бязду́шны, ‑ая, ‑ае.

1. Пазбаўлены чуласці, сардэчнасці; абыякавы. [Віктар] маўчаў, не мог асмеліцца сказаць.. [Нюры] «бывай», бо бачыў, што яна чакае не гэтага бяздушнага «бывай», а нечага большага — ну, хоць бы нейкай надзеі на новую сустрэчу. Дамашэвіч. І ці многа такіх ёсць бяздушных у нас, што не ўспомняць з падзякай сардэчнаю час, калі ў школе настаўніка першы ўрок узмацніў, падтрымаў наш няўпэўнены, крок? Дубоўка.

2. Халодны, сухі. Бяздушная ігра артыста.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

засушы́ць, ‑сушу, ‑сушыш, ‑сушыць; зак., каго-што.

1. Зрабіць сухім; высушыць. Засушыць кляновы ліст. Засушыць рыбіну.

2. перан. Разм. Пазбавіць жывасці, яркасці, выразнасці. Засушыць спектакль. □ Кірыла сумна ўсміхнуўся: ён не вельмі багаты на метафары і параўнанні. Заўсёды пакутліва шукаць іх, каб былі трапныя, арыгінальныя. Ён вінаваціць газету — яна засушыла. Шамякін.

3. перан. Разм. Прыпыніць, спыніць, развіццё чаго‑н. Засушыць ён можа справу, — І цябе й тваю заяву — Пад сукно. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звар’яце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Захварэць на псіхічнае расстройства, страціць розум. Значна пазней Павел даведаўся, што Сеня звар’яцеў у вронкаўскай адзіночцы. Брыль. Калі суседка даведалася, што гэта быў яе сын, яна звар’яцела, доўга блукала па горадзе, а потым бясследна знікла. Гурскі.

2. Разм. Страціць развагу, раз’юшыцца, ашалець. Гаспадар спужаўся, пачуўшы пра немцаў, а гаспадыня зусім звар’яцела: крычыць немым голасам на ўсю вуліцу і гатова горла мне перагрызці за карову. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перакава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; ‑куём, ‑куяце; зак.

1. каго-што. Падкаваць нанава, іначай, яшчэ раз. Перакаваць каню пярэднія ногі.

2. каго. Падкаваць усіх, многіх. Перакаваць усіх коней.

3. што. Перарабіць каваннем у што‑н. іншае. І клопат мой — дапамагчы Зямлі ў вялікай справе: Перакаваць хутчэй мячы На кельмы і аралы. Кляўко.

4. перан.; каго. Змяніць карэнным чынам, перавыхаваць. [З’явілася] думка, што чалавек сам можа выхавацца ў працы. Яна, маўляў, перакуе чалавека. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пла́цце, ‑я, н.

1. Тое, што і сукенка. Як толькі падняліся ў паветра, танклявая сцюардэса ў чорным плацці з белым каўнерыкам абвясціла, што ляцець мы будзем высока. Скрыган. Вышэй сярэдняга росту, статная, яна была ў просценькім, але з добрым густам пашытым плацці. Васілевіч.

2. зб. Разм. Бялізна. [Бацька] пайшоў у званары за паўтраця рубля на месяц, званіў і вартаваў царкву.. Маці плацце людзям мыла і гароднае насенне прадавала. Гарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыспа́ць, ‑сплю, ‑спіш, ‑спіць; зак., каго-што.

1. Выклікаць сон, прымусіць заснуць, лёгшы побач. — Паспрабуй іх [дзяцей] укласці, яны двойчы мяне самога прыспалі, шпакі гэтыя. Шамякін. Ледзь пацямнее, бяжыць у каноплі [Васіль] і чакае, ніяк не дачакаецца, калі яна нарэшце прыспіць мужа і прыйдзе да яго. Сачанка.

2. Разм. Выпадкова задушыць у сне (дзіця).

3. перан. Прытупіць, паслабіць увагу, пільнасць і пад. Мае думкі, жаль няўтульны Ты прыспі, прыспі! Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пры́ціск, ‑у, м.

1. Выдзяленне слова (слоў) сілай голасу. — Ты што ж гэта, злодзей ты, зневажаеш старэйшых? — ціха, з прыціскам і крыху нараспеў прыгаворвае Цімохаў бацька і круціць сына за вуха. Колас. — Брыдка, дзядзька Адась, — казала Волька Лысаковічаўна. — А яшчэ — калгаснік... — з прыціскам выгаварыла яна гэта апошняе слова. Калюга.

2. Патаўшчэнне штрыха, лініі пры пісьме пяром. Пісаць з прыціскам.

прыці́ск, ‑у, м.

Дзеянне паводле дзеясл. прыціскаць — прыціснуць (у 1, 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прычо́ска, ‑і, ДМ ‑чосцы; Р мн. ‑сак; ж.

Парадак размяшчэння валасоў на галаве, які атрымліваецца прычэсваннем, стрыжкай, закручваннем; валасы, прычасаныя, расчасаныя пэўным чынам. Марына пачала прыгожа адзявацца і выбрала сабе сталую прычоску, якая так была ёй да твару. Чорны. Камісар зняў шынель і вушанку і .. прысеў да стала, паправіўшы цяжкай рукой няхітрую цёмна-русую прычоску. Брыль. Каля воза стаяла Ганна. Яна папраўляла прычоску і перавязвала белую хустку. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разагну́цца, ‑гнуся, ‑гнешся, ‑гнецца; ‑гнёмся, ‑гняцеся; зак.

Выпрастацца, разагнуць спіну. Бабка Параска спыніла работу, разагнулася. З яе сухога, круглага твару пазбягалі маршчынкі. Яна засмяялася. Колас. Калі Гарбачэня разагнуўся, то крокаў за дзвесце ад сябе ўбачыў падгалістую ласіцу з ласянём, якая, відаць, прыйшла на вадапой. Гурскі. // Стаць простым, роўным (пра што‑н. сагнутае). Кручок разагнуўся. □ І на дзіва змяніўся чалавек: патлусцеў, раздабрэў на белых харчах так, што і спіна разагнулася. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

растрэ́сены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад растрэсці.

2. у знач. прым. Які мае неахайны выгляд, падраны (ад частага карыстання). За шклом з паўсотні кніжак, пазачытваных насмерць, зашмальцаваных, растрэсеных. Чорны. Выбраўшы .. жменю лістоў ад старых растрэсеных падручнікаў і сшыткаў, [бабуля] сшывае з іх Толіку кнігу. Брыль. // Прыведзены ў нягоднасць, няспраўнасць, разбіты. Растрэсеныя калёсы. □ — Антон, — ужо зусім іншым голасам папрасіла бабка, — глядзі ты, сыночак, каля тае машыны. Яна старая, растрэсеная. Каліна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)