку, і Тоня першая коціцца з насыпу. Шчарбатаў. // перан. Разм. Апускацца, станавіцца горшым у якіх‑н. адносінах. — Мы коцімся, коцімся ўніз. Дакаціліся ўжо да таго, што жонка друга не верыць нам, баіцца нас. Брыль.

2. Ехаць, пасоўвацца (пра сродкі перамяшчэння на колах). Была ўжо восень з першымі прымаразкамі, і таму павозка лёгка кацілася па гладкіх сухіх каляінах. Якімовіч. Паволі коціцца па няроўнай дарозе трохтонка. Ваданосаў. // Хутка ехаць па слізкай паверхні. Гонка, гонка, з горкі, з горкі Санкі коцяцца мае. Кірэенка. // перан. Хутка ісці (пра нізкага, тоўстага чалавека). [Гамрэкелі], уздымаючы пыл, каціўся па вуліцы, круглы, як мяч. Самуйлёнак. // перан. Хутка рухацца, перамяшчацца (пра вялікую колькасць, масу людзей). У гэты час рэшткі разбітых часцей ворага сапраўды каціліся назад па шляху, што ляжаў кіламетраў за тры ад вёскі. Якімовіч. // перан. Разносіцца, раздавацца (пра гукі). Гулкі стрэл коціцца па Прыпяці і глухне ў прыбярэжных травах і чаротах. Колас. Водгулле грымотаў кацілася імкліва і бурна, бы гул рэактыўнага самалёта. М. Стральцоў.

3. Цячы, струменіцца (пра ваду і пад.). Жоўтая вада з шумам і бульканнем шпарка кацілася ў бок рэчкі, пакідаючы шматкі бруднай пены. Шамякін. Крыніца крышталёвая ў траве Булькоча, ў рэчку коціцца ля бору. Бялевіч. Хутка я ўвесь прамок, а па твары каціліся буйныя кроплі поту. Анісаў. // Расцякацца, плаўна перамяшчацца (пра туман, дым і пад.). Туман коціцца ў даліне, Змоўкла птушка на галіне. Бядуля.

4. Плаўна рухацца па небасхіле. Агніста-чырвонае сонца хутка кацілася за небасхіл. Васілёнак. І месяц коціцца румяны Па-над пуховай гладдзю стрэх. Гаўрусёў. // перан. Ісці, рухацца (пра час, жыццё і пад.). Над разбураным краем Бурна каціўся Ўстрывожаны час. Глебка. Устанаўліваўся мір, і жыццё зноў кацілася той жа дарогай. Васілевіч.

5. заг. каці́ся (каці́цеся). Разм. Ідзі (ідзіце) адсюль.

каці́цца 2, ко́ціцца; незак.

Нараджаць дзіцянят (пра авечку, казу і некаторых іншых жывёл).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзі́кі, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца на першабытнай стадыі развіцця (пра людзей). Дзікія плямёны. // Не прыручаны, які жыве на волі ў адрозненне ад свойскага (пра жывёл і птушак). Дзікая каза. Дзікія гусі. □ Дзікі япрук рые зямлю ў глухіх закутках. Чорны. Час ад часу пачуеш вурчанне дзікіх галубоў, відаць, таксама стомленых спякотай. Брыль. // Не культываваны, які расце на волі ў адрозненне ад садовага, агароднага (пра расліны). Дзікая канюшына. Дзікая груша. □ Варвара прысела на лаўку ў альтанцы, апавітай дзікім вінаградам. Васілевіч. // Не крануты рукой чалавека; недаступны; нязведаны (пра абшары, прасторы). Дзікія нетры. Дзікія джунглі. Дзікія горы. □ Кіпіць, булькоча вада, старанна варочаючы скрылікі бульбы, а неўзабаве засквірчыць, запахне па-хатняму сала з цыбуляй — адзнака таго, што гэты бераг з усёй сваёй .. дзікай прыгажосцю абжыты гаспадаром, зямлі. Брыль. Бездань сініх вышынь, Дзікай Арктыкі лёд Добра нам вядомы. Колас.

2. Незаселены, неабжыты; глухі, запушчаны. [Зося] мінула гэтае ціхае цяпер, пустое.. дзікае месца. Чорны. — Каб гэты дзікі кут не быў добрым прытулкам для звяроў, — сказаў Віктар, — тады і нам не прыйшлося б тут сядзець. Маўр.

3. Нястрымны, неўтаймаваны, шалёны. Твар .. [Стафанковіча] завастрыўся, вочы глядзелі з дзікай зайздрасцю. Чорны. Дрыжачымі пальцамі зноў замацоўваў Мікола лыжы, у душы яго кіпеў нейкі дзікі гнеў. Навуменка.

4. Які пераходзіць межы нармальнага; неверагодны. Дзікі крык. □ Залямантавала бабка, але тут жа і сціхла, быццам гэты доктар сваімі рукамі зваліў з яе старых знясіленых плеч цэлую гару дзікага болю. Васілевіч. Пра, дзікія .. гулянкі [пана Скірмунта] з нечалавечымі ўчынкамі склаліся жудасныя легенды. Чарнышэвіч. // Жорсткі, зверскі, люты. Дзікае забойства. Дзікая расправа. □ .. [Нор] не хоча вяртацца.. у тую краіну дзікіх законаў.. Бацьку яго лінчавалі, маці памерла, шукаючы работы. Шамякін.

5. Дзіўны, незвычайны, недарэчны. Дзікая думка. □ І ніхто не разважыў, што гэта вясна Напляла дзікіх планаў, каторых не здзейсніць. Глебка.

6. перан. Які дзічыцца, пазбягае людзей; недаверлівы, нелюдзімы. Дзікі хлапчук. □ Мне ўжо і бабы казалі: «Дзікі якісь твой госць. Усё адзін, адзін». Вышынскі.

7. Не звязаны з пэўнай арганізацыяй; нелегальны. — Слухай, Пятро Макаравіч, хто ў нас пазірае за будаўніцтвам прыватных дач? .. Я маю на ўвазе дачы дзікія, што растуць у другіх месцах як грыбы. Шамякін. Пляж зваўся «дзікім», і людзей на ім ніколі не бракавала. Васілёнак.

•••

Дзікае мяса гл. мяса.

Дзікім голасам гл. голас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рабо́чы 1, ‑ага, м.

1. Асоба, якая стварае матэрыяльныя каштоўнасці, працуючы на прамысловым прадпрыемстве: а) у капіталістычным грамадстве — прадстаўнік эксплуатуемага класа, пазбаўлены сродкаў вытворчасці; пралетарый; б) у сацыялістычным грамадстве — працоўны чалавек, што прафесійна займаецца вытворчай працай і належыць да рабочага класа, які з’яўляецца кіруючай сілай дзяржавы і валодае агульнанароднай уласнасцю на сродкі вытворчасці. Дзяржава рабочых і сялян.

2. Той, хто працуе па найму. Міхал — яму [ляснічаму] рабочых ставіў, І сенакосы яго правіў. Колас.

рабо́чы 2, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да рабочага ​1, рабочых, належыць ім. Рабочая ўлада. Рабочы рэвалюцыйны рух. □ Ужо камунізм па Еўропе Тады не як прывід блукаў. Ужо з барыкады рабочай Ён свету свой сцяг паказаў. Куляшоў. // Уласцівы рабочаму ​1, такі, як у рабочага ​1. Рабочае жыццё. □ Нават рука .. [Нюры] была моцная, рабочая, з тоўстымі пальцамі і абрэзанымі да жывога пазногцямі. Дамашэвіч. // Які складаецца з рабочых. Рабочы клас. Рабочае асяроддзе. Рабочы калектыў. // Населены рабочымі. Рабочы квартал. Рабочы раён. Рабочы пасёлак.

2. Які жыве з работы сваіх рук, які з’яўляецца рабочым ​1; працоўны. Рабочы чалавек. Рабочы народ. Рабочая моладзь.

3. Які выконвае карысную работу; які выкарыстоўваецца для карыснай работы (пра жывёл). Рабочы конь. Рабочая жывёла.

4. Які робіць карысную работу, карыснае дзеянне (пра механізм, яго часткі). Рабочае кола. □ Кустарэз з актыўным рабочым органам сканструяваны савецкімі інжынерамі ўпершыню ў практыцы сусветнага машынабудавання. «Маладосць». // Звязаны з карыснай работай механізма, яго часткі. Рабочы ход. Рабочы рэжым рухавіка. Рабочы момант.

5. Які мае адносіны да работы (у 1, 2 і 4 знач.). Рабочы стаж. Рабочы настрой. Рабочы шум. // Прызначаны для работы. Рабочы кабінет. Рабочае месца. Рабочая вопратка. □ [Калгасны двор] падзелены на тры асноўныя сектары: складскі, рабочы і жывёлагадоўчы. Брыль. // Неабходны для работы; які ўзнікае ў працэсе работы. Рабочы інструмент. Рабочая гіпотэза. Рабочы праект. □ Аднойчы я ўзяў у рукі .. рабочы план і пажартаваў: — Вера Адамаўна, вы напісалі яго зусім не па форме. Ермаловіч. // Устаноўлены для работы, заняты работай (пра час). Рабочы сезон. □ Вясна, лета — час рабочы: Ары, касі, жні. Купала. Скончыўся рабочы дзень — ля будынка дырэкцыі завода пачуўся свісток, і адначасова загудзеў гудок на заводзе. Пестрак.

•••

Рабочая сіла гл. сіла.

Рабочы дзень гл. дзень.

Рабочы тыдзень гл. тыдзень.

Рабочы факультэт гл. факультэт.

Рабочыя рукі гл. рука.

У рабочым парадку гл. парадак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свідрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., каго-што.

1. Рабіць свердлам адтуліны ў чым‑н. А таго, каб так лёгка свідраваць халоднае тоўстае жалеза, нават і не ўяўляў [Васіль]. Кулакоўскі. // Бурыць адтуліны ў грунце або ў горнай пародзе. З тае пары, як пачалі свідраваць зямлю, людзі не маглі абыйсціся без гліністага раствору. «Маладосць». // Струменем вады пад вялікім ціскам прамываць адтуліны ў чым‑н. Сёння людзі навучыліся тонкім струменем вады свідраваць сталь. Броўка. На што вада, але і тая Не ўсюды роўны нораў мае: Спакойна ў ямах і заторах, Але капае дол у горах І страшна пеніцца, бушуе, І грунт каменны там свідруе. Колас.

2. Тачыць, прабіваць, рабіць адтуліны ў чым‑н. (пра расліны, жывёл і пад.). Граніт і голае каменне Свідруюць тонкія карэнні. Шукаючы жывой крыніцы, Каб чыстае вады напіцца. Грахоўскі. Чуваць, як знізу парасткі тугія Свідруюць пласт абвугленай зямлі. Аўрамчык. Сваёй вострай і моцнай дзюбай чорны дзяцел прабівае кару, свідруе драўніну, растрыбушвае шышкі. В. Вольскі.

3. перан. Пранізваць паветра, ваду рэзкім узлётам, хуткім вярчэннем. Арлы-самалёты Свідруюць прастор. Купала. Ён [параход] плыве, мінае мелі, І ваду свідруе вінт. Ліхадзіеўскі.

4. перан. Дзьмуць з вялікай сілай (пра вецер). Захавай, мой сын, прашу я, Човен у адрыне, Няхай вецер не свідруе, Няхай так не гіне. Колас.

5. перан. Непакоіць, хваляваць, мучыць (пра думкі, адчуванні). Усё гэта рабілася механічна, бо галаву свідравалі іншыя думкі. Чарнышэвіч. Да самага вечара стары не пайшоў нікуды. Мучыла, свідравала душу вострае адчуванне, што трэба неадкладна неяк старацца памагаць Ганне. Кулакоўскі. // Раздражняць слых рэзкімі гукамі. Толькі свідраваў вушы востры, пранізлівы звон, ды рэзкімі, балючымі штуршкамі біла ў скроні кроў. Шашкоў. // Раздражняць нюх рэзкім пахам. Адчуванне вярнулася немаведама ад чаго: ці ад пякельнага болю, ці ад таго, што колы вагона ляскалі, падскокваючы на стыках рэек, ці ад моцнага паху ёдаформу, які, здавалася, свідраваў нос. Сабаленка. / у безас. ужыв. А Сучка пад сталом ляжала. У беднай аж кіпела кроў: Ну так жа смачна ў носе свідравала. Корбан.

6. перан. Пільна ўглядацца ў каго‑, што‑н. Тодар адчуў, што вочы ўсяе залы ўпіраюцца яму ў спіну, свідруюць яго. Крапіва. Расказвае дзед Іван, рукой час ад часу вусы прыгладжвае. А дзеці так і свідруюць яго вачыма. Юрэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спі́на, ‑ы, ж.

1. Задняя (у жывёл — верхняя) частка тулава ад шыі да крыжа. Рыбак, які нёс сеці, выпрастаў нарэшце спіну і паварушыў плячыма. В. Вольскі. Гуз паморшчыўся — ён абдзёр спіну і плячо, калі лез пад нары. Шашкоў. Заклаўшы рукі за спіну, .. [Булай] задаволена пазіраў на квяцісты графік. Шыцік. Я схапіў сачок, ускочыў у ваду .. і ўбачыў побач з сабою доўгую цёмную спіну шчупака. Якімовіч. / у перан. ужыв. Рыбак зморана шпарыў па шырокай спіне пагорка, пакутна цямячы, што галоўнае цяпер — адбегчыся як мага далей. Быкаў. Хвалі паўзуць няўмольна, Калматыя спіны іх гнуцца. Свірка. Сонца аглядае развітальным позіркам [в]острыя спіны стрэх. Крапіва.

2. Тое, што і спінка (у 3 знач.). Старая выцягнула са свайго падгалоўя брудную, працёртую на спіне кашулю. Брыль.

•••

Вецер у спіну каму гл. вецер.

Вывезці на спіне гл. вывезці.

Выехаць на чужой спіне гл. выехаць.

Гнуць спіну гл. гнуць.

Ездзіць на чыёй спіне гл. ездзіць.

За спінай — а) каго, чыёй, у каго таемна, без ведама каго‑н. [Джвучка:] — Вы мне тут сёння ўвесь вечар чаўплі, што за маім старшынствам жыццё было. Каму? Вам! Вы нажываліся за маёй спінай. Пташнікаў; б) каго, чыёй, у каго на чые‑н. сродкі; пад апекай каго‑н. [Якуб] жа робіць вялікую справу — адвучвае такіх лайдакоў, як ты, жыць за чужой спінай. Васілёнак; в) у мінулым. У Куляшова ўзлятаюць да зорак людзі, якія маюць за спінай вялікі, вопыт барацьбы за зямлю. Бярозкін; г) за сабой, ззаду. За спінаю ў мяне апынуўся горад, а наперадзе поле. Кавалёў. [Да салдат] дайшла вестка аб тым, што непадалёку, можна сказаць, за іх спінаю, размясціліся танкавая брыгада і полк «кацюш». Сіўцоў.

За спінай каго; з-за спіны каго — ззаду каго‑н., з-за каго‑н. Стоячы за спінай свайго незнаёмага таварыша, Сцёпка то ўсміхаўся, то паціскаў плячыма, калі чуў няправільныя адказы. Колас. Уся Падвалока паказалася Івану з-за спіны старога і паплыла, паплыла, паплыла ўправа. Брыль.

Мароз па спіне ідзе (прайшоў, прабег) гл. мароз.

Мурашкі забегалі (бегаюць, пабеглі, пайшлі) па спіне гл. мурашка.

Не разгінаючы спіны гл. разгінаць.

Нож у спіну гл. нож.

Павярнуцца спінай да каго-чаго гл. павярнуцца.

Стаяць за спінай чыёй, у каго гл. стаяць.

Удар у спіну гл. удар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кажу́шак1 ’паўкажушок, кароткі кажух’ (маз., Сержп.; Сцяц.), кажушка ’тс’ (слонім., Шн.). Укр. дыял. кожушок ’тс’, укр. палес. кожушка ’паўкажушок’, чарніг. ’жаночая футра’. Суфіксальныя вытворныя ад кажух1; аб храналогіі і суаднесенасці меркаваць цяжка. Параўн. кажушок (гл.). Месца націску, магчыма, сведчыць аб польскім уплыве (параўн. польск. kożuszek).

Кажу́шак2 ’шчупак; шчупак наогул і шчупак сярэдняга памеру’ (Мат. Гом.; тураў., Крыв.; Флора), кожушак ’тс’ (параўн. пін., Нар. лекс.; жытк., Нар. словатв.; палес., Крыв.; ТС), кожушек, кажушок ’шчупак’ (тураў., КЭС), кажушка ’тс’ (лельч., Мат. Гом.; Палес., Крыв.; ТС), кожушʼе ’вялікі шчупак’, кожушленя ’маленькі шчупачок’, кожушленятко, кожушлятко памянш. да кожушленя, кожушно ’вялікі шчупак’ (апошнія прыклады з Тураўскага слоўніка). Паводле Тарнацкага, к, № 177, заходняя зона ўжывання лексемы праходзіць па Гарыні, параўн., аднак, наш прыклад з паўдн. Піншчыны, на ўсходзе яна сустракаецца ў Жыткавіцкім, Столінскім і Лунінецкім раёнах (гл. Крывіцкі, Лекс. Пал., 168); сустракаецца ў Лельчыцкім раёне (Мат. Гом.). Вузкалакальная інавацыя (фактычна ц.-палес.), этымалогія няпэўная. Цыхун (Бел.-укр. ізал., 85) мяркуе, што тут перанос ад кажух, кажушок ’від адзення’ з матывацыяй ’гладкая (як вырабленая) скура (у маладых шчупакоў)’. Пазней ён (вусна) прапанаваў дзве іншыя версіі і паведаміў багаты фактычны матэрыял. Як сведчаць палявыя запісы падчас тураўскіх экспедыцый, відавочна, што кажушак з’яўляецца адной з тых назваў, якія дыферэнцыруюць агульную назву шчупак. Шырокая ўжывальнасць слова кажушок ’шчупак сярэдніх памераў’ прывяла да зацямнення матывацыі, аб тым, што гэты працэс працягваецца, сведчаць значэнні ’шчупак наогул’ і памяншальныя вытворныя са значэннем ’маленькі шчупак’. Маленькія шчупакі лёгка дыферэнцыруюцца па колеру, і гэта яркая адзнака прыводзіць да ўзнікнення тэрміна зялёныя і сінія, параўн. У Тураўскім слоўніку: «Поймаў кожушленят зелёных», «кожушлятка сініе ў траве», можна меркаваць, што сярэдні па ўзросту шчупак можа таксама называцца на такому ж прынцыпу. Параўн. кажух4 ’расліннае покрыва на балоце’. Па другой, больш пераканаўчай версіі кажушак < *кажушак ’?’ < кожа ’скура’. Матывацыя назвы тлумачыцца Цыхуном: «кажушкамі называюць сярэдніх па памеру шчупакоў таму, што скура ў іх робіцца больш тоўстай і менавіта такіх шчупакоў можна фаршыраваць». Такая этымалогія пацвярджаецца інфармацыяй аб выкарыстанні шчупакоў у гэтым рэгіёне («надзеваная рыба»); яе можна падмацаваць і такім фактам, што адпаведным укр. кожушок называюць, паводле Грынчэнкі, скуру, вонкавую абалонку некаторых жывёл. Укр. і рус. назвы ад kožuxъ абазначаюць скуру, якая скідаецца, параўн. у фальк. тэкстах (’скура змяі’): рус. шадр., перм. «Как уснул Иван‑царевич, она вышла на улицу, сбросила кожух, сделалась красной девицей»; валаг. і інш. «Вот она кожух скинула и взяла мальчика на руки»; укр. (’скура жабы’): «Взяла кожушок з себе скинула, вийшла… Знову кожушок наділа і стала такою жабою, як і була». Параўн. яшчэ ад іншай асновы рус. перм. кожура: «А у нее была одежа из лягушечьей кожуры». Аб магчымасці яшчэ адной версіі сведчаць рус. валаг., пск. кожура ’рыбная луска’, с.-ур. кожуха ’тс’, параўн. яшчэ назвы раслін з калючымі пладамі, якія чапляюцца за адзенне: укр. кожушка, кожушки (липка, липучка, репашки), рус. кожушка. Па гэтай версіі шчупакоў сярэдніх памераў маглі называць кажушкамі па неабходнасці (пачынаючы з некаторага іх узросту) знімаць луску, чысціць. Ва ўсякім разе як па гэтай, так і па папярэдняй версіі кажушак < кожух ’скура, абалонка’ (адкуль і значэнне ’чахол’) з кажушак ’назва вопраткі’ непасрэдна не суадносіцца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кабы́ла1 ’самка каня’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Касп., Мат. Гом., Нік. Напаў., Нік., Оч., Сержп. Грам., Юрч., Яруш.). Укр. кобила, рус. кобыла, польск. kobyła, н.-луж. kobyła, в.-луж. kobyła, kobła, палаб. ťübälə, чэш. kobyla, славац. kobyla, серб.-харв. kòbila, славен. kobìla, мак. кобила, балг. кобила, кобыла. Прасл. kobyla ’тс’, магчыма, з і.-е. сувязямі, параўн. грэч. καβάλλης ’рабочы конь’, лац. caballus ’конь і інш.’, ням. дыял. kōb ’конь, кляча’, або, паводле Слаўскага, 2, 306, магчыма, і запазычанне «вандроўнага» тэрміна, які мог прыйсці з усходу (з Малой Азіі, напрыклад). Агляд літ-ры і асноўных версій Фасмер, 2, 269; Слаўскі, 2, 306–307; БЕР, 501–503. Гл. яшчэ Трубачоў, Происх., 52–53; Мартынаў, Язык., 71.

Кабы́ла2 ’скляпенне ў печы’ (Бяльк., Мат. Гом., Мат. Маг., Юрч.). У сумежных з беларускімі рускіх гаворках адзначаны блізкія па значэнню словы: смал. кобыла ’паўкруглы падмурак печы’, бран. ’паўкруглае скляпенне печы і падпечча’. Бел. усходні рэгіяналізм, паходзіць ад кабыла ’драўляная форма ў выглядзе паўкружжа для ўтварэння скляпення ў печы’ (Рам.; карм., мсцісл., слаўг., Яшк. Пас.). Кабыла ў апошнім значэнні — перанос паводле падабенства ад кабыла1, шырока вядомая славянская з’ява. Параўн. іншыя назвы прыстасаванняў і дэталей, на якія перанесены назвы жывёл: казёл, кабан, кошка, сабака, бык і да т. п. Больш падрабязна гл. пад кабылка. Параўн., аднак, кебка (гл.).

Кабыла3 ’выструганая палка, да канцоў якой прывязваюцца цяцівы заезніка, і выезд (служыць таксама для выпрамлення палатна сеткі пры выцягванні яе па бераг)’ (З нар. сл.; рыбалоўны тэрмін). Да кабыла1 (гл.), утворана як і іншыя назвы дэталей і прыстасаванняў (параўн. каза́ — назва рыбалоўнай спасці), матывацыя не зусім ясная (магчыма, універсальны перанос слова кабыла як тэрміна тэхнічных прыстасаванняў, які першапачаткова захоўваў празрыстыя сувязі з кабыла ў выніку пераносу паводле падабенства, функцыі і да т. п.

Кабы́ла4 ’некалькі бярвенняў, рухома звязаных у выглядзе ланцужка, якімі абводзіцца месца на рацэ, дзе звязваецца бярвенне ў плыты’. Да кабыла1, аднак матывацыя няясная. Магчыма, тут адбыўся перанос паводле падабенства, а магчыма, гэта вынік універсальнага працэсу, калі амаль што любая дэталь або само тэхнічнае прыстасаванне можа называцца ўжо існуючымі тэхнічнымі тэрмінамі, напр., бярвенні, дошкі і іншыя доўгія прадметы (палкі і да т. п.) могуць называцца кабыламі, усе дэталі з кручкамі, зубцамі — ваўчкамі, сабачкамі і г. д. Не выключана, аднак, што кабыла4 ўтворана ад кабыла ’бервяно’, параўн. рус. пск. кобылка — ’абрубак бервяна; тоўстае доўгае бервяно’. Аднак апошняе таксама з’яўляецца вынікам звужэння значэння слова кабыла ’розныя падпоры ў выглядзе бервяна на падстаўках, ножках і г. д.’, параўн. рус. свердл. кобылина ’бэлька (у столі)’.

Кабы́ла5 ’грыб пеўнік стракаты’ (кам., Жыв. сл.), ’грыб свінуха тонкая’ (Жыв. сл.: Сцяц.), ’радоўка жоўта-карычневая’ (Нар. словатв.), ’від грыбоў’ (Юрч.), ’грыб’ (Жыв. сл.). За межамі беларускай моўнай тэрыторыі як быццам не сустракаецца (рус. смал. кобыла ’род ядомых, але нясмачных грыбоў’ нельга аддзяляць ад бел. матэрыялу). Бел. інавацыя, да кабыла1. Той факт, што адным словам называюць розныя віды грыбоў, сведчыць аб дыфузнасці назвы або аб назве канкрэтнага грыба, якая пашыралася на іншыя (магчыма, зноў-такі ў выніку атрымання дыфузнага значэння ’нясмачны грыб’). Матывацыі маглі быць рознымі. Так, назва магла быць перанесена паводле адзнакі «паўсцістасці» (параўн. кабыленка ’ваўнянка’). Вядомым у славянскім свеце з’яўляецца перанос паводле адзнакі ’вялікі, цяжкі’, параўн. польск. kobyła ’гатунак вялікіх сліў’. Звяртае ўвагу таксама сэнс літоўскай калькі з бел. кабыла ’грыб’: kumẽlė ’ядомы грыб’ (LKŽ, 6, 867).

Кабы́ла6 ’высокая жанчына’ (Мат. Маг.). Да кабыла1; перанос вядомы ў розных мовах, і, відавочна, без сувязі слоў між сабой, або на базе лаянкавага ўжывання кабыла1, або ў выніку замацавання значэння вялікі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)