пераця́ць, ператну, ператнеш, ператне; ператнём, ператняце; пр. перацяў, ‑цяла, ‑ло; заг. ператні; зак.

Разм.

1. каго-што. Перасячы, перакусіць і пад. што‑н. на часткі. Перацяць нітку зубамі. □ Дрот з вяроўкай не зраўняць, дрот лісе не перацяць. Астрэйка. Здавалася, калі б рак схапіў дзяўчынку сваімі грознымі клюшнямі, дык перацяў бы папалам. Хомчанка.

2. што. Заступіўшы, перагарадзіць, перарэзаць (шлях, дарогу). Войска і паліцыя перацяла.. [дэманстрацыі] дарогу. Чорны.

3. каго-што. Туга перавязаць, сціснуць. Калі Юрка згінаўся і нацягваў ленту, чуў, што дрыжаць рукі. Пасля не хацелася адгінацца: балела паясніца, аж рэзалася, бы яе перацялі мокрым пяньковым путам. Пташнікаў.

4. пераважна безас. Перахапіць спазмай. У горле перацяло.

5. чым. Разм. Ударыць чым‑н. доўгім, гнуткім; перацягнуць. Максім наскочыў на афіцэра і перацяў яго прыкладам. Стаховіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́свіць, пасу, пасеш, пасе; пасём, пасяце, пасуць і пасу, пасвіш, пасвіць; пасвім, пасвіце; пр. пасвіў, ‑віла; заг. пасі; незак., каго-што.

Наглядаць за жывёлай, птушкай у час знаходжання яе на пашы. Коней папраўдзе не трэба было пасвіць, толькі пільнаваць ад ваўкоў, якіх у Маргах вадзілася шмат. Чарнышэвіч. — Эге! — круціў стары Юрка сівой галавой, — а я, нябогі, яшчэ сам, як быў маладым хлопцам, пасвіў быдла пад Дубамі. Колас. // Выпускаць (жывёлу, птушку) на пашу, на падножны корм. Рыгор вядзе каня ў Паўлюкову віку, а Паўлюк у гэты ж час пасвіць кабылу ў Рыгоравай канюшыне. Казека. У зарасніку пачалі [суседзі] пасвіць сваіх коней ды цялят, куды ганялі іх з вёскі. Галавач.

•••

Дзе і Макар коз не пасе гл. дзе.

Спаць і курэй пасвіць гл. спаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перакруці́цца, ‑кручуся, ‑круцішся, ‑круціцца; зак.

1. Павярнуцца кругом, процілеглым бокам або канцом. На сярэдзіне рэчкі кругляк перакруціўся, [плывец] бухнуўся галавой у ваду, а ногі са шкарпэткамі задраліся ўгору! Колас. Юрка скінуў шапку і, папляваўшы на рукі, так пацягнуў пілу, што аж палена перакруцілася. Курто. Жанчына ўздрыганулася і, як вяртлявы звярок, у момант перакруцілася тварам да чалавека — у профіль да акна. Чорны. — Во! Гэта дарэчы! — перакруціўся на адной назе Віктар. Маўр.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сапсавацца ад частага або празмернага закручвання. Кран перакруціўся. // Распасціся напалам, на часткі ад кручэння. Алюмініевы дрот лёгка перакруціўся.

3. перан. Разм. Рэзка перамяніцца, перайначыцца. Віхляй уголас пераказваў Вінцусю Шавелю нечаканае яму рашэнне акругвыканкома. А той пазіраў на сакратара з лёгкім недаверам і не ведаў, як яно так раптам усё перакруцілася... Гартны.

4. Заблытацца, зблытацца. Перакруціліся ніткі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыкаці́ць 1, ‑качу, ‑коціш, ‑коціць; зак. каго-што.

1. Коцячы, наблізіць, даставіць куды‑н. Прыкаціць бервяно. □ Янушак .. шмыгнуў у бочку з-пад салідолу, якую прыкаціў быў некалі да кароўніка Рыбалтоўскі, каб укапаць яе і паліць вадой. Дайліда. // што. Даставіць саматугам куды‑н. (воз, матацыкл і пад.). У гэты ж дзень да .. [механіка] прыкаціў свой веласіпед Несцер Ігнатавіч. Дубоўка. Пакуль настаўнік прыкаціў свой матацыкл да возера, на беразе ўжо гарэў касцёр. Скрыпка.

2. Разм. Прыехаць, прыбыць. Прыкацілі мы ў гарадок на самай лепшай трафейнай машыне. Якімовіч. І вось у бліжэйшую нядзелю пачалі з’язджацца сваякі. Першы прыкаціў у размаляваным вазку дзед Юрка з бабаю Крысяю. С. Александровіч. Аўтобус, нарэшце, прыкаціў, з яго выйшлі пасажыры, што прыехалі з горада. Васілёнак.

прыкаці́ць 2, ‑качу, ‑коціш, ‑коціць; зак., каго.

Разм. Нарадзіць, прывесці. — Маладзец, сына прыкаціла, — сказала бабка, калі дзіцянё закугакала ў яе на руках. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разво́д, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. разводзіць — развесці (у 1–3 і 5 знач.).

2. Спец. Агляд і размеркаванне па пастах вайсковых падраздзяленняў, прызначаных у каравул. Удвух усё агледзелі, што трэба агледзець пры здачы дзяжурства, .. зрабілі развод каравулаў, і чырвоная павязка з белым надпісам апынулася на рукаве Макарава. Алешка.

3. Скасаванне шлюбу. [Павалковіч:] — Якім можа быць мужам табе [Тані] вечны арыштант? Мы наладзім развод. Машара.

4. Прыстасаванне, якое дазваляе падоўжыць павозку, драбіны і пад. Драбіны з разводам. // толькі мн. (разво́ды, ‑аў). Разм. Разведзеныя калёсы. Юрка ўспомніў, што браканьеры — два мужчыны на разводах — не ездзяць болей .. у Сырніцу. Пташнікаў.

5. Нахіл зубоў пілы ў процілеглыя бакі адносна яе плоскасці. — Не пацягнуць [пілы]. Мусім па два разы рабіць. — Развод малаваты, — растлумачыў Вежавец. Грахоўскі.

•••

На развод — а) з мэтай развесці, размножыць (пакідаць, даваць каго‑, што‑н.); б) вельмі мала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папра́віцца, ‑праўлюся, ‑правішся, ‑правіцца; зак.

1. Ачуняць, аднавіць свае сілы, здароўе (пасля хваробы, ранення). Захварэлі Шарык з Юркам у адзін дзень. Але Юрка паправіўся першы. Брыль. [Назарэўскі] расказаў, што не мог адразу ехаць, бо ранены і яшчэ не паправіўся. Чорны. / Разм. Пра часткі цела. Сёлета нага паправілася — дала жонка рады, націраючы бадзягай. Чыгрынаў. // Стаць паўнейшым, патаўсцець. На выгодзе жывучы, .. [Пракоп] паправіўся і скруглеў. Вітка.

2. Палепшыцца, змяніцца на лепшае. Перад світаннем паляцела навальніца. «Добра, як, — меркаваў Сяльчонак, — яравыя паправяцца. Трава таксама». Асіпенка. // Разм. Стаць лепшым у маральных адносінах, выправіцца. Я ведаў бацькаву лупцоўку і абяцаў паправіцца. Дамашэвіч. Не апошні ж .. [Сяргей] быў чалавек у вёсцы... Спадзявалася [Анісся], а мо паправіцца... Усё магло стацца, не такіх папраўлялі. Лынькоў.

3. Выправіць сваю памылку (звычайна пры выказванні). — Прагледзіце яшчэ раз з Дорай... з Дорай Змітраўнай, — паправіўся .. [Дзімін], — падумаеце. Карпаў.

4. Прыняць больш зручную позу. Лабановіч паправіўся на возе, дастаў папяросы. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адчыні́ць, ‑чыню, ‑чыніш, ‑чыніць; зак., што.

1. Адводзячы, знімаючы або адстаўляючы ўбок тое, чым перакрыты ўваход ці выхад, пройма ў якое‑н. памяшканне, у якую‑н. пасудзіну і пад., зрабіць даступнай унутраную або знешнюю прастору; адкрыць; проціл. зачыніць. Адчыніць хату. □ Вярнуўся Сцёпка з паходу на досвіце, ціхенька адчыніў адрынку, дзе спалі двое меншых яго братоў, Алесь і Юрка. Колас. // Зняць накрыўку; адвесці дзверы і пад. Адчыніць вароты. □ Данік не вытрымаў, узлез з каленьмі на акно, адчыніў фортачку і задрыжаў — не то ад холаду, не то ад голасу жанчыны. Брыль. // Пусціць у памяшканне, даць увайсці каму‑н. [Рыгор] падняўся на ўсходы да свае кватэры і пазваніў. Ніхто не з’яўляўся адчыніць. Гартны.

2. Тое, што і адкрыць (у 3 знач.). Падабраўшы з сваіх «хлопаў» хлапцоў і дзяўчат, [пан Вашамірскі] адчыніў у сябе студыю. Бядуля. [Андрэй:] — Часцей заязджайце, ды, калі можна, кніжак і газетак нам сюды прышліце: на гэту зіму школку думаем адчыніць. Чарот.

•••

Адчыніць дзверы — а) даць шырокую дарогу для свабоднага паступлення куды‑н., стварыць спрыяльныя ўмовы; б) зайсці, наведаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

куль 1, ‑я, м.

1. Тоўсты сноп выбранай няцёртай саломы, з якой звычайна робяць стрэхі. Малацілі да змроку. Тады Андрэй пачаў перабіраць салому на кулі, а Іван панёс коням канюшыну. Чарнышэвіч. Дзед Ігнат сядзеў на страсе і распускаў куль саломы. Васілевіч.

2. у знач. прысл. кулём. Пераварочваючыся, куляючыся ў час руху, падзення. З тэндэра кулём скаціўся ў будку качагар Юрка Лунец. Васілёнак. // Імкліва, вельмі хутка. Платон чагосьці шукаў. І Марына з жахам зразумела, што ён шукае сякеру. Ён усё мог зрабіць. І яна, ратуючыся, кулём кінулася ў хату. Ракітны.

куль 2, ‑я, м.

1. Вялікі, звычайна рагожны мяшок. Куль мукі. □ Грузавік быў нагружаны бочкамі, скрынкамі, рагожнымі кулямі. Хадкевіч.

2. Старая гандлёвая мера сыпкіх цел (каля 9 пудоў).

куль 3, ‑я, м.

Задняя частка рыбалоўнай снасці (невада, жака і пад.) у выглядзе вузкага доўгага мяшка, куды пападае рыба пры лоўлі. Касцы доўга не ляжалі, хоць хацелася прыдрамаць. Прычына гэтаму была сетка-таптуха, якая стаяла тут жа пад дубам, кулём угору. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скорагаво́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Хуткае, паспешлівае маўленне. Шчаслівы .. смех [Тамары] перадаўся Мані, і яна, слухаючы таварышкі блытаную скорагаворку, не магла стрымаць яго і ў сабе. Васілевіч. Пачуўся смяшок, неразборлівая і, відаць, смяшлівая скорагаворка, і ўсё змоўкла. Паўлаў. // у знач. прысл. скорагаво́ркай. Хутка, паспешліва (пра мову). Мы цокалі на польскай мове — [Стася] з паморскім акцэнтам, скорагаворкай, а я нараспеў, як усе беларусы. Бажко. — Мяне тата прыслаў, — скорагаворкай прамовіў Юрка, — там, — ён махнуў рукой у бок лесу, — нейкія людзі... Двое... Курто. // Што‑н. (артыкул, кніга і пад.), напісанае наспех, без дакладнасці, неглыбока. Там, дзе зніжаецца творчая напружанасць паэта, з-пад яго пяра выходзіць скорагаворка. Бярозкін. Увага да ўсіх гістарычных этапаў, якія прайшла краіна, была прычынай адсутнасць сюжэтнай сканцэнтраванасці, хранікальнай бегласці і скорагаворкі ў асобных раздзелах. Кучар.

2. Жартаўлівая фраза, пабудаваная на спалучэнні гукаў, якія робяць цяжкім хуткае вымаўленне яе. Заняткі пачыналіся з работы над тэхнікай мовы. Колькі скорагаворак было вызубрана напамяць. «Беларусь».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

навяза́ць, ‑вяжу, ‑вяжаш, ‑вяжа; зак.

1. чаго. Зрабіць шляхам вязання нейкую колькасць. Навязаць пальчатак. Навязаць шкарпэтак. // Звязаць у адно значную колькасць чаго‑н. Навязаць цэлы клунак бялізны. // Звязваючы, зрабіць нейкую колькасць чаго‑н. Навязаць венікаў. Навязаць снапоў.

2. што. Надзеўшы або абкруціўшы, завязаць. Навязаць вяроўку на рогі жывёле.

3. перан.; што каму-чаму. Прымусіць каго‑н. прыняць або зрабіць што‑н. супроць яго волі, жадання. Навязаць дагавор. □ [Зорын] хацеў навязаць гітлераўцам бой там, дзе яны не чакалі. Гурскі. // Унушыць што‑н. каму‑н. супраць яго волі. Навязаць сваю думку. □ [Саўку] пачынаў агортваць страх, і ён часамі жахаўся той ролі, якую навязалі яму войт і яго прыяцелі. Колас. Я зразумеў, што мне трэба навязаць .. [Волкаву] сваю волю, сваю ўпэўненасць у перамозе. Шамякін. // Абцяжарыць каго‑н. кім‑, чым‑н. — Сядай тут і будзем працаваць, — сказаў Юрка Маргун такім тонам, быццам мяне яму сілком навязалі. Сабаленка.

4. каго. Разм. Узяць на прывязь. Яхімаў воз ужо прыбралі, Каня на лейцы навязалі У кустах альховых каля дуба. Колас. Грознага [быка] усё-такі ўціхамірылі і зноў навязалі на ланцуг. Дайліда.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)