вы́гараць 1, ‑рыць; зак.
1. Згарэць поўнасцю, да канца. Выгаралі дровы ў печы. Выгарала газа ў лямпе. □ Тры гады назад выгаралі Мікуцічы, і тады дзядзька Марцін надумаўся пабудавацца тут, дзе было прастарней і спакайней. Колас. // Пасохнуць, загінуць ад спёкі. Пасека аж белая ад іх, нібы гэта не сіўцы, а ржышча выгарала, адлежалася пад сонцам, вымакла, як каноплі ў вадзе, а цяпер зноў узнялося шчоткай. Пташнікаў.
2. Выліняць, страціць натуральны колер пад уздзеяннем сонца. Валасы.. [хлапчуковы] белыя.. выгаралі на сонцы і сталі рыжаватымі. Чарнышэвіч.
вы́гараць 2, ‑рыць; зак.
Разм. Станоўча вырашыцца, удацца. [Аканом] крычаў, але разумеў, што справа яго не выгарала, што не прымусіць ён ні парабчанак, ні парабкоў рабіць за дваіх. Чарнышэвіч.
выгара́ць 1, ‑а́е.
Незак. да вы́гараць 1.
выгара́ць 2, ‑ае.
Незак. да вы́гараць 2.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пузы́р, ‑а, м.
1. Напоўнены паветрам або газам шарык, які ўтвараецца ў вадкасці або ў вадкай масе. Пузыры ў шкле. Пузыры ў цвеце. □ На месцы.. [варонак] б’е з-пад нізу вада,.. бугрыцца і так жа раптам знікае, пакінуўшы на паверхні празрыстыя пузыры, якія ледзь паспяваюць за быстрынёй. Лынькоў.
2. Балючае ўздуцце скуры (ад апёку, трэння і пад.), пустое або напоўненае вадкасцю; пухір. Далоні, нацёртыя тронкам, зачырванеліся, на іх выскачылі вадзяныя пузыры. Васілевіч.
3. Мяшок, шар у целе жывёлы або чалавека, які звычайна змяшчае ў сабе якую‑н. вадкасць. Мачавы пузыр. Плавальны пузыр. Жоўцевы пузыр.
4. Гумавы мяшок, напоўнены лёдам, халоднай або гарачай вадой, які прымяняецца з лекавымі мэтамі. Люба ўсміхнулася зноў-такі з іроніяй і паправіла пузыр з лёдам на галаве хворага. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скалану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
1. Задрыжаць, затрэсціся; страсянуцца, здрыгануцца. Калі [Труцікаў] садзіўся на выгнуты камель, бярозка яшчэ больш скаланулася, і лістоў апала ўжо многа. Кулакоўскі. І машына коціць па.. [дарозе] мякка, бясшумна, не скаланецца, не кінецца ўбок, не зарыпіць. Лынькоў. Будынкі зноў скалануліся, захісталіся ад блізкіх выбухаў. Быкаў. Зямля скаланулася. Гэта Таня ўзарвала шнурам міну. Новікаў. // перан. Ускалыхнуцца, ажывіцца. [Максім:] — Скаланулася сонная каламуць мужыцкіх дум. Машара.
2. Міжволі зрабіць рэзкі, сутаргавы рух; уздрыгнуць. Хацеў распранацца [Міця], але, убачыўшы ля печы белую постаць, скалануўся. Навуменка. [Грыша] ўспомніў, як плёхаўся па гразі, і аж скалануўся ўвесь. Пальчэўскі. Мокры да касцей Сымон, выйшаўшы з цёплага памяшкання, скалануўся, агорнуты халодным паветрам. Чарнышэвіч. // Моцна захвалявацца, затрапятаць. У Ксавэра Блецькі скаланулася душа: як усё павярнулася на свеце. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скла́дчына, ‑ы, ж.
Унясенне грошай, прадуктаў і пад. удзельнікамі якой‑н. агульнай справы, а таксама грошы, прадукты і пад., сабраныя такім чынам. На шафе пастукваў будзільнік, што купілі ў складчыну. Даніленка. Праз агароджу, якая ставілася ў складчыну ўсімі гаспадарамі, каб не псаваць выгляду, [дом] пазіраў на вуліцу дзевяццю аднолькавымі вокнамі і гэтым быў падобны на звычайны барак. Ракітны. Калі каго-небудзь пазбаўлялі стыпендыі, усе класы рабілі складчыну і давалі яму неабходныя грошы да таго часу, пакуль ён зноў яе не атрымліваў. Сяргейчык. // Вечарынка, бяседа, якія робяцца на сабраныя такім чынам грошы, прадукты і пад. [Юрка] прымаў удзел у складчынах і, падпіўшы, танцаваў, пакуль хапала сілы. Карпаў. Мачыха гэтак разлютавалася, што нават думаць нельга было, каб папрасіць у яе чаго .. на тую складчыну. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скрыві́цца, скрыўлюся, скрывішся, скрывіцца; зак.
1. Зрабіцца крывым, няроўным; перакрывіцца, выгнуцца. [Лявон:] — Полаз у санак скрывіўся. Жычка. На вуліцы жоўты пясок, Скрывілася хата набок, Яе кулямётныя кулі Навылет, як ветрам, прадзьмулі. Астрэйка. Прыплёўся .. [сабака] з лесу галодны, хворы, з абмарожанымі пярэднімі нагамі, якія пасля скрывіліся так, што было смешна і балюча глядзець, як бяжыць гэтае сабачаня. Ваданосаў. Скрывіўшыся ў сядле,.. [коннік] кінуў каманду назад: — А ну, падцягніся! Лынькоў.
2. Разм. Зрабіць грымасу, міну, якая выказвае незадавальненне, пагарду, боль і інш. — Я нікому не казаў, — закрычаў Міхалка і ад болю ў плячы скрывіўся. Чорны. [Алесь:] — Яшчэ і мой Андрэй напэўна скрывіцца, як даведаецца, што бацька ў сорак пяць гадоў надумаўся ажаніцца. Васілевіч. Бародка зноў спыніўся каля ложка, і твар яго так скрывіўся ад болю і злосці, што Марына спалохалася. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скры́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Прадмет, які складаецца з чатырох сценак і днішча, зробленых з дошак, фанеры, металу і інш. (звычайна з вечкам), і служыць для захоўвання, укладвання і пераносу чаго‑н. Грузавік быў нагружаны бочкамі, скрынкамі, рагожнымі кулямі. Хадкевіч. Знайшоўшы ў скрынцы стала кавалак хлеба, падаў усё гэта [ваду і хлеб] матцы. Якімовіч. [Павел:] — Я знайшоў у возеры жалезную скрынку. Там грошы... Ваданосаў. Старанна ў скрынкі Іх [дубкі] зноў пасадзілі, Вадой палілі І ад спёкі прыкрылі. Нядзведскі. // Такі ж прадмет, прызначаны для якой‑н. пэўнай мэты. Грашовая скрынка. Снарадная скрынка. □ Самае лепшае — не пасылаць пісьма праз воласць, а проста апусціць яго ў скрынку паштовага вагона. Колас. Каб стрымаць сябе,.. [Лясніцкі] сеў, але пальцы нервова забарабанілі аб скрынку радыёстанцыі. Шамякін. / Разм. Пра кузаў аўтамашыны, калёс.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сне́жны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да снегу; які з’яўляецца снегам. Снежныя гурбы. Снежныя хмары. □ Дзе-нідзе трэсне ад марозу галінка, сарвецца снежны ком з яловай лапы, і зноў усё ціха, ціха. Лынькоў. Лес, пакрыты снежнай коўдрай, стаяў маўклівы, задумлівы... Шамякін. З галінак асыпаўся бліскучы снежны пыл. Шыцік. // Зроблены з снегу, у снезе, на снезе. Снежны домік. Снежная нара. Снежная дарога.
2. Багаты на снег. Снежная зіма. □ Успамінаюцца марозныя, снежныя ночы, цёплая печ і цягучы голас бабулінай песні. Брыль. Другая палова лютага 1929 года была сцюдзёнай і снежнай. Машара.
3. Пакрыты снегам. Снежнае поле. Снежныя горы. □ Снежная паляна, Снег блішчыць ў імгле. Бядуля.
4. Падобны на снег (колерам, выглядам). Снежнае палатно. Снежныя зубы. □ Снежная белізна была такой яркай, што ажно балюча стала вачам. Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
твань, ‑і, ж.
Дрыгва, багністае месца. Перад хлопцамі ляжала гнілая зыбучая твань. Гамолка. Як у той час [вясной 1941 года] .. [Нікодыма] радавала і хвалявала кожная асушаная пядзя зямлі, дык цяпер, наадварот, ён нецярпліва чакаў, каб гэтая зямля зноў ператварылася ў першабытную твань, па якой не прашыецца на Воўчую выспу нават мыш. «Беларусь». Твань вакол была такая, што калі ступіш на яе, дык, здаецца, увесь свет зыбаецца. Броўка. Залезлі [маці з Алёшкам] па самую шыю ў густую рыжую твань і сядзелі там, аж пакуль па іх не напароліся карнікі. Сачанка. // Гразь. Дзядзька Марцін вытрас сетку, а потым выпаласкаў з яе розны бруд і твань па чыстай бягучай вадзе. Колас. // Ціна. Падводная гаць з жэрдак і палак спружыніць пад нагамі .. Ногі слізгаюцца па жэрдках, якія абраслі пад вадой зялёнай тванню. В. Вольскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ту́хнуць 1, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. тух, ‑ла; незак.
1. Пераставаць гарэць, свяціць; гаснуць. Зусім не чутно было выбухаў, толькі ў небе, далёка адсюль, загараліся і адразу тухлі арыенціровачныя ракеты. Лупсякоў. Пад самай столлю захісталася лямпа і пачала тухнуць. Каваль. Агонь ніколі ў нас не тухне, Па двух калах кіпіць кацёл. Астрэйка. Раджаўся дзень, за лесам тухлі зоры. Кляшторны. // Страчваць бляск, жывасць (пра вочы, погляд і пад.). Гора вырастае ў адзін міг: галава апускаецца ніжэй, вочы тухнуць. Бядуля.
2. перан. Слабець, памяншацца. І бязмерная радасць адразу тухне, нібы ў сэрцы агні чорным радном пакрыліся. Лынькоў. Гудкі запелі расставанне, А стрэчы як і не было. І тухне зноў на скрыжаванні Падзей зялёнае святло. Чэрня.
ту́хнуць 2, ‑не; пр. тух, ‑ла; незак.
Разм. Загніваць і непрыемна пахнуць; пратухаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ука́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Запырскаць якой‑н. вадкасцю; зака́паць. Укапаць стол клеем.
укапа́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; зак.
1. што. Замацаваць што‑н. у выкапанай яме, паглыбленні. Стары .. не перашкаджаў жончыным намерам укапаць слупкі і выкапаць ямы. Янкоўскі. Месца пад хату .. [Мітрафан] доўга не выбіраў. Агледзеў млынарышча .. І, каб не раздумваць, тут жа ўкапаў першую штандарыну. Ракітны.
2. (пераважна з адмоўем «не»). Змагчы ўскапаць што‑н. Зямля такая мёрзлая, што не ўкапаеш. □ Пачалі мы кусты на полі высякаць, карчаваць. А дзёран узяўся — не ўкапаць, не ўараць. Місько.
3. што і чаго. Разм. Накапа́ць, выкапаць невялікую колькасць чаго‑н. Застаўшыся зноў адзін, .. [Алесь] пакуль што нічога не робіць — не крышыць зелля свінням, не ідзе ўкапаць бульбы, а сядзіць у хаце. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)