Пло́тнік ’цясляр’ (Яруш., Сл. ПЗБ, ТС, Бяльк.; дзятл., Сл. МГ), ’дойлід’ (Бяльк.), ’калеснік’ (горац., чач., ЛА, 2; полац., леп., рэч., ЛА, 3), плотніцтва ’цяслярства’ (дзятл., Сл. ПЗБ), плотніства ’праца плотніка’ (Юрч. СНЛ), пло́тнікаваць ’займацца, цяслярствам’ (ТС). Рус. пло́тник ’цясляр’, стараж.-рус. плотникъ ’тс’ (з 1016 г.). Бел.-рус. ізалекса. Да плот (гл.). Першапачаткова абазначала ’той, хто робіць (пляце, ставіць) агароджу’, пазней — ’цясляр, які будуе сцены горада’ > ’які будуе сцены дома, будынкаў’ (Фасмер, 3, 285).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́рхаць ’пырскаць вадой з рота’ (навагр., З нар. сл.), ’бурчаць, лаяцца’ (Юрч.), укр. пу́рхати ’пырхаць’, рус. пу́рхать ’тс’, пу́рхаться ’пялёскацца (у вадзе, снезе, пыле і пад.)’. Гукапераймальнага паходжання, параўн. рус. смал. пурх! ’пырх!’, укр. пурх! ’тс’, гл. пы́рхаць. Паводле Варбат (Балто-слав. этнояз. отнош., 7), рэфлекс -ur на месцы ‑ъr‑, параўн. рус. порха́ть ’пырхаць’, чэш. prchati ’пырскаць’ — фанетычная анамалія, узнікшая пад уплывам балтыйскіх моў, параўн. літ. pur̃kšti ’марасіць’, што, улічыўшы імітацыйны характар слова, неабавязкова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сапёлка, сапёлочка ’дудачка’, ’прадаўгаватая, але вузкая рэч; вузкая, цесная адзежа’ (Нас.), сапе́лка ’дудачка’ (Бяльк.). Рус. сопе́ль ’дудачка, жалейка’, дыял. алан. сопля́ ’калашына’, укр. сопівка, сопі́лка ’тс’, рус.-ц.-слав. сопѣль ’тс’, сопѣти ’іграць на трубе’, польск. дыял. sopiałka, sopiłka, supiłka ’дудачка’, серб.-харв. sopela, sopil, sopila ’тс’. Праслав. *sopelьʼ. Ад *sopěti (гл. сапсці) з суф. *‑elь або *‑lь — параўн. ст.-рус. сопль ’труба, жалейка’ (гл. SP, 1, 106 і наст.; Фасмер, 3, 718). Параўн. соплі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сарафа́н ’руская верхняя жаночая вопратка ў выглядзе асобай крою свабоднай доўгай сукенкі без рукавоў’ (ТСБМ, Інстр. 1, Сл. ПЗБ), ’доўгая світка’ (Сцяшк.), сарахва́н ’жаночае адзенне’ (Бяльк.), ’сукенка без рукавоў’ (Ян.), сарапа́н ’тс’ (Мат. Гом.). З рус. сарафа́н ’жаночае суцэльнае адзенне без рукавоў’, старое ’мужчынскі кафтан’, ст.-рус. сарафанъ ’доўгі мужчынскі кафтан’. Рус. слова запазычана з усходу праз цюрк. särapa(i) з пярс. serāpā ’пачэснае адзенне’ (Міклашыч, 288; Праабражэнскі, 2, 252; Фасмер, 3, 561).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Са́хар ’цукар’ (Бяльк., Сл. ПЗБ), ’строгі, суровы, сварлівы муж’ (Нас.). Ст.-бел. сахаръ ’тс’ (Булыка, Запазыч., 294). Рус. са́хар, укр. са́хар(ь), ст.-рус. сахаръ (Кірыла Тураўскі, Афанасій Нікіцін і інш.). З грэч. σάκχαρο ад палі sakkharā, ст.-інд. çárkarā ’гравій, галька, пясок; цукар-пясок’ (гл. Праабражэнскі, 2, 254; Фасмер, 3, 567 з іншай літаратурай). Сучаснае беларускае са́хар, відаць, новае запазычанне з рус., прынамсі аўтары Сл. ПЗБ (4, 376) параўноўваюць з рускім са́хар.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Саю́з ’цеснае аб’яднанне, сувязь дзвюх або некалькіх асоб, груп, таварыстваў, класаў; пагадненне, аб’яднанне арганізацый, дзяржаў для сумесных дзеянняў; назва дзяржаў, грамадскіх арганізацый’ (ТСБМ). Новае запазычанне з рус. союз ’тс’, таксама як і іншых вытворных ад яго: саю́зны, саю́знік і г. д. (Крукоўскі, Уплыў, 42, Гіст. лекс., 239). Рус. слова з ц.-слав. съѭзъ; параўн. ст.-слав. съвѫзъ, съѫзъ ’прывязь, рамень, вузы’, ст.-рус. съвузъ ’сувязь, вузы’. Далей да вязаць, вузы; гл. Фасмер, 3, 731.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ідэ́я. З польск. мовы ў пачатку XX ст. (Гіст. лекс., 261; Гіст. мовы, 2, 144). Крукоўскі (Уплыў, 77), Бурак (Суч. бел. мова, 1975, 25) мяркуюць аб рус. пасрэдніцтве, але супраць адсутнасць дзекання; параўн. ідзе́я (Яруш.) пад рус. уплывам. Польск. idea < лац. idea < грэч. ἰδέα ’выгляд, вобраз’ (SWO, 294). Для рус., дзе з апошняга дзесяцігоддзя XVII ст. (Біржакова, Очерки, 154), таксама зазначаюць польск. пасрэдніцтва. Шанскі, 2, I, 12; Фасмер, 2, 117 (ці зах.-еўрап.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калы́шка ’калыска’ (Сержп., Сержп. Грам., Сцяц. Афікс. наз., Янк. 2). Паралелі ў рус. смал., валаг., кур. і інш. гаворках колышка ’дзіцячая калыска, люлька’, ярасл. ’плецены кош’ і інш. Лінгвагеаграфія дазваляе кваліфікаваць разглядаемае слова як бел.-рус. ізалексу; этымалагічна — дэрыват ад колыхати (гл. калыхаць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Камуні́ст ’прыхільнік камунізму’ (Яруш., Бяльк., Сцяшк.). Запазычанне з польск. ці з рус. мовы, куды слова прыйшло з ням. (< англ. < франц. моў). У рус. мову магло трапіць непасрэдна з франц. (Шанскі, 2 (К), 236; Слаўскі, 2, 402). Значэнне ’член камуністычнай партыі’ (ТСБМ) з’яўляецца савецізмам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вы́бар ’выдзяленне якога-небудзь прадмета ці інш. з рада падобных; магчымасць такой аперацыі’, укр. вибір, рус. выбор, польск. wybór, чэш. výběr, славац. výber, каш. vœbǒr. Утворана ад вы́браць (гл. браць) бязафіксным шляхам. Вы́бары ’абранне, галасаванне’ хутчэй за ўсё з рус. выборы ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)