Сход1 ’сумеснае пасяджэнне, збор’ (ТСБМ, Гарэц., Некр. і Байк., Ласт., Бяльк., Растарг.). Дэвербатыў ад сыходзіцца ’збірацца’, да ход, хадзіць, гл.

Сход2 ’усход (сонца і пад.)’ (Некр. і Байк., Сцяц. Сл., Сл. ПЗБ, ТС), ’усход (кірунак свету)’: тут сход, а там полудзянь (Сл. рэг. лекс., Сцяц. Сл.), ’трэцяя квадра месяца, апошняя фаза’ (Нас., Ласт., Касп., Мядзв., Гарэц., Сл. ПЗБ, ТС, Сцяшк. Сл., ЛА, 2, Растарг., Мат. Гом.). Дэвербатыў ад схо́дзіць ’узыходзіць (пра сонца)’ (Сцяшк., Скарбы, Сл. ПЗБ), ’знікаць’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), што да хадзіць (гл.), параўн. узыхо́дзіць, сысці́.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сціна́ць1 ’зразаць’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Сцяшк., Гарэц., Др.-Падб., Сл. ПЗБ). Гл. сцяць1, цінаць.

Сціна́ць2 ’абхапіўшы, сціскаць; перахопліваць (дыханне); ахопліваць (вокам); замарожваць, сцягваць’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.), ’сціскаць (горла)’ (Ян.), ’кідаць у дрыжыкі’ (ТС), сціна́цца ’сціскацца, закрывацца (пра рот)’ (Барад.), ’замярзаць, зацягвацца лядком’ (Бяльк., Варл., ЛА, 2), ’тс’ і ’зябнуць, уздрыгваць’ (Сл. ПЗБ), сюды ж сціну́ць, сцену́ць ’ахапіць (холадам, вокам і пад.)’ (ТС), сцінка́цца ’сціскацца, згінацца’ (Сл. ПЗБ), сценя́ціцца, сціня́ціцца ’схапіцца лядком’ (там жа). Гл. сцяць2. Параўн. Астроўскі, ABSl, 29, 153.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тарча́ць ’выпінацца, выдавацца, вытыркацца; знаходзіцца перад вачыма’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Бяльк.), тарчэ́ць ’тс’ (барыс., Шн. 2; Касп., Сл. ПЗБ; дзісн., Нар. сл.), торча́ць ’тс’ (ТС). Укр. дыял. торча́ти ’тырчаць, выдавацца, выступаць’, рус. торча́ть ’тс’, стараж.-рус. торчати ’тс’, польск. дыял. terczeć ’тс’, каш. tarčec ’тс’, чэш. trčeti ’тс’, славац. trčať ’тс’, старое харв. trčati ’тс’, славен. trčati ’не расці, сядзець (пра дрэва)’. З прасл. *trčati/*trčeti, роднаснага да *strčati/*strčeti (Фасмер, 4, 88; Бязлай, 4, 215; Борысь, 577; SEK, 5, 134; ЕСУМ, 5, 573, 609), гл. тырчаць, стырчаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Та́хнуць1 ’марнець’ (мёрск., Нар. ск.), ’трухлець, бутлець’ (полац., Нар. лекс.), сюды ж ста́хнуць, пата́хнуць. Укр. дыял. та́хнути ’павольна гаснуць; сохнуць; худнець’. Няясна; магчыма, да прасл. *tъch‑, асабліва ў значэнні ’трухлець, бутлець, гніць’, гл. тохнуць, тхло, тухлы, параўн., аднак, ча́хнуць ’сохнуць, худнець; занепадаць’ (гл.), аналагічнае да та́ўрыць/ча́ўрыць ’чахнуць’. Меркаванне пра кантамінацыю пры ўтварэнні ўкраінскага слова (ЕСУМ, 5, 529) сумніўнае.

Та́хнуць2 ’ударыць’, ’уцячы, драпануць’, ’патраціць, зрасходаваць’ (Мат. Гом.). Параўн. в.-луж. tachnyć ’даць аплявуху, пляснуць ладоняй’; відаць, аднакратны дзеяслоў ад та́хаць (гл.) гукапераймальнага паходжання, параўн. Шустар-Шэўц, 1495.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Таўкці́ ’таўчы’ (Нас., Некр. і Байк., Мат. Гом., Сержп. Прымхі; рагач., Сл. ПЗБ), ’ціснуць алей’ (ельск., ЛА, 4), ’таўчы; біць’ (Ян.), тоўкці́ ’таўчы; біць, штурхаць’ (ТС), товкты́ ’штурхаць’ (пін., ЛА, 2), ’таўчы’ (Сл. Брэс.), товкчи́ ’абтоўкваць (проса, ячмень)’ (кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.), таўкці́ся ’таўчыся’ (Ян.), ’біцца, знаходзіцца ў стане цечкі (пра кабылу)’ (воран., Жыв. св.), тоўкці́са ’тоўпіцца’ (ТС), товкты́са ’штурхацца’ (пін., ЛА, 2). Параўн. укр. товкти́, рус. толкти́. Прасл. *tolkti/*telkti ’біць, таўчы’, роднаснае да літ. tèlkti ’стаць мірным, рахманым’, telkti ’склікаць талаку’ (Фасмер, 4, 73; ЕСУМ, 5, 588). Гл. таксама таўчы, талака.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

То́рыць ’хадзьбой, яздой пракладваць дарогу’ (ТСБМ, Ласт.), ’ісці, накіроўвацца’ (Сцяшк. Сл.). Укр. тори́ти, торува́ти ’утоптваць, пракладваць дарогу’, рус. тори́ть ’пракладваць баразну, сцежку, дарогу частай хадзьбой’, польск. torować ’тс’, utorować ’пракласці дарогу’, чэш. валаш. tořiť, ляш. torovať se, славац. torovať ’пакідаць след пасля сябе’, харв. чак. tòriti ’загнойваць’, ’выпаражняцца (пра скаціну)’. Прасл. *toriti ’пракладваць дарогу, сцежку’, з якім Буга (Rinkt., 2, 630) звязвае ўсх.-літ. tarýti ’вымаўляць, гаварыць’, літаральна — ’церці языком’; гл. таксама Фасмер, 4, 83. Разглядаецца як ітэратыў ад *terti ’церці’, мажліва, і прасл. *tariti, гл. тары́ць (Варбат, Этимология–1970, 58).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трузе́лле ‘нейкая лекавая расліна’: Забалела Марысі галоўка, / Захацела Марыся трузелля (БНТ, Песні Беласточчыны); сюды ж, магчыма, іншы варыянт: trujzièle kapaci (лях., Федар. 5). Параўн. польск. дыял. trójzièle ‘зелье, якое расце за морам і лечыць адным дотыкам’, trutziele, trujziele ‘атрутнае зелье’ (Варш. сл.). Няясна; апошняе схіляе да думкі пра сувязь (народнаэтымалагічную?) з труіць (гл.), параўн. укр. дыял. труйзі́лля ‘атрута, атрутная расліна’ (Адаменка, Діал. студії 7, 195), што не выключае іншых збліжэнняў (Цыхун, Зб. Абрэмскай-Яблонскай, 53), параўн. запісанае на тэрыторыі Літвы рус. трук‑зе́лье ‘расліна (якая?), што выкарыстоўваецца ў народнай медыцыне’ (СРНГ). Гл. тройзелле, трызелле.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тру́нак ‘напітак’, ‘алкагольны напітак’ (ТСБМ, Нас., Багушэвіч, Байк. і Некр., Гарэц., Федар. 4, Сцяшк., Яруш., Бес., Адм., Скарбы; астрав., Сл. ПЗБ), ‘віно’ (Сцяшк.), ‘прыправы’ (Жд. 3), пераносна ‘атрута (пра гарэлку)’ (астрав., Сл. ПЗБ), ‘пітво, піццё’ (полац., Нар. сл.), ст.-бел. трунокъ ‘напітак, трунак’ (1538 г., ГСБМ): хмелний трунек (Кітаб Луцкевіча). Запазычана са ст.-польск. trunek ‘тс’, ‘глыток, лык’ (Булыка, Лекс. запазыч., 117), якое з с.-в.-ням. trunc, trunkes ‘глыток’, tranc, trankes ‘напой, трунак’ > ням. Trunk ‘глыток’, ‘напітак’, Trank ‘напітак, трунак’ (Борысь, 644–645; Брукнер, 578; Шустар-Шэўц, 1538; Вінцэнц).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тры́ца ‘драўлянае колца ў калаўроце, праз якое шнурам перадаецца рух шпульцы’ (Скарбы; гродз., Нар. сл.); тры́цык, крэ́цэк, тры́цік ‘тс’ (малар., Сл. Брэс., Уладз.). Яшчэ раней трыца ‘блок у шыбеніцы’, гл. Гардзееў, Магдэбургская Гародня. Мінск, 2008, 51. З польск. tryc, trycek, tryca, trycka ‘колца ў калаўроце’, ‘блок, на якім спускаецца ланцужок у гадзінніку’, а таксама ‘равок (выраз) у блоку, на які навіваецца шнур’, якія з ням. Tritze ‘хадавое кола’ (Фалінская, Sł. tkac., 2/1, 90; Вінцэнц). Меркаванні пра запазычанне стры́ца (гл.), тры́ца ‘калёсіка на калаўроце’ праз ідыш гл. Галай, БМ, 8, 54.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́ташні ‘тутэйшы’ (ТСБМ, Нас., Касп., Сцяшк., Растарг.; в.-дзв., рагач., Сл. ПЗБ), тутэшній, ту́тышній, туто́шній, ту́тъшні(й) ‘тс’ (Шымк. Собр.; мёрск., Нар. сл.; в.-дзв., рагач., б.-каш., добр., гарад., ЛА, 3, Бяльк., Юрч. СНЛ), тутэ́шні, тутэ́шны ‘тс’ (Нас.; клім., полац., брэсц., ЛА, 3, ТС), ст.-бел. тутошний, тутошны, тутошный ‘мясцовы, характэрны для гэтай мясцовасці’, туточный ‘які знаходзіцца тут’, тутешній, тутечный ‘тс’ (ГСБМ). Відаць, утворана ад тутачы (гл.), магчыма, пад уплывам ст.-польск. tuteczny ‘тс’, пра што сведчаць формы з націскам на ту́, якія маглі ўтварыцца незалежна ад польскай лексемы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)