Бабёла ’пуп, частка жывата ў абсягу пупа’ (Некр.). Паколькі ненаціскное а можа адлюстроўваць розныя гукі, то можна думаць пра сувязь з праслав. bab‑, bob‑, bǫb‑ — асновы для абазначэння розных прадметаў, у прыватнасці круглых (аб гэтай аснове гл. Попавіч, ЈФ, 19, 169–171). Аднак найбольш верагодным здаецца паходжанне ад bǫb‑ (параўн. Бернекер, 78–79), што азначае ’штосьці круглае, надутае’. Тады бел. слова да праформы bǫb‑elъ, bǫb‑elь (параўн. bǫbъlʼь, Бернекер, 78; польск. формы bąbel, bąbol, Слаўскі, 1, 29). Аснова bǫb‑ вельмі разгалінаваная (гл. Бернекер, 78–79; Фрэнкель, 33) і вядома амаль ва ўсіх і.-е. мовах. Да семантыкі параўн. пуп (слав. pǫpъ, глухі варыянт да bǫb‑, таксама ў розных значэннях). Параўн. літ. bámba ’пуп’, bam̃balas таўстун’, нарв. bembel ’пуп’ (Фрэнкель, там жа). Суфіксальная відазмена bǫbelъ > бел. бабёла як у жывёла (параўн. ст.-польск. żywioł, ст.-чэш. živel, zivěl ’animal’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скрыгата́ць ‘утвараць гукі скрыгату’, ‘скрыпець’, ‘рыпець’, ‘вішчаць’ (ТСБМ, Др.-Падб., Байк. і Некр., Касп., Гарэц., Сл. ПЗБ), скрыгіта́ць (Нас., Янк. 2, Сцяшк., Скарбы), скагата́ць ‘тс’ (Др.-Падб.), скры́гаць ‘тс’ (Нас., ТСБМ, Шат., Бяльк.), скро́гат (Нас., ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Др.-Падб., Байк. і Некр.), скры́гат (ТСБМ, Др.-Падб.), ст.-бел. скрыгнуть зубамі (Альтбаўэр). Укр. скрегота́ти, скре́гіт, рус. скрегота́ть, скрежета́ть, скре́жет, ст.-рус. скрегътати, скрежьтати, скрьгътати, рус.-ц.-слав. скръгътати, польск. zgrzytać, чэш. skřehotati ‘каркаць, квакаць’, серб.-харв. шкргу́тати ‘скрыпець’, славен. skŕgati, skrgútati ‘трашчаць’, балг. скъ́рцам ‘скрыплю’, макед. скрца ‘тс’, ст.-слав. скрьжьтъ ‘скрогат (зубоў)’. Гукапераймальнае (Фасмер, 3, 656–657; Махэк₂, 549). Параўноўваюць з ст.-ісл. skrǼkr ‘крык’, skrǼkja ‘крычаць’, англ. schriek ‘тс’, с.-н.-ням. schrêken ‘гучна смяяцца’, літ. kregždė̃ ‘ластаўка’, kregéti ‘рохкаць’ і г. д. (Фасмер, там жа). Борысь (739) узнаўляе прасл. *skъrgati ‘скрыгаць’, ад якіх утвораны інтэнсіўныя дзеясловы з суф. ‑ъt‑, ‑ot‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

паўтары́ць, ‑тару, ‑торыш, ‑торыць; зак., што.

1. Сказаць або зрабіць яшчэ раз тое ж самае. Паўтарыць просьбу. Паўтарыць загад. Паўтарыць паездку. □ — Цётка, чаго вы? — Старая прыціхла.. — Цётка, што з вамі? — паўтарыў .. [начлежнік] пытанне. Брыль. // Перадаць якія‑н. гукі (пра рэха, водгук і пад.). І толькі паўтарылі лозы Перадвясельнай песні гук, Як дзесь аклікнуўся з пагрозай Чырванабровы цецярук. Танк. // Аднавіць яшчэ раз у памяці раней завучанае. Заўтра экзамены, але ўсё, што трэба, Лёдзя і Кіра паўтарылі. Карпаў.

2. Поўнасцю ўзнавіць што‑н. Кожны крок наш легенда паўторыць. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чо́каць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Утвараць рэзкія, адрывістыя гукі пры ўдары аб што‑н. шкляное, металічнае, пры хадзьбе па бруку і пад. Чуваць, як чокаюць абцасы, Нібы ходзікі, І танга плаўнае кранае слых. Чарняўскі. На яліне крывой дзяцел стукаў яму. Па суку дзюбай цвёрдаю чокаў: — Падымайся, салдат! Не ўцякаеш чаму? Бялевіч.

2. Абзывацца гукамі, падобнымі на «чок-чок» (пра некаторых птушак і жывёл). Чокае вавёрка на суку.

чо́каць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Спец. Вымаўляць гук «ч» на месцы гука «ц».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слых, ‑у, м.

1. Адно з пяці знешніх пачуццяў, якое дае магчымасць успрымаць гукі. Органы слыху. □ Гэты стары доктар не быў гаваркім чалавекам. Можа таму, што меў тугі слых. Машара. Невідушчы позірк.. [маці] блукае па столі, а слых пакутліва хоча ўлавіць ціхую размову ў хаце. Ракітны. Да слыху дайшло: цікаюць ходзікі — роўна, мерна. Мележ. // Здольнасць правільна ўспрымаць і аднаўляць музычныя гукі. У Надзі добры голас. Топкі музычны слых. Гарбук. — Э, браце, — забірае Змітро гармонік, — у цябе слыху няма. Жычка.

2. Вестка пра каго‑, што‑н. Не век жа пра.. [бацьку] не будзе аніякага слыху. Чорны. Гады тры слыху не было, бедавала Волька, што дачка прапала. Мыслівец. // Пагалоска. І пайшоў усюды слых, што Лявон на гэтым пустыры лён думае сеяць. Кулакоўскі.

•••

Абсалютны слых — здольнасць вызначаць абсалютную вышыню музыкальных гукаў (до, рэ, мі і г. д.).

На слых — а) толькі слухаючы (вызначаць, пазнаваць і пад. што‑н.). Сваіх, самых мне блізкіх, суседзяў Грачовых я яшчэ мала ведаю. Пакуль што ўспрымаю іх толькі на слых. Ракітны; б) па памяці, без нот (пець, іграць і пад.). Аляксандр лёгка, на слых падбіраў любую мелодыю. Васілевіч.

Ні слыху ні дыху — ніякіх вестак няма.

Ператварыцца ў слых гл. ператварыцца.

Гадаваць слых гл. радаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заці́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. заціх, ‑ла; зак.

1. Перастаць ствараць якія‑н. гукі (гаварыць, смяяцца, крычаць і пад.); змоўкнуць. Марыля крычала хрыпла і дзіка, а потым заціхла. Брыль. Уздрыгнула і памалу пачала расхінацца заслона, са сцэны павеяла халадком, зала заціхла. Карпаў. // Перастаць чуцца, раздавацца. І змоўкла радыё, ні гуку, І голас дыктара заціх. Колас. Заціх апошні водгалас грымотнага раскату. Лынькоў.

2. перан. Аслабіць або спыніць сваю дзейнасць. Лёгкая плынь ветру зноў заціхне, і дзень зноў зіхаціць сонцам. Чорны. Вёска прытаілася, заціхла, як і ў першыя дні акупацыі. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

меланхалі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да меланхоліі, меланхоліка, уласцівы ім. Меланхалічны характар.

2. Схільны да меланхоліі (у 1 знач.). Меланхалічны піяніст адкідваў рукой ліпкія валасы.., ледзь-ледзь дакранаўся да клавіш[аў] і, слухаючы мяккія гукі свайго інструмента, жмурыў вочы. Мікуліч. [Адам Бабарэка] вельмі добры і ад гэтай дабраты свае нават крыху меланхалічны. Скрыган. // Выкліканы меланхоліяй, які выражае меланхолію. Меланхалічная задуменнасць зышла раптам з твару, усмешка азарыла яго. Бядуля.

3. Поўны меланхоліі (у 1 знач.); сумны, журботны, тужлівы. Вада бесперапынна білася ў берагавы схіл, нараджаючы бесперапынны меланхалічны, звінючы гук. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мета́л, ‑у, м.

Хімічна простае рэчыва або сплаў, якім уласцівы бляск, коўкасць, добрая праводнасць цеплыні і электрычнасці. Лёгкія металы. □ Халаднаваты метал быў пакрыты васковай плёнкай тавоту. Паслядовіч. Метал, здавалася, сам знаходзіў літнік, каб папасці і забегчы ў форму. Скрыган. // Пра гукі, голас, якія нагадваюць металічны звон. Смелы, магутны, з металу скованы голас аэраплана залятае ў дзедаву хату. Колас.

•••

Высакародныя металы — золата, серабро, плаціна.

Каляровыя металы — усе металы і іх сплавы, акрамя жалеза і яго сплаваў.

Невысакародныя металы — металы, якія акісляюцца, ржавеюць.

Цяжкія металы — металы з удзельнай вагой звыш 5 грамаў.

Чорныя металы — чыгун, жалеза, сталь.

[Грэч. metallon.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няя́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Які невыразна, дрэнна відаць, не вылучаецца сваімі контурамі. На тым беразе паказаліся дзве няясныя постаці. Колас.

2. Які ледзь чуваць; невыразны. У адну з хвілін, калі Міхаіл на момант скіраваў увагу на правага свайго суседа, спераду раптам пачуўся няясны шум і ўсплёск вады. Краўчанка. Не, не зман. Музыка. Плаўныя няясныя гукі музыкі. Мелодыю не вызначыш, але гэта — музыка. Ермаловіч.

3. Не зусім зразумелы; невыразны. Толю агарнула нейкае няяснае пачуццё смутку і радаснай надзеі. Якімовіч. Словы Лапціна былі поўны няясных намёкаў, ад іх непрыемна застукала сэрца, і Каваль заспяшаўся. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прагуча́ць, ‑чыць; зак.

1. Утварыць гук, гукі. Два стрэлы прагучалі амаль адначасова. Марціновіч. // Раздацца, пачуцца. — Што вы робіце? Апомніцеся! — прагучаў чыйсьці моцны, абураны голас. Пестрак.

2. перан. Праявіцца, выявіцца (пра пачуццё, настрой). Марку здалося, што ў голасе Блінкова прагучалі ноткі дабрадушнасці. Васілеўская. Гукан не спытаў, а як бы канстатаваў факт, з іроніяй у голасе, у якой бадай-што прагучала пагроза. Шамякін. // Выклікаць уражанне, успрыняцца. Хоць і злажыў, а верш не прагучаў. Лужанін.

3. перан. Стаць шырока вядомым. [Віктар:] — Відаць, прагучыць твая гісторыя. Непрыемна будзе заводу... Савіцкі.

4. Гучаць некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)