нясто́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не ведае стомы; вынослівы. Нястомная і няўрымслівая Каця запісалася ва ўсе гурткі і ўсюды паспявала. Шамякін. Леанід Васільевіч, трапны стралец і нястомны хадок, ідзе далей па падсохламу балоту, уважліва разглядаючы сляды. В. Вольскі. // Настойлівы, упарты. Паэт быў шчырым у сваіх ацэнках і нястомным у пошуках новага, што магло б узбагаціць паэзію. Майхровіч.

2. Неаслабны, пастаянны. Я прыпамінаю Палессе з яго нястомным гоманам птушак. Галавач. Павел, калі яго пасля брыгадзірства паслалі кіраваць работай клуба, выдатна спраўляўся і з гэтым абавязкам. Патрэбны былі нястомная выдумка, кемлівасць і душа. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прадыктава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., што.

1. Голасна прачытаць або сказаць што‑н. для таго, каб той, хто слухае, запісаў. Дырэктар прадыктаваў яшчэ некалькі сказаў, уважліва праверыў напісанае Віцем. — Усё правільна, — сказаў ён. Нядзведскі.

2. перан. Прадпісаць што‑н. для безагаворачнага выканання; загадаць. Прадыктаваць умовы міру. // чым (звычайна ў форме дзеепрым. зал. пр.) Абумовіць. Уступкі вязням, на якія пайшла турэмная адміністрацыя, прадыктаваны былі толькі страхам перад націскам міжнароднага рэвалюцыйнага руху. Брыль. Усякія палітычныя рашэнні, калі яны не прадыктаваны аб’ектыўнымі патрэбнасцямі жыцця, спасцігае сумны лёс выдаткаў грамадскага жыцця. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Стрэ́паць ‘паводзячы вушамі, прыслухоўвацца’ (іўеў., ЛА, 1), стрэ́пацца ‘рабіць асцярожныя, слабыя шорахі’ (маладз., Янк. Мат.), стрэ́паны ‘апантаны : леціць, як стрэпаны (ТС), стро́паны (стрёпаный) ‘чысценькі, як бы адлупцаваны; што ачуняў ад лупцоўкі’: побѣгъ, якъ стрёпапый (Нас.), стрэ́паны ‘зношаны, падраны’ (Сцяшк. Сл.). Хутчэй за ўсё, ад трапаць (гл.), параўн. Варбат, Этимология–1985, 24–27 (з аглядам версій паходжання групы слоў з коранем *(s)trep‑, без беларускага матэрыялу), што можна звязаць з укр. страпа́тий, стріпа́тий ‘растрапаны, з настыбурчанымі валасамі’, стрепи́й ‘абтрапаны, кашлаты’, ст.-польск. strzępać ‘баяцца’, sstrzęply ‘напалоханыя’, чэш. střapiti ‘узлахмачваць’, ст.-чэш. střěpěti ‘клапаціцца, уважліва прыглядацца’, якія параўноўваюцца з літ. strim̃pti ‘варухацца; мець сілы’, лат. struopît ‘скакаць, насіцца туды-сюды (пра коней, авечак)’, с.-н.-ням. strampen ‘тупаць нагамі’, stramp ‘туга нацягнуты, нерухома выцягнуты’, гл. Слаўскі, SOr, 18, 255; Новое в рус. этим., 226–228. Адносіны да рус. стряпать ‘даваць корм жывёле; гатаваць ежу’ і інш., паводле Фасмера (3, 786), няясныя, тлумачацца назалізацыяй зыходнага *strep‑ (Варбат, там жа, 25). Параўн. стропіцца (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

по́спех, ‑у, м.

1. Удача ў дасягненні чаго‑н. Нізка ў пояс схіляецца жыта, Сінім морам вітаюць ільны. Беларускі народ працавіты, Твае поспехі свету відны. Астрэйка. Сход уважліва слухаў расказ Паходні пра поспехі Савецкай Арміі, пра блізкую перамогу. Хадкевіч.

2. Агульнае прызнанне дасягнутай кім‑н. удачы. У той незабыўны вечар на долю Наташы выпаў асаблівы, незвычайны поспех. Краўчанка.

3. толькі мн. (по́спехі, ‑аў). Добрыя вынікі ў рабоце, вучобе і пад. Пад уздзеяннем ідэй Кастрычніка і поспехаў сацыялізма ў СССР, у выніку разгрому ў гады другой сусветнай вайны ўдарных сіл імперыялізму выраслі і ўмацаваліся сілы сацыялізма ва ўсім свеце, аслаблі пазіцыі сусветнага капіталізму. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчу́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Датыкацца, мацаць што‑н. з мэтай агляду, даследавання. Грыша нейкім дроцікам пачаў шчупаць верх скрыначкі... Якімовіч. А то, чаго добрага, скажуць: во, Красанок адправіў жонку на пагулянкі, а сам і карову доіць і курэй шчупае. Гроднеў. // перан. Разм. Уважліва разглядваць што‑н. Гудзілка быстра ўскідае неспакойныя вочкі, як бы шчупае Свірыдавы мыслі і стан яго душы. Колас.

2. перан. Разм. Асцярожна, незаўважна, непрыкметна старацца даведацца пра каго‑н., выведаць у каго‑н. што‑н. Доўга гаманіў Базыль ды аб усім патроху; гэтым ён шчупаў цвёрды, моцны грунт самасвядомасці. Нікановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падабе́нства, ‑а, н.

1. Наяўнасць агульных або падобных рыс; падобнасць у чым‑н. Знешняе падабенства. Падабенства біяграфій. Падабенства характараў. □ Ніякага падабенства не было ў гэтым мізэрным, страшэнна худым чалавеку да Элія Бакучава, якім памятаў яго Вісарыён. Самуйлёнак. Тацянка ў кожнай кветцы знаходзіла падабенства з кім-небудзь. Юрэвіч.

2. Нешта падобнае на што‑н., да чаго‑н., з чым‑н. Падабенства да невясёлай усмешкі схавалася ў яго [Сегеня] вусах. Чорны. Зрабіўшы з круглячкоў падабенства бінокля,.. [сувязны] уважліва аглядае ўяўныя пазіцыі ворага. Гарбук.

3. У геаметрыі — падобнасць фігур па форме пры розніцы ў велічыні. Падабенства трохвугольнікаў.

4. Падобнасць па асноўных адзнаках; блізкасць, абумоўленая агульнасцю паходжання. Відавочнае падабенства і несумненная блізкасць беларускай і ўкраінскай моў не ліквідуе.. цяжкасцей паэтычнага перакладу. Палітыка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праве́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.

1. Упэўніцца, пераканацца ў правільнасці чаго‑н., адпаведнасці чаго‑н. чаму‑н. Праверыць правільнасць рашэння задачы. □ Лясніцкі спыніўся, па маленькаму ручному компасу праверыў напрамак. Шамякін. // Абследаваць з мэтай нагляду. За імі [хлапчукамі] па барознах шэрых Раённы аграном ідзе, Каб глыбіню раллі праверыць, Каб не было агрэхаў дзе. Танк. У поўнач удовін сын выйшаў на мост праверыць, ці стаіць на варце яго таварыш. Якімовіч. // Упэўніцца ў праўдзівасці чаго‑н.; пракантраляваць. Я ўзяў білет, уважліва праверыў яго, потым, не спяшаючыся, пачаў пералічваць рэшту. Анісаў.

2. Падвергнуць выпрабаванню для высвятлення якіх‑н. уласцівасцей, прыгоднасці да чаго‑н. і пад. Усё брыгадзір праверыў: Вароны, трактары, плугі, Ўвесь інвентар рабочы. Танк. Галя праверыла насенне на ўсходжасць. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

угле́дзецца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.

1. на каго-што, у каго-што і без дап. Уважліва паглядзець, прыгледзецца, стараючыся разгледзець, убачыць што‑н. [Старшына] ўскочыў, яшчэ ўгледзеўся ў далёкі сцямнелы краявід. Быкаў. Хадоська недаверліва ўгледзелася ў Захарыху і паспакайнела — нічога страшнага, жанчына як жанчына. Мележ. Шура ўгледзеўся на дзядзьку, як на нейкі дзіўны прывід. Ставер. [Хлопцы] ўгледзеліся — заяц! Сядзіць сабе і глядзіць на іх, вылупіўшы вочы. Маўр.

2. у каго-што. Не зводзячы вачэй, нерухома глядзець куды‑н., на каго‑, што‑н.; уставіцца, утаропіцца. [Каця] падклала пад галаву рукі і ўгледзелася ў цёмна-сіняе акно. Гаўрылкін.

3. з кім. Абл. Убачыцца, сустрэцца з кім‑н. асабіста. З далёкіх паходаў вярнуўся Крушына. Не стрэўся з дачкою, Не ўгледзеўся з сынам. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слу́хаць, -аю, -аеш, -ае; незак.

1. каго-што. Накіроўваць слых на што-н.

С. музыку.

2. што. Публічна разглядаць (судовую справу; афіц.).

С. справу аб разводзе.

3. каго-што. Вывучаць што-н. наведваючы лекцыі.

С. курс уводзін у мовазнаўства.

4. каго-што. Даследаваць шляхам выслухвання стан і работу якога-н. унутранага органа.

Доктар уважліва слухаў сэрца.

С. хворага.

5. каго-што. Слухацца каго-н., выконваць чые-н. загады, рабіць так, як хто-н. раіць.

Слухай, што бацька гаворыць.

Трэба с. старэйшых.

Вучні павінны с. настаўніка.

6. заг. слу́хай(це). Ужыв. ў пачатку размовы як зваротак для таго, каб прыцягнуць увагу (разм.).

Слухай, яшчэ я не закончыла, а ты сваё працягваеш.

7. 1 ас. адз. цяпер. слу́хаю, часц. Адказ (пераважна вайскоўцаў) на якое-н. распараджэнне, які абазначае, што яно будзе выканана.

|| зак. праслу́хаць, -аю, -аеш, -ае; -аны (да 1, 3 і 4 знач.) і паслу́хаць, -аю, -аеш, -ае.

|| наз. слу́ханне, -я, н. (да 1—3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

сумнява́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Адчуваць сумненне, няўпэўненасць у сапраўднасці чаго‑н.; няцвёрда верыць у што‑н. Ніхто не сумняваўся, што [Рыта] атрымае дыплом з адзнакай. Васілевіч. — Рой! — аж ускрыкнуў Міхалка на ўвесь голас. Тое, што гэта быў рой, ён цяпер не сумняваўся. Якімовіч. // у кім. Не быць упэўненым у кім‑н., не цалкам давяраць каму‑н. Сапраўды, як я мог сумнявацца ў .. [Марозе]. Быкаў.

2. Перажываць цяжкасці, хваляванні, вырашаючы якое‑н. пытанне. Настаўнік вучыць дзяцей уважліва адносіцца да пісьма, правяраць напісанне і ўсякі час зварачацца за растлумачэннем да настаўніка, калі ім сустрэнецца слова, у правільным напісанні якога яны будуць сумнявацца. Самцэвіч.

•••

Не сумнявайся (сумнявайцеся) — будзь(це) спакойны, не хвалюйся (хвалюйцеся). [Янка:] — Нумар гэты. І дом напэўна гэты. Я то ведаю, не сумнявайцеся!.. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)