Вужо́ўнік ’расліна, Ophioglossum L.’ (БРС, Кіс.); ’вераніка шчытковая, Veronica scutellata’ (Касп.). Рус. ужо́вник ’тс’. Ад вуж. Назва ўтворана на базе перакладу грэч. назвы: ophis ’змяя’, glossa ’язык’ (Аненкаў, 232). Параўн. серб. гадји језик, змијски језик, ням. Natterzunge (Сіманавіч, 325). Але не выключана і самастойнае ўтварэнне на слав. глебе ад вуж(овы), таму што расліна ўжываецца пры ўкусе змей (параўн. вужака ’змяя’). Семантычная мадэль ’назва хваробы’ — ’назва лекавай расліны’ сустракаецца даволі часта; гл. вогнік2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ву́сны (БРС, Байк. і Некр.), ’губы’ (Касп.), вусніна ’губа’ (Касп.), рус. маск. усти́на ’тс’, славен. ustna, ustnica ’губа’, ustni ’губы’, серб.-харв. у̏сна ’губа’, у̏сни мн. л., макед. усна ’губа’, усни мн. л., балг. у́стна ’губа’, мн. л. у́стни. Прасл. *ustьna ’губа’, вытворнае ад *usta (Махэк₂, 671) хутчэй за ўсё ў выніку семантычнага згортвання словазлучэння *ustьna gǫba > ustьna. Параўн. таксама Трубачоў, Слав. языкозн. 5, 177, дзе звяртаецца ўвага на беларуска-паўднёваславянскі характар слова. Гл. вуста.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вуша́т ’цэбар’ (Шатал., Жд., 3), вуша́так ’невялікі цабэрак для розных патрэб з двума вушкамі’ (З нар. сл.). Ад вуша́ты (кароткая форма прыметніка ушатъ), г. зн. які мае вушы; параўн. гродз. уша́ты ’цэбар’ (Нар. сл.) у выніку семантычнай кандэнсацыі з ушаты цэбар, рус. ушат ’цэбар з вушамі’ (Фасмер, 4, 180). Булыка (Запазыч. 332) лічыць ст.-бел. вушаток, ушаток (з 1550 г.) запазычаннем з польск. uszatek ’тс’; параўн. іншую назву пасудзіны па характэрнай прыкмеце — насатка (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Выйма́ць ’вымаць’ (Нас., Гарэц., Касп., Бяльк.). Рус. дыял. выйма́ть, укр. вийма́ти, польск. wyjmować, в.-луж. wujimać, чэш. vyjmouti, славац. 1‑я асоба vyjme. Утвораны з дапамогай прэфікса вы‑ ад праславянскага дзеяслова j‑ьmǫ, ‑ęti або ад формы незакончанага трывання гэтага дзеяслова — emi̯ǫ, jьmati, пасля имать; параўн. літ. imù, im̃ti, ст.-прус. imma, īmt, лац. emō, ēmi ’бяру’ (Траўтман, 103 і наст.; Фасмер, 2, 19; Махэк₂, 231; Шанскі, 1, В, 227 і наст.). Параўн. узяць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вытвара́ць ’вырабляць штукі, свавольнічаць’ (БРС, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Янк. III, Мядзв.). Рус. вытворя́ть, укр. витворя́ти ’тс’. Утворан як форма незакончанага трывання дзеяслова вы́тварыць, які ад тварыць (параўн. польск. wytworzyć ’зрабіць, стварыць’) (гл. Шанскі, 1, В, 235). Семантычны зрух ’тварыць’ > ’рабіць што-небудзь незвычайнае’ атрымаўся, відавочна, не пры пераходзе ў прастамоўна-аргатычнае асяроддзе ўжывання (Шанскі, там жа), а з’явіўся вынікам эліпса словазлучэння вытвараць штукі, свавольства, дзе дзеяслоў выступае ў сваім прамым значэнні.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вярэ́нька ’торбачка на хлеб, сплеценая з бяросты’ (Некр., Шат.); ’берасцяная кашолка’ (Працы, 6), лун. вэрэ́нька ’кошык для ягад’ (Шатал.), укр. вере́ня ’раднінка’, бук. вере́нь, вере́ня ’дзяруга’, рус. вере́нька ’плецены кошык’, уладз., кастр. ’венцер’. Звязана з літ. vérti ’нанізваць, уцягваць нітку’, лат. vērt ’нанізваць’, грэч. ἀείρω ’звязваю’, алб. vjer ’вешаю’ і інш., а таксама з вярэні (гл.). Сюды ж вярэ́ня ’кошык’ (Шн., 3); ’торбачка’ (мін., Жыв. сл.); ’някемлівы, мешкаваты чалавек, няўдалы’ (Янк. I, докш., Янк. Мат.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Відзік ’пейзажны малюнак у рамцы пад шклом’ (гродз., Сцяц., Словаўтв.); ’паштоўка’ (маз. Мат. Гом.). Укр. видик, рус. видик (памянш. ад від), польск. widok ’від, перспектыва, пейзаж, пейзажны малюнак’, чэш. viděk ’вёска, правінцыя, перыферыя’; ’пейзаж, від’, славац. vidiek ’тс’, серб.-харв. вѝдик ’гарызонт’; ’від’, макед. видик ’тс’. Запазычана з польск. widok; пры гэтым суфікс ‑ok заменены на беларускі ‑ік (з памяншальна-ласкальным адценнем). Пазней стала ўспрымацца як памяншальнае ад від (Сцяц., Словаўтв., 112).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вінегрэ́т ’халодная страва, прыгатаваная з дробных кавалачкаў парэзанай гародніны (з рыбай ці з мясам), запраўленая алеем ці воцатам; сумесь розных прадметаў’ (БРС, КТС), гродз. вінагрэ́т (Сцяшк. МГ), усх.-маг. вінігрэт (Бяльк.). Запазычана з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 80). Гродз. вінагрэт, магчыма, з польск. winegret (цвёрдае ‑н‑) < франц. vinaigrette ’соус з воцату, алею і солі’ < франц. vinaigre ’воцат’ < vin ’віно’ і aigre ’кіслы’ (Даза, 752; Фасмер, 1, 316; Шанскі, 1, В, 99–100; КЭСРЯ, 82).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вірзія́1 ’чалавек, які гаворыць абы-што’; ’лухта’ (Бяльк.). Аддзеяслоўнае ўтварэнне са старым суф. ‑ьja (як суддзя < sǫdьji). Да вярзці́ (гл.). Гл. яшчэ вярза́.

Вірзія́2 ’вялікі чалавек’ (Бяльк.). Кантамінаваная назва ад вірзія1 і вядомага ва ўсх.-маг. гаворках рус. верзила ’бамбіза, вялікі чалавек’, этымалогія якога няясная. Аднак, паводле семантыкі, лексему можна супаставіць з гоц. *wrisila, якое магло даць слав. vьrzila, параўн. ст.-н.-франц. wrisil, ст.-сакс. wrisitīk ’гіганцкі, магутны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гавя́да ’скаціна’, таксама гаўя́да (гл. ДАБМ, карта № 293). Прасл. *govędo ’буйная рагатая жывёла, скаціна’ (рус. дыял. говя́до, укр. дыял. говʼя́до, балг. гове́до, серб.-харв. го̀ведо і г. д.). Утварэнне суфіксам ‑ęd‑o да і.-е. *g​ō̆u̯‑s ’буйная рагатая жывёла’. Агляд літ-ры ў Трубачова, Эт. сл., 7, 74–75. Усх.-палес. го́ўе, гаўя́ ’буйная рагатая жывёла, скаціна’, магчыма, < *govьje (< *govь < і.-е. *g​ou̯‑); гл. Борысь, БЛ, 1979 (15), 47–48.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)