Жыгу́н ’няўрымслівы, неспакойны чалавек’ (маладз., Янк. Мат., 98). Параўн. рус. дыял. смал. жыгу́н ’гарэза, свавольнік’, перм. ’насякомае, якое джаліць’, тул. дыял. ’бізун’ > назвы розных раслін, укр. джигун ’вісус, залётнік’, ’гатунак ежы на квасе’. Ад дзеяслова жыг‑а‑ць ’бліскаць’ з суфіксам ‑ун (як вяртун, кульгун). Іншае тлумачэнне (Лаўчутэ, Baltistica, VI (2), 199) з літ. žygūnas ’веставы, хадок’ выклікае сумненні. Звычайна літ. аддзеяслоўныя назоўнікі на ‑unas, вядомыя літ. мове, а не дыялектам, маюць негатыўную афарбоўку, у дыялектах суфікс ‑unas амаль не выкарыстоўваецца, што дае падставу лічыць многія літ. словы на ‑ūnas слав. запазычаннямі (Атрэмбскі, Gramatyka, II, 208; Мартынаў, Дерив., 38). Апрача таго, сема хуткасці лягчэй тлумачыць развіццё значэння ’няўрымслівасці’, чым значэнне ’хадака, веставога’ (хаця і апошняе не выключаецца), а слова жыгун не стаіць асобна ў бел. мове, а мае шэраг паралелей: жыг, жыга, жэг.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
◎ Калыглу́з ’балаваны хлопец, свавольнік’ (Бяльк.), ’расхлябаны чалавек’ (Жд. 2), калыглас ’гарэза, вісус’ (Касп.); Насовічам адзначана форма колыглаз з яўнай народнай этымалагізацыяй, параўн. ілюстрацыю: «У гстого колыглаза по коллю вопи ходзюць», параўн. яшчэ смал. колыглаз: «Что с ним поделаешь — он такой колыглаз — ему хоть глаз коли!» (СПНГ, 14, 207). Цыхун (Бел.-польск. ізал., 149) прыводзіць форму калыгвуз, мяркуючы аб сувязі бел. лексемы і польск. kalauz ’вядучы, завадзіла’ ў тым плане, што крыніца запазычання лексем была аднолькавай. Слаўскі не разглядае гэтай лексемы, няма яе і ў слоўніку Карловіча, а Варшаўскі слоўнік разглядае як запазычанае з тур. kelaguz, kelavuz і да т. п. ’камандзір, правадыр’. Геаграфія бел. слова сведчыць хутчэй аб запазычанні з польск. перыферыйнага дыялекту, а не з турэцкай мовы непасрэдна, апрача таго, неабходна лічыцца з уласна беларускай гісторыяй слова (гл. вышэй заўвагу адносна народнай этымалогіі).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кло́пат 1 ’неспакойная думка пра што-небудзь’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Сержп. Грам., Гарэц., Сцяшк., КЭС, лаг., Ян.). Гл. клапаціцца. Насуперак Кюнэ (Poln. 64) не з’яўляецца пранікненнем з польск. kłopot.
Кло́пат 2 ’квактанне’ (Сл. паўн.-зах., Яруш.). Утварэнне на ‑otъ ад гукапераймальнага дзеяслова. Гл. клопалка.
Клопат 3 ’у жорнах дошчачка ад жалабка, якая прыціскаецца да чатырохграннай часткі корбы і пры вярчэнні механічна рэгулюе перадачу зерня на камень’ (Нар. словатв., Выг., Кліх, Дразд.). Укр. клопіт ’тс’, польск. kłopot ’тс’. Да прасл. klopotъ ’стук, шум’, але ў значэнні ’частка жорнаў’ толькі польскае, беларускае і ўкраінскае. Паколькі рускія дыялекты (апрача заходніх) практычна не ведаюць гэтага слова, можна меркаваць аб тым, што яно ўзнікла як тэхнічны тэрмін на польскай моўнай глебе і адтуль распаўсюдзілася на беларускі і ўкраінскі арэалы (Смулкова, Бел.-польск. ізал., 117).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кіёўка 1 ’рагоз шыракалісты, Typha latifolia L.’ (Кіс., Янк. Мат., Сл. паўн.-зах.). Да кій (гл.). Суфіксацыя на ‑ёўка для назваў раслін. Параўн. смалёўка (Сцяцко, Афікс. наз., 170).
Кіёўка 2 ’падвей’ (Касп.). Параўн. кіёўка 1 (гл.). Як паказвае заходняя (гродз.) назва рагозу пухоўка, падвей атрымаў сваю назву паводле той жа характэрнай рысы. Параўн. рус. пушица ’падвей, Eriophorum latifolium L.’ (Кіс., 50).
Кіёўка 3 ’катах’ (Мат. Гом.), ’чорны катах рагозу’ (Жыв. сл., Нар. сл.), ’галоўка чароту’ (Жд. 3). Параўн. кіёўка 1 (гл.).
Кіёўка 4 ’пачатак кукурузы’ (Янк. Мат., Шатал.), ’кукуруза, Zea Mays L.’ (Дэмб. 1). Назва кіёўка была перанесена на пачатак кукурузы па аналогіі з кіёўка 3 ’катах’. Аб гэтым, апрача разважанняў агульнага характару, сведчыць такая форма Pluralia tantum, як кіёўкі (гл.). Апошняя ўзнікла як прамежкавая паміж кіёўка і кійкі ’кукуруза’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Апле́нь, опле́нь м. і ж. р., оплени, опленка, плень, воплень, оплин ’частка воза’, якая стаіць на восях і на якую ставіцца драбіна, выкарыстоўваецца як паваротны механізм; частка паміж дзвюма палавінамі санак’ (Маслен.). Рус. дыял. оплени, аплени ’?’ укр. оплін, оплінь, опління, оплені, оплена; у Жэляхоўскага апрача значэння оплін ’падушка ў возе’ даецца ’падушка на канапе’. Славац. oplen ’частка воза (і вагона)’, чэш. oplín, серб.-харв. о̀плен, славен. oplèn ’частка воза’ (дыял. óplen), балг. дыял. опле́н ’тс’; параўн. польск. дыял. oklenie ’пэўная частка саней’. Праславянскае слова няяснага ўтварэння. Махэк₂ (416) рэканструюе праслав. *oplěmnъ і параўноўвае з грэчаскай назвай часткі кола πλήμνη, функциональна падобнай да апленя. Магчыма, трэба параўнаць з *oblъ, ад якога чэш. oblina ’круглая частка чагосьці’. Іншая версія: *oplenъ < *o‑plet‑nъ (Трубачоў, пісьм. паведамл.). Гл. яшчэ запазычанае з славянскага (MESz, 1, 777) вянг. eplény з блізкім да славянскага значэннем.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
інструме́нт, ‑а і ‑у, М ‑нце, м.
1. ‑а. Усякая прылада для выканання якой‑н. работы. Шыла — шавецкі інструмент. Медыцынскія інструменты. □ Пад паветкай стаялі канапка, варштат, ляжалі акуратна складзеныя габляваныя дошкі і на сцяне віселі розныя сталярскія інструменты: пілкі, гэблі, цыркулі, стамескі. Шамякін.
2. ‑у; зб. Сукупнасць прылад для якой‑н. работы; начынне (у 1 знач.). Перш-наперш.. [Маня] вельмі ж актыўна перакапала шуфляду, дзе хаваўся бацькаў хатні інструмент. Якімовіч. — Не забывайся, што, апрача дваццаці пальцаў, у нас ніякага інструменту няма, — заўважыў Мірон. Маўр.
3. ‑а; перан.; чаго. Сродак для дасягнення чаго‑н. Талент — гэта толькі інструмент, які дорыць чалавеку прырода. Адамовіч. Армія.. заставалася паслухмяным інструментам у руках рэакцыйнага генералітэту і Стаўкі. «Полымя».
4. ‑а. Тое, што і музычны інструмент. Вочы.. [Чарноцкага] ўпалі на піяніна, ён падыходзіць да інструмента, адкрывае, задуменна стукае пальцамі па клавіятуры, бярэ акорд. Чорны.
•••
Музычны інструмент — апарат, які служыць для стварэння музычных гукаў пэўнага тэмбру.
Шанцавы інструмент (ваен.) — набор інструментаў для акопвання: лапата, кірка, тапор і пад.
[Лац. instrumentum.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тра́пны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае здольнасць беспамылкова пападаць у цэль. Леанід Васільевіч, трапны стралец і нястомны хадок, ідзе далей па падсохламу балоту, уважліва разглядаючы сляды. В. Вольскі. // Накіраваны ў цэль. Другі раз .. [Яська] цэліўся нядоўга, і зноў стрэл быў трапны, бо газ таксама саскочыў з цвіка. Хомчанка. // Які без промаху пападае ў цэль (пра зброю, снарад і пад.). Ад трапнай ад снайперскай кулі тваёй Палезла нямала фашыстаў крывавых. Астрэйка. Ад трапных гранат уздрыгваюць земляныя каптуры бункераў. Брыль.
2. перан. Які дакладна і правільна падмячае, схоплівае што‑н. [Рэферэнт:] — Нават у дурняў бываюць трапныя думкі, апрача «жалезнай логікі». Машара. // Які дакладна і востра выражае, перадае асноўную сутнасць з’явы і пад. Гэты дзядзька ўмеў стаць на роўную нагу з Панасам, умеў сказаць трапны жарт і развесяліць хлопца. Колас. Адзін з першых крытыкаў і даследчыкаў нашай літаратуры Максім Багдановіч .. зрабіў вельмі трапнае назіранне, што «па-першае, гэта белетрыстыка ідзе ў народ і, па-другое, што яна ідзе з народа». С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хвалі́цца, хвалюся, хвалішся, хваліцца; незак.
Расхвальваць што‑н. сваё, свае поспехі, заслугі і пад. Хваліцца сілай. □ — Вось гэта ў мяне сёлета добра ўрадзіла! — хваліўся гаспадар, паказваючы на канюшыну. Бядуля. [Сонька] ўсім хваліцца, што кучаравая ад роду, але мы ведаем, што без гарачага цвіка тут не абыходзіцца. Сяркоў. Дык вось кінь, Ілья, хваліцца Сваім громам, бліскавіцай: Твая тэхніка — старая, У архіў даўно пара ёй. Крапіва. // З пахвальбой расказваць пра свае ўчынкі, дасягненні і пад. Бацька, захмялелы, хваліўся за сталом, што ён зарабіў не блага і надумаў набыць машыну-воўначасалку. Кухараў. Адразу ж пачала [імянінніца] хваліцца: — А ў нас сёння смачны-смачны пірог быў, з варэннем. Юрэвіч. // З выхваляннем абяцаць зрабіць што‑н. Польскі хлопец Янэк хваліўся сваёй маме, што ён наловіць многа рыбы. Брыль. [Хлапчукі:] — А яшчэ хваліўся — любога на лапаткі палажу! Рунец. // Расказваць, паведамляць пра што‑н. Лясніцкі.. звярнуўся да Тацяны: — Хваліцеся ж, Тацяна Карпаўна, вашымі поспехамі ў санітарнай справе. Шамякін. Пра гэтае месца мы нікому з рыбакоў не хваліліся, бо, апрача ўсяго, там лепш чым дзе бярэцца рыба. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Ады́стар ’сапраўдны’ (адыстар бацька) (Нас., БРС, Кольб., Бір. дыс., Гарэц.), азістар ’тс’ (палес., Вярэніч, вусн. паведамл.), адыхтар ’тс’ (Шат.). Паводле Насовіча, з лац. adinstar (Нас., 3). Існуе магчымасць іншай, хоць менш верагоднай версіі. Апрача адыстар (а гэтай форма старэйшая за адыхтар, бо сустракаецца на краях беларускай моўнай тэрыторыі ад Магілёўшчыны да Беласточчыны), у Прыпяцім Палессі (цэнтральная і заходняя частка) знаходзім азістар і зістар у тым жа дакладна значэнні. Да гэтай формы добра пасуе славен. zister ’сапраўдны’, якое не абавязкова зводзіць да za‑iste‑že. Параўн. яшчэ ст.-польск. ister, славац. isterny. Усе гэтыя лексемы ўзыходзяць да вельмі старажытных прыметнікаў на ‑r (гл. Мейе, Общеслав., 243) ад istъ ’сапраўдны’ (рус. истинный). Параўн. яшчэ ўсходнепалескае стотны бацька (< істотны сапраўдны’). Усе прыметнікі маюць значэнні сапраўдны’, ’таго ж рода’, асабліва адносна сына і бацькі. Тады адыстар < *ад‑іст‑ер (< od‑ist‑erъ). Копечны (пісьм. паведамл.) звязвае адыстар/адыхтар з славац. chťa/sťa ’як’ (< xъtěti).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Зубе́ль, зубля́, зу́блэнь, зубы́ло ’яловае галлё ці рыззё на палцы для падкурвання пчол’ (Анох.), зубе́ль, зу́бяль ’дымар для падкурвання пчол’ (чачэр., Жыв. сл.; рагач., З нар. сл.). Славен. zúbelj ’полымя’, zúblja ’факел’, серб.-харв. зу̏бља ’тс’. Міклашыч (404) звязваў з літ. žiburỹs ’святло, полымя’ (якое звязана з žibė́ti ’блішчаць, прамянець’, на што ўказаў Безлай (IX seminar slovenskega jezika…, 1973, 12). Фрэнкель (1304), аднак, іх не спалучае, а этымалогію літ. слова лічыць няяснай). Скок (3, 664) параўноўвае са ст.-ісл. kafli ’палена’, ням. Kabel ’падрыхтаванае дрэва’ і ўзводзіць да і.-е. *gʼebh‑ ’кавалак дрэва’ (Покарны, 1, 353, без слав. прыкладаў). Але слав. і балт. вакалізм у гэтым выпадку не тлумачыцца; спасылка на варыянт *gʼombh‑, апрача гіпатэтычнасці такой сувязі, не тлумачыць славен. ‑u‑ (замест чаканага ‑o‑). Безлай рэканструюе для балт. *gʼōibh‑ (зыходзячы з формы, дадзенай Міклашычам, žiuburỹs), а для слав. *gʼoubh‑; такой формы Покарны не дае. І.‑е. праформа патрабуе далейшага вывучэння. Супрун, Полесье и этногенез славян, 1983, 61.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)