пафарсі́ць, ‑ршу, ‑рсіш, ‑рсіць; зак.

Фарсіць некаторы час. [Тамаш:] — Чаму яна босая ходзіць?.. Каб чаравік[аў] у гразь не запэцкаць. А падыдзе пад мястэчка.., абуе чаравікі і пафарсіць па мястэчку. Чорны. // Пахваліцца, выстаўляючы што‑н. напаказ. Пан Вашамірскі захацеў пафарсіць перад госцем, ляснуў па баках жарабца канчуком і панёсся, як вецер. Бядуля. Учора было позна, і Кастусь не паспеў нагуляцца з ёю і пафарсіць, і маці адабрала планшэтку і схавала ў куфар, а яго пратурыла спаць. Кудравец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прада́ць, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасце, ‑дадуць; пр. прадаў, ‑дала, ‑дало; заг. прадай; зак., каго-што.

1. Аддаць за пэўную плату. [Гарасім] хацеў прадаць зямлю, а грошы раздаць бедным. Чарнышэвіч.

2. Выдаць каго‑н., здрадзіць каму‑, чаму‑н. Не прадам свой народ я ніколі, Беларусь у баях адстаю. Астрэйка. [Ткачук:] — І знаеш, думаў я, думаў і надумаўся схадзіць усё ж уначы да Мароза. Няўжо, думаю, ён прадасць мяне? Быкаў.

•••

Спаць як пшаніцу прадаўшы гл. спаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераключы́ць, ‑ключу, ‑ключыш, ‑ключыць; зак., што.

1. Адключыўшы ад якой‑н. сістэмы адны элементы, апараты, уключыць другія. Наўроцкі пераключыў хуткасць. Машына рванулася наперад. Чарнышэвіч. // Змяніць напрамак (патоку электрычнай энергіі, вадкасці, газу і пад.).

2. Перавесці на іншы від працы, выкарыстаць іначай. Пераключыць цэх на іншую вытворчасць. Пераключыць лабараторыю на іншую тэматыку.

3. перан. Падаць іншы папрамак чаму‑н. (размове, думкам і пад.). Пераключыць гутарку на іншую тэму. Пераключыць сваю ўвагу на іншы прадмет.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перапыні́ць, ‑пыню, ‑пыніш, ‑пыніць; зак., каго-што.

1. Спыніць або прыпыніць якое‑н. дзеянне, развіццё чаго‑н.; перашкодзіць чаму‑н. Настаўнік геаграфіі перапыніў расказ, падышоў да стала. Гамолка. Відаць, дождж перапыніў уборку: у далечыні.. нерухома стаяў камбайн. Шамякін. // Перабіць (размову, гутарку). Перапыніць апавядальніка. Перапыніць на слове.

2. Спыніць, затрымаць у час руху. [Паліна] яшчэ раз працягнула руку да бутэлькі, але.. [немец] перапыніў: — Чакай... Новікаў. Каля Дзвюх Хат іх перапыніў патруль і сказаў зайсці ў кавалёву хату. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

важда́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. Доўга займацца якой‑н. справай; корпацца. Косця кінуў важдацца каля сваёй разбітай гарматы і заспяшаўся наперад — камбат паслаў яго даганяць батарэю. Карпюк. Адной рукой.. [Вялічка] доўга важдаўся з жытнім коласам, пакуль дастаў з яго некалькі зярнят. Чорны. // Многа часу аддаваць каму‑, чаму‑н. Столькі.. [хлопцы] важдаліся з.. [Славікам], столькі даравалі ўсяго, а ён вунь якой думкі пра брыгаду. Шамякін. [Герасім:] — Не прывык, ды і не ўмею я з паперкамі важдацца... Жычка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кірава́цца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; незак.

1. чым. Накіроўваць сваю дзейнасць, дзейнічаць адпаведна чаму‑н., у залежнасці ад чаго‑н. Кіравацца вучэннем марксізма-ленінізма. □ У краіне, якая кіруецца перадавымі ідэямі, літаратура павінна быць лепшай літаратурай у свеце. Купала.

2. Разм. Трымаць кірунак, рухацца куды‑н. — А вы кіруйцеся на Петрыкаў, і так во лясамі, — сказаў гаспадар. Лупсякоў. Кірмаш, куды кіраваўся Сцёпка, знаходзіўся на плошчы. Хомчанка.

3. Зал. да кіраваць (у 1, 2, 4 і 5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

галёкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Гучна крычаць, звычайна пераклікаючыся ў лесе; гойкаць. Чаму ён, Суконка, павінен хавацца ад тых, з кім некалі разам бегаў у гэты лес, свістаў і галёкаў на ўсё горла? Паслядовіч. Галёкалі, крычалі на ваўка Начлежнікі. Танк. // Шумна размаўляць, галасіста спяваць і пад. Госці галёкалі ў паўтара дзесяткі горлаў так, што ў Сімона зазвінела ў вушах. Самуйлёнак. Не зважаючы на стомленасць, дзяўчаты і хлопцы галёкалі на ўсё балота песні. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заснава́ць 1, ‑сную, ‑снуеш, ‑снуе; ‑снуём, ‑снуяце; зак., што.

1. Пакласці пачатак чаму‑н., стварыць што‑н. Заснаваць таварыства. Заснаваць калгас. □ Рэспубліку шчасця народ заснаваў, Аб шчасці здабытым народ заспяваў. Чарнушэвіч.

2. на чым. Зрабіць на аснове чаго‑н., пакласці ў аснову што‑н. Заснаваць планы на разліках.

3. Пакрыць, зацягнуць якую‑н. паверхню чым‑н., плетучы, снуючы. Нейкі вялікі павук заснаваў акно. Баранавых.

заснава́ць 2, ‑сную, ‑снуеш, ‑снуе; ‑снуём, ‑снуяце; зак.

Пачаць снаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скача́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Надаць круглую форму чаму‑н.; зляпіць, зрабіць з чаго‑н. што‑н. круглае. Скачаць сцежку. □ Скачаў Валька першы ком і добра-такі запыхкаўся. Курто. Калі шэрсць паліваць патрошку цёплаю вадою, качаць у руках, то і скачаеш мячык. Місько.

2. Качаючы, скруціць у трубку, валік і пад. Скачаць дыван у трубку.

3. Разм. Качаючыся, прыціснуць да зямлі, змяць (траву і пад.). Коні скачалі траву на лузе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спарадзі́ць, ‑раджу, ‑родзіш, ‑родзіць; зак., каго-што.

1. Нарадзіць на свет падобнага да сябе. [Наста:] Сыне мой, На гора спарадзіла я цябе. Глебка. Спарадзіла чачотачка с[ямё]ра дачок, Спарадзіла невялічка с[ямё]ра малых. Купала.

2. Даць жыццё, існаванне чаму‑н., з’явіцца прычынай узнікнення чаго‑н. Пераход ад эпохі змагання і бітваў да штодзённай працы, па сутнасці, пераход у новы стан спарадзіў праблемы глыбокага ўнутранага характару. «Маладосць». Маштабна-рамантычнае адчуванне зямлі спарадзіла ў А. Куляшова шмат вобразаў. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)