Ахламо́н ’неарганізаваны, неакуратны, зацюканы чалавек’ (Юрч. Фраз. 2), вахламон ’неахайны чалавек’, вахламоня ’неахайная жанчына’, вахламондзія ’тс’ (Яўс.); слова вядома на большай частцы Беларусі са значэннямі ’чалавек, недалёкі ў разумовых адносінах’, ’чалавек без пачуцця ўласнай годнасці’, ’дрэнна выхаваны, некультурны чалавек’, ’неакуратны, неахайны чалавек’, ’неахайна адзеты чалавек’, няўклюда’ і інш. Рус. охламон дурань і гультай’, рус. дыял. охламон ’вялікі чалавек, у якога не ўсё ў парадку’. Няясна. Найбольш натуральнай здаецца сувязь з хлам ’старызна, дрэнь’ (Нас.), якое, паводле Бірылы, Бел. антр., 2 (пад Ахламёнак), можа выступаць у форме ахлам, параўн. таксама рус. дыял. хлам ’лахманы, старызна’, хламунина ’старая, зношаная адзежына’; параўн. таксама серб.-харв. hlamina ’зношаны абутак, уступкі’ (Скок, 1, 671); тады першапачаткова ахламон ’неахайна адзеты чалавек’ з экспрэсіўнай суфіксацыяй як у разявон ’разява’, пры гэтым магчымы ўплыў кантамінаваных форм тыпу рус. пск. ахломотья лахманы’. Аднак, прымаючы пад увагу аддзеяслоўны характар форм тыпу разявон, можна дапусціць утварэнне ахламон ад хламаць, хламнуць (ад гукапераймальнага хлам!), параўн. хламаць ’есці’ (пра свіней; рэдка абразліва — пра чалавека, КСТ), экспр. ’есці’ (Сержп., Грам., 61), хламнуць ’праглынуць (Бел. фраз., 62), суфіксацыя ахламон як у матон ’круцель, махляр, дзялок’ (Яўс., ад матаць); тады ахламон ’некультурны чалавек, мужык’, параўн. хамула ’некультурны чалавек’ ад хамаць ’прагна і гучна есці’, рус. дыял. охряпок ’дзеравеншчына, няўклюда’ ад хряпать ’есці многа’. Жаргонны характар слова дазваляе лічыць верагодным таксама дапушчэнне Супруна (вусн. паведамл.) аб сувязі з грэч. ὄχλος ’чэрнь, натоўп’ (да ст.-грэч. ὀχλο‑μανέω ’імкнуцца да папулярнасці’?), аднак пры гэтым узнікаюць пэўныя фармальныя цяжкасці. Параўн. з іншай суфіксацыяй ахлама́н ’неацёсаны, тупы чалавек’ (Цых.). Гл. Цыхун, БЛ, 8 (1975), 58–59.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Та́лька1 ’маток пражы або нітак рознай велічыні’ (ТСБМ), ’маток нітак для вышывання’ (лях., Янк. Мат.; кобр., Жыв. сл.), ’тонка спрадзеныя ніткі’ (Нас., Касп.; чэрв., Нар. лекс.), ’самая тонкая пража’ (ТС, ЛА, 4), ’танюсенькая нітка, што пралі ў часы прыгону для двара’ (Варл.), ’фабрычныя ніткі’ (Сл. ПЗБ, Шат.; ЛА, 4), ’патаўшчэнне і патанчэнне на нітцы’ (баран., пух., івац., ЛА, 4), ’маленькі маточак вышывальных нітак’ (лях., Янк. Мат.), ’няроўна спрадзеныя ніткі’ (Сл. ПЗБ, Жд. 1), ’стоненая частка ніткі’ (івац., Нар. сл.), ’матавіла’ (Жд. 1), ’кужэльнае палатно’ (бых., слаўг., мсцісл., краснап., узд., клец., ЛА, 4), ’маток з дваццаці пасмаў тонкіх нітак’ (Сл. ПЗБ), ’маток нітак пэўнай меры’ (Ласт., Стан.), сюды ж ста́лька ’тонкая пража’ (пін., ЛА, 4). Укр. та́лька ’маток пражы, нітак’, дыял. ’шэрая нітка, з якой вырабляюць невад’, рус. та́лька ’матавіла; 10 пучкоў пражы’, польск. talka, tala, tal(e)k ’маток пражы’, каш. tal ’тс’. Паводле Фалінскай (Бел.-польск. ізал., 138, 141), запазычана з ням. прус. Tall ’маток пражы’, што, мажліва, з с.-н.-ням. tallige ’мера льняной пражы’ < іт. taglia ’зарубка; падатак’ (Фасмер, 4, 16; Трубачоў, Ремесл. терм., 104). Памылкова Горбач (Зах.-пол. гов., 55) выводзіць з (мо)талька, відаць, ад мотатніматаць’.

Та́лька2 ’кароткая жаночая вопратка з саматканага сукна’ (Ян.). Гл. талік.

Та́лька3 ’зараснік вярбы размарыналістай’ (рэч., Расл. св.). Укр. тал, та́льник ’вярба, вербалоз’, рус. тач, тали́на, тальни́к ’вярба Salix arenaria’. Запазычанне з цюркскіх моў, параўн. тат., караім. tal ’вярба, вербалоз’ (Фасмер, 4, 14; ЕСУМ, 5, 506). З-за адзінкавай фіксацыі, відаць, запазычана праз украінскую або рускую мову. Спробы звязаць з талакнянка (гл.) у Штэйнгольд, Этимология–1994–1996, 139.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лайда́к ’гультай, лянівы, бяздзейны, лодар’, ’круцель, хітрун, шэльма’, ’п’яніца’ (Нас., ТСБМ, Касп., Мядзв., Сцяшк., Сл. паўн.-зах.), ’распусны, амаральны чалавек’ (КЭС, лаг.), лайда́чына ’гультай, гультайка’ (Сл. паўн.-зах.), лайдачы́на ’тс’, ’хлус’ (Шат.). Укр. ла́йдак, лайда́ка, лайдачи́на, рус. зах. прыбалт. лайда́к ’тс’, паўдн.-рус. ’нягоднік, хлус, гуляка’, зах.-бран. лайда́ка ’гультай’, польск. łajda, lajda, łajdak, łajdach, łajduś lajdus, łajduń, łajdemus, каш. lái̯dwk̑, lei̯dwk, łajdak ’падлюга, нягоднік, прахвост, паганец’, чэш. lajdák ’лодыр, нядбалы’, мар. lʼajda ’бадзяга’, славац. lajdák ’лайдак, неахайны’, славен. lȃjdǝr ’бадзяга’. Славянскае паходжанне (з ladaco, ladajakýМіклашыч, 162) адкідаецца Фасмерам (2, 450), які мяркуе (а ўслед за ім і Кюнэ, Poln., 73), што ва ўсх.-слав. мовы слова прыйшло з польск. łajdak, якое з н.-в.-ням. landern, с.-в.-ням. lendern ’бадзяцца’ (таксама і Бернекер, 1, 686). ESSJ SG (2, 408) дапускае ўзнікненне łajdak у выніку дээтымалагізацыі дэрыватаў слова ledajaký (з заменай l > ł). Праабражэнскі (430), Эндзелін (ЖСт, 3, 252), Карскі (Труды, 396) паводле дыфтонга ‑ай‑ бачаць крыніцу гэтай лексемы ў балт. мовах. Брукнер (305–306), Слаўскі (4, 435) мяркуюць, што ў польск. мове гэта запазычанне з чэш. мовы, а з польскай тэрыторыі слова пашыралася ў бел., рус., укр. і літ. мовы. Махэк₂ (318) прызнае за словам łajdák (якое з чэш. пашырылася і на славац. тэрыторыю, а адтуль — на вянг. гаворкі) першаснае значэнне з адценнем ’бяздзейнасці, маруднасці, неахайнасці, абыякавасці ў працы’, а ’бадзяцца’ — другасным, выводзячы лексему łajdák (а з яе пасля ўжо ўтварыліся дзеясловы lajdačiti, lʼajdat se і інш.) з прыметніка ledajaký. Як заўважае Трост (NR, 4, 1979, 224), змена ledajaký > lajdák з’яўляецца нечуванай з’явай, і сцвярджае, што ‑ak‑ славянскі суфікс, а чэш. lajda (lʼajda) паходзіць з lajdat, якое з landat, а апошняе (услед за Голубам–Копэчным, 198) — з ням. landern ’бадзяцца’. Аткупшчыкоў (Лекс. балтызмы, 35), Лаўчутэ (там жа. 22 і Лаўчутэ, Балтизмы, 16–18) вяртаюцца да версіі аб балт. паходжанні лексемы лайдак, супастаўляючы яе з літ. laidõkas, лат. laĩdaks ’распуснік, гультай, нягоднік, п’яніца’, ’цяльпук’, ’грубіян’, ’маральна заняпалы’, лат. laīda ’гультай, расслаблены, вялы’. На карысць балтыйскай крыніцы сведчаць як фанетычныя аргументы (дыфтонг ‑ай‑, старое чаргаванне літ. ‑аі‑ // лат. ‑ei‑, параўн. leidoks ’неахайны’, ’распуснік’), так і дастаткова вялікае гняздо роднасных слоў (літ. léistiматаць грошы’, ’хутка бегаць’, ’швэндацца’ — ітэратыў láidyti ’тс’, palaidū̃nas ’распуснік’, laidùs, лат. leĩdars ’мот, марнатравец’) і пашырэнне іх на асноўнай моўнай літ. і лат. тэрыторыях. Чэшскае і польскае словы з’явіліся вынікам кантамінацыі балт. (lajd‑) і ням. (land‑) асноў. Сюды ж лайдачыць ’гультаяваць, марнатравіць’ (Нас.), лайдачы ’лянівы’ (Сцяшк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)