суб’е́кт, ‑а, М ‑кце, м.

1. У філасофіі — чалавек, які пазнае знешні свет (аб’ект) і ўздзейнічае на яго сваёй практычнай дзейнасцю.

2. Асоба, калектыў, арганізацыя, краіна і пад., якія актыўна выступаюць у якім‑н. працэсе, акце, зносінах і пад. Аўтар мае рацыю, падкрэсліваючы, што з моманту абвяшчэння Беларуская рэспубліка, як суверэнная дзяржава, з’яўлялася паўнапраўным суб’ектам міжнароднага права. «Полымя».

3. Спец. Асоба або арганізацыя, якія валодаюць пэўнымі, дакладна акрэсленымі правамі і абавязкамі. Суб’ект права. Суб’ект злачынства.

4. Разм. Чалавек як носьбіт якіх‑н. уласцівасцей; асоба. [Марынчук:] — Брыдка, самая нікчэмная рэч — у вырашэнні канфлікту даваць волю рукам. Іншага суб’екта, праўда, можна сяк-так зразумець. Ракітны. // Зневаж. Пра чалавека з адмоўнымі рысамі характару, пра падазронага чалавека. [Ганя:] — [Намыснік] паклёпнік і наогул небяспечны суб’ект... Грамовіч.

5. У логіцы — прадмет суджэння, лагічны дзённік. Суб’ект суджэння.

6. У граматыцы — дзённік.

[Лац. subjectum.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сцішэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць цішэйшым, перастаць чуцца (пра гукі, шумы). Галасы птушак у полі сцішэлі, зоры міргалі ўжо не так выразна. Лупсякоў. / у безас. ужыв. Але ўсюды неяк вельмі сцішэла, як наўмысля. Кулакоўскі. // Стаць нячутным. Галасы немцаў сцішэлі. Фашысцкая лінія абароны засталася ззаду. Новікаў.

2. Супакоіцца, перастаць хвалявацца і пад. На вуліцы .. [Нахлябіч] ужо сцішэў, вельмі ж пасля спаткання з сынам. Чорны. // Спыніць свае дзеянні і пад.; уціхамірыцца. — За апошні час мы трохі сцішэлі, — Алесь таксама сеў. — Усё ж не фельдфебель над галавою. Лягчэй стала жыць. Караткевіч.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Паменшыцца ў сіле, аслабець (пра з’явы прыроды). Дождж, які пачаўся раніцай, трохі сцішэў; у твар палілася халодная, колкая імжа. Капыловіч. // Прыйсці ў стан нерухомасці, спакою. Лясы сцішэлі. Мора сцішэла. // Крыху прыціхнуць (пра боль).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фо́рмула, ‑ы, ж.

1. Дакладнае вызначэнне якога‑н. агульнага палажэння, закона і пад., якое мае дастасаванне да ўсіх прыватных выпадкаў. Задача вучоных — устанавіць формулы законаў прыроды. □ Вульгарна-сацыялагічныя формулы знешне выходзілі з прызнання заканамернасці развіцця пралетарскай літаратуры як вядучага, пануючага напрамку. Перкін. // Кароткае і дакладнае выказванне, азначэнне чаго‑н. Паэт дае формулу .. барацьбы: «Стрэльбы, хлопчыкі, бяры». Лужанін. // Устаноўлены нязменны тэкст чаго‑н.; прадвызначаная кіруючая ідэя. Асноўным прынцыпам першай фазы камунізма з’яўляецца формула: «Ад кожнага па яго здольнасцях, кожнаму — па яго працы». Лушчыцкі.

2. Умоўнае абазначэнне адносін якіх‑н. велічынь, элементаў і пад., якое складаецца з літар, лічбаў, знакаў. Алгебраічная формула. Хімічная формула. □ [Марынка] схілілася над сшыткамі, паволі ўваходзячы ў знаёмы свет формул і вывадаў. Хадкевіч. Адноснасць руху, Адноснасць часу, Энергію праменьчыка і масы Мы ў формулы загналі, Як у сеці. Грачанікаў.

[Ад лац. formula — форма, правіла, палажэнне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шы́рма, ‑ы, ж.

1. Складная перасоўная перагародка, якая зроблена з абцягнутых тканінай ці паперай рам-створак. Бязлітасная да сябе, рашучая, Лёдзя надзела ў прыемнай, за шырмай, шэры мультановы халат. Карпаў. // Заслона, якая адгароджвае частку пакоя і выконвае ролю такой перагародкі. Ад шафы да сцяны была павешана рабенькая крамная шырма. Кулакоўскі. Толік спіць у калысцы, за шырмай. Брыль.

2. перан. Той, хто (або тое, што) служыць для прыкрыцця сапраўдных мэт, спраў, намераў і пад. Дзе бог, там і распуста, — Пад крыльцам божым бруд ямчэй хаваць. Святошы ўмеюць шырму святасці саткаць Даволі густа. Корбан. — Я сказаў «фікцыя», — паўтарыў Шынкевіч.. Больш правільна будзе — шырма, за якою схаваны факты. Паслядовіч. — Выходзіць, я ілгу! О не! Я вам не лялька для забавы, Я шырмай вашай бруднай справы Не стану!.. Заадно й мяне Звальняйце! Бачыла.

[Ням. Schirm.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

э 1, нескл., н.

1. Трыццатая літара беларускага алфавіта. Малое э. Вялікае Э.

2. Галосны нелабіялізаваны гук пярэдняга рада сярэдняга пад’ёму.

э 2, выкл. (працяжнае вымаўленне выклічніка звычайна перадаецца на пісьме некалькімі э: э-э, э-э-э).

1. Выражае з дапамогай інтанацыі розныя пачуцці, перажыванні: здзіўленне, прыкрасць, адчай і пад. «Э, глупства!» — сказаў я сам сабе. Колас. [Загурскі:] — Э-э-э, браце ты мой, той не салдат, хто не марыць быць генералам. Асіпенка.

2. Выражае нязгоду, пярэчанне субяседніку. — Э, дарагі, — жалкуючы, адказаў адзін з мужчын, — не па дарозе нам. Краўчанка. [Бацька:] — Э, не! Пакуль не збяруцца ўсе, не пакажу. Кандрусевіч.

3. Выражае затрымку ў гутарцы ад нечаканасці, здзіўлення і пад. Выбіраецца на сходзе брыгадзір ці жывёлавод — чалавек міжволі ў мінулае кідае: — Э, а з якога ён роду? Як яго бацька ці дзед некалі дбаў? Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эстафе́та, ‑ы, ДМ ‑феце, ж.

1. Даўней — тэрміновая пошта, данясенне, адпраўленыя конным пасланцом. Аднойчы бацька паслаў мяне з нейкай запіскай да суседа-лесніка, так, па эстафеце, ад аднаго да другога перадавалася пошта лясніцтва. Шамякін. // Пісьмо, данясенне і пад., якія дастаўляліся такой поштай. — О, сапраўды важная справа! — усклікнуў Валерый, прачытаўшы першыя радкі эстафеты. Якімовіч.

2. Спаборніцтва каманд на скорасць (па бегу, плаванню і пад.), калі на пэўнай частцы дыстанцыі бегуна або плыўца змяняе яго таварыш, беручы ад свайго папярэдніка ўмоўлены прадмет. // Спецыяльны прадмет, які перадаецца пры такіх спаборніцтвах. / у перан. ужыв. Пяцьдзесят гадоў нясе савецкая моладзь, наш Ленінскі камсамол эстафету працоўнай і ратнай доблесці і славы, перадаючы яе ад пакалення да пакалення. Машэраў. У небе лятаюць сокаламі Сягоння мае равеснікі. Эстафету бацькоў высока У светлую даль панеслі. Маркевіч.

•••

Прыняць эстафету гл. прыняць.

[Фр. estafette ад іт. staffa — стрэмя.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ву́сеніца1 ’вусень’ (Сцяшк. МГ), укр. у́сениця, гу́сениця, рус. гу́сеница, польск. gąsienica, ст.-польск. таксама wąsienica, кашуб. vansevnica, чэш. дыял. housenice, славац. húsenica, в.-луж. husańca, н.-луж. guséńca, палаб. vǫ̓sənáįćə, славен. gosênica, vosênica, серб.-харв. гу́сеница, балг. гъ́сеница, въ́сеница. Прасл. *vǫsenica (*ǫsěnica), утворанае ад *vǫsъ (*ǫsъ) ’вус’ (Бернекер, 1, 341; Младэнаў, 118; Фасмер, 2, 477; Брукнер, 604; Махэк₂, 180; Слаўскі, 1, 266; Скок, 1, 635); формы з г, якія маюць праславянскі характар, тлумачаць па-рознаму: Слаўскі (1, 266) і Якабсон (Word, 8) як вынік пратэзавання; Ваян (RÉS, 18, 77) пад уплывам gǫsь ’гусь’; Фасмер (2, 477) пад уплывам ст.-слав. гоуштерица; Скок (1, 635) кантамінацыяй з guščerica ’яшчарка’ (з-за афарбоўкі).

Ву́сеніца2 ’нарыў паміж капыта ў каровы’; ’гнаявік у капытах (у каня, каровы)’ (КСТ). Відаць, да ву́сеніца ’вусень’; параўн. семантычную паралель славац. liška ’лішай (хвароба)’ і ’вусень, матылёк’, што, як паказаў Важны (O jménech, 106 і наст.), звязана з уяўленнямі пра насякомых як разносчыкаў хвароб.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́шчыць1 ’песціць’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), ’прылашчваць, рабіць ласкавым, пяшчотным’ (Нас., Касп.), ’гладзіць жывёлу, забаўляцца з ёю’ (КЭС, лаг.), лашчыцца ’выяўляць ласку да каго-небудзь’, ’паддобрывацца, падлізвацца’ (ТСБМ, Янк. 1, Гарэц., Нас., Бяльк., Касп., Шат., Яруш., КЭС, лаг.) ’мілавацца, галубіцца’ (Сл. паўн.-зах.), ла́шчыньня ’пялегаванне’ (Юрч. Вытв.). Укр. лащити, лащитися і ластитися, рус. беламор. лащить ’улашчваць’, смал. ’лашчыць’, валаг., беламор., пск., цвяр., смал. лащиться ’лашчыцца’, польск. łaszczyć się ’гнацца за чым-небудзь’, ’квапіцца’, ’лашчыцца’. Паўн.-слав. laščiti/laščiti sę ’лашчыцца’, ’ласавацца’. Утворана ад laska > ласка (гл.).

Ла́шчыць2, ла́шчыты ’прапітваць аснову шліхтой (Уладз.), ла́шчэння, лашчэ́нне ’насычэнне пражы растворам клейкай вадкасці, каб ніткі былі мацнейшыя і больш гладкія пры тканні’ (Уладз., Сцяшк., Інстр. 2). Запазычана з рус. лощить ’выгладжваць’. Зах.-палес. ла́шчыти мае націск на ла‑, відаць, пад уплывам ла́шчыць1 (рабіць паверхню гладкай, «ласкавай»).

Лашчы́ць ’вашчыць’ (паст., ганц., Сл. паўн.-зах.). З вашчыць < воск (гл.) пад уплывам лексемы ла́шчыць2, рус. лощить.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казлабаро́д ’расліна Tragopogon’, звычайна T. pratensis (ТСБМ). Калька рус. козлобородник ’тс’, якое з лац. Tragopogon < грэч. τράγος πώγων ’казліная барада’. Аналагічныя калькі і ў іншых мовах: польск. kozia broda, чэш. kozibrada, серб.-харв. ко̏зја бра́да, ёсць і ў іншых слав. мовах; ням. Wiesen‑Bocksbart, літ. ožkabar̃zdis і інш. Дзіўна, што добра вядомая расліна са шматлікімі ў розных мовах народнымі назвамі тым не менш называецца калькаваным тэрмінам. Махэк (Jména rostl., 235) звяртае на звычайнасць kozi ў назвах раслін і, што гэта магчыма, сведчыць аб незалежным ад навуковага паходжанні слав. тэрмінаў. Меркаваць аб гэтым цяжка; не выключана нават, што некаторыя з слав. лексем (казялок і пад.) для Tragopogon утвораны пад уплывам калькі. Магчыма таксама, што падобныя назвы існавалі спрадвеку, а навуковая толькі «сканцэнтравала» фонд дэрыватаў ад kaza і kozьlь. Не выключана, што працэс намінацыі праходзіў больш складана і сваю ролю адыгралі форма лісця, пладоў, колер кветак, наяўнасць млечнага соку, уплыў назваў іншых раслін у межах народнай класіфікацыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Праго́н1 ’дзеянне паводле дзеяслова прагнаць’ (ТСБМ), ’абгароджаная з двух бакоў дарога, па якой ганяюць жывёлу’ (ТСБМ), ’праход (для жывёлы)’, ’равок для сцёку вады’, ’пратаптаная сцежка’ (Сл. ПЗБ, Мат. Гом., ТС), ’сцежка ў лесе, вытаптаная жывёлай’ (Шатал.), ’дарога за гумном’ (Сцяшк. Сл.), ’бэлька, ачэп’ (Мат. Гом.), прого́ны ’падоўжанае тоўстае бервяно, на якое насцілаюць мост’ (лун., Шатал.). Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад прагнаць < гнаць. Аналагічныя дэрываты ва ўсіх славян у розных значэннях: рус. прого́н, укр. прогі́н, польск. przegon. чэш. průhon, славац. priehon, серб.-харв. прогон, славен. progòn. У значэнні ’дарога для прагона жывёлы’, адзначаным ва ўсходнеславянскіх, заходнеславянскіх і сербска-харвацкай мовах, магчыма, прасл. *progonъ. Гл. яшчэ Куркіна, Этымалогія–1968, 97.

Праго́н2 ’ачэп’, ’кладзь, якая служыла апорай страхі на сохах’ (брэсц., кобр., Нар. сл.). Рус. прого́н ’кладзь, ляжачая частка рыштавання вакол будоўлі’, ’палка ў невада, якой ён прапускаецца пад лёд’, укр. прогін ’палка ў невада, якой ён прапускаецца пад лёд’. Этымалагічна тое ж, што і папярэдняе.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)