Карабе́ль, укр. корабель, рус. корабль, чэш. koráb, славац. koráb, польск. korab, ст.-слав. корабль, балг. кораб, серб.-харв. ко̏рабаљ, славен. korabelj. Лічыцца праславянскім запазычаннем з грэч. χαςάβιον (Бернекер, 567). Спасылка на адзінасць гэтага эвентуальнага праславянскага грэцызма нічога не даводзіць, бо праблема палеабалканізмаў у праславянскай мове зусім не вывучана. Зафіксаванае толькі ў візантыйскую эпоху грэч. καράβιον тым не менш перадаецца ў славянскіх мовах з ‑bъ‑, а не ‑v‑, што гаворыць на карысць яго палеабалканскага паходжання (параўн. Трубачоў, Эт. сл. 11, 46–48).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бажні́ца ’ўсякі нехрысціянскі храм, акрамя яўрэйскага’ (Шат.); ’паліца або шафка пад абразамі’ (Касп.). Рус. божни́ца ’царква; язычаскі храм’, укр. божни́ця. Параўн. польск. bożnica (раней кожная царква; сёння толькі яўрэйская; Брукнер, 34), ст.-чэш. božnicě ’язычаскі храм’. Ад бог (гл.). Фасмер, 1, 184 (там і некаторая літ-pa), прыводзіць паралелі, якія тлумачаць значэнне ’язычаскі, яўрэйскі храм’: гоц. gudhûs іюдзейскі храм’, ст.-ісл. godahûs ’язычаскі храм’. Трубачоў (Этимология, 1965, 30) хоча бачыць сувязь паміж слав. božьnіса і іран. *bagina‑ ’храм’, што, аднак, досыць праблематычна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казлабаро́д ’расліна Tragopogon’, звычайна T. pratensis (ТСБМ). Калька рус. козлобородник ’тс’, якое з лац. Tragopogon < грэч. τράγος πώγων ’казліная барада’. Аналагічныя калькі і ў іншых мовах: польск. kozia broda, чэш. kozibrada, серб.-харв. ко̏зја бра́да, ёсць і ў іншых слав. мовах; ням. Wiesen‑Bocksbart, літ. ožkabar̃zdis і інш. Дзіўна, што добра вядомая расліна са шматлікімі ў розных мовах народнымі назвамі тым не менш называецца калькаваным тэрмінам. Махэк (Jména rostl., 235) звяртае на звычайнасць kozi ў назвах раслін і, што гэта магчыма, сведчыць аб незалежным ад навуковага паходжанні слав. тэрмінаў. Меркаваць аб гэтым цяжка; не выключана нават, што некаторыя з слав. лексем (казялок і пад.) для Tragopogon утвораны пад уплывам калькі. Магчыма таксама, што падобныя назвы існавалі спрадвеку, а навуковая толькі «сканцэнтравала» фонд дэрыватаў ад kaza і kozьlь. Не выключана, што працэс намінацыі праходзіў больш складана і сваю ролю адыгралі форма лісця, пладоў, колер кветак, наяўнасць млечнага соку, уплыў назваў іншых раслін у межах народнай класіфікацыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Расава́ць ’цвісці, красаваць (пра злакавыя)’ (Скарбы, Сцяшк., Сл. ПЗБ), rasaváč ’тс’ (Арх. Федар., Смул.), росова́ты (зах.-палес., Выг.), расава́цца ’тс’ (Сцяшк. Сл.), ’выпускаць вусікі, коцікі (пра вярбу)’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Станкевіч (Зб. тв. 1, 442–443) падкрэслівае, што побач з літаратурнай формай красу́е існуе дыялектная форма расу́е. Арэальнае ўтварэнне, што памылкова выводзіцца з красаваць (гл.), параўн. польск. дыял. rosowac ’цвісці, красаваць (пра збожжа)’. Першаснае значэнне магло быць не толькі ’цвісці’, але і ’натапырвацца, шчацініцца’, што вынікала з рознай семантыкі раса́ 2 (гл.) — ’вусік калосся’ і ’шорсткая поўсць’, параўн. славен. pšenica se resi ’пшаніца выпускае вусікі’, resíniti se ’мець натапыраную поўсць’, гл. расіцца. Смулкова (Białoruś, 165) мяркуе, што расаваць узнікла шляхам народнаэтымалагічнага спрашчэння з красаваць праз збліжэнне з раса́ 1, гл. (“żyto pokrywa się pyłkowatym kwiatem jak rosą”) і з’яўляецца інавацыяй, што малаверагодна. Па гістарычных і лінгвагеаграфічных прычынах хутчэй архаізм, захаваны ў міфалагічных уяўленнях, параўн. раса́ 4, расава́тначка (rasawátnaczka) ’патронка, апякунка квітнеючага збожжа’ (Тур.), магчыма і роса́ўка ’русалка’ (ТС), гл. расаўка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

мо́ва, -ы, мн. -ы, моў, ж.

1. Сродак падтрымання зносін паміж людзьмі і выказвання думкі з уласцівымі яму фанетыка-граматычным ладам і лексічным фондам.

Беларуская м.

Класічныя мовы.

2. Сукупнасць пэўных сродкаў выражэння думкі, уласцівых індывідуальнай манеры пісьменніка; стыль.

М.

Янкі Купалы.

Літаратурная м.

3. Здольнасць гаварыць.

У хворага адняло мову.

4. Сістэма знакаў, гукаў, сігналаў, якія перадаюць інфармацыю.

М. лічбаў.

М. формул.

5. Асаблівасць маўлення, манера гаварыць.

Дзіцячая м.

6. адз., перан., чаго. Тое, што тлумачыць сабой што-н., паясняе.

М. фактаў.

○

Аналітычныя мовы — мовы, у якіх граматычныя адносіны выражаюцца службовымі словамі, парадкам слоў, інтанацыяй і інш.

Жывая мова — мова, на якой гаворыць дадзены народ у дадзены перыяд.

Індаеўрапейскія мовы — мовы, што ўваходзяць у індаеўрапейскую сям’ю моў (славянскія, германскія, раманскія і інш.).

Мёртвая мова — старажытная мова, якая вядома толькі па пісьмовых помніках.

Эзопаўская мова — алегарычная мова, пры дапамозе якой хаваецца прамы сэнс выказвання.

◊

Знайсці агульную мову — прыйсці да згоды.

|| прым. мо́ўны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

схо́ванка, ‑і. ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Месца, дзе можна знайсці прыстанішча, прытулак, схавацца ад каго‑, чаго‑н. Толькі зрэдку перабягаў з падворку ў падворак сабака, высалапіўшы язык і шукаючы лепшай схованкі ад мух. Колас. [Максім] дакажа гэтаму Луцкевічу, што не ўсе, як ён, палохаюцца арышту і шукаюць схованкі за чужой спінай. Машара. [Мікола:] — Трэба выручыць адных хлопцаў. Зараз яны ў лесе хаваюцца. Але якая там цяпер схованка. Новікаў.

2. Якое‑н. таемнае месца, збудаванне і пад. для ўкрыцця каго‑, чаго‑н. Добрую схованку зрабіў тут Бязвухі, — яма абкладзена дзёрнам, з усіх бакоў закрыта высокай травой. Жычка. Змрокам з дзённай схованкі вылазіў Віктар і пры газоўцы з бацькам сядзеў да поўначы. Лобан. Мы зрабілі патайную схованку ў гумне і схавалі там трохі збожжа і бульбы на вясну. Якімовіч. // Разм. Пра ўмоўленае месца для хавання чаго‑н., якое вядома толькі некаторым. Каб не заплакаць, хутка ўзяла [Люда] ў .. [бацькі] грошы, замкнула сені, палажыла ў схованку ключ і сказала, дарэмна хочучы ўсміхнуцца: — Ну, я пайшла. Брыль.

3. толькі мн. (схо́ванкі, ‑нак); перан. Тое, што недаступна іншым; запаветны бок чаго‑н.; сховы. Гэта толькі чалавечая памяць заўжды знойдзе ў патаёмных схованках самыя далёкія ўспаміны, ажывіць іх, прымусіць сэрца хвалявацца, стукаць узбуджана. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паўтары́ць, ‑тару, ‑торыш, ‑торыць; зак., што.

1. Сказаць або зрабіць яшчэ раз тое ж самае. Паўтарыць просьбу. Паўтарыць загад. Паўтарыць паездку. □ — Цётка, чаго вы? — Старая прыціхла.. — Цётка, што з вамі? — паўтарыў .. [начлежнік] пытанне. Брыль. // Перадаць якія‑н. гукі (пра рэха, водгук і пад.). І толькі паўтарылі лозы Перадвясельнай песні гук, Як дзесь аклікнуўся з пагрозай Чырванабровы цецярук. Танк. // Аднавіць яшчэ раз у памяці раней завучанае. Заўтра экзамены, але ўсё, што трэба, Лёдзя і Кіра паўтарылі. Карпаў.

2. Поўнасцю ўзнавіць што‑н. Кожны крок наш легенда паўторыць. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́купіць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; зак., каго-што.

1. Заплаціўшы грошы, атрымаць што‑н. аддадзенае ў заклад, купленае ў растэрміноўку. Выкупіць рэчы з ламбарда. // Вызваліць каго‑н. за выкуп. Выкупіць палонных. □ Пасядзець Віктару ў турме бацька не даў, выкупіў. Лобан.

2. перан. Загладзіць чым‑н. свой учынак. [Саўка:] — Мне сорамна пазіраць вам у вочы, але я выкуплю сваю віну перад вамі, выкуплю, чым толькі змагу. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́лузацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Выпасці са шкарлупіння, з цвёрдай абалонкі. // Вызваліцца з чаго‑н., з-пад чаго‑н. Грудок гэты толькі што вылузаўся з-пад снегу і яшчэ ўвесь чорны. Лужанін.

2. перан. Разм. Вырвацца, выкруціцца. Вылузацца з дужых рук. □ Мурашкі так абляпілі гадзюку, што яна... ніяк не магла ад іх вылузацца. Гурскі. // Выйсці з цяжкага, непрыемнага становішча, выкруціцца. Вылузацца з бяды.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

куламе́са, ‑ы, ж.

Разм.

1. Гразь, змешаная са снегам. // Мяцеліца, мокры снег. Мы крочым, не зважаючы на лужыны і снежную куламесу, не адчуваючы, што прамоклі па пояс, што нашы пінжакі і кашулі расхрысталіся. Кухараў.

2. перан. Неразбярыха, беспарадак. [Кунц:] І, ведаеце, калі я і забываюся часам на гэтую крывавую куламесу, якую мы называем вайной, то толькі ў тыя мінуты, калі гляджу на фота сваіх малых. Губарэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)