шэф, ‑а, м.
1. Разм. Кіраўнік якой‑н. установы, прадпрыемства і пад. у адносінах да сваіх падначаленых. І я адчуў, што падначаленыя Івану Ігнатавічу рахункаводы — рослая дзяўчына і хлопец з хітрымі вочкамі — не вельмі слухаюць свайго маўклівага шэфа. Хомчанка. Расказваў аб гэтым Максіму старшы сяржант астрожнай службы і шэф усіх надзорцаў у Лукішках Бародка. Машара. // Уст. У Расіі 18–19 стст. — высокая асоба, якая з’яўлялася ганаровым камандзірам вайсковай часці або афіцыйным апекуном вучэбнай установы.
2. (звычайна ў прыдатку). Старшы ў групе асоб аднароднай прафесіі, якія працуюць на адным прадпрыемстве, у адным цэху і пад. Шэф-повар. Шэф-пілот.
3. Асоба, установа ці прадпрыемства і пад., якія шэфствуюць над кім‑, чым‑н. Праз месяц з дапамогай шэфаў Васіль набыў для калгаса трохтонку. Шамякін. Шэфы з горада прывезлі падарункі — для ячэйкі шмат прывезлі кніг. Дудар.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
яны́, іх, ім, іх, імі, аб іх; займ. асаб. 3 ас. мн.
1. Ужываецца (з мэтай пазбегнуць паўтарэння) замест назоўніка множнага ліку, які ў папярэднія кантэксце абазначае прадмет гаворкі. І сыны адказ трымалі Перад бацькам родным, А стараўся з іх быць кожны Свайго бацькі годным. Купала. [Рыбнікаў:] Смерць героя не прыгнятае жывых, а кліча іх да новых подзвігаў. Крапіва. // (у спалучэнні са словамі: «самі», «самыя»). Іменна тыя, а не хто іншы; тыя самыя.
2. толькі Р. Ужываецца ў знач. прыналежная займенніка; іхні. Мартын таксама глянуў У дзедавы цёмныя вочы, адчуваючы іх уладу над сабою, і потым мімаволі апусціў свае вочы. Колас. Сцепуржынскі і Скуратовіч увайшлі ў дом праз чысты ход. Іх галасы ціха гулі недзе ў большым пакоі. Чорны.
3. У спалучэнні з часціцай «вось» набывае ўказальны характар. Вось яны — палі густыя.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кася́к 1, ‑а́, м.
1. Разм. Тое, што і вушак. Віктар адышоў да дзвярэй, прытуліўся плячамі да касяка, дастаючы стрыжанай галавой да самай столі. Шамякін.
2. Пра косы, косавугольны або размешчаны коса прадмет. Апрануты .. [Жан] быў у новенькі, адпрасаваны, моднага крою карычневы касцюм з касяком белай хусцінкі ў кішэньцы на грудзях. Новікаў. Унізе плыве вялізны жоўты касяк калгаснай грэчкі. Краўчанка.
3. у знач. прысл. касяко́м. Коса, наўскасяк. Трое цёмных фігур пераходзілі касяком праспект. Гартны.
кася́к 2, ‑а́, м.
1. Гурт кабыл з адным жарабком.
2. Чарада птушак, рыб. Гусцела імгла, а белыя касякі гусей яшчэ не вылазілі з рэчкі. Пташнікаў. Вада чыстая, празрыстая, і з байдаркі добра відаць, як цэлыя касякі маленькіх рыбак жвава і весела мітусяцца над пясчаным дном. В. Вольскі. // у знач. прысл. касяко́м, касяка́мі. У вялікай колькасці, вялікімі групамі. Шчасце ходзіць у адзіночку, гора плыве касяком. Асіпенка. Плылі сузор’і касякамі ў небе — І мы закінулі на шчасце невад. Блатун.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пацяру́ха, ‑і, ДМ ‑русе, ж.
1. Пацёртае сена, салома, тытунь і пад. Каля варот сакаталі куры, пераграбаючы канюшынную пацяруху. Чорны. Лявон сярдзіта варушыцца ў сене: сухая пацяруха сыплецца за шыю. Сачанка. На дашчанай падлозе каля сцен .. паслана салома. Праўда, гэтая падсцілка была некалі саломаю. Цяпер гэта звычайная пацяруха. Якімовіч. Вецер выдзьмухваў з паперкі махорачную пацяруху. Быкаў. // Дробныя сыпкія рэшткі чаго‑н. Жаласна звінелі шыбы ў высокіх вокнах, і з люстры, з-пад столі, пасыпаліся струменьчыкі не то пылу, не то нейкай пацярухі. Лынькоў. // Пра сухі дробны снег. Шархаціць сухая снежная пацяруха на разгалістых елках, сцелецца злой пазёмкай па зямлі. Лынькоў. Вецер збірае ля кустоў гурбы снегу, б’е ў твар снежнай пацярухай. Дадзіёмаў.
2. перан. Разм. Што‑н. дробязнае, не вартае ўвагі. Кожны вечар я крукам праседжваю над арыгіналамі, выграбаючы з іх, як той дворнік, розную пацяруху. Сабаленка. [Кузьма:] — А тваё бандарства, браток, — драбяза, пацяруха адна. Ермаловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абмы́ць, ‑мыю, ‑мыеш, ‑мые; зак., каго-што.
1. Змыць пыл, бруд і пад. Вясенні дождж сады абмыў, І цвет набрала вецце. Пушча. Прыўзняла [Кацярына жанчыну], абмыла рану, Што чарнела над ілбом: Галаву яе старанна Абвязала фартухом. Броўка.
2. Памыць бялізну ўсім, многім. Абмыць сям’ю.
3. перан. Абдаць, ахінуць што‑н.; асвяжыць. Няхай прышчэпіць да ствала Мяне з сваёй галінай, Абмые ветрам і зарой Наднёманскай краіны. Танк. [Сумны:] Салдат хоча ў чыстай крыніцы паэзіі абмыць душу. Вітка.
4. перан. Разм. Адзначыць якую‑н. падзею выпіўкай. — Гаспадары, запрашайце ў хату. Трэба ж абмыць вашы новыя вуглы, — сказала Тамара Аляксандраўна. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
інсты́нкт, ‑у, М ‑кце, м.
1. Прыроджаная здольнасць жывёльных арганізмаў рабіць бессвядомыя мэтанакіраваныя дзеянні ў адказ на змены ўнутранага або знешняга асяроддзя. Інстынкт самазахавання. □ Працуючы над складанымі пабудовамі і ўмела рэгулюючы ўзровень вады, бабёр кіруецца не розумам, а прыроджаным інстынктам. В. Вольскі.
2. Неўсвядомленая цяга, імкненне да чаго‑н. Мацярынскі інстынкт.
3. перан. Чуццё; прадчуванне чаго‑н. З нейкага інстынкту дванаццацігадовая жанчына адразу прачнулася. Чорны. Інстынкт падказваў мне, што юнак збольшага ведае мяне. Кулакоўскі. І, разгубленая, збянтэжаная, кіруючыся хутчэй не розумам, а жаночым інстынктам, Вера Андрэеўна вырашыла мяняць тактыку. Арабей.
[Ад лац. instinctus — пабуджэнне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кат, ката, М каце; мн. каты, ‑аў; м.
Асоба, якая прыводзіць у выкананне смяротны прыгавор, ўчыняе кару, катуе. — Не, няхай вешаюць. Да віселіцы буду ісці з паднятай галавой, і пакуль кат пакіне пятлю на шыю, шмат чаго паспею сказаць людзям, якіх, відаць, прыгоняць глядзець на маю смерць. Шахавец. З’явіліся два здаравенныя каты і сталі каля дзвярэй, спадылба паглядаючы на старога, чакаючы каманды, каб накінуцца на ахвяру. Гурскі. // перан. Жорсткі мучыцель, прыгнятальнік. Над краем шыбеніц, астрогаў Трыумфаваў каронны кат... Купала. Жандарскі палкоўнік, вядомы кат па ўсёй акрузе, быў ужо схоплен і ўкінуты ў пограб. Чарот.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
клапаці́цца, ‑пачуся, ‑поцішся, ‑поціцца; незак.
1. Старанна і дзейна займацца чым‑н., працаваць над чым‑н. Маці была ў задуме, а бацька рухава клапаціўся па справах ад’езду. Пестрак. Ля печы клапоціцца маці, І сала пячэ, і бліны. Астрэйка.
2. Турбавацца, непакоіцца з выпадку чаго‑н. [Назараў] падвёў іх да гардэроба і сам стаў клапаціцца, як лепш і прасцей кожнага апрануць. Гамолка.
3. Праяўляць клопат аб кім‑, чым‑н. Клапаціцца аб грамадскіх справах. □ [Гушка] цешыўся, што мае свайго каня, ён даглядаў яго лепш, як сябе, клапаціўся пра яго больш, чым пра сваю хату і сям’ю. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
круцёлка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Разм.
1. Назва розных прадметаў, прыстасаванняў, якія круцяцца. У другой грамадзе народ акружыў чалавека з круцёлкаю і пазіраў, як прабаваў хто шчасця. Колас. Сям-там скрыпеў журавель або тарахцела круцёлка над студняй. Брыль. [Шыковіч] дасканала ведаў усе старажытныя канструкцыі сялянскіх замкоў — круцёлак, засовак, зашчэпак. Шамякін.
2. Легкадумны, ветраны чалавек (пераважна пра жанчыну). Збіраўся нават раскрычацца [Арцём Ісакавіч] на гэтую бессаромную круцёлку, якая — на табе — знайшла час распытваць аб розных глупствах, ды ў каго распытваць! Лынькоў. [У Веры Андрэеўны] ўжо складаўся вобраз Тамары — хлуслівай круцёлкі, якая хоча ашукаць яе сына. Арабей.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нерухо́мы, ‑ая, ‑ае.
1. Які не рухаецца, застаецца ўвесь час на адным месцы. Нерухомы блок. □ Над нізінай нерухомы Звіс, як дым, туман. Колас.
2. перан. Які не змяняе свайго выразу. Нерухомым позіркам .. [Міколка] углядаўся ў блакітнае неба. Лынькоў.
3. Які складаецца з зямельнага ўчастка, будынка (пра маёмасць). Нерухомая маёмасць. / у знач. наз. нерухо́мае, ‑ага, н. [Маханько:] — Раз.. [калгаснік] гаспадар нашых тысяч гектараў, гаспадар усяго нашага, як кажуць, рухомага і нерухомага, то ён ночы не даспіць, а падумае, што куды зручней павярнуць, як што лепш зрабіць. Кулакоўскі.
4. У граматыцы — які не мяняе свайго месца (пра націск).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)