вы́сыпацца, ‑плецца; зак.
1. Выпасці, вываліцца (пра што‑н. сыпкае, дробнае). Мука высыпалася з мяшка. // Разм. Разбіўшыся, выпасці. Ад выбуху і асколкаў высыпаліся шыбы амаль ва ўсіх вокнах. Мыслівец.
2. З’явіцца на паверхні ў вялікай колькасці. Раніцай іней высыпаўся, а калі сонца паднялося, зусім цёпла стала. Чарнышэвіч.
высыпа́цца 1, ‑а́ецца; незак.
1. Незак. да вы́сыпацца.
2. Разм. Тое, што і вы́сыпаць (у 3 знач.). Тут нам відаць стала, як польскія коннікі пачалі высыпацца з-за лесу.. у лагчыну. Чорны. З барака, дзе ішлі танцы, пачалі высыпацца з крыкам і шумам людзі. Чарнышэвіч.
3. Зал. да высыпа́ць (гл. вы́сыпаць у 1, 2 знач.).
высыпа́цца 2, ‑а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца.
Незак. да выспацца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
асляпі́ць, асляплю, аслепіш, аслепіць; зак., каго-што.
1. Пазбавіць зроку, зрабіць сляпым. // Часова пазбавіць здольнасці бачыць. На ганку.. [Кастуся] адразу асляпіла сонца і гагава ажно закружылася ад чыстага паветра. Галавач. // перан. Зрабіць моцнае ўражанне на каго‑н. Усе гэтыя думкі яскравым святлом пражэктара асвяцілі перад.. [Андрэем] усё жыццё і на нейкі момант асляпілі яго. Галавач.
2. перан. Пазбавіць здольнасці правільна зразумець што‑н., разабрацца ў чым‑н. Злосць, лютая злосць асляпіла, затуманіла розум. Шамякін. Святло радасці захапіла, асляпіла.. [Аксану]. Кавалёў. / у безас. ужыв. І чаму ёй [Марылі] не ведаць было ў п[а]ру пра Івана, чаму не знайшоўся добры чалавек ды не сказаў ёй гэтага, чаму яе самую асляпіла? Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сакрэ́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які з’яўляецца сакрэтам, невядомы ўсім; тайны. Сакрэтны пакет. □ Любіў [Даніла] таксама патаемна Лісток сакрэтны пачытаць. Колас. [Партызаны] не ведаюць аднаго сакрэтнага слова, ключа ў нямецкі абарваны круг. Брыль. [Гарлахвацкі:] У цябе там у пакоі, здаецца, людзі ёсць?.. Папрасі ўсіх выйсці. Так, размова будзе сакрэтная. Крапіва. // Звязаны з вядзеннем спраў закрытага парадку. Сакрэтная работа. Сакрэтны аддзел. □ Не дарма ўжо праз некалькі дзён паслаў.. [Лялькевіч] Даніка ў Гомель з нейкім сакрэтным заданнем. Шамякін. // Сакрэтна размешчаны. І бамбавозы з сакрэтных баз Прагнуць закрыць наша сонца ў небе... Панчанка.
2. Мудрагелістай канструкцыі, з механізмам, дзеянне якога вядома не ўсім. Сакрэтны замок. □ Хата Паўлюкова была завалена з сярэдзіны сакрэтным завалам. Зарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыпа́р, ‑у, м.
1. Душная гарачыня, спякота ў паветры ад сонца. Іскрыцца сонейка. Прыпар. Бялевіч. То ў бубны дахаў снежны вецер біў, То навальніца у прыпар грымела, Трубач над зыркім вогнішчам трубіў — І ўсё было да болю зразумела. Грахоўскі.
2. Напружаная летняя праца ў полі (у час касьбы, жніва). Следам за сенакосам падыходзіў жніўны прыпар. Асіпенка. У самы прыпар прыехала на хутар бабка Югася, каб паглядзець дзяцей, пакуль маці і бацька будуць ўпраўляцца з касьбою і жнівом. С. Александровіч. // перан. Найбольш напружаная праца, якая наступае час ад часу, а таксама перыяд такой працы. Кафедры правяралі выкананне вучэбных планаў і паспешліва рыхтаваліся да чарговага інстытуцкага прыпару. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
размя́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. размяк, ‑ла; зак.
1. Стаць мяккім. Пад поўдзень асфальт на вуліцы размяк і ўспацеў чорнымі кроплямі смалы. Гарбук. Хутка .. дарога размякла, ператварыўшыся ў густую кашу, і машына спынілася. Сіняўскі.
2. перан. Стаць вялым, расслабіцца (пра фізічны стан чалавека). Пасля доўгай непагадзі сонца здавалася такім цёплым, пяшчотным, што людзі размяклі і паступова паснулі. Маўр.
3. перан. Прыйсці ў стан душэўнай чуллівасці, стаць ласкавым, добрым. Паходня завагаўся: можна было прайсці праз парк, але і там, як і на гэтай вуліцы, пачне прыгадвацца на кожным кроку мінулае — расхвалюешся, размякнеш. Хадкевіч. [Алесь] размяк. Узяў .. [Майку] далонямі за галаву. — Ты ... не плач, — сказаў ён. — Не трэба. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
расста́цца, ‑стануся, ‑станешся, ‑станецца; заг. расстанься; зак.
1. Развітаўшыся, разысціся. На гэтым яны рассталіся, а назаўтра раніцай Вера была ўжо ў Зоі Максімаўны. Пальчэўскі. [Андрэй і Косця] рассталіся, калі першыя агністыя прамені сонца пырснулі з-за небасхілу. Чарнышэвіч. // Разлучыцца з кім‑н. [Лабановіч] успамінаў Выганаўскую школу, вучняў, знаёмых, сялян, з якімі ён здружыўся і з якімі расстаўся так раптоўна і нават трагічна. Колас. // З’ехаць адкуль‑н. [Энрыка Фермі] З Венецыяй расстаўся і з Неапалем, Пакінуў назаўсёды дзіўны Рым. І. Калеснік.
2. перан. Адмовіцца ад каго‑, чаго‑н. Кастусь позна лёг спаць: не мог расстацца з кнігаю. С. Александровіч. Не, Шайпак не расстанецца з марай сваёй, Будзе станцыі ставіць ён і над вадой!.. Куляшоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падпалі́ць, ‑палю, ‑паліш, ‑паліць; зак., што.
1. Паднёсшы агонь да чаго‑н., прымусіць гарэць; выклікаць гарэнне. Падпаліць дровы. Падпаліць салому.
2. Наўмысна знішчыць агнём што‑н., учыніць пажар. Гадзін за дзве да захаду сонца, адыходзячы, салдаты з двух канцоў падпалілі вёску, а самі зніклі. Чорны. А ў гэтую самую ноч на Пасеках было відна, хоць іголкі збірай... Нехта падпаліў новыя будовы Ліпніцкага. Чарот.
3. Даць падгарэць чаму‑н., падсмаліць што‑н. Падпаліць хлеб. Падпаліць сала.
4. і ў чым. Раскласці агонь (у печы, пліце і пад.), каб згатаваць ежу або ацяпліць памяшканне. Падпаліць печ. Падпаліць пліту. □ Назбірае бабка трэсак, падпаліць у печы і грэецца перад агнём. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сма́гнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.
1. Знемагаць, мучыцца ад смагі, гарачыні. Ён [Рыгор] трызніў, смаг, прасіў ён піць, А смерць ужо шаптала: — Табе не ўстаць, Табе не жыць. Бялевіч.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Перасыхаць, сохнуць (пра губы, горла, рот). Губы смагнуць. / у безас. ужыв. У горле смагла, але піць не хацелася. Гартны. // Сохнуць, перасыхаць ад недахопу вільгаці і ад празмернага сонца (пра траву і пад.). Далонь падставіў кожны ліст, Ды сціхла ўраз стыхія. І смаглі ўнізе на галлі Лісты зусім сухія. Кляўко.
3. перан. Прагнуць, моцна хацець чаго‑н. Разгінаючы дужыя рукі, Працавітыя людзі ў лясах Смаглі гэтага звону і груку, Сумавалі аб ім па начах. Глебка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сноп, снапа; мн. снапы, ‑оў; м.
1. Звязаны пук зжатых сцёблаў збажыны і некаторых іншых культур. [Аня] паволі перавязала хустку, устала са снапа, выпіла з гладышкі цёплай вады і падалася да сястры жаць. Мележ. Жанкі на густым жыце панажыналі па пяцьдзесят снапоў. Мурашка. // чаго. Вялікі пук, бярэмя якіх‑н. раслін. Цэлы сноп .. [кветак], белых, светла-ружовых, малінавых, стаяў на стале. Васілевіч.
2. перан.; чаго. Паток чаго‑н. (праменяў, іскраў і пад.), які разыходзіцца пучком. Майскае сонца высока стаяла ў ясным небе, кідала на зямлю снапы гарачых праменяў. Колас. Угору шугануў сноп іскраў. Ваданосаў.
•••
Як сноп (паваліцца, упасці і пад.) — усім целам, цяжка (паваліцца, упасці і пад.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спаласава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак.
1. што. Спярэсціць палосамі што‑н., парэзаць на палосы. Спаласаваць матэрыял. □ На захадзе над лесам вострыя чырвоныя пісягі спаласавалі небакрай — там зайшло сонца. Пташнікаў. // перан. Перасячы што‑н. у розных кірунках; пакінуць след у выглядзе палос. Двор удоўж і ўпоперак спаласавалі сляды лыж і санак. Хомчанка. Такое ўражанне было ад глыбокіх, не па гадах, маршчын, што спаласавалі лоб, ляглі пад вачамі. Ваданосаў.
2. каго. Пабіць моцна (пугай, бізуном), пакінуўшы на целе рубцы, шрамы, палосы. Так спаласавалі хлопца папругамі, што месца жывога не пакінулі. Лынькоў. [Рыгор:] А ці памятаеш, пане Рытвінскі, як ты мяне спаласаваў бізуном, што на мне ніводнага жывога месца не асталося. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)