ка́ртка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Прамавугольны лісток цвёрдай паперы або кардону для запісу на ім якіх‑н. звестак (звычайна як адзінка картатэкі). У картатэцы Івана Іванавіча акуратна, як кніжкі ў добрай бібліятэцы, стаяла шмат картак. Карпюк.
2. Разм. Фатаграфічны здымак. Цёмныя, крыху прыжмураныя, з доўгімі вейкамі вочы хітравата пазіралі на .. [Паходню] з карткі. Хадкевіч.
3. Пасведчанне, уліковы дакумент і пад. у выглядзе невялікага ліста цвёрдай паперы. Уліковая картка. Карэспандэнцкая картка. □ [Камендант] запісаў прозвішчы тых, чые літары супадалі, і завёў на іх крымінальныя карткі. Якімовіч.
4. Бланк з адразнымі талонамі, які дае права на атрыманне прадуктаў пры нарміраванай сістэме іх размеркавання. Прадуктовыя карткі. □ Калі хлеба па картках сям’і не ставала, рукі матчыны зналі, што трэба рабіць. А. Вольскі.
•••
Візітная картка — картка з імем, імем па бацьку і прозвішчам, часам з адрасам і званнем асобы, якая ўручае яе пры візіце, знаёмстве і пад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зваць, заву, завеш, заве; завём, завяце; незак., каго-што.
1. Голасам або кіўком запрашаць падысці ці абазвацца; клікаць. Зваць да сябе дзяцей. □ Дзед, здаецца, нічога не чуў і не цяміў. Ён толькі катурхаў сына, будзіў, зваў яго. Колас. // Запрашаць куды‑н. Рабочыя падкідвалі бацьку ўгору, качалі на руках, звалі да сябе ў госці. Лынькоў. На маёўку ў бліжнія бары завуць сяброўку юныя сябры. А. Вольскі. // Заклікаць, агітаваць да выканання чаго‑н. Я адплаціў народу, Чым моц мая магла: Зваў з путаў на свабоду, Зваў з цемры да святла. Купала. [Адась:] Трэба зваць сялян на дэманстрацыю, а там і на барыкады. Козел. // перан. Прывабліваць, прыцягваць. Вызначаюцца трохі шырокія далі, завуць яны да сябе сваім размахам і воляй. Чорны. Сонца.. вабіла і звала да сябе малога Янку. Бядуля.
2. Называць. Івана Сцяпанавіча і Мар’ю Сцяпанаўну Юра зваў татам і мамай... Васілевіч. Салаўіны гай, а побач — вёска, І завуць Мядзведзічы яе. Бялевіч.
•••
Памінай як звалі гл. памінаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́клікаць, ‑клічу, ‑клічаш, ‑кліча; заг. вы́кліч; зак., каго-што.
1. Папрасіць, прапанаваць з’явіцца куды‑н. Выклікаць да начальніка. Выклікаць сведку ў суд. □ Пачуўшы пра гэтае самаўпраўства, Яўген Данілавіч загадаў неадкладна выклікаць Карніцкага ў райком. Паслядовіч. // Папрасіць выканаўцу выйсці на сцэну. Выклікаць артыста на «біс». // Прапанаваць (вучню, студэнту) адказваць. [Алёшу] выклікалі па алгебры і фізіцы, і па абодвух прадметы ён атрымаў «пяцёркі». Васілевіч.
2. на што. Прапанаваць прыняць удзел у чым‑н., схіліць на ўзаемнае дзеянне, пачуццё і пад. Выклікаць на сацыялістычнае спаборніцтва. Выклікаць на шчырую размову. □ — Калі б гэта было сто гадоў таму назад, — сказаў Міхась, — я на месцы Андрэя выклікаў бы Івана Барысаглебава на дуэль. Шахавец.
3. З’явіцца прычынай узнікнення чаго‑н., з’явіцца прычынай чаго‑н. Выклікаць апетыт. Гэта не выкліча цяжкасцей. □ Букрэева выдумка выклікала вясёлы настрой. Колас. Нават сам [Андрэй] не чакаў, што ўспамін аб Вользе выкліча такое хваляванне. Пестрак.
•••
Вы́клікаць да жыцця — стаць прычынай з’яўлення чаго‑н.
выкліка́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.
Незак. да вы́клікаць і выклікнуць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ра́мка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.
1. Невялікая рама (у 2 знач.). Партрэт жонкі Івана Ігнатавіча вісеў, нібы абраз, у чырвоным куце хаты, у рамцы пад шклом. Хомчанка. // Графічнае абрамленне тэксту, малюнка. Арнаментальная рамка. Жалобная рамка. // Пра тое, што з’яўляецца абрамленнем чаго‑н. Здалёк матава-срэбным люстрам у цёмна-кучаравых, мазаічных рамках блішчыць рака. Нікановіч.
2. толькі мн. (ра́мкі, ‑мак); перан. Межы, у якіх павінна адбывацца, адбываецца што‑н. Жыццё ў ранейшых, дзедаўскіх, рамках здавалася цесным і сумным. Ракітны. Праўда, медыцынская практыка ва ўмовах партызанскага жыцця шмат чаму навучыла.. [Коўбеца], стала больш разнастайнай, выйшла з рамак ранейшай спецыяльнасці. М. Ткачоў. У рамках культурнай праграмы перад удзельнікамі свята выступілі творчыя калектывы, артысты і спартсмены. «Звязда».
3. Тое, што і рама (у 4 знач.). [Міхалка] адчыніў стрэшку вулля, рассунуў рамкі, каб быў вольны праход пчолам. Якімовіч.
4. Тэхнічнае прыстасаванне, знешне падобнае на невялікую раму (у 2 знач.). Прыцэльная рамка кулямёта.
•••
Выйсці за рамкі гл. выйсці.
Выйсці з рамак гл. выйсці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спе́шны, ‑ая, ‑ае.
1. Які патрабуе хуткага выканання; тэрміновы. За дзвярыма грукаталі боты, Над сталом задумаўся марксіст І, адклаўшы спешную работу, Малаком пісаў па волю ліст. Грахоўскі. Як Антось мацней за ўсіх бегае, то яму даваліся найбольш спешныя заданні. Кулакоўскі. Калгас засыпаны дэпешамі З Масквы, Туркменіі, Дняпра, — І ўсе вітальныя і спешныя, То ад Івана, то Пятра. Астрэйка. // Які выконвае што‑н. тэрміновае. Красуняй паланянкай паланёны, ён [Кайдан] выгнаў нават спешнага ганца, прысланага з далёкага загону, дагаварыць не даўшы да канца. А. Вольскі.
2. Які робіцца або адбываецца хутка; паспешлівы. Дзед Талаш з сваім войскам спешным маршам рушыў на Прыпяць, каб заняць пераправу. Колас. У штабах спешным парадкам складалі спісы. Пальчэўскі. Сяргееў быў здаволены, што хлопец не робіць спешных вывадаў, а цвяроза ацэньвае абстаноўку. Федасеенка. Чалавек дваццаць паліцыянтаў скакала на конях спешнай рыссю. Пестрак. // Уласцівы таму, хто спяшаецца. А Казік падбег да бацькі і, Юзік чуў, казаў ён спешным дрыжачым голасам: — Злодзей!.. Злодзей... Баранавых.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
і́сціна, ‑ы, ж.
1. Тое, што адпавядае сапраўднасці, адлюстроўвае рэчаіснасць; праўда (у 1 знач.). Дашукацца ісціны. □ Разам з выступленнямі ў палках, батальёнах, ротах, на фабрыках, заводах, у вёсках прадстаўнікоў партыі — агітатараў, вялікую ролю адыгрывалі таксама калектыўныя агітатары — газеты, якія простай, даступнай мовай растлумачвалі рабочым, сялянам і салдатам ісціны жыцця. «Полымя». — Я вельмі паважаю Івана Фядотавіча, — і Вабрыцкі адважыў паклон у бок Салаўёва, — але як кажуць, Платон мне друг, ды ісціна даражэй. Дуброўскі.
2. У філасофіі — дакладнае веданне, якое правільна адлюстроўвае аб’ектыўную рэальнасць у свядомасці людзей. Сцвярджэнне прыродазнаўства, што зямля існавала да чалавецтва, ёсць аб’ектыўная ісціна. Ленін.
3. Палажэнне, сцверджанне, меркаванне, якое выяўлена навукай, праверана практыкай, вопытам. Бясспрэчная ісціна. Старая ісціна. □ Усё мае свой пачатак і канец. Ісціна гэтая вядома людзям з малых гадоў. Якімовіч. Няўжо не так? Няўжо вам не ахвота, Прыслухацца да ісціны старой, Што неспакой не лечыць адзінота, Што адзіноту лечыць неспакой? Куляшоў.
•••
Абсалютная ісціна — правільнае, вычарпальнае, поўнае веданне пра з’явы, прадметы аб’ектыўнай рэальнасці.
Адносная ісціна — правільныя, але няпоўныя веды, якія патрабуюць паглыблення і ўдакладнення.
Крытэрый ісціны гл. крытэрый.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абарва́ць 1, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак., каго-што.
1. Зрываючы, вызваліць што‑н. ад чаго‑н. Абарваць куст агрэсту. // Пазрываць што‑н. з чаго‑н. Абарваць спелыя ягады. □ Пытае шумны маладняк У дрэў старых: вятры якія Іх абарвалі так, Ствалы сагнулі векавыя? Танк.
2. Моцна нацягнуўшы, разарваць; адарваць частку чаго‑н. або поўнасцю што‑н. ад чаго‑н. Ён абарваў брызент, якім ззаду быў завешаны кузаў. Янкоўскі.
3. перан. Раптоўна і рэзка спыніць дзеянне, працяканне чаго‑н. Абарваць размову. □ Разважанні камандзіра абарваў далёкі гарматы стрэл. Шчарбатаў.
4. Разм. Зарабіць, раздабыць што‑н. Чалавек тут жыў бедны і рад быў абарваць капейку з якога-небудзь выпадку. Чорны.
5. перан. Разм. Зрабіўшы рэзкую, грубую заўвагу, перапыніць каго‑н., прымусіць змоўкнуць. Андрэй слухаў Івана і ледзь стрымліваўся, каб не абарваць яго рэзкім словам. Шахавец.
6. Пашкодзіць, разарваць кусаючы; абкусаць. — Ах, ах! — крычыць пан. — Напусціце на яго [чорта] пару вепрукоў — няхай яны яму лыткі абарвуць! Якімовіч.
•••
Абарваць тэлефон — часта, многа званіць па тэлефоне.
абарва́ць 2, ‑рве; зак.
Апухнуць і нагнаіцца; нарваць вакол. Палец абарваў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ду́маць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. пра каго-што, аб кім-чым і без дап. Аддавацца роздуму; раздумваць, мысліць. Часта доўга думае стары Яўхім пра сваю дачку і яшчэ мацней яе шкадуе, любіць. Пестрак. Аб чым камандзір думаў так доўга, — цяжка сказаць. Брыль. Доўга думала Ганна і, урэшце, надумалася. Нікановіч.
2. з дадан. сказам. Лічыць, меркаваць. [Шкуранкоў:] Думаю, што пры наступнай сустрэчы мы лепш зразумеем адзін аднаго. Крапіва. Доўга хварэў пан. Усе думалі, што капцы ўжо яму. Якімовіч. // на каго. Мець падазрэнне, лічыць вінаватым у чым‑н. Думаў на Івана, што ён вінаваты.
3. з інф. Мець намер, збірацца што‑н. рабіць. Хоць у маткі і жылося .. [Аўгінні] нялёгка, але варочацца да Васіля яна не думала. Колас. [Страмілін:] Я думаю паставіць даклад галоўнага інжынера на парткоме. Крапіва.
4. аб кім-чым, пра каго-што. Клапаціцца, турбавацца. Думаць аб бацьках. □ [Людзі] найбольш думалі пра дзённы свой заработак. Чорны.
•••
А што ты думаеш! гл. ты.
Забыць (і) думаць гл. забыць.
І думаць няма чаго — пра поўную немагчымасць зрабіць што‑н.
І не думай (нават) — пра катэгарычную забарону рабіць што‑н.
Трэба думаць гл. трэба.
Я думаю гл. я.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ту́га,
1. Прысл. да тугі.
2. безас. у знач. вык. Пра неспрыяльныя абставіны, цяжкае становішча. [Палкоўнік:] — Калі завяжацца бой, нам будзе туга. Няхай.
3. безас. у знач. вык. Пра недахоп чаго‑н., пра цяжкасці з чым‑н. — З усімі матэрыяламі, хлопцы, туга, — уздыхае начальнік. — Пастаўшчыкі падводзяць. Мыслівец.
туга́, ‑і́, ДМ тузе́, ж.
1. Смутак, маркота, журба. Столькі было тугі па свабодзе і мар пра жыццё, так многа любасці да роднага сабралася ў душы! Брыль. // Пачуццё нуды, выкліканае бяздзейнасцю або немагчымасцю ажыццявіць тое, што задумана. Івана зноў ахапіла туга ад марнасці столькіх яго намаганняў і ў такі час! Быкаў. // Адлюстраванне такога стану, пачуцця (у вачах, на твары і пад.). Зноў на твар .. [маці] кладзецца цень тугі і трывогі. Ракітны. З тваіх вачэй сатру тугу І засвячу празрысты ранак. Матэвушаў. У .. зеленаватых вачах [Яўцеха Гаўрылавіча] была такая туга і такі боль, што нам хацелася хутчэй развітацца, каб не бачыць гэтага. Пянкрат.
2. Выказванне душэўнай прыгнечанасці, скрухі, смутку (у музыцы, песні, вершы і пад.). Вершаў, прасякнутых матывамі тугі, беспрасветнасці жыцця, у Коласа многа, яны закранаюць, бадай, усе больш-менш прыкметныя асяродкі дзейнасці селяніна, яго побыту, працы. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
надзялі́ць, ‑дзялю, ‑дзеліш, ‑дзеліць; зак., каго-што кім-чым.
1. Даць у асабістае карыстанне, выдзеліць як долю. Надзяліць маёмасцю. □ Адрэзалі Гармізаў хутар, а яго зямлёю падзялілі двух беднякоў. Колас. Калі хлеба па картках сям’і не ставала, рукі матчыны зналі, што трэба рабіць, — так ўмелі апошні кавалак дзяліць, каб усіх надзяліць, а сябе — абдзяліць. А. Вольскі.
2. Даць як падарунак, падарыць. Надзяліць усіх дзяцей цукеркамі. □ Алесь заўважыў у парадзелай бурай лістоце два забытыя яблыкі. Абарваў, разламаў, надзяліў Крэбса, бацьку. Караткевіч. [Турысты] шчодра падзялілі Фрэда значкамі, сувенірамі. «Работніца і сялянка». І зямля, як маці, шчодра нас надзеліць — Глянь — калоссе долу хіліцца цяжкое! Панчанка. // перан. Адарыць каго‑н. якімі‑н. якасцямі (сілай, здольнасцямі і пад.). Акрамя ўсяго іншага, відаць было, што прырода надзяліла Івана не абы-якой сілай. Васілёнак. Тоня Любчанка глядзела на.. невысокага чалавека ў скураной тужурцы і сініх галіфэ і ўсім сэрцам адчувала, якой вялікай сілай волі надзелены ён. Шчарбатаў. // перан. Прыпісаць каму‑н. якія‑н. якасці, даць каму‑н. мянушку, назву і пад. І былыя мінскія ўрочышчы Новай славай надзяліў народ: Дзе варожыя капалі полчышчы, — Вырас мірны трактарны завод. Глебка. Сашка па-ранейшаму не-не, ды любіў кінуцца вычварным слоўцам... За гэта падзялілі яго мянушкай Пардонкін. Гроднеў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)