назва́ць, ‑заву, ‑завеш, ‑заве; ‑завём, ‑завяце, зак., каго-што.
1. Даць імя, назву і пад. каму‑, чаму‑н. Прыбыткоўскія назвалі сваю дачку Ганнай. Чорны. Ленін прапанаваў назваць бальшавіцкую партыю Камуністычнай. «Весці». // Даць азначэнне (якім‑н. словам), ахарактарызаваць; аднесці да ліку каго‑, чаго‑н. Паселішча гэта нельга было назваць вёскай. □ Няхай казкай цябе назавуць, Маладая мая паэма. Глебка.
2. Сказаць імя, прозвішча, назву каго‑, чаго‑н., адрэкамендаваць. Незнаёмы хлопец назваў сябе і сказаў, чаго ён сюды прыехаў. Колас. — Эдвард Лявэр, — назваў сябе палонны, паціскаючы на развітанне яшчэ раз хлопцаву руку. Чорны. Добры дзень, — сказаў.. [Карніцкі] пасля пэўнай паўзы Шынкевічу такім тонам, у якім выразна чулася патрабаванне назваць сябе. Паслядовіч. // Паведаміць аб кім‑н. Назваць саўдзельнікаў. □ [Бацька] назваў.. забойцаў, прасіў адпомсціць, падаць у суд. Шамякін. // Ведаць назву. Навокал быў свет жывых істот і рэчаў, якія я ўмеў назваць. Брыль.
3. Сказаць, аб’явіць. Назваць лічбу. Назваць дзень. □ [Люба:] — А куды ты паедзеш? — Валя назвала горад. Чорны. — Колькі трэба заплаціць? — ціха спытаў Ярохін. Пілот назваў суму. Шамякін.
4. Вылучыць куды‑н. Выбралі праўленне. Першай у склад яго назвалі Машу. Шамякін.
5. Разм. Тое, што і наззываць. Назваць гасцей поўную хату.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нарэ́заць, ‑рэжу, ‑рэжаш, ‑рэжа; зак.
1. чаго. Разрэзаць чым‑н. вострым на часткі, кавалкі; накроіць. Нарэзаць хлеба. Нарэзаць сыру. □ Бабка Параска нарэзала сала — і для закускі і для яечні. Колас. Маці лячыла лейтэнанта сваімі, хатнімі сродкамі. Узамен бінтоў яна нарэзала з прасціны доўгіх стужак, а для прамыўкі ран .. ужывала адвар з пахучых траў. Курто.
2. чаго. Зрэзаўшы або разрэзаўшы, нагатаваць у нейкай колькасці. Нарэзаць дроў. Нарэзаць сечкі. □ Чакаючы змроку, каб непрыкметна перабегчы ў вёску, Грышка нарэзаў бярозавых дубцоў і пачаў вязаць венік, каб не было ніякага падазрэння. Чарот. // Зрэзаўшы, прыгатаваць, зрабіць. Нарэзаць букет ружаў.
3. каго. Зарэзаць у нейкай колькасці. Нарэзаць гусей.
4. што і чаго. Падзяліць шляхам межавання або выдзеліць у час межавання. Нарэзаць зямлі. □ [Сузон:] — Мне на панскім [полі] хутар нарэзалі, толькі ж куды мне з такімі будынкамі перасяляцца? Галавач.
5. што. Зрабіць нарэзы. Нарэзаць гайку.
6. што. Зрабіць разьбу на чым‑н. Нарэзаць гравюру.
7. што. Спец. Падрыхтаваць участак для выемкі ў шахце. Нарэзаць лаву.
8. што. Зрабіць надрэз на чым‑н.
9. што. Нарабіць зубцоў на піле, назубіць.
10. што. Намуляць чым‑н. Нарэзаць плячо лямкой.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пераступі́ць 1, ‑ступлю, ‑ступіш, ‑ступіць; зак.
1. каго-што або цераз каго-што. Ступіўшы, перайсці на другі бок чаго‑н. Пераступіць парог. Пераступіць цераз канаву. □ Усё поле было падзелена на загоны, часам такія вузкія, што курыца магла пераступіць. Гурскі.
2. Зрабіўшы крок, перамясціцца куды‑н. Пераступіць з аднае сцежкі на другую. // Не сыходзячы з месца, перамяніць становішча ног або перанесці цэнтр цяжару з аднае нагі на другую. Вадзім зірнуў на свае туфлі, нялоўка пераступіў з нагі на нагу. Асіпенка.
3. перан.; што. Парушыць, перасягнуць рубеж, мяжу чаго‑н. Пераступіць мяжу прыстойнасці. Пераступіць закон. □ Яны стаялі можа хвіліну моўчкі — блізкія і далёкія разам. Ганна раптам паспрабавала пераступіць мяжу, знарок весела, задзірыста ўсміхнулася. Мележ.
пераступі́ць 2, ‑ступлю, ‑ступіш, ‑ступіць; зак.
1. што. Добраахвотна адмовіцца ад чаго‑н. на карысць другога. Пераступіць чаргу. // Ахвяраваць што‑н., чым‑н. Я лепш сваё пераступлю. □ Часам для справы трэба пераступіць свае пачуцці. Няхай.
2. Зрабіць уступку, саступіць. Маці нездаволена паглядзела на дзяўчыну і ледзь прыкметна прыжмурыла вока. «Сціхні, — гаварыў гэты яе знак, — пераступі старому». Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прывяза́ць, ‑вяжу, ‑вяжаш, ‑вежа; зак.
1. што. Звязаўшы, завязаўшы вузлом, прымацаваць да чаго‑н. [Мая] справілася з плынню і да лодкі дабралася хутка, прывязала вяроўку і ўзнятаю рукою дала знаць, што ўсё гатова. Дуброўскі. Сымон прывязаў лейцы да лёсткі, саскочыў з воза і пайшоў .. поруч. Чарнышэвіч. // Прымацаваць да чаго‑н. пры дапамозе вяроўкі, рэменя і пад. [Параход] прывязалі канатамі, паклалі дошкі на бераг, пачалі высаджваць палонных. Лынькоў. За канаўкаю чалавек прывязаў каня да мізэрнай астачы плота і сам крута павярнуў за вугал. Чорны.
2. перан.; каго. Цесна звязаць з кім‑, чым‑н., паставіць у залежнасць ад каго‑, чаго‑н. Без млына Нічыпар не мог пражыць. Пятнаццаць гадоў моцна прывязалі яго да старой, пахілай будыніны. Асіпенка. Некалькі разоў за той дзень .. [Антон] ўкрадкам варочаўся да дарогі і кожны раз адыходзіў назад. Але вялікая сіла прывязала яго да гэтага месца. Чорны.
3. перан., каго. Выклікаць прывязанасць да каго‑н. — І наогул — ён асілак-чалавек. Увойдзе, абзавецца і адразу прывяжа да сябе. Лужанін.
4. што. Спец. Звязаць з якім‑н. арыенцірам, суаднесці з чым‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыпіса́ць, ‑пішу, ‑пішаш, ‑піша; зак., каго-што.
1. Напісаць у дадатак да ўжо напісанага. Прыёмшчык у Максімавым лісце прыпісаў Тодарава прозвішча... Чорны. // Дадаць да якога‑н. афіцыйнага дакумента фальшывыя звесткі з якой‑н. карыслівай мэтай. Прыпісаць працэнты выканання плана. □ — Можа б калі і прыпісаў які працадзень, прыкладна, тваёй [Аўдулі] ці другому каму, дык, думаеш, можна? Ермаловіч.
2. Запісаўшы, унёсшы ў спіс, прылічыць, аднесці куды‑н., да чаго‑н. Да свайго надзелу прыпісаў Пракопавай [зямлі] больш як паўдзесяціны, і зямлі не абы-якой. Мележ. Потым князь забраў Данілу, Прыпісаў яго ў свой дом. Колас.
3. каму-чаму. Палічыць уласцівым каму‑н., зробленым кім‑н. «Навошта такі шум? Яшчэ, чаго добрага, усе дасягненні прыпішуць мне аднаму... А што пасля?» — з трывогай думаў.. [Анатоль]. Ваданосаў. [Марына:] — Калі я тых кароў баялася, як чарцей лазатых? Гэта ён сам, мабыць, баіцца, дык от і мне прыпісаў. Сабаленка. // Вытлумачыць што‑н. чым‑н., палічыць вынікам чаго‑н. Поспех акцёра прыпісалі яго прыгажосці.
4. Назначыць хвораму якое‑н. лячэнне; прапісаць. Рыгору Лявонавічу прыпісалі мікстуру і забаранілі размаўляць цэлы месяц. Пянкрат. Доктар прыпісаў .. [хворай] сонца, белы хлеб, малако і гародніну. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыткну́цца, ‑ткнуся, ‑ткнешся, ‑ткнецца; ‑ткнёмся, ‑ткняцеся; зак.
1. Злёгку дакрануцца, даткнуцца да каго‑, чаго‑н. Камбат даў мне прыкурыць ад сваёй папяросы. Мне доўга не ўдавалася прыткнуцца да яе. Васілёнак. У арміі ён спаў добра. Прыткнецца да падушкі і гатоў. Навуменка.
2. Разм. Прыхіліцца да каго‑, чаго‑н., абаперціся аб што‑н. Спінай да .. [печы] прыткнулася гордая, як каралева, з халоднымі карымі вачамі прыгажуня Міра. Карпюк. // Прымасціцца, прысесці дзе‑н. Невялікі садок нашага двара. Нам і прыткнуцца няма дзе. Вітка.
3. Наблізіцца да чаго‑н., размясціцца ўпрытык з чым‑н. На разліве, сярод магутных дубоў, што стаялі па пояс у вадзе, прыткнуліся адзін да аднаго некалькі чаўноў. Караткевіч.
4. перан. Разм. Уладкавацца (на якое‑н. месца, пасаду), паступіць куды‑н., прыстроіцца дзе‑н. Саўка ляжаў і думаў. У такім цяжкім беспрасветным стане ён не быў ніколі. Куды ж яму падацца і што рабіць? Дзе ён цяпер прыткнецца?.. Колас. [Сёмка:] — У клубе якраз пасада кінамеханіка пуставала. От і прыткнуўся я туды. Кандрусевіч. // Знайсці прыстанішча дзе‑н. — Вот спалілі сяло, трохі ўцякло народу, а куды прыткнуцца? Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пярэ́сціць 1, ‑рэшчу, ‑рэсціш, ‑рэсціць; незак.
1. што. Рабіць пярэстым, надаваць чаму‑н. пярэсты выгляд. Светлыя пасмы, як шоўкавыя істужкі, усюды весела пярэсцілі цяністы прыцемак лесу. Мележ. Цені выцягваліся, раслі, пярэсцілі і ўкрывалі сабою невялікія круглыя лужкі. Сачанка.
2. звычайна безас. Пра адчуванне пярэстасці, мітусні (у вачах). Нарэшце балота кончылася. Густы бярэзнік падымаўся некуды ўгару. Ад белых ствалоў пярэсціла ўваччу. Асіпенка. За вокнамі вагона мільгалі — аж пярэсціла ў вачах — тэлеграфныя слупы, чыгуначныя будкі. Сабаленка. Збажына калыхалася ад лёгкага подыху ветру і пярэсціла ў вачах. Сіўцоў.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Вылучацца сваёй пярэстасцю сярод чаго‑н. Дзе-нідзе на выгане пярэсцяць рознай велічыні лужыны. Бядуля. // чым або ад чаго. Быць пярэстым ад чаго‑н. Уся сцяна, у даўжыню, пярэсціла дзявочымі фотакарткамі. Ракітны.
пярэ́сціць 2, ‑рэшчу, ‑рэсціш, ‑рэсціць; незак.
Разм. Моцна біць. Купец выхапіў з кішэні пасак ды прывязаў пана да хвоі. Потым выняў з-пад крыса п[о]пліску, паказаў пану і пытаецца: — Што гэта, пане: бяроза ці лаза? Я ж прадаў табе вала, а не казла! І пачаў пярэсціць пана... Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скуго́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак.
1. Жаласна выць, падвываць (пра жывёліну). Сабака ўсё выў. Не, нават не выў, а скавытаў, скавытаў ціха, расцяжна, бы ўсё роўна галасіў, некага аплакваў .. «Чаго ён гэтак жаласліва вые, чаго скуголіць?» Сачанка. Сабака аж заходзіўся на дварэ, а ваўчаня бегае па хаце і скуголіць. Пальчэўскі. Свінні, парасяты .. чухаліся аб жардзіны плота, паціху і нудна скуголілі ад холаду. Дуброўскі. // Утвараць гукі, падобныя на выццё. Мяце, скуголіць над платамі, над хатамі белая каламуць завірухі. Ракітны. Ніхто не мог падступіцца не тое што да склада, дык і да станцыі: асколкі снарадаў ляцелі, скуголілі на ўсё наваколле. Сабаленка. Шалёна біліся аб сцены аканіцы, сумотна скуголілі завескі, на якіх яны трымаліся. Колас. Глядзіш, праз пару месяцаў .. сіпаты гармонік [Гарыка] ўжо скуголіць па завуголлю суседніх вёсак. Скрыпка. // Разм. Ціха, жаласна плакаць, енчыць. А дзяўчынка скуголіць і скуголіць, быццам сваім плачам хоча перамагчы завею. Асіпенка. [Хлопец] неспакойна абмацваў каля сябе зямлю, а пасля пачаў скуголіць тонкім перарывістым голасам. Чорны.
2. перан. Разм. Наракаць, скардзіцца, прасіць чаго‑н. — І навошта гэта, і навошта, — скуголіў пасажыр. — Выпілі б па чарцы дый раз’ехаліся... Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
става́ць, стае; безас. незак. чаго.
1. Хапаць чаго‑н. для каго‑, чаго‑н. [Пан жываглот] Сам не сеяў, не араў, Ледзь нагой пераступаў, А ўсяго яму ставала — Хлеба, солі, круп і сала. А. Александровіч. Без елкі на Новы год несвяточна, вядома, і добра, што ў Беларусі елак на ўсіх стае. Лось. У новую экспедыцыю .. выбрацца не ўдалося, — не ставала сродкаў. Самуйлёнак. Кніг не ставала, беларускія трапляліся мала калі, знаёміцца з імі можна было хіба што назіркам. Лужанін.
2. Мець магчымасці, сілы, здольнасці рабіць што‑н. Асвоіў Сяргей Кірылавіч спецыяльнасць мадэльшчыка. Рукі ж дужыя, працавітыя. І чарцяжы чытаць сваёй галавы ставала. Мыслівец. Нясу табе і радасці і болі, — Тут смеласці і шчырасці стае. Матуля, не цураўся я ніколі Ні мовы, ні гісторыі твае. Тармола. Любе хацелася нешта сказаць, усёй істотай імкнулася яна перарваць маўчанку, але быццам не ставала рашучасці. Мурашка. — А, — махнуў рукою малады цясляр, — няхай вучыцца той, у каго свайго розуму не стае. Якімовіч.
•••
Клёпкі ў галаве не стае — тое, што і клёпкі ў галаве не хапае (гл. хапаць).
Як (колькі) моцы стае — з усяе сілы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сяро́д, прыназ. з Р.
1. У прамежку паміж краямі якой‑н. прасторы, пераважна ў роўнай адлегласці ад іх; пасярод. Стаяць сярод пакоя. □ Мікола чытаў, стоячы сярод хаты. Брыль. Палеткі калгаса «Рассвет» былі сярод лясоў. Кавалёў. // У прамежку паміж пачаткам і канцом якога‑н. адрэзка часу; на працягу чаго‑н. Сярод ночы.
2. У акружэнні каго‑, чаго‑н. (якіх‑н. аднародных прадметаў, з’яў, асоб); паміж кім‑, чым‑н. Карабель сярод ільдоў. Хата сярод лесу. □ Мне лес цяпер міл удвая, Бо родны лес мой краю служыць, Бо лес мой туліць смелых, дужых, Сярод якіх душой і я. Колас. Учора, як разыходзіліся ад пакгауза, не заўважыў Міколка сярод людзей, куды дзеўся яго стары таварыш. Лынькоў. // У ліку, у саставе каго‑, чаго‑н. Сярод тых, хто варочаўся паражняком, былі і Арсень з Міхасём. Каваленка. Сярод трафеяў было некалькі афіцэрскіх мундзіраў. Грахоўскі. // У асяроддзі, у акружэнні каго‑н. [Алаізе] так многа далі простыя людзі, сярод якіх яна жыла. Яны навучылі яе любіць кожную травінку на роднай зямлі, захапляцца паэзіяй паданняў, легенд. Арабей.
•••
Сярод белага дня гл. дзень.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)