По́зні ’які набліжаецца да канца, мінае’, ’які надыходзіць пасля звыклага ці патрэбнага часу’ (ТСБМ), ’позні’ (ТС), по́зны ’тс’ (Шат.). Укр. пізній, рус. поздний, польск. późny, ст.-польск. pozdny, н.-луж. pózny, в.-луж. pózdni, чэш. pozdní, славац. pozdný, славен. pozen, серб.-харв. по̏зан ’тс’, балг. по́зден, ст.-сл. поздьнъ ’марудны, павольны’. Прасл. *pozdъ < *posdъ, корань poz‑ < і.-е. pos‑, суф. ‑d‑, як у *tvьr‑d‑ъ > цвёрды, або ў *podъ ’пад’, *nadънад’. Роднаснае літ. pãskui ’тс’, pãstaras ’апошні’, лац. post ’тс’, тахар. B om‑post‑am ’пасля’, алб. pas ’тс’ (Фасмер, 3, 303; Чарных, 2, 50). Банькоўскі (2, 755) прапануе суаднесці прасл. *pozdъ (якое з і.-е. *(s)pod‑dh‑o‑s) з ням. spät ’позні, запознены’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тычы́на ‘жэрдка’ (Яруш., Шымк. Собр., Доўн.-Зап. 2), ‘вялікая палка, доўгі шост’ (ТСБМ, Шат., Адм., Ян.; пух., іўеў, Сл. ПЗБ), ‘тонкая жардзіна, якая ўтыкаецца ў зямлю’ (Нас., Растарг.), ‘завостраны шост’ (Гарэц., Байк. і Некр.), тычына́ ‘тс’ (ашм., Стан.), тычы́нка: хмель тычынку абвівае ‘тс’ (Сержп. Прык.), ‘жэрдка, падвешаная ўверсе над печчу’ (свісл., Шатал.), ст.-бел. тычина ‘вяха, тычка’ (1585 г., ГСБМ). Параўн. укр. тичи́на ‘тычка’, рус. тычи́на ‘тс’, польск. tyczyna ‘тс’. Утворана пры дапамозе суф. ‑ін‑а ад ты́каць, ткнуць (гл.); не выключана ўтварэнне ад *tyčь ці *tъkъ (з падаўжэннем вакалізму асновы) і таго ж суфікса ‑ін‑а. Сюды ж тычы́н ‘вочап у студні з жураўлём’ (ваўк., ДАБМ, камент., 810) са зменай родавага канчатка пад уплывам вочап, тыч і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ша́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм.

1. Шуснуць, нырнуць, шмыгнуць хутка куды‑н., рэзка падацца куды‑н. Хлопец закусіў вусны і шаснуў у гэты неадольны гушчар, які абмінала нават звяр’ё. Быкаў. [Юлька] скокнула з адхоннага берага на плыт, ды крыху раней, чым Ягор Навалёк падаў руку, — каўзанулася на акораным бервяне і, войкнуўшы, шаснула ў ваду. Карамазаў.

2. З шумам, хутка ўпасці, зляцець, паваліцца. Храснула апошні раз [дрэва] і з страшэнным хрустам шаснула на грэблю. Маўр. Сашка дык і не разабраўся спачатку: нешта зверху шаснула, куры ў двары закрычалі што было сілы і сыпанулі, як гарох, ва ўсе бакі. Даніленка.

3. Моцна стукнуць па чым‑н. Адрэзаны кавалак дошкі хруснуў, шухнуўся ўніз, шаснуў па шчэбеню. Ставер.

4. З шумам, свістам хутка праляцець. Кулі роем шаснулі над галовамі. Б. Стральцоў.

5. Разануць. Падумала была [Марфа] шаснуць нажом у хаце, але не стала — панясе цэлы [кавалак сала]. Чыгрынаў.

6. Хутка запісаць. — А ну, — кажа мне дзядзька Паўлюк, — шасні гэта, Лявон, на паперку. Гэта ж, брат, казка! Брыль.

7. Разбіць. Баба міскі шаснула Ды рукамі пляснула. Бічэль-Загнетава.

8. Лінуць. [Аўдотка] шаснула ваду ў надоенае малако. Вітка.

9. Утварыць шоргат, глухі шум. Раптам нешта шаснула ў кустах. Бядуля. У рацэ і над ракою Шаснуў вецер неспакойны. Панчанка. Вусцішна Зосі адной паміж лесу.. Дзе што шасне, яна ўздрыганецца, адагнецца, прыглядаецца ў той бок, пакуль не заўважыць, што там птушка з галінкі на галінку пералятае. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́бач,

1. прысл. Адзін каля аднаго, па суседству. Тут будзе камендатура. А вы займайце дамы побач. Якімовіч. Ідуць яны разам, побач. Апанас час ад часу на сына паглядае. Кавалёў. Тут, побач за павароткай, быў урачэбны кабінет. Мележ.

2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «побач» выражае прасторавыя адносіны і ўказвае на размяшчэнне блізка каля каго‑, чаго‑н., поруч з кім‑, чым‑н. Ідзе Сцёпка, дзе чыгункаю па шпалах, а дзе вузенькаю сцежкаю, што павіваецца па хібах насыпу побач чыгункі. Колас. Жанчына ішла побач воза. Чорны. Пругкія Рыгоравы рукі здрыгануліся ад штуршка, але ён не выпусціў лемяша з зямлі, а роўнаю струною накіраваў яго побач суседняе баразны. Гартны. Мароз і Сонца. Побач іх Вецер з Хмаркай удваіх. Дубоўка.

•••

Побач з (са) (у знач. прыназ. з Т) — а) зусім блізка ля каго‑, чаго‑н. Малады алешнік воддаль, побач з ім — чарот зялёны. Пушча. Хата дзеда Антона была побач са школай. Капусцін. І Ганька стараецца ісці з Шарай побач. Васілевіч; б) адначасова з чым‑н., разам з чым‑н. Побач з працай над дыялекталагічным атласам праводзілася манаграфічнае апісанне і вывучэнне беларускіх дыялектаў. Суднік.

Побач ля (у знач. прыназ. з Р) — недалёка ад каго‑, чаго‑н., каля каго‑, чаго‑н. Побач ля Камуны паўсталі саўгасы. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кро́пка, -і, ДМ -пцы, мн. -і, -пак, ж.

1. След ад дакранання, уколу чым-н. вострым (кончыкам алоўка, іголкі і пад.); маленькая круглая плямка.

Тканіна ў кропкі.

2. Знак прыпынку (.), які аддзяляе сказы, а таксама ўжыв. пры скарочаным напісанні слоў, напрыклад: і пад., і інш.

К. з коскай (;).

Дзве кропкі, або двукроп’е (:).

Тры кропкі, або шматкроп’е (...).

3. Месца, пункт у сістэме, сетцы якіх-н. пунктаў, дзе размешчана што-н.

Гандлёвая к. (магазін, кіёск і пад.). Асвятляльная к.

4. у знач. вык. Досыць, канец (разм.).

Ідзі — і к..

Агнявая кропка — кулямёт, мінамёт, дот і пад., размешчаныя на агнявой пазіцыі.

Біць у адну кропку — накіроўваць свае дзеянні на што-н. адно.

Кропка ў кропку (разм.) — якраз, дакладна.

Папасці ў самую кропку (разм.) — якраз так, як трэба.

Ставіць кропкі над «і» — удакладняць, высвятляць, не пакідаючы нічога недаказанага.

|| прым. кро́пкавы, -ая, -ае (да 1 знач.; спец.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

гуз, ‑а, м.

Пукатасць, нараст на целе чалавека або жывёлы ад удару, запалення і пад. Набіць гуз. □ Дужай мужчынскай рукою, якой так даўно не было на светлай галаве Даніка, Мікола правёў па «сівых» валасах малога, намацаў гуз ад кія і, заплюшчыўшы вочы, праз зубы ціха вылаяўся. Брыль. // Пукатая няроўнасць на чым‑н. Снегу было мала, на каляіністых дарогах чарнелі мёрзлыя земляныя гузы. Чорны. Скрыпучым голасам зарыпіць журавель над студняю з трухлявым дзер[а]вяным зрубам і гузамі лёду каля яго. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асіраце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць сіратою. Да.. [хлапчука] падышла адна з жанчын і, пагладзіўшы па галаве, сказала: — Асірацеў ты, хлопча, сіратою праз што зрабіўся, .. божачка мой. Галавач. // перан. Адчуць сябе адзінокім, страціўшы блізкага, любага чалавека. Сям’я арлоў асірацела — Арла магутнага не стала. Колас. // перан. Апусцець, стаць бязлюдным, пустэльным. Палёгкі апусцелі, асірацелі птушыныя гнёзды, ды густыя, чорныя хмары суцэльнай заслонай навіслі над зямлёю. Кавалёў. [Марына:] — Адны, сыночак, мы, адны! Забралі татку ў нас паны, Асірацела наша хата. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ко́зыр, ‑а, м.

1. Карта той масці, якая лічыцца старшай і б’е любую карту другіх масцей. Біць козырам. Хадзіць з козыра.

2. Пра тое, што можа даць у неабходны момант перавагу ў чым‑н. Мадэрністы, калі іх лаюць за гвалт над здаровым сэнсам, любяць выстаўляць адзін козыр: гэта арыгінальна! У. Калеснік.

•••

Козыр біты чый — пра чый‑н. пройгрыш, правал.

Усе козыры ў руках у каго — хто‑н. мае ўсё неабходнае для ажыццяўлення пастаўленай мэты.

Хадзіць козырам гл. хадзіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сібе́рны, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Крайне суровы; бязлітасны, жорсткі. Сіберны чалавек. Сіберны характар. □ Бялявыя вусы з рыжым адлівам былі заядла падкручаны. Ён сіберным вокам ласкавага бацькі акідаў адданы пад яго апеку і ахову горад: ці няма дзе чаго крамольнага або проста непатрэбнага. Караткевіч.

2. Вельмі моцны, рэзкі, люты (пра вецер, мароз і пад.). Сіберны мароз. □ Быў сіберны холад, і людзі часта прыбягалі пагрэцца ў кацельную. Лынькоў. Не магу я, кволая дзяўчына, Сцюжай гэтакай ісці палямі Над сібернымі вятрамі. Зарыцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

талака́, ‑і, ДМ ‑лацэ, ж.

Разм.

1. Калектыўная дапамога пры выкананні сельскагаспадарчых работ. У беларускіх вёсках была пашырана форма ўзаемадапамогі, якую .. называлі талакой. «Полымя».

2. зб.; перан. Група людзей. З клуба студэнты таксама выходзілі разам. Яны ішлі ўпоперак усёй вуліцы талакой і пелі знаёмую студэнцкую песню. Навуменка. [Уласюк:] — Мы збіраем і згуртоўваем вакол нашай заўтрашняй газеты свядомых беларусаў, лепшыя сілы народа. Вось я і вас запрашаю да нашай талакі. Колас. / Пра насякомых. Над зялёнаю лукою Ходзяць мухі талакою... Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)