двухбако́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае два бакі; які адбываецца, распаўсюджваецца на два бакі чаго‑н. Двухбаковы вулічны рух. □ Пятро прастудзіўся і захварэў на двухбаковае запаленне лёгкіх. Шамякін. // З абодвума правымі бакамі (пра тканіну). Двухбаковы драп.
2. Абавязковы для абодвух бакоў; узаемны. Двухбаковае пагадненне. Двухбаковыя абавязацельствы. // Які дзейнічае ў абодва бакі. Двухбаковая радыёсувязь.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
даве́рлівы, ‑ая, ‑ае.
Які лёгка верыць у шчырасць, праўдзівасць каго‑, чаго‑н., схільны аказваць давер’е. Ліда сустрэла настаўніка, паздароўкалася, абняла яго руку, прытулілася да яе, як даверлівае дзіця. Колас. // Які выражае давер’е. Даверлівы тон. □ Дзед прысеў каля ўнукаў, паглядзеў у іх даверлівыя вочы, пацалаваў абаіх. Пестрак. // Заснаваны на давер’і. Даверлівыя адносіны паміж людзьмі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жмут, ‑а, М жмуце, м.
Невялікі скрутак чаго‑н. Замест адказу Сцяпан дастаў з-за пазухі цэлы жмут паперак. Колас. [Міхалка] парваў жмут высокай травы, спехам перавязаў яе абрыўкам вяровачкі, і атрымаўся ладны венік. Якімовіч. Ракуцька паспеў даесці хлеб і скруціць у жмут пустую торбу. Чорны. // Звязак некалькіх аднародных прадметаў. Жмут вяровак. Жмут ключоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
з’арыентава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., каго-што.
1. Адкарэкціраваць рух, размяшчэнне чаго‑н. па якіх‑н. арыенцірах. З’арыентаваць касмічную станцыю па Сонцы і Месяцы.
2. перан. Дапамагчы каму‑н. хутка разабрацца ў абставінах. Усё пісьменнікам прадумана, прадугледжана, каб пасяліць у чытача з першых жа старонак інтрыгу і з’арыентаваць яго на цярплівае даследаванне. Юрэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
засе́яцца, ‑сеецца; зак.
Разм.
1. Аказацца скарыстаным пад пасеў. Адно поле засеецца пшаніцай, другое — ячменем.
2. Рассеяўшыся дзе‑н., прарасці, вырасці (пра семя дрэў, траў і пад.). Бяроза засеялася па полі. Кроп засеяўся на градах.
3. перан. Пакрыцца, усеяцца па ўсёй паверхні мноствам чаго‑н. Пасля поўначы неба выяснілася, засеялася рознакаляровымі агеньчыкамі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зірка́сты, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. З вострым зрокам; зоркі. Што з таго, што дзед Мікалай — такі зіркасты і дасціпны — заўважыў... Пагаманілі і толькі. Якімовіч.
2. З вялікімі вачамі; вірлавокі. А вочы чаго варты: зіркастыя, стальныя, бязлітасныя.. Дзіва што шчупакі без жалю знішчаюць не толькі іншую рыбу, але і сваіх родных дзетак! Паслядовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
знелюбі́ць, знелюблю, знялюбіш, знялюбіць; зак., каго-што.
Разм. Адчуць моцную непрыхільнасць, непрыязнасць да каго‑, чаго‑н.; неўзлюбіць. Віця за сённяшні дзень знелюбіў Апанаса. Можа, каб не ён, дык усё было б добра... Нядзведскі. [Шульцэ] адносіўся да Вольфа з прыкметнай пагардай, як бы падкрэсліваючы, што яны не раўня, і Вольф адразу знелюбіў яго. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зрашчэ́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. зрасціць, дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. зрасціся.
2. Спец. Месца, на якім адбылося злучэнне, зрастанне чаго‑н.
•••
Лоннае зрашчэнне — храстковае злучэнне правай і левай лабковых касцей.
Фразеалагічнае зрашчэнне — выраз, які складаецца з некалькіх слоў, што выражаюць адно паняцце; ідыёма, напрыклад: лынды біць — бяздзейнічаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
і́масць, ‑і, ж.
1. Уст. Форма ветлівага звароту да таго, каго лічаць вышэйшым па званню, становішчу ў грамадстве і пад. — Скажыце, імасць, ці не чулі, З чаго той вынікнуў пажар? Колас.
2. Разм. (звычайна з адценнем іроніі). Пра жонку блізка знаёмага субяседніка (пры размове з ім). — А як там твая імасць маецца?
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ірдзе́ць і рдзець, ‑дзее; незак.
Вылучацца сваім ярка-чырвоным колерам; чырванець. Ірдзее сцяг чырвоны, Як водбліскі зарніц. Колас. За дрэвамі маленькага парку слаба рдзела вечаровае неба. Савіцкі. // чым. Быць ярка-чырвоным ад чаго‑н. Спелай марошкай ірдзее Скрозь і лагчына і яр. А. Александровіч. / у безас. ужыв. Толькі стала рдзець на ўсходзе.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)