Гульта́й ’гультай’ (БРС, Нас., Касп., Бяльк., Сцяшк., Жд. 1). Слова не вельмі яснага паходжання. Параўн. рус. гультяй, гультай ’тс’, укр. гультай, гільтай. Сабалеўскі (Slavia, 5, 448) выводзіў гэтыя словы з *гольтай. Фасмер (1, 473) звязваў гультай з гулять. Польск. hultaj, holtaj, паводле Слаўскага (1, 435–436), запазычана з укр., якое быццам паходзіць з даўняга *golьtajь *golьtjajь (так ужо ў Сабалеўскага), да *golъголы’. Адносна суфіксацыі і магчымых балтыйскіх уплываў параўн. Мартынаў, Лекс. балтызмы, 24. Паводле Трубачова (Эт. Сл., 7, 171), зыходным з’яўляецца назва дзеяча тыпу *gulʼajь (ад *gulʼati) з суфіксам ‑jь. Формы тыпу гульта́й другасныя (з эпентэтычным ‑t‑). Няпэўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

аго́лены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад агаліць.

2. у знач. прым. Без адзення; голы. Сумны, паніклы і ў той жа час суровы ў сваім маўчанні, з аголенай галавой,.. [вайсковец] доўга аглядаў запусцелае селішча. Ракітны. // Пазбаўлены покрыва. Аголенае карэнне дрэў. // Пазбаўлены верхняга слоя; бачны, не прыкрым. Аголеныя горныя пароды. // Пазбаўлены расліннасці (пра мясцовасць). Неба абложанае нізкімі хмарамі, здавалася, усё цяжэй навісла над аголенай зямлёй. Колас.

3. у знач. прым. Выняты з ножнаў. Казакі з аголенымі шаблямі, з гіканнем праімчаліся паўз яго [Юткевіча]. Мікуліч.

4. перан.; у знач. прым. Відавочны па сваёй сутнасці, непрыкрыты. Аголены цынізм. Аголеная праўда.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Гале́тнік ’бядняк’ (БРС, Касп., Нас.). Ад прыметніка *golъголы; бедны’ ў слав. мовах утвараецца шмат назоўнікаў з рознымі суфіксамі, у тым ліку з суф. *‑eta (паралельная фармацыя, быццам з апафоніяй, да ‑ota). Адсюль шырока вядомае слав. *golota і менш пашыранае *goleta. Гэта апошняе мы знаходзім, напр., у бел. галіта́ ’беднасць’ (у Нас. голита́) < *gol‑eta. Адсюль пры дапамозе суф. ‑нік утворана гале́тнік (або з суфіксам ‑ік ад прыметніка *gol‑et‑ьnъ). Суфікс *‑eta з элементам ‑j‑ (*‑et‑ja) дае пачатак новаму фарманту — *‑eč‑a (усх.-слав.). Параўн. бел. гале́ча ’беднасць’ (Касп.), укр. голе́ча ’галота, беднякі’ (у рус. мове голе́ча мае больш абстрактнае значэнне ’галалёдзіца’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гана́плечка ’кароткая кашуля са складкамі каля каўняра’ (Шат.), ганапле́чка ’мужчынская кашуля са складкамі каля каўняра’ (Жд. 1). Гэта — складанае слова. Другая яго частка да плячо, а аб першай (гана‑) можна меркаваць толькі параўноўваючы лексему гана́пле́чка з другой, паходжанне якой зусім празрыстае. Гл. у Бялькевіча: галаплёка (гылаплёка) ’падбіўка ў верхняй кашулі або сукенцы’, галаплёчка (гылаплёчка) ’кашуля з галаплёкай, падбіўкай’. Этымалогія гэтых апошніх слоў вельмі простая: *golo‑pleka, *golo‑plečьka да *golъголы’ і *plek‑ ’плячо’. Што датычыцца ганаплечкі, то гэта слова ўзнікла пры дысіміляцыі плаўных л — л > н — л. Адносна *plek‑ параўн. утварэнне з гэтай асновай у рус. мове: подоплека унутраны сэнс’ (спачатку падбіўка сялянскай кашулі’; гл. Фасмер, 3, 299).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ма́ці, РДМ маці і мацеры, В маці і мацеру, Т маці і мацерай, ж.

1. Жанчына ў адносінах да народжаныя ёю дзяцей. Маці Міхасёва, Ганна Навумаўна, працавала на ферме даяркай. Якімовіч.

2. (звычайна ў прыдатку). Аб тым, што з’яўляецца самым родным і блізкім. Зямля-маці. □ Цябе не любіць немагчыма, Ты ў радасці, ў горы — свая, Вялікая маці-Радзіма, — Цудоўная песня мая. Хведаровіч.

•••

Маці-адзіночка — жанчына, якая ўтрымлівае самастойна пазашлюбнае дзіця і мае права на дзяржаўную дапамогу.

Маці-гераіня — ганаровае званне, якое прысвойваецца ў СССР жанчыне-маці, што нарадзіла і выхавала не менш дзесяці дзяцей; жанчына, якая мае гэта званне.

Гадзіцца ў маці гл. гадзіцца ​1.

У чым маці нарадзіла — зусім голы, без ніякага адзення.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Галамо́ўза ’бязрогая скаціна’, ’плюгавы чалавек’ (БРС), ’нікчэмны чалавек’ (Сцяшк. МГ). Сюды і галамоўзы ’бязвусы, без барады’ (Шатал.). Гэта слова дакладна адпавядае рус. дыял. голомо́лза ’балбатун, пустамеля; нерастаропны чалавек, разіня.’ Фасмер (1, 430) мяркуе, што першапачатковае значэнне ’даіць упустую’, і лічыць, што слова складаецца з гол‑ (’голы’) і молз‑, якое адпавядае ст.-слав. мльзѫ млѣсти ’даіць’ (параўн. і molozivo). Магчыма, што гэта так. Заўважым, што на ўсх.-слав. тэрыторыі ёсць сляды дзеяслова *mьlz‑ ’даіць’. Параўн. палес. мо́ўзать ’кусаць без зубоў, дзяснамі (пра дзіця, сысуна)’ (Ніканчук, Бел.-укр. ізал., 61). Але галамо́ўзы ’бязвусы, без барады’, здаецца, не сюды. Параўн. рус. дыял. голомо́зый ’лысы’, голомы́сый ’тс’, голомы́зый ’безбароды; без лісцяў (аб дрэвах)’, укр. голомо́зий ’лысы’, ми́дза, бел. мы́са ’морда’. Тут адбылася кантамінацыя слоў моўза і мы́са.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

абле́зці, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; зак.

Разм.

1. Страціць валасы, поўсць, пер’е. Аблез [Ігнат].., чэрап свеціцца голы. Мележ. // Выпасці, вылезці (пра валасы, поўсць). — Адна [жонка] свайму ж гаспадару чыгун кіпню на галаву выліла. Добра, што вада ўжо трохі выйшла парай, дык валасы ў чалавека аблезлі, скура за вушамі спяклася, а сам жыў астаўся. Кулакоўскі.

2. Страціць першапачатковую афарбоўку, выліняць, выцвісці. [Млынар Шэлегу:] — Калі можна, дарагі, то я яшчэ пару баначак фарбы прыхвачу. Аканіцы зусім аблезлі. Навуменка.

3. Змяніць скуру, абгарэўшы на сонцы. [Стафанковіч:] — Гэта ж трэба мець нечалавечую галаву, каб выседзець у гэтакай пякельнай моцы, як у яго там скура, разам з валасамі, не аблезе?.. Чорны.

4. Страціць верхні слой; аблупіцца; выцерціся. Бур’ян быў і на самім папялішчы — зялёны, густы, ён падыходзіў аж да печы, якая аблезла, завалілася ад дажджоў і снегу зусім. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ры́зыка, ‑і, ДМ ‑зыцы, ж.

1. Магчымая небяспека, пагроза чаму‑н. З вялікай рызыкай друкавалі часамі .. патрыёты антыфашысцкія лістоўкі, якія потым распаўсюджваліся па горадзе. Няхай. — Здаецца, пара зразумець табе, дзяўчына, што ў нас на кожным кроку рызыка. Машара. — Задумана смела, я сказаў бы, занадта смела, — Кіеня гаварыў нібы сам з сабой, — але і рызыка вялікая. Шыцік.

2. Дзеянне наўдачу ў якой‑н. справе з надзеяй на шчаслівы канец. [Камандзір:] — Без рызыкі на вайне не бывае. Якімовіч. Гэта была рызыка, але ці ж разумная, рызыка з добрым гаспадарчыя разлікам — добрая справа. Краўчанка. — Як можна без разумнай рызыкі? — пытаўся Кавалеўскі, беручы Максіма Сцяпанавіча пад руку і крыху заходзячы наперад. Карпаў.

3. Абл. Ганарлівасць, фанабэрыстасць. Голы, як бізун [Лявон], а рызыкі столькі, што носа не дастанеш. Чарнышэвіч.

•••

На сваю рызыку (страх) — на сваю адказнасць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Га́лька1 ’галька’ (БРС). Шанскі (1, Г, 22–23) лічыць гэту лексему ўсх.-слав. (параўн. рус. га́лька, укр. га́лька). Фасмер (1, 390) таксама адносіць гэта слова да славянскага па паходжанню (адхіляючы думку, паводле якой гэта запазычанне з комі galʼa ’каменьчык, галька’). Фасмер (там жа) (за ім і Шанскі, там жа) думае пра роднаснасць з *golъголы’ (як семантычную паралель, параўн. рус. голы́ш ’маленькі круглы каменьчык’).

Га́лька2 ’сподняя спадніца’ (Шатал.), ’сподняя спадніца з карункамі або вышытая ўнізе; нацельная трыкатажная кашуля жанчыны’ (Жд., Сцяц. Словаўтв.), ’сподняя спадніца’ (Сцяшк. МГ). Запазычанне з польск. halka ’спадніца’. Паходжанне польск. слова не вельмі яснае. Магчыма, запазычанне з усх. моў. Агляд версій гл. Брукнер, 167–168; Слаўскі, 1, 395; параўноўваюць з тур. chali ’дыван’ (так Бернекер. 384; Брукнер, 168). Для надзейнай рэканструкцыі гісторыі слова не хапае надзейных даных. Аб слове галька ў бел. мове гл. падрабязны агляд Сцяц. Нар., 100–101.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

убіра́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да убрацца (у 1 знач.).

2. Незак. да увабрацца.

3. Зал. да убіраць.

•••

Убірацца ў сілу — а) падрастаць, мужнець; б) разжывацца, мацнець матэрыяльна. Калгас убіраўся ў сілу; в) умацоўвацца арганізацыйна, развівацца. То быў час, калі маладое савецкае жыццё сталела, убіралася ў сілу. М. Ткачоў; г) расці, умацоўвацца (пра расліннасць). Не пусцее за кручай дзялянка, Убіраюцца ў сілу дудкі. Свірка; д) узнімацца (пра сонца), пачынацца, наставаць (пра пару года, дня і пад.). Сонца яшчэ толькі ўбіралася ў сілу, але расы ўжо не было. Беразняк. Аднак праходзіў час, летняя духмяная раніца ўбіралася ў сілу, а на дарогах было ціха. Кулакоўскі. А восень усё больш убіралася ў сілу. Ужо ўвесь лес быў голы. Лупсякоў.

Убірацца ў тогу каго-чаго — спрабаваць выдаць сябе за каго‑н. або заваяваць сабе якую‑н. рэпутацыю, не маючы на гэта дастатковых падстаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)