вы́сыпаць, ‑плю, ‑плеш, ‑пле; зак.
1. што. Сыплючы, вытрасці што‑н. адкуль‑н. Высыпаць збожжа з мяшкоў. □ Пасвечваючы ліхтарыкам, дзядзька высыпаў грошы на сена і пачаў лічыць. Скрыпка. [Вулька] абярнула чыгунок і, абпальваючы далонькі,.. высыпала з яго вугаль і попел. Лынькоў.
2. што. Услаць што‑н. чым‑н. сыпкім; насыпаць. Высыпаць сцежку пяском. □ [Дзядзька:] — Такую, брат, дарогу паднялі, жарсцвяком высыпалі, шаша другая таго не дакажа. Ермаловіч.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.) без дап. Разм. Выйсці, выбегчы ў мностве. Спыніўся тралейбус, і ўсе пасажыры высыпалі на вуліцу. Грамовіч. За ракой на роўнядзь поплаву густа высыпалі з лесу лыжнікі. Асіпенка. // што і без дап. З’явіцца, выступіць на паверхні ў вялікай колькасці. На цёмным небасхіле Высыпала ноч мільёны зор. Звонак. За гады вайны на лугах высыпаў густы хмызняк. Дуброўскі.
высыпа́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.
Незак. да вы́сыпаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дапамо́га, ‑і, ДМ ‑мозе, ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. дапамагаць — дапамагчы; садзейнічанне, падтрымка ў чым‑н. Баец апусціў аўтамат і паспяшыў Пракопу на дапамогу. Якімовіч. З суседняй вёскі амаль штодня прыходзіць старэйшая дачка і просіць ад бацькі дапамогі: то накасіць сена, то хлеб абмалаціць. Шамякін. // Матэрыяльная падтрымка. Грашовая дапамога. // Садзейнічанне ў лячэнні, у палягчэнні пакут. Медыцынская дапамога.
•••
Выхадная дапамога — грашовая сума, што па савецкаму заканадаўству выплачваецца аднаразова рабочаму ці служачаму, якога звальняюць.
Карэта хуткай дапамогі гл. карэта.
Першая дапамога — дапамога, якая аказваецца хвораму ці пацярпеўшаму ад якога‑н. няшчаснага выпадку да прыходу доктара.
Хуткая дапамога — а) медыка-санітарная арганізацыя, якая аказвае першую медыцынскую дапамогу ў неабходных выпадках, а таксама перавозіць хворых у лячэбныя ўстановы; б) аўтамабіль, на якім ажыццяўляецца такая перавозка.
Падаць (працягнуць) руку дапамогі каму гл. падаць.
Пры дапамозе чаго — выкарыстаўшы што‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ува́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да уварыць.
уварва́ць, ‑рву́, ‑рве́ш, ‑рве́; ‑рвём, ‑рвяце́; зак., што і чаго.
1. Вырваць хуткім рухам невялікую частку чаго‑н. Уварваць жменю сена. // перан. Здабыць, прысвоіць сабе нейкую колькасць чаго‑н. [Уладзік:] — Я грошы не збіраю і не кладу ў паклад. Што ўварву — прагуляю. Крапіва. [Стэфа:] — Усё выведаў [Юхім], усё выглядзеў і з’явіўся. Як груган, каб сабе што ўварваць. Савіцкі.
2. перан. З цяжкасцю вылучыць, выкраіць (пра час). Часамі можна і ўдзень часіну ўварваць. Чорны. У мяне зусім не стала вольнага часу, рэдка калі ўварвеш якую гадзіну, каб пайсці ў кіно ці парк. Ус.
3. Разм. Заставіць каго‑н. патраціць час, энергію, сілы і пад. Колькі ён мне здароўя ўварваў!
4. Укусіць. Сабака ўварваў за нагу.
•••
Уварваць кусок (кавалак) — захапіць сабе частку якога‑н. багацця, атрымаць прыбытак з чаго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
увяза́ць 1, увяжу, увяжаш, увяжа; зак., што.
1. Абвязаць з усіх бакоў, кругом; абвязаўшы, прывязаць да чаго‑н. Увязаць воз. □ Слабодчыкаў сам склаў на каляску насечаныя дровы, увязаў іх. Хомчанка. [Каню] сена ахапачак на пень, а сам давай бярвенне да саней на сабе падцягваць. Увязаў ланцугом. Дубоўка. // Сабраўшы што‑н., звязаць чым‑н. або, змясціўшы ў што‑н., завязаць. Увязаць рэчы ў посцілку. □ Тады .. [бабка Вера] з Нікадзімам наспех увязалі два вузлы, ускінулі іх на плечы і пабеглі разам з іншымі да бліжэйшага балота. Лупсякоў. Увязала [Галя] трохі сухароў, кавалачак сала. Клунак атрымаўся ладнаваты. Сабаленка.
2. перан. Узгадніць, прывесці ў адпаведнасць з чым‑н. Увязаць тэорыю з практыкай. □ [Каваль] не мог уявіць сабе ўсю панараму будаўніцтва і ўвязаць сваю маленькую працу з агульнымі вынікалі. Савіцкі.
3. Уплесці вязаннем, вывязаць.
увяза́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да увязнуць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узвалі́ць, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак., каго-што на каго-што.
1. Падняўшы што‑н. (звычайна цяжкае, грувасткае), пакласці, нагрузіць, наваліць. Узваліць мех на спіну. Узваліць куфар на воз. □ Сашка ўзваліў па плечы лодку, Вадзік узяў вёслы і вуды, і яны падаліся да возера. Гамолка. Чалавек дваццаць сялян, узваліўшы невад на сані, выходзіць на затокі. Колас. Павярнуўся [вознік], выскраб з-пад сябе сена і ўсё ўзваліў на Раю. Новікаў.
2. перан. Разм. Прымусіць выконваць якую‑н. работу, абцяжарыць работай. [Заранік:] — Мала паездак, дык на мяне яшчэ і сельгасаддзел узвалілі. Хадкевіч.
3. перан. Незаслужана абвінаваціць у чым‑н., прыпісаць каму‑н. што‑н. ганебнае. [Языковіч] узваліў на Зіну Дарошка бадай усю віну за недахопы ў брыгадзе. Кавалёў.
•••
Узваліць на плечы каго, чые, каму — тое, што і ускласці на плечы каго, чые, каму (гл. ускласці).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Вяртлю́г ’бугарок у верхняй частцы бядровай косці’; ’злучальнае звяно дзвюх частак механізма, якое дазваляе адной з іх вярцецца вакол сваёй восі’ (БРС, КТС); ’мера пры куплі-продажу’ (Інстр. III); ’невялікае бярэмца сена’ (Бяльк.). Укр. вертлюг ’нерухомы вінт, на якім што-небудзь абарачаецца’; ’бугарок у верхняй частцы сцегнавай косці’, зах.-укр. верклю́г ’прыстасаванне ў выглядзе літары Г для падвешвання кацялка над агнём’, рус. вяц. вертлю́г ’прыстасаванне для ткання ў выглядзе дошчачкі з дзіркамі’; ’пятля і крук’; ’канец восі ў машыне, якая ўстаўлена ў гняздо’; ’непаседа’, ст.-рус. вертлюгъ, вертлугъ ’прыставанне, пры дапамозе якога абарачальны прадмет злучаецца з нерухомым’; ’прыстасаванне, якое забяспечвае рухомасць ствала гарматы’; ’тазасцегнавы сустаў’. Усходнеславянскае ўтварэнне ад назоўніка вьртьлъ > ве́рцель (гл.) і суф. ‑уг (Слаўскі, SP, 1, 68), якое атрымала значэнне ’абарачальны шпень’ (Шанскі, 1, В, 66). Сюды ж дэмінутыў віртлюжок ’скрутачак у выглядзе перавясла’ (Юрч. Фраз. 2). Крукоўскі (Уплыў, 162) мяркуе, што вяртлюг запазычана з рус. мовы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вяры́гі ’жалезныя ланцугі, аковы, якія насілі на целе рэлігійныя фанатыкі’ (БРС, КТС), ст.-бел. верига, вериги ’ланцуг, путы’ (з XV ст.), укр. вериги, рус. вериги ’тс’, арханг. ’смецце ў зерні збожжа’, алан. ’невялікі стог сена’, ст.-рус. верига, вериги ’металічны дрот, ніць’; ’ланцуг’; ’вярыгі’; ’кайданы’ (з XII ст.), славен. veríga ’ланцуг, звяно ланцуга’; ’клямка, засаўка’, серб.-харв. вѐрига ’ланцуг’, вѐриге ’вярыгі’, макед. верига ’ланцуг’; ’горны хрыбет’, балг. верига, веруга ’ланцуг’; ’путы, аковы, кайданы’; ’ланцуг гор’; ’рад падзей’; ’бярозка палявая, Convolvulus arvensis L.’, ст.-слав. верига, утворанае ад вьрѣти (< verti ’звязваць’) пры дапамозе суф. ‑ига (Шанскі, 1, В, 59). Звязана з літ. vérti ’адчыняць, зачыняць’; ’нанізваць’, лат. vērt ’тс’, грэч. ἀείρω ’злучаю, звязваю’. Са ст.-слав. праз ц.-слав. і ст.-бел. слова прыйшло ў сучасную мову. Фасмер (1, 299) звязвае рус. верига са словам верать ’усоўваць, запіхваць, тыцкаць’. Сюды ж прымыкае вярыжны (брація вярыжная — КТС).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Камора, каморка, комора, кумора ’кладоўка, халоднае памяшканне пры хаце для захоўвання запасаў ежы, адзення’, ’бакоўка, прыбудоўка ў вясковай хаце, дзе спяць, стопка’ (Нас., ТСБМ, Чуд., Мал., Сцяшк., Сцяц. Нар., Жд. 3, Сержп. Грам., Сцяц.; карэліц., докш., Янк. I; В. В., Яруш., Бяльк., Гарэц., Тарн.; шаркаў., Нар. сл.; Рам. 8, Сл. паўн.-зах.)’, кантрольны пункт лясніцтва’ (ТСБМ, Інстр. III; Яшк.); ’будынак для складвання сена’ (Яшк.), ’асобная клетачка ў сотах’ (ваўк., Сл. паўн.-зах.; ашм., З нар. сл.), навагр. каморкі ’складкі ў смаржках’ (Жыв. сл.). Ст.-бел. камора ’тс’ і ’таможня’ (XV–XVIII ст.). Лексема ёсць ва ўсіх слав. мовах. Вельмі старое запазычанне з лац. camera (camara) ’скляпеністая столь’ (зрэшты такое значэнне ёсць і ў ст.-рус. комора, камора побач з іншымі: ’дом, жыллё’, ’пакой’, ’кладоўка’, ’гандлёвая пабудова’) < ст.-грэч. καμάρα ’скляпенне’ (Слаўскі, 2, 390–392); Фасмер (2, 305) выводзіць гэта запазычанне з-за націску са ст.-грэч. καμάρα, а не з лац.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Перакла́д, парэ́клад, перэ́клад, пэрэкла́д, перакра́дзь ’кладзь, верхняя апора страхі “на сохах”’; ’салома на вільчыку пад кароткімі жэрдкамі-козламі’ (палес., Нар. сл.), перэ́клад, пырыкла́д, пэрэ́клад ’падоўжная бэлька’ (зах.-палес., ЛА, 4), пірыкла́дзіна ’падоўжная бэлька на сохах’ (мсцісл., тамсама), перэклад ’тс’, ’два палены пад кладкай дроў у печы’ (ТС), перакла́ды ’жэрдкі, якія кладуцца па перыметру саней пры перавозцы сена, саломы’ (ганц., Сл. ПЗБ), перакла́дзіна ’намарзень’ (лаг., Шатал.), ’жэрдка, якой замацоўвалі лён у сушні’ (пух., Сл. ПЗБ), ’лёстка ў драбінах’ (жлоб., ЛА, 4), ’шапка ў вакне’ (бераст., там жа), перакла́д ’верхні вушак у дзвярах’, (лун., лельч., Нар. сл.), перакладзіна ’паўпрыца ў адтуліне верхняга каменя жорнаў’ (гом., ЛА, 4). Укр. перакла́д ’перакладзіна; некалькі пален, падкладзеных у печы пад дровамі’, польск. przekladzina ’перакладзіна ў коміне, на якой віселі і вэндзіліся шынкі і каўбасы’, славац. preklad ’перамычка; верхні вушак у дзвярах, вокнах’. Паўночнаславянскае аддзеяслоўнае ўтварэнне *per‑kladъ < *per‑klasti. Да пера- і кла́сці (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Прыты́ка 1 ’выструганая жэрдка, якая ўтыкаецца ў дно вадаёма для замацавання на ёй сеткі, нерата і пад., прывязвання лодкі’ (ТСБМ, Касп., Янк. 1; полац., З нар. сл.; ПСл), ’калок, якім прытыкаюць пласты сена ў капе або ў стозе, каб не зрывала ветрам’ (ТС), ’тонкі шост пры падхватніку’ (Янк. 1), прыты́чка ’калок’ (Байк. і Некр.). Да тыкаць (гл.).
Прыты́ка 2, прыты́чка, мн. л. прыты́кі, прыты́чкі ’дакор; папрокі, упікі’ (Нас., Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Яруш., Касп.), ба́ба‑прыты́ка ’пра мужчыну, які ўмешваецца ў чужыя справы і размовы’ (Растарг.). Да прытыка́ць 2 (гл.), аддзеяслоўны назоўнік з ‑а асновай. Меркаванні пра калькаванне літ. priẽkaištas ’дакор, папрок’ пры літ. káišioti, kìšti ’тыкаць’ (Чэкман, Baltistica, 8, 2, 152–153) не пераконваюць.
*Прыты́ка 3 ’?’: “Нанімала чачотачка скочну музыку, // Нанімала невялічка капэлю ўсю: // Верабейка — на скрыпіцы, // Салавейка — на прытыцы” (ашм., Ант.). Значэнне невядомае, але не выключана, што гэта прытыка 1 (гл.). У такім выпадку да тыкаць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)