ніз, ‑у; мн. нізы, ‑оў; м.

1. Ніжняя частка чаго‑н.; проціл. верх. Верх халяў быў шэры ад пылу, а ніз памок ад расы. Мележ. Ціха было ў густым бары; закрыла ніз цемната. Колас. // Разм. Ніжні паверх дома.

2. Паверхня, бок прадмета, процілеглы яго верху. Ніз вечка. // Унутраны бок (матэрыі, вопраткі); спод.

3. Нізіннае месца. Над палямі мрок прарваўся, Па нізах расплыўся. Колас.

4. Ніжняе цячэнне ракі; нізоўе.

5. толькі мн. (нізы, ‑оў). Шырокія пласты працоўнага народа. Вялікі грамадзянскі і пісьменніцкі подзвіг Купалы .. у тым, што выхадзец з сацыяльных нізоў, чалавек, пазбаўлены магчымасці атрымаць сістэматычную адукацыю, змог узняцца да вяршынь класічнай мастацкай думкі. Ярош.

6. толькі мн. (нізы, ‑оў). Ніжнія ноты. Браць нізы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

невераго́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўяўляецца непраўдападобным, немагчымым; фантастычны. Неверагодныя гісторыі. □ Для сустрэч выдумляліся самыя разнастайныя прычыны — часам нават і неверагодныя. Сіпакоў. Бываюць і ў такой справе, як рыбалоўства, радасныя нечаканасці і ўдачы, калі здзейсняюцца самыя, здаецца, неверагодныя мары і спадзяванні. Шамякін. // Незвычайны, дзіўны. На.. зялёным дыване ў неверагоднай позе ляжаў аголены да пояса чалавек. Асіпенка. І сніліся старому фельчару трывожныя, неверагодныя сны. Кулакоўскі.

2. Надзвычай вялікі, незвычайны па сіле праяўлення, па сваіх памерах і г. д.; неймаверны. Хуткасць ракеты неверагодная — 40 кіламетраў у секунду. Гамолка. Ледзь адарваўшыся ад.. [струменю вады], вадалаз з неверагоднай цяжкасцю прыставіў пластыр да дзіркі. Данілевіч.

3. Які выклікае сумненні ў сваёй правільнасці. Неверагодныя звесткі. □ У мястэчку бытуюць разнастайныя легенды, верагодныя і неверагодныя. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

капы́л, ‑а, м.

1. Кавалак дрэва ў форме ступні, на якім шавец робіць абутак. Каб абутак шыць па мерцы: не вялікі, не малы, Прымяраеш, круціш-верціш — Падбіраеш капылы. Непачаловіч. Я па-суседску часта забягаў паглядзець, як Пятро сукаў дратву, як ён нацягваў на капыл выцяжкі. Сабаленка.

2. Адзін з драўляных брускоў, якія ўстаўляюцца ў палазы і служаць апорай для кузава саней. Даніла справаю заняты — На сані чэша капылы. Колас. [У зямлянцы Сымона] ішлі самыя гарачыя дыскусіі..: з якога дрэва лепш зрабіць капыл, які полаз трывалейшы. Лынькоў.

•••

Гнуць на свой капыл гл. гнуць.

І з капылоў далоў гл. далоў.

На чый капыл — чыім‑н. спосабам, на чый‑н. манер (рабіць, раўняцца і пад.).

Усё (усе) на адзін капыл — аднолькава, аднолькавымі (парабіць, зрабіць, атрымацца).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

курта́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. З кароткім хвастом (пра жывёл). Так і здавалася, што тут ад шуму нашай машыны падымуцца і закружаць імклівыя куртатыя качкі. Скрыган.

2. Недастатковага росту; малы, кароткі. У натоўпе, што імгненна радзеў, Міхась заўважыў куртатага няўклюднага чалавека і вельмі ўзрадаваўся. Асіпенка. Хвойнік на балоце расце на купінах. Ён там куртаты, нізкі і напалову сухі. Галавач. / Пра пальцы. Калі Дарошка прыкурвае, я заўважаю, што вялікі палец на яго правай руцэ нейкі куртаты. Шынклер.

3. Кароткі, цесны (пра адзенне). Куртаты пінжак.

4. перан. Іран. Абмежаваны, няпоўны. Руху ўперад няма і ў жартах А. Паўловіча: куды ні зірні — усё той жа куртаты змест, гумар [якога] зусім знікае ў надзвычайна расцягнутых вершах. Багдановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зна́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Вялікі намерам, колькасцю, сілай і пад. Значная частка. У значнай ступені. □ Малыя варожыя заслоны, якія трапляліся на шляху, — знішчалі [байцы]. Ад сустрэчы са значнымі сіламі ворага ўхілялася, заходзілі глыбей у лясы. Шамякін. Няма патрэбы ўсяму ўзводу ісці пад Доўгі Брод, .. тым болей, што для гэтага трэба зрабіць значны крук. Колас.

2. Важны па значэнню; істотны. Значныя падзеі. Значная роля. □ Астаючыся верным сабе, Кашын не прапускаў ніводнага больш-менш значнага сходу. Карпаў. // Разм. Які займае высокае становішча ў грамадстве; уплывовы. Ну, калі ўжо сам таварыш Верашчака... — прамовіў я такім тонам, быццам мне вельмі добра было вядома, якая гэта значная птушка — Верашчака. Васілёнак.

3. Разм. Бачны, прыметны. Вусны дзедавы складаліся ў ледзь значную ўсмешку. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гурт, ‑у, М ‑рце, м.

1. Натоўп, група людзей. [Сцяпан] убачыў на дарозе вялікі гурт дзяўчат-жней, якія вярталіся з поля. Шамякін. Гурт дзяцей вясёлых На урок спяшаецца, Леніну ля школы Кажа: — Добрай раніцы! Карызна.

2. Статак буйной рагатай жывёлы, авечак, чарада птушак і пад. У стэпе шэрым, дзе прайшлі дажджы, Гурты авечак шэрых, як аблокі. Калачынскі. Дзяўчына белакурая Гусіны гурт пасе. Хведаровіч. // Група якіх‑н. аднародных прадметаў. Па небе наперагонкі беглі шэрыя хмары, збіраліся ў гурт, і калі хавалася сонца, было холадна, праймаў вецер да касцей. Гурскі. Гурт грыбоў Перапялёсых Сеў ля пнёў, Імхом аброслых. Калачынскі.

3. у знач. прысл. гу́ртам. Сумесна, групай; усе разам. Хлапчукі гуртам узяліся цягнуць лодку да берага. Дуброўскі.

[Польск. hurt.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

застракаце́ць, ‑ціць; зак.

1. Вылучыцца сваім стракатым колерам, паказацца (пра што‑н. стракатае). І як пачало прыграваць сонца, застракацеў на гасцінцы нязвычны вялікі натоўп з самотным коннікам наперадзе. Шынклер. Поезд мінуў Краснае, з размаху ўварваўся ў лес, і пад адхонам застракацелі маладой зелянінай бярозавыя кусцікі. Пестрак.

2. Замільгаць перад вачамі, у вачах (пра што‑н. шматлікае, яркае). Такая іх [сняжынак] была безліч, што ўсё застракацела перад вачамі. Хадкевіч. / у безас. ужыв. У Косці аж застракацела ў вачах ад рознакаляровых бантаў у паненак і рознакаляровай вопраткі ў панічоў. Карпюк. // перан. Пачаць часта паяўляцца, сустракацца. Імя акцёра застракацела на афішах.

3. Стаць стракатым ад чаго‑н. Застракацелі кветкамі бульвары. □ Загаманілі сенажаці, застракацелі кашулямі белымі, хусткамі ровнакаляровымі. Кірэйчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сва́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. каму. Прапаноўваць каго‑н. у мужы ці ў жонкі; клапаціцца аб чыім‑н. шлюбе. Сваталі яму маладзіц, паўвёскі было ўдоў, а выбраць па душы жонку Хведар не мог. Паўлаў. Колькі разоў ён [Юзік] прабаваў сватаць Баранка. Крапіва.

2. Прасіць згоды на шлюб з кім‑н. (у жанчыны або ў яе родных). У Палікараўку прыехалі яны сватаць малодшую дачку Храпавіцкага за стрэчнага Юлісева брата. Мурашка.

3. перан. Разм. Настойліва прапаноўваць каго‑, што‑н.; клапаціцца пра набыццё каго‑, чаго‑н. Загадчык, калі сватаў мяне ў гэтую школу, хваліўся, што ў Міланьках — вялікі лес, глыбокая рака. Далідовіч. — Дзякую... і такога рысака сватаеш ты свайму калгасу? — насмешліва перабіў яго [Чарнова] Міхал. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спец, ‑а, м.

Разм.

1. Прадстаўнік інтэлігентнай прафесіі, спецыяліст (ужывалася пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі да сярэдзіны 20‑х гадоў у адносінах да выхадцаў з непралетарскага асяроддзя). Турбіну манціравалі замежныя спецы. Гроднеў. Бацька, вялікі спец, інжынер, які прыехаў у Расію яшчэ да імперыялістычнай вайны і астаўся жыць пасля рэвалюцыі, хацеў, каб адзіная яго дачка стала ўрачом. Навуменка.

2. Вельмі дасведчаны ў чым‑н. чалавек, майстар сваёй справы. Прыходзіць, стомленая за дзень, мая суседка, кабардзінка з Нальчыка, спец па віну. Лось. [Іван:] — Як ты лічыш, хто нам соткі ўзарэ — баба, Вольга, Лявонка? А можа ты? Ты ж на ўсё спец. Паўлаў. // Іран. Лоўкі, хітры, пранырлівы чалавек. Тавару дастаць усякага .. [Віктар] спец. І ніколі не пратаргаваўся яшчэ. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

старо́ства, ‑а, н.

Гіст.

1. У Вялікім княстве Літоўскім і феадальнай Польшчы — дзяржаўны маёнтак, які вялікі князь або кароль даваў на часовае карыстанне феадалам. Крычаўскае староства, якім у першай палавіне 18 ст. уладалі князі Радзівілы, было адным з буйнейшых ва ўсходняй Беларусі. «Весці». Тое [Дудзінскае] староства было падорана каралём раней князю Хадкевічу. Якімовіч. // Адміністрацыя на чале са старостам. Амаль усе памешчыкі з сем’ямі выехалі ў Глушэц, пад крыло паліцыі, староства і касцёла. Пестрак. Але як жа цяжка было здабыць у старостве дазвол на спектакль і канцэрт! Мядзёлка. З боку ад прэзідыума за асобным сталом размясцілася [афіцыйная] ўлада: прадстаўнікі староства і паліцыі. Машара.

2. Тое, што і старастоўства. Прыйдзе час — радзіма спамяне Яму [Юхіму] і дэзер[ці]рства, і староства. З. Астапенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)