гагата́ць, ‑гачу, ‑гочаш, ‑гоча; незак.

1. Абзывацца крыкам, падобным на гукі «га-га-га» (пра гусей). Назаўтра раніцай хлопчык прачнуўся ад шуму: на дварэ моцна гагаталі гусі, спалохана кудахталі куры. Ваданосаў.

2. Разм. Моцна, нястрымана смяяцца; рагатаць. — Эй, вы, слухайце! — крыкнуў Янка Тукала, зварачаючыся да сяброў і стараючыся іх перакрычаць. — Што вы гагочаце? Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пакры́ўдзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.

Адчуць крыўду, успрыняць што‑н. як крыўду. Неяк раніцай Мікітку пабудзіў дзядуля: — Уставай, уставай, соня, качаняты ўжо на возера пайшлі.. — Чаму ж ты раней не пабудзіў мяне, — пакрыўдзіўся Мікітка на дзеда. П. Ткачоў. [Кузьма Чорны] прачытаў верш, адкінуўся на спінку крэсла і засвістаў.. Я пакрыўдзіўся і згроб са стала свае паперы. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

памясі́ць, ‑мяшу, ‑месіш, ‑месіць; зак.

1. што і чаго. Мясіць (у 1, 2 знач.) некаторы час. Памясіць цеста. □ Выязджаў [Русіновіч] раніцай, яшчэ поначы, і дадому дабраўся — таксама ўжо была ноч. Памясіць снегу давялося нямала. Дамашэвіч.

2. перан.; каго. Разм. Пабіць, аддубасіць. — [Віраўцы] ж цераз год залавілі Гарашуна аднаго і так памясілі, што той і памёр незадоўга. Масарэнка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упрасі́цца, упрашуся, упросішся, упросіцца; зак.

Разм. Настойліва просячы, дамагчыся чаго‑н. Ноч [хлопцы] .. не спалі ад страху. А раніцай упрасіліся на калгасную машыну і, прыехаўшы ў мястэчка, расказалі.. пра ўсё, што ўбачылі ў былым партызанскім лагеры... Нядзведскі. Па дарозе [сяржант] упрасіўся не паказваць яго ўрачам, а перавязаць самой [Марыі] і сказаць камандзіру роты, што служыць можа. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ура́нні, прысл.

Абл. Раніцай. Амаль ніхто не спаў, бо ўсе ведалі, што ўранні пачнецца бой за Мінск. Мележ. Восень. Уранні дзеткам не так смачна і доўга спіцца, як увесну і ўлетку. Гарэцкі. Стала холадна, усё цела працялі дрыжыкі: і не так ад таго, што вада ўранні халодная, як ад трывогі — што там, за ракой? Кухараў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Надоечы ’нядаўна, днямі’ (ТСБМ, Мат. Гом., Янк. 2, Ян.), надоячы ’тс’ (Бяльк., Пятк.), надойчы ’тс’ (Сцяшк.), надовечы, надовячы ’тс’ і ’сягоння раніцай’ (Нас., Янк. 2, Мат. Гом., Сцяшк. Сл., Ян.), надоіч ’днямі’ (Сл. ПЗБ), надое ’тс’ (Жд. 2), рус. бран., смал. надоичи, надойчи, надовичи. Найбольш блізкімі да названых зыходнымі словамі маглі быць формы тыпу бел. нагда, рус. онады, оноды ’тс’ (< onogъda/‑dy, гл. ESSJ SG, 2, 525), расшыраныя партыкуламі, што ўзыходзяць да указальных займеннікаў і овъ. Карскі (2–3, 71) і Шуба (Прыслоўе, 63) лічаць ‑чы суфіксам, больш правільным было б разглядаць яго ў якасці ўзмацняльнай партыкулы (параўн. ESSJ SG, 1, 305). Магчыма, збліжэнне канца слоў з прыслоўямі тыпу рус. давеча ’недавно’, параўн. надавяча (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́на1 ’пашкоджанне тканак жывога арганізму’ (ТСБМ, Бяльк., Шат., Сл. ПЗБ, Варл., ТС), ст.-бел. рана ’тс’ (Сл. Скар.), ’кара, катаванне’ (Карскі, Труды, 339). Параўн. укр., рус. ра́на ’адкрытае пашкоджанае цела’, польск., н.-луж., в.-луж. rana ’тс’, палаб. råno ’тс’, чэш. rána ’тс’, ’удар, няшчасце’, славац., rana ’адкрытае пашкоджанне цела’, славен. rána ’тс’, серб.-харв. ра̏на ’тс’, балг. ра́на ’тс’, макед. рана, ст.-слав. рана ’тс’. Прасл. *rana, параўн. літ. ronà ’тс’, rõnyti ’раніць’, ronótas ’з ранамі, ранены’ (запазычанні са славянскіх моў). Роднаснае да ст.-інд. vraṇá‑ ’рана, шчыліна, драпіна’, алб. varrë ’рана’, vras ’забіваю’ (Фасмер, 3, 441; Бязлай, 3, 150). Узыходзіць да і.-е. *u̯er‑ ’раскрыць, разарваць, разадраць’, адлюстраванага ў рус. воро́нка ’лейка’, польск. wrona ’адтуліна, дзіра’ і інш., гл. ESJSt, 12, 748; БЕР, 6, 181 (звяртаецца ўвага на фармальныя цяжкасці пры рэканструкцыі); Глухак, 518; Шустар-Шэўц, 2, 1205.

Ра́на2раніцай, ранкам, уранні, раннім часам, раней пэўнага часу, загадзя’ (ТСБМ, Бяльк., Шат.; ашм., Станк.; Сл. ПЗБ, Ян.), ’ранні час’ (Варл.), ра́но ’тс’ (ТС), ст.-бел. рано ’тс’ (Сл. Скар., Альтбаўэр). Параўн. укр. ра́но, рус. ра́но, ст.-польск. rano ’раннім часам’, польск. rano ’ранкам’ і ’ранак’, палаб. ronü/rånă ’тс’, в.-луж., н.-луж. rano, чэш., славац. ránoраніцай, дачасна’, серб.-харв. ра̏но, славен. ráno, балг. ра́но, макед. рано, ст.-слав. рано ’раней пэўнага часу’ і ’ранак’. Слова не мае канкрэтнай этымалогіі. Прыстае тлумачэнне *rano < *radno < з *ordno/*vordno < і.-е. *urōdhno‑ ’час нараджэння сонца’, што мае тую ж аснову, што і *rodъ, адсюль рана ’час нараджэння дня’, параўн. грэч. ὄροροςраніцай’, да гэтага ж літ. ritas ’раніца’ (ESJSt, 12, 748 з аглядам версій). Длугаш-Курчабова (429) адзначае, што форма *rano з’яўляецца рэліктавай нячленнай формай прыметніка н. р. адз. л., які субстантывізаваўся, а не адвербіялізаваўся, параўн. прысутнасць склонавых форм яшчэ ў ст.-польск. z rana, po ranu (XVI ст.), а прыкладам далейшай субстантывізацыі польск. rano можна лічыць адсубстантыўнае суфіксальнае ўтварэнне ranek, параўн. бел. ра́нак, раніца (гл.). Паводле заўваг Брукнера (453), польск. z rana узнікла па аналогіі са скланеннем назоўніка zaranie (н. р.) альбо zarań (ж. р.), адсюль польск. z rana памылковае, замест z rania. Параўн. да гэтага рань ’раніца’ (Растарг.), ра́нне ’пачатак дня, раніца, ранак’ (Нас., Байк. і Некр., Растарг., Бяльк., Сл. ПЗБ), ра́не (Сл. ПЗБ, ТС)., з ра́ння́ ’з раніцы’ (Шат., Гарэц.), да ра́ння ’да ўсходу сонца’ (Шат.), параўн. ст.-бел. лежи до ранья (Альтбаўэр), зара́нне, зра́нне ’зранку, вельмі рана’ (Растарг.). Рэйзак (527) лічыць, што *rana з’яўляецца прыслоўем і ўтворана ад прыметніка *ranъ.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вы́качаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. што. Разгладзіць качаннем. Выкачаць бялізну качалкай. // Качаючыся, прымяць, змяць, утрамбаваць што‑н. Сёння раніцай жонка пайшла ў агарод па цыбулю і прыбегла плачучы: нехта ўсе грады выкачаў. Сяргейчык.

2. каго-што. Пераварочваючы з боку на бок, укачаць, абляпіць у што‑н. Выкачаць цеста ў муку. // Запэцкаць у што‑н. Выкачаць яблыкі ў пясок.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

патанцава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак., што і без дап.

Танцаваць некаторы час; пратанцаваць. [Астапчык:] Што ж вы сядзіце тут? Пайшлі б патанцавалі, і дзяўчатам вашым было б весялей з вамі. Машара. У рэстаране граў духавы аркестр. Алена запрасіла Сашку патанцаваць. Гроднеў. Раніцай .. [Чыжык] зноў расклаў агонь. Патанцаваў каля яго, каб сагрэцца, паснедаў і зноў выйшаў на бераг. Няхай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расшту́рхаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Адштурхнуць усіх, многіх у розныя бакі. Расштурхаў Сцёпка грамаду і бліжэй да стала праціснуўся. Колас. [Лукер’я] расштурхала людзей і ветрам, уляцела ў Піліпаву хату. Сачанка. // Штурхаючы, разбудзіць; раскатурхаць. [Уладзімір Мікалаевіч] пажаваў хлеба з каўбасою, і як кінуўся ў пасцель, адразу ж заснуў моцным сном — ледзь расштурхала Вера Андрэеўна раніцай на работу... Мыслівец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)