стыхі́я, ‑і, ж.

1. У старагрэчаскіх філосафаў-матэрыялістаў — адзін з асноўных элементаў прыроды (вада, зямля, паветра, агонь), якія ляжаць у аснове ўсіх рэчаў. // перан.; чаго або якая. Кніжн. Зыходны элемент, пачатак. Стыхія народнасці часта прарываецца ў стылістыцы твора, каб неспадзявана зазіхацець «сялянскім» слоўцам у паэме, насычанай усімі фарбамі рамантычнага стылю. Бярозкін.

2. Магутныя сілы прыроды, якія не падпарадкуюцца чалавеку. Марская стыхія. □ Стыхія лютавала. Хвалі ўжо захл[і]ствалі сумныя адзінокія постаці робатаў. Шыцік. У барацьбе са стыхіяй прыроды, з рознымі іншымі цяжкасцямі рос і загартоўваўся калектыў шахцёраў. Кулакоўскі. Кіну Справы свае І прыеду ў тую ж хвіліну Дапамагчы ваяваць З непакорнай стыхіяй. Танк. // Моцныя падсвядомыя пачуцці. Пры маляванні вобразаў сялян праяўляецца ў Коласа стыхія гумару. Клімковіч.

3. чаго або якая. З’явы сацыяльнага жыцця, якія не могуць рэгулявацца людзьмі, грамадствам. Стыхія інфляцыі. Стыхія капіталістычнага рынку. Стыхія канкурэнцыі. // Сляпая дзейнасць грамадскага асяроддзя, якое не падпарадкоўваецца арганізацыі і кіраўніцтву. Беразняк пакруціў галавою: — Дробнабуржуазная стыхія засмоктвае, як дрыгва. Сабаленка.

4. перан.; каго-чаго або якая. Прывычнае акружэнне, асяроддзе, кола любімых заняткаў, асноўных інтарэсаў і пад. Арганізоўваць, камандаваць, кіраваць — гэта яго [Сцёпкі] прызванне, яго стыхія. Жычка. Ад доўгага чытання і напружаных думак у Шыковіча забалела галава. Не, даволі дакументаў! Гэта не яго стыхія. Трэба шукаць жывых «чапаеўцаў», яны скажуць больш. Шамякін. — Мая стыхія — гандаль, — катэгарычна адрэзаў Свідраль і зноў, але ўжо ямчэй, усеўся на канапе. Дуброўскі.

[Ад грэч. stoicheion — элемент.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тэхні́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да тэхнікі (у 1 знач.), звязаны з ёй. Тэхнічныя праблемы. Тэхнічны прагрэс. Тэхнічная рэканструкцыя народнай гаспадаркі. // Які звязаны з вывучэннем, пашырэннем і навуковай распрацоўкай тэхнікі; які абумоўлівае гэтыя працэсы. Тэхнічныя навукі. Тэхнічныя веды. Тэхнічная літаратура. Тэхнічная інфармацыя. // Які заняты, працуе ў галіне тэхнікі. Тэхнічная інтэлігенцыя.

2. Які мае адносіны да тэхнікі (у 2 знач.), звязаны з абслугоўваннем, захаваннем, выкарыстаннем і эксплуатацыяй яе. Тэхнічныя навыкі. Тэхнічныя прыёмы.

3. Які мае адносіны да работы машын і механізмаў, звязаны з працэсам вытворчасці чаго‑н. Тэхнічныя магчымасці станка. Тэхнічныя патрабаванне Тэхнічная дакументацыя. // Звязаны з абслугоўваннем тэхнікі якой‑н. вытворчасці. Тэхнічная служба. Тэхнічны аддзел. Тэхнічны склад.

4. Які падлягае выкарыстанню або апрацоўцы ў прамысловасці. Тэхнічныя культуры. Тэхнічная вада. Тэхнічнае масла.

5. Які выконвае розныя дапаможныя работы ў якой‑н. справе. Тэхнічны сакратар. Тэхнічныя работнікі сцэны.

6. Які абазначае спецыяльнае паняцце, што адносіцца да якой‑н. галіны тэхнікі і навукі; прафесіянальны (пра слова, выраз). Тэхнічны тэрмін.

7. Які вылучаецца высокай тэхнікай, майстэрствам (пра спорт, мастацтва). Тэхнічны баксёр.

•••

Тэхнічны кантроль — нагляд за якасцю прамысловай прадукцыі, за адпаведнасцю яе ўстаноўленым стандартам.

Тэхнічны мінімум — сукупнасць ведаў у якой‑н. галіне, неабходныя для рабочага адпаведнай спецыяльнасці.

Тэхнічная норма — норма выпрацоўкі, якая ўстанаўліваецца з улікам забеспячэння тэхнікай і ўмоў працы.

Тэхнічны рэдактар — рэдактар, які ведае паліграфічным афармленнем кнігі, газеты і пад.

Тэхнічны савет — кансультатыўны орган па пытаннях тэхнікі (пры міністэрстве, навукова-даследчым інстытуце, канструктарскім бюро).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штуршо́к, ‑шка, м.

1. Кароткі, рэзкі дотык ці ўдар рухам ад сябе. Старшыня рэдкалегіі насценгазеты атрымаў ад суседа лёгкі штуршок у бок. Бядуля. Васіль моцным штуршком адапхнуў ад сябе Антося і прыўзняўся на левы локаць. Кулакоўскі. // звычайна мн. (штуршкі́, ‑оў). Біццё сэрца, пульсацыя крыві. Кроў штуршкамі біла ў скроні, туманіла свядомасць. Карпаў. — Заўтра ўстану і прыбягу сюды, — вырашыў Алежка і адразу адчуў, як гарачымі штуршкамі забілася сэрца, як забегалі па спіне халодныя дрыжыкі: весела і страшна стала яму. Вышынскі. // Рэзкае хістанне ў выніку ўдару, рыўка і пад. Падземныя штуршкі. □ Глухія штуршкі раз-пораз устрасаюць карабель. «Звязда». Ад рэзкага штуршка паляцяць з лавак пасажыры і чамаданы, не ўтрымаецца і жонка з дзіцем... Не, нельга спыняць састава! Васілёнак.

2. Рэзкі рух, якім адпіхваюцца ад чаго‑н. Штуршок ад трампліна. Штуршок ад берага. // Рэзкі рух уперад або ўгору; рывок. Андрэйка робіць моцны штуршок наперад, размахвае рукамі і то правым, то левым плячом сячэ цемру, і яна, як вада, расступаецца. Кавалёў.

3. Спец. Асобнае практыкаванне ў штурханні спартыўнага снарада. Па класічнаму трохбор’ю.. [Хальфін] набраў 305 кілаграмаў і ўстанавіў 2 рэкорды Беларусі — у рыўку дзвюма рукамі — 94,5 кілаграма і ў штуршку — 122,5 кілаграма. «Маладосць».

4. перан. Знешняе або ўнутранае пабуджэнне, што паскарае ці ўзмацняе якое‑н. дзеянне, служыць стымулам для развіцця чаго‑н. — А голад у дзевяностых гадах — .. быў штуршком да рэвалюцыйнага руху? — акрылілася Ліба. Гартны. Уздым патрыятычнай свядомасці беларускага народа.. даў моцны штуршок развіццю.. літаратуры. Барысенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хлы́нуць, ‑не; зак.

1. Паліцца адразу, раптоўна, пацячы патокам. З шумам хлынула вада ў канал і пабегла далей і далей, несучы з сабою пясок, кусочкі дрэва, траву. Колас. [Максім Багдановіч] хацеў нешта сказаць, але хлынула кроў з горла... С. Александровіч. / Пра святло, паветра і пад. Расчыніліся дзверы, у аўтобус хлынула свежае, дрыготкае паветра з нейкім мяккім халодным пахам. Адамчык. Не прачнуўся.. [баец] ні ад скрыпу дзвярэй, ні ад святла, што хлынула сюды з аснежанага, сонечнага двара. Брыль. / у перан. ужыв. Паэт захапляецца сілай чалавечага розуму, мудрасцю і прагрэсам навукі, але яго турбуе, трывожыць, каб гэта навука ў руках нелюдзяў не хлынула новым горам на жыццё людзей. Бялевіч. // перан. Раптам з’явіцца, узнікнуць (пра думкі, пачуцці і пад.). І абаім ім [мужу і жонцы] сэрца сціскаецца, Дум усялякіх хлынула цьма. Купала. Морам хлынула ў душу Хадкевіча радасць і шчасце. Васілевіч.

2. Раптам прыліць да твару (пра кроў). Саша адчула, як да шчок, да вушэй хлынула кроў, запульсавала ў шыі, у скронях, а ў грудзях стала пуста і холадна. Шамякін. «От халера», — папракнуў я сябе за сваю назойлівасць і тут жа сам пачырванеў — адчуў, як хлынула кроў да шчок — ад таго, што прымусіў людзей хвалявацца. Чыгрынаў.

3. Імкліва, раптоўна, усёй масай пайсці, накіравацца куды‑н. (пра людзей). Танец якраз кончыўся, і, разагрэтыя полькай, хлопцы і дзяўчаты хлынулі ў сенцы. Асіпенка. Празвінеў званок. У вагоны хлынулі людзі. Гурскі. // перан. З’явіцца ў вялікай колькасці. У майстэрню хлынулі заказы.

•••

Кроў хлынула ў галаву гл. кроў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стая́ць, стаю́, стаі́ш, стаі́ць; стаі́м, стаіце́, стая́ць; стой; незак.

1. Знаходзіцца ў вертыкальным становішчы, не рухаючыся з месца.

С. пад страхой.

С. бокам.

Кветкі с. у вазе.

2. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Быць пастаўленым, знаходзіцца дзе-н.

Хата стаіць наводшыбе.

Школа стаяла на ўзгорку.

Талеркі стаяць на стале.

3. Быць, знаходзіцца, займаючы якое-н. становішча, выконваючы якую-н. работу, абавязкі.

С. на чале завода.

С. на варце інтарэсаў народа.

4. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Не працаваць, не дзейнічаць (пра прадпрыемства, механізмы і пад.).

Фабрыка стаяла цэлы квартал.

Гадзіннік стаяў.

5. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Быць, знаходзіцца, мець месца.

Вечарамі стаіць цішыня.

Стаяла глыбокая ноч.

Зіма стаяла марозная.

У дзённіку стаіць пяцёрка.

На пасылцы стаяла ўчарашняя дата.

6. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Мець патрэбу ў разглядзе, вырашэнні, пераадоленні.

Перад дэпутатамі стаяць пачэсныя задачы.

Стаіць пытанне аб укараненні новага абсталявання.

7. Мець часовае месцазнаходжанне, размяшчацца дзе-н.

У вёсцы стаяў гарнізон.

8. Мужна і стойка трымацца ў баі, вытрымліваць націск.

Горад мужна стаяў да апошняга.

9. перан., за каго-што. Дзейнічаць у чыіх-н. інтарэсах, змагацца на чыім-н. баку, абараняць каго-, што-н.

С. за мірнае вырашэнне праблем.

С. гарой за сяброў.

10. Пастаянна быць у памяці, перад вачамі (пра думкі, уяўленні і пад.).

Вобраз героя стаіць у галаве.

11. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Не псавацца, захоўвацца.

Варэнне будзе с. доўга.

12. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Трымацца на якім-н. узроўні; займаць якое-н. становішча.

Вада стаіць на адным узроўні.

Стрэлкі гадзінніка стаялі на сямі.

13. стой(це), ужыв. таксама:

1) у знач. пачакай(це), не спяшайся (спяшайцеся);

2) як выражэнне нязгоды, здзіўлення, прыпамінання чаго-н.

Стойце, трэба лепш абмеркаваць!

Стаяць на сваім — упарта, настойліва адстойваць свой погляд, сваю думку.

Стаяць на цвёрдай глебе — мець трывалую аснову для сваіх планаў, спраў і пад.

Як стой (як стаіць) (разм.) —

1) вельмі хутка; адразу;

2) без нічога, без рэчаў.

|| зак. пастая́ць, -таю́, -таі́ш, -таі́ць; -таі́м, -таіце́, -тая́ць; -то́й (да 9 знач.).

|| наз. стая́нне, -я, н. (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

мёртвый

1. прил. мёртвы;

мёртвая голова́ зоол. мёртвая галава́;

мёртвый я́корь мор. мёртвы я́кар;

мёртвый вес ав. мёртвая вага́;

мёртвый язы́к лингв. мёртвая мо́ва;

мёртвый капита́л прям., перен. мёртвы капіта́л;

мёртвый инвента́рь с.-х. мёртвы інвента́р;

мёртвый у́зел спец. мёртвы ву́зел;

мёртвая пе́тля ав. мёртвая пятля́;

мёртвая вода́ в разн. знач. мёртвая вада́;

мёртвая приро́да мёртвая прыро́да;

мёртвая то́чка физ., техн., перен. мёртвы пункт;

мёртвая хва́тка мёртвая хва́тка;

мёртвая зыбь мёртвы зыб;

мёртвое простра́нство воен., ав. мёртвая прасто́ра;

мёртвый час мёртвая гадзі́на;

2. сущ. мёртвы, -вага м.;

мёртвая тишина́ мёртвая цішыня́;

мёртвая душа́ мёртвая душа́;

ни жив, ни мёртв ні жывы́, ні мёртвы;

пить мёртвую піць без про́сыпу;

спать мёртвым сном спаць як забі́ты;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

тяжёлый в разн. знач. ця́жкі́;

тяжёлый чемода́н ця́жкі́ чамада́н;

тяжёлый день ця́жкі дзень;

тяжёлые мы́сли ця́жкія ду́мкі;

тяжёлое наказа́ние ця́жкая ка́ра;

тяжёлая ра́на ця́жка́я ра́на;

тяжёлый шаг ця́жкі́ крок;

тяжёлый слог ця́жкі́ стыль;

тяжёлый во́здух ця́жкае (цяжко́е) паве́тра;

тяжёлый сон ця́жкі́ сон;

тяжёлая пи́ща ця́жка́я е́жа;

тяжёлая голова́ ця́жка́я галава́;

тяжёлый хара́ктер ця́жкі́ хара́ктар;

тяжёлая доро́га ця́жка́я даро́га;

тяжёлая зада́ча ця́жка́я зада́ча;

тяжёлые обя́занности ця́жкі́я абавя́зкі;

тяжёлые ро́ды ця́жкі́я ро́ды;

тяжёлая смерть ця́жка́я смерць;

тяжёлое впечатле́ние ця́жкае (цяжко́е) ура́жанне;

тяжёлый труд ця́жка́я пра́ца;

тяжёлая инду́стри́я ця́жка́я інду́стрыя;

тяжёлая артилле́рия воен., перен. ця́жка́я артыле́рыя;

тяжёлая вода́ хим. ця́жка́я вада́;

тяжёлые мета́ллы спец. ця́жкі́я мета́лы;

тяжёлая рука́ ця́жка́я рука́;

тяжёлый на подъём ця́жкі́ на пад’ём, непаваро́тлівы.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Вярце́п ’вялікі роў, які зарос кустамі’ (слаўг., Яшк.); ’прытон’ (РБС), укр. вертеп ’пячора’; батлейка, зах. верте́па ’прорва, яр, роў’, ве́ртіб, ве́ркіп ’яміна на полі з вадою або без яе’, рус. перм., смал., калуж. верте́п ’яр з непраходнымі кустамі, лесам’, перм. ’узгорак з лагчынамі’, верте́па ’крутая гара, пакрытая непраходным лесам’, маск. вертепи́жина ’яміна з вадою на дарозе’, цэнтр.-рус. вертебя ’карставы яр’, тул. вертебинище ’яр’, ст.-рус. вертепъ, вьртьпъ ’цясніна’; ’яр’; ’пячора, склеп, тайнае сховішча’; ’прытон’; ’сад’, польск. wertep, wertepy ’мясцовасць, цяжкая для пераадолення, дарога з калдобінамі’; ’батлейка’, ст.-польск. werteb ’бездарожжа’, werteba ’яр, роў’, славен. vrtèp ’пячора’, макед., балг. варто́п, врто́п, върто́п, въртуп ’вір’; ’карставая яма’; ’глыбокае месца ў рацэ’; ’невялікі гай сярод голай мясціны’; ’быстрыня’; ’месца на лузе з патаптанай травою’; ’зігзагападобны яр’; ’паварот ракі, дарогі, гары’; ’лагчына’; ’прорва’; ’лужына’, балг. върто́пел ’вір’; ’лагчына’; ’паварот ракі, дарогі, гары’, ст.-слав. врътъnъ, вьртьnъ ’пячора’; ’сад’; ’пекла’, врьтопъ ’пячора’. Некаторыя этымолагі разглядаемую лексему выводзяць з vьrtь ’сад’ (Сразнеўскі, 1, 464), утвораную пры дапамозе суф. ‑ьръ/‑ъръ (Фасмер, 1, 300; КЭСРЯ, 76; Шанскі, 1, В, 65), маючы на ўвазе павойны, пакручасты характар раслін (у садзе). Семантыка, звязаная са сцэнамі нараджэння Хрыста, сведчыць на карысць запазычання ўсх.-слав. лексемы вярцеп (вертеп) з ц.-слав. мовы (Брандт, РФВ, 25, 215). Значэнне ’прытон (разбойнікаў)’ другаснае; яно паходзіць з асноўнага ’прорва, яр, лагчына, непраходнае месца, гушчар’, якое маецца ў паўдн.- і ўсх.-слав. мовах. Польскае werteb(a) Брукнер (607) лічыць запазычаннем з укр. мовы. Можна меркаваць, што лексема з’яўляецца вельмі старым складаным словам, утвораным ад і.-е. *u̯ert‑ ’вярцець’ і *uposвада’, якое мела значэнне ’вір, непераходнае глыбокае месца’ (Гараеў, 1896, 69; БЕР, 1, 212; Геаргіеў, БЕ, 11, 1965, 302 і наст.; Кабылянскі, Мовознавство, 1967, 6, 43; Уладзімірская, ЭИРЯ, 6, 1968, 28–40; Клепікава, Карп. диал. и оном., 51 і наст.). Другая частка і.-е. *upos знайшла сваё ўвасабленне ў балг. вапа ’катлавіна’, въпа ’яма, лагчына’, серб.-харв. ва̀па ’выпарэнне’, ст.-слав. вапа ’возера, лужына’. Гл. таксама вярцёбы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Се́ра ‘хімічнае рэчыва жоўтага колеру’, ‘адклады ў вушах’ (ТСБМ), се́ра, сі́ра ‘малодзіва’ (рас., Шатал.; Сл. Брэс., Лекс. Палесся), ‘вадкасць, якая з’яўляецца за месяц да цялення’ (Інстр. 3). Укр. се́ра, дыял. сі́ра ‘сера, sulfur’, дыял. зах. ‘авечае малако’, рус. се́ра ‘сера, sulfur’, ‘вушная сера’, паўн. ‘смала дрэў’, ст.-рус. сѣра ‘сера’, ‘горная смала’, польск. siara ‘малодзіва’, дыял. ‘авечае малако’, siarka ‘сера, sulfur’, в.-луж. syra ‘малодзіва’, ‘сырое малако’, н.-луж. sera ‘малодзіва’, syrik ‘сера’, чэш. síra ‘сера’, славац. дыял. šara ‘малодзіва’, серб.-харв. дыял. се̏ра, си̏ра, cjȅraвада, у якой мылі воўну’, ‘малодзіва, першае малако ў жанчыны’, балг. ся́ра ‘сера’, се̂ра ‘малодзіва’, дыял. се́ра ‘бруд на воўне’, се́реѝ ‘засохлы пот на воўне’, макед. сера, дыял. сера, сереј ‘малодзіва’, ‘тлушч на авечай воўне’, ст.-слав. сѣра ‘сера, нафта’. Зыходзячы з аналізу значэнняў *sěra, Трубачоў (Этимология–1968, 49) робіць выснову, што першасным значэннем яго было ‘тлушч (на воўне авец)’, адкуль потым развіліся значэнні ‘смала’; значэнне ‘сера, sulfur’ вытворнае ад апошняга або сумесна з ім узыходзяць да значэння ‘тлушч’. Роднаснымі ён лічыць serum н. р. ‘сыроватка’, уласна мн. л. н. р. sera, якое далей роднаснае грэч. ορός ‘сыроватка’ < *soros, алб. hirrë ‘тс’, ст.-інд. ksīra ‘малако’; усе ад і.-е. *ser‑ ‘цячы’, параўн. ст.-інд. sárati ‘цячэ, спяшаецца’, suráh̥ ‘вадкі’. Як семантычная паралель да *sěra прыводзяцца царк.-слав. текль, точеница ‘смала’ ад цячы. Мартынаў (Этимология–1968, 20–21), Вештарт (Лекс. Палесся, 92) сера ў значэнні ‘малодзіва’ таксама параўноўваюць з лац. serum ‘сыроваіка’, але ўзводзяць яго да мікраполя ‘малако’, супраць чаго Трубачоў (там жа). У ранейшых этымалагічых версіях (гл. Брукнер, 487; Младэнаў, 626) sera лічылася роднасным рус. серый ‘шэры’, але з прычыны зах.-слав. š‑ (польск. szary) гэта параўнанне адвяргаецца. Фасмер (3, 603) мяркуе нават аб запазычанні, а Махэк₂ (544) дэфінуе слова як няяснае. У якасці магчымай крыніцы запазычання прыводзіцца куман. siriš ‘смала’. Сувязь назвы хімічнага рэчыва з *sěra ‘малодзіва’ Шарапаткава (Studia Etym. Brun., 3, 364) лічыць народнаэтымалагічнай. Агляд версій гл. ESJSt, 13, 806–807.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Луг1, лужок ’сенажаць, пераважна заліўная, пакрытая шматгадовай травой’, ’забалочанае месца, парослае хмызняком і дрэвамі, поплаў’ (Нас., Яруш., ТСБМ, Зеньк., Бес., Бяльк., Клім., Сцяшк., Касп., ТС, лях., Янк. Мат.), ’балоцістая сенажаць’ (Сл. ПЗБ), луог ’лагчына’ (Сержп., Грам.); ’сухадольны лог’ (мазыр., пух., слаўг., шчуч., Яшк.), ’лес, лісцевы лес на абалоні’, ’лес на нізкім месцы, парослы травой’ (Зеньк., Шн., Бяс.; жытк., Талстой), ’алешнік у нізіне’ (Сержп. Грам.), лужок ’некалькі дрэўцаў у лагчыне сярод поля’ (Прышч., дыс.), лужэйка ’поплаў, лужок’ (калінк., Сл. ПЗБ). Укр. луг ’лес у нізіне’, ’сенажаць, луг, парослы травой і кустамі’; рус. луг ’заліўная сенажаць, лясістая абалона’, ’забалочаная нізіна, паша’, ст.-рус. лугъ ’лес, дуброва’, ’балота’, ’заліўная сенажаць’, ’нізіна, нізкі бераг, пакрыты травою, кустамі, трыснягом’, ’лес, дуброва, лесастэп’; польск. ląg, łęgi ’забалочаны (у даліне ракі) луг, парослы кустамі’, ’лес, поле на такіх лугах’, ’роўнае поле, нізіна’, н.-луж. ług ’забалочаная даліна’, ’мокры луг’, чэш. luh ’лес над ракой’, ’луг’, ст.-чэш. ’лес, гай’, ’луг у лесе’, ’даліна’, славац. luh ’лес над вадой’, ’высокі лес на мокрай глебе’, славен. lǫ̂g ’нізкі лес’, ’луг над вадой з рэдкімі дрэвамі’, серб.-харв. лу̑г ’лес, гай’, ’чарот’, макед., балг. лаг, лак, лък, лъг, лъгъ́т ’нізіна, абалона’, ’луг, сенажаць’, ’лясок на мокрым лузе’, ’яр, парослы густым лесам’, ’раўніна ля ракі’, ’гай, дуброва’, ’лес уздоўж ракі’, ’ручэй з парослымі лесам берагамі’, ’нізкае месца на лузе’, ’лес з вялікіх дрэў’, тырнаўск. луг ’паляна, паша’, ’клін паміж дзвюма рэкамі’, ст.-слав. лѫгъ ’гай, малы лес’. Прасл. lǫgъ ’лука, балонь, нізкі лес на поплаве, багна’ (параўн. яшчэ каш. lëgnoc są ’пакрывіцца на дажджы і сонцы’, lëgti ’нізінны’, legńica ’яма’, lëga ’нізіна’, рус. сіб. ла́га ’вільготнае месца ў зарасніках’, ’яма з вадой, лужа’), і.-е. адпаведнікам да якога з’яўляецца літ. léngė ’поле, луг у нізіне і інш.’ Узыходзіць да і.-е. *leng‑ ’згінаць’, сіноніма да блізкага *lenk‑ > лука́ (Слаўскі, 5, 79–82; Фасмер, 2, 527; Махэк₂, 343; Скок, 2, 327; Бязлай, 2, 147–148; БЕР, 3, 336–537).

Луг2 ’нізкае месца, лужа з вадой’, ’невялікі вадаём у полі ці ў лесе, які часам перасыхае ўлетку’ (Федар. I, Федар. 2, Яшк., ТС, Сл. ПЗБ), лужок ’азярцо сярод лугу, натуральны вадаём’, ’невялікая балаціна, дзе не высыхае вада’ (ТСБМ, Сл. Брэс., Сл. ПЗБ; слуц., КЭС; Бір. дыс.). Ст.-польск. ług ’багна, дрыгва’, славінск. łuk, каш. ług ’тс’, ług ’лужок сярод поля’, палаб. lai̯g ’луг, паша’, н.-луж. ług ’дрыгва, якая зімою пакрываецца вадой, а летам высыхае, і там расце трава’, в.-луж. łuk ’дрыгва’. Прасл. паўн.-зах. lugъ ’балота, дрыгва’. І.‑е. адпаведнікі: літ. liū̃gas ’дрыгва, лужа’, lū́gos, lū̃gas ’глыбокае месца, напоўненае вадой’, ’балота’, ’дрыгва’, ’ставок’, ’яма на дне ракі’, ілір. lugas/luga ’дрыгва’ > алб. lëgatë ’лужа, балота’ (Слаўскі, 5, 298–299). У сучасных слав. мовах і дыялектах семантыка луг1 і луг2 часта змешваецца.

Луг3, малар. луз ’шчолак з попелу, залітага варам’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Сержп. Грам., Бір. дыс., Клім., Сцяшк., Уладз., Бяльк., Шат., Касп., ТС; зэльв., Сцяц. Словаўтв.; лях., Янк. Мат.; Сл. ПЗБ; Сл. Брэс.; КЭС, лаг.). Укр. луг, рус. смал., кур. луг ’тс’, луга ’раствор галына’, польск. ług ’луг’, каш. lug (lëgu) ’луг, мыла, змыліны’, палаб. lau̯g ’луг, шчолак’, н.-луж. ług ’тс’, в.-луж. łuh ’пратрава, дубільнік’; чэш. louh, ст.-чэш. lúh ’луг’, ’мача’, славац. lúh ’брудная вада пасля мыцця’, ’раствор, у якім апрацоўваюцца маткі пражы’, славен. lúg, lùg ’луг’, серб.-харв. лу̑г ’тс’, ’попел’, чак. (з XV–XVII стст.) luga ’тс’, макед. луга ’луг’, балг. луга́, лу́га, лугя ’луг’, ’асадак, які застаецца, калі вараць мыла’. Прасл. lugъ/luga ’луг як мыючы і адбельваючы сродак’ (Машынкі, Kultura Sl., 1, 616). Мартынаў (Лекс. взаим., 166–168) не выключае запазычанне з прасл. у прагерм. (laugō), у чым сумняваецца Слаўскі (5, 296–298), паводле якога прасл. lugъ — запазычанне са ст.-в.-ням. louga (с.-в.-ням. louge, суч. ням. Lauge ’луг’), luhhen ’мыць’ < і.-е. *lou‑/*louə ’мыць’ (параўн. ст.-грэч. λούω ’мыюся’, лац. lavō, lavāre ’тс’, ’купацца’, арм. loganam ’купаюся’, хецк. lah(h)u‑ ’ліць’. Гэтак жа БЕР, 3, 485; Скок, 2, 326; Бязлай, 2, 155. Бернекер (744), Брукнер (314), Фасмер (2, 527–528), а таксама Курыловіч (Przegląd Zach., 1951, 5/6, 201–202) меркавалі, што lugъ з’яўляецца запазычаннем з с.-в.-ням. louge або нават з ням. Lauge. Слаўскі (5, 297) указвае на польск. мову як пасрэднік для ўзнікнення бел. і ўсх.-слав. луг, а Фасмер (2, 527) — польск. і чэш. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)