Вытвара́ць ’вырабляць штукі, свавольнічаць’ (БРС, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Янк. III, Мядзв.). Рус. вытворя́ть, укр. витворя́ти ’тс’. Утворан як форма незакончанага трывання дзеяслова вы́тварыць, які ад тварыць (параўн. польск. wytworzyć ’зрабіць, стварыць’) (гл. Шанскі, 1, В, 235). Семантычны зрух ’тварыць’ > ’рабіць што-небудзь незвычайнае’ атрымаўся, відавочна, не пры пераходзе ў прастамоўна-аргатычнае асяроддзе ўжывання (Шанскі, там жа), а з’явіўся вынікам эліпса словазлучэння вытвараць штукі, свавольства, дзе дзеяслоў выступае ў сваім прамым значэнні.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)