Трыва́ць, трыва́ці ‘вытрымліваць, цярпліва пераносіць боль, непрыемнасць, цярпець’ (ТСБМ, Нік. Очерки, Бяльк., Касп., Байк. і Некр., Гарэц., ТС, Сл. ПЗБ, Варл.; ашм., Стан.) ‘працягвацца пэўны час’ (ТСБМ, Вруб.), ‘доўга захоўваць прыдатнасць, трымацца’ (Нас., ТСБМ), ‘быць, існаваць, перабываць’ (Нас., Некр. і Байк.), трва́ць ‘перабываць, працягвацца; трымацца’ (Нас.), тырвацьцярпець’ (Бяльк.). Ст.-бел. трвати (з 1507 г.) запазычана са ст.-польск. trwać ‘быць, існаваць працяглы час, заставацца без змен’ (Булыка, Лекс. запазыч., 197), аднак адаптаваная форма търывати ‘быць, працягвацца’: сесь листъ нашъ маетъ търывати вѣчно и непорушно (ГСБМ, 34, 56), зафіксавана ў 1438 г., што, магчыма, сведчыць аб яе існаванні яшчэ да запазычанай формы адначасова са ст.-чэш. trvati, чэш. trvat, славац. trvať, н.-луж. trwaś, харв. дыял. trvat, што ўзыходзяць да прасл. *trъvati ‘трываць, цярпець’, якое ўжывалася побач з *trajati ‘працягвацца, цягнуцца’, ‘насіцца (пра адзенне)’, зафіксаванае ў формах: славен. trâjati ‘тс’, харв. trȁjati, серб. тра̏јати, макед. трае, балг. тра́я ‘трываць, цярпець’, ст.-чэш. tráti, traju ‘трываць, заставацца, вытрымліваць’, ‘жыць, існаваць’, в.-луж. trać, traju, н.-луж. traś, trajom ‘трываць’, і роднаснае ст.-інд. tárati ‘захоўвае, прыбірае, хавае’, ‘пераадольвае, перамагае’, trāyáte ‘ахоўвае, беражэ’, іран. *tarvaya < *trva‑, авест. taurvaya ‘пераадольваць ворагаў’ (Трубачоў, Этимология–1965, 58–61), ст.-грэч. τρανης, τρανώς ‘ясны, вызначаны’, ‘ясна’, лац. intrāre ‘ўвайсці’, хец. tarhzi ‘перамога’ < і.-е. *terh₂ ‘прайсці праз што-небудзь, пераступіць, перамагчы’ (Сной₂, 775–776). А праславянская форма *trъvati (< *trǔu̯‑a < trū‑ā‑) суадносіцца са ст.-інд. tū́rvati ‘перамагае’ — усе да і.-е. *ter‑/*trá‑/*teru ‘пераходзіць, пранікаць праз што-небудзь’ (Борысь, 646; Скок, 3, 488–489). Махэк₂ (655) мяркуе, што прасл. *tъvati з’яўляецца адыменным утварэннем ад прыметніка *trъvъ, які адпавядае ст.-інд. *dhruvá‑ ‘трывалы, пэўны, пастаянны’, лац. dūrus ‘цвёрды, непадатлівы’ і ням. dauern ‘працяглы’, ‘моцны’; гэтаксама Голуб-Ліер (491). Гл. таксама Брукнер, 578; ЕСУМ, 5, 635. Сюды ж шматлікія дэрываты: трыва́лы ‘які моцна не паддаецца разбурэнню, псаванню’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Касп., Байк. і Некр., Сцяшк.), ‘моцны, дужы, здаровы’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 5), ‘вынослівы, цягавіты’ (Шат., Байк. і Некр., Гарэц., Варл.), ‘здольны многае вынесці, перажыць, стойкі, загартаваны’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Нас.), ‘які не мяняецца, надзейны, устойлівы’ (ТСБМ; шальч., Сл. ПЗБ), трыва́льшы ‘мацнейшы, дужэйшы’ (Ян.), трыву́шчы(й) ‘вынослівы, жывучы’ (Сцяшк., Сл. Брэс.), трыва́л ‘пажыўны’: пры хлебе й квас трывал (Сержп. Прык.), трывалкі ‘тс’ (Гіл.), трыва́нне ‘цярпенне’ (Касп.), трыва́ласць ‘вынослівасць, цягавітасць’ (Байк. і Некр.), трыва́ючы ‘моцны’ (Нас.), трыва́льны ‘тс’ (навагр., іўеў., валож., ЛА, 5), трыва́ла ‘моцна’ (Ласт.), ст.-бел. трывалый, тривалый ‘сталы, надзейны’, трвалый ‘устойлівы’, ‘сытны, пажыўны (пра яду)’, трванье, трыванне ‘захаванне, працяг’ (ГСБМ). Параўн. рус. вытрывалый, гл. Анікін, РЭС, 9, 204.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тру́дзіць ‘стамляць, натруджваць рукі, прычыняць боль’ (ТСБМ, Гарэц.), трудзі́ць ‘мучыць, стамляць, турбаваць’ (Ласт.; докш., Бел. дыял. 2), ‘нудзіць, цягнуць на ваніты’ (Брасл. сл.), трудзі́цца ‘цяжка працаваць; пакутаваць’ (Сл. ПЗБ, ТС), ‘мучыцца’ (Гарэц., Бяльк., Барад.), ‘цярпець боль, пакутаваць’ (Варл.), ‘пакутаваць, цяжка хварэць’ (Пан.), ст.-бел. трудити ‘абцяжарваць, таміць’, ‘гнясці, прыносіць боль’, трудитися ‘знемагаць ад працы’, ‘мучыцца’, ‘турбавацца’ (ГСБМ), трудитися под солнцемъ ‘працаваць, пекліцца, гадаваць’ (Альтбаўэр). Параўн. укр. труди́ти ‘стамляць, турбаваць, непакоіць’, рус. труди́ть ‘прыгнятаць, стамляць, мучыць работай; непакоіць; муляць’, польск. trudzić ‘турбаваць, непакоіць, абцяжарваць’, кашуб. truʒëc ‘турбаваць’, чэш. trudit ‘засмучаць, прыгнятаць, мучыць, прымушаць’, серб. тру́дити ‘абцяжарваць, турбаваць’, дыял. ‘раз’ятрываць (рану)’, харв. trúditi ‘ператамляць (частку цела)’, балг. тру́дя се ‘працаваць; імкнуцца’, макед. труди се ‘працаваць, прыкладаць намаганні, старацца’, ст.-слав. троудити ‘турбаваць, непакоіць; пераадольваць, прыкладаць намаганні, цярпець’, троудити сѧ ‘стамляцца, знемагаць’. Прасл. *truditi ‘змушаць да цяжкай працы, напружваць, турбаваць’, дэнамінатыўнае ўтварэнне ад прасл. *trudъ (Борысь, 644), гл. труд1. Сюды ж трудзя́шчы ‘працавіты’ (Жд. 1, ТС, Ян., Сцяшк. Сл.), трудʼа́шчы ‘тс’ (Вруб.) — “неаславянізм” з шырока распаўсюджаным у народнай мове суфіксам (гл. Цыхун, Выбр. пр., 286), трудзя́га ‘працаўнік’ (Мат. Гом., Юрч.) з суф. ‑яга “з экспрэсіяй спачування, захаплення, ці, наадварот, асуджэння” (Сцяцко, Афікс, наз., 130), трудлі́вы, трудзя́ка ‘тс’ (Ян.), трудзі́мы ‘тс’ (ТС), трудалюбі́мы ‘тс’ (Ян.) з рэдкай суфіксацыяй (гл. любім), магчыма, адаптаванае рус. трудолюбивый ‘тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

му́чыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; незак.

1. Цярпець мукі; пакутаваць. — Страляй!.. Страляй!.. Толькі разам з дзеткамі, каб не мучыліся ў лапах вашых!.. — не ўнімалася Марыля. Нікановіч. [Сабіна:] — Гэта ж праз вас я мучуся, жывучы з нялюбым, праз вас не ведаю шчасця... Сачанка. // чым. Пакутаваць ад якой‑н. хваробы, болю. Мучыцца жыватом. // чым. Вельмі непакоіцца, перажываць, клапоцячыся аб кім‑, чым‑н. Мучыцца ж бедны думкай штодзённай, Каб голад са свету не звёў. Купала.

2. Разм. Рабіць што‑н. з вялікім намаганнем, без асаблівага поспеху. Дзве гадзіны мучыліся.. [хлопцы] і знялі [з барсука] не скуру, а нейкія лахманы. Маўр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хо́лад, -ду м., в разн. знач. хо́лод;

пасіне́ць ад ~ду — посине́ть от хо́лода;

напусці́ць ~ду ў ха́ту — напусти́ть хо́лоду в дом;

зімо́выя халады́ — зи́мние холода́;

ад яго́ павява́е ~дам — от него́ ве́ет хо́лодом;

по́люс ~ду — по́люс хо́лода;

цярпе́ць х. і го́лад — терпе́ть хо́лод и го́лод

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

страда́ть несов.

1. (от чего и без доп.) паку́таваць; (мучиться) му́чыцца;

страда́ть от бо́ли паку́таваць ад бо́лю;

он о́чень страда́л ён ве́льмі паку́таваў (му́чыўся);

страда́ть душо́ю паку́таваць (му́чыцца) душо́ю;

2. (за кого, за что) цярпе́ць (непрые́мнасці), паку́таваць; (переживать) перажыва́ць;

страда́ть за пра́вду цярпе́ць (непрые́мнасці) за пра́ўду;

страда́ть за больно́го дру́га паку́таваць (перажыва́ць) за хво́рага ся́бра;

3. (терпеть ущерб) не́сці стра́ты, цярпе́ць (стра́ты, уро́н, непрые́мнасці);

страда́ть от тесноты́ цярпе́ць (непрые́мнасці) ад цеснаты́;

4. (быть плохим) быць дрэ́нным; мець зага́ны (у чым), быць у заняпа́дзе; кульга́ць; (быть недостаточным) нехапа́ць (каму, чаго), бракава́ць (каму, чаго);

у него́ страда́ет па́мять у яго́ дрэ́нная па́мяць;

у него́ страда́ет орфогра́фия у яго́ дрэ́нная арфагра́фія, у яго́ зага́ны (ён ма́е зага́ны) у арфагра́фіі, у яго́ кульга́е арфагра́фія;

страда́ть ра́зными недоста́тками мець ро́зныя недахо́пы;

5. (болеть) хварэ́ць (на што, чым);

страда́ть головны́ми бо́лями у яго́ ча́ста балі́ць галава́;

6. (тосковать, томиться по ком-, чём-л.) сумава́ць (па кім, па чым, аб кім, аб чым).

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

цярпе́нне, ‑я, н.

1. Здольнасць цярпець (у 1 знач.), стойка пераносіць жыццёвыя нягоды, нястачу. Жыццё без цемры і цярпення, А ў ясным сонцы, як у байцы, Для ўсіх вякоў і пакаленняў Збудуеш, дыктатура працы. Купала. Жыла .. [Агрыпіна] ціха, нібы адпачываючы ад вялікай цяжкай дарогі, поўнай цярпення і ўсякіх зняваг. Пестрак.

2. Здольнасць доўгі час займацца чым‑н. адным; уменне захоўваць вытрымку, самавалоданне ў чаканні патрэбных вынікаў. Вывесці з цярпення. □ Дзед меў да сецей нахіленне, А вудзіць — не: не меў цярпення І не любіў наогул вуды. Колас. Трэба з сталі каваць, гартаваць гібкі верш, Абрабіць яго трэба з цярпеннем. Багдановіч.

•••

Цярпенне лопнула — вытрымка скончылася.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пу́кацца ’лямантаваць, моцна крычаць’: пукаяцца там, аж с шкуры вылазіць (Шат.), ’паміраць (ад болю, ад прагнасці, ад смеху і пад.)’: у раскошы дзеўка аж пукаетца — хочэ замуж (Сержп.). Магчыма, у выніку эліпсіса, параўн.: (крычыць, смяецца і г. д.) аж на ём шкура пукаецца (Сержп.), што зводзіцца да пу́кацца ’лопацца’, гл. пукаць1. Аднак чэш. pykatцярпець’, ст.-чэш. ’аплакваць, шкадаваць каго-небудзь, галасіць’, серб.-харв. pȉčiti ’крычаць, плакаць’, якія Гаўлава (Acta Univ. Olomouc., Misc. Ling., 1971, 71–72) лічыць роднаснымі лат. pukātiēs ’наракаць, прычытаць’, а таксама ’стукаць, біць’ і літ. pukuoti ’біць’, сведчаць, магчыма, пра старажытны характар семантычнага пераходу ’біць, лопаць’ — ’лямантаваць’ — ’паміраць’, гл. таксама Кралікава, Česka slavistika, 1998, 50.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бедава́ць, бядую, бядуеш, бядуе; незак.

1. Цярпець душэўныя пакуты; выказваць перажыванні, смутак, жаль. Змрокам таго дня.. [Нявада] пачаў абыходзіць увесь той родны кут, па якім гэтулькі бедаваў. Чорны. У хаце Сцяпана Касцевіча ў гэты час сабралася многа людзей.. Абмяркоўвалі ўсё здарэнне, бедавалі, ахалі, клялі... Пестрак. // Турбавацца, хвалявацца, клапаціцца аб кім‑, чым‑н. [Маці:] — У тваёй [Сцяпанкавай] галаве толькі цацкі. Каб ты лепей бедаваў аб тым, хто сёлета ў нас поле араць будзе, хто шнур засее. Бядуля. [Валя Валодзю:] — Ты бедаваў, што білет прападзе. Вось запрасі Надзю. Крапіва.

2. Жыць у нястачы, беднасці; гараваць. Мянялася жыццё нядаўніх беднякоў, бедавалі ад вясны да зімы, жабруючы і гнучы спіны за кавалак хлеба. Кухараў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ло́пацца, ‑аецца; незак.

1. Даваць трэшчыны, разломвацца, раздзірацца; трэскацца. Лопаецца скура на руках. Лёд лопаецца. □ Лопаліся шыбы вокнаў, і з іх вырывалася клубы дыму і языкі полымя. Лупсякоў. Уначы ад марозу лопаліся бярвенні ў сценах. Хомчанка. // Ірвацца з трэскам. Струны лопаюцца. Трос лопаецца. // Трэскаючыся, распадацца. На ўзгорках ужо зусім суха. Лопаюцца прыгрэтыя сонцам пупышкі арэшніку. Жычка. // Выбухаць, разрывацца (пра бомбы, снарады, міны і пад.). Снарады сталі густа, са скрогатам лопацца над танкамі. Мележ. // Надзімаючыся, разрывацца і знікаць. У лужынах на асфальце ўсхопліваліся і, праплыўшы крыху, лопаліся бурбалкі. Карпаў.

2. перан. Разм. Цярпець поўную няўдачу, крах. Лопаюцца планы. Лопаюцца надзеі.

•••

Лопацца са смеху — тое, што і паміраць са смеху (гл. паміраць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ску́ла 1, ‑ы, ж.

1. Адна з парных касцей чэрапа, размешчаная ніжэй вочніцы над верхняй сківіцай твару, а таксама адпаведная частка твару. Пасля таго, як нарадзілася дзіця, Ірына схуднела. Вочы яе запалі, скулы завастрыліся. Новікаў. Увесь гэты чалавек, выраз яго твару, вострыя скулы, гарачы тон прамовы нечым прываблівалі. «Маладосць». Белы маршчыністы лоб над загарэлымі скуламі шчодра акроплены потам. Брыль.

2. Спец. Выгіб корпуса судна ў тым месцы, дзе борт, закругляючыся, пераходзіць у днішча.

ску́ла 2, ‑ы, ж.

Гнойны нарыў, фурункул. Пан доўга ганяўся за зайцамі, крычаў на ўсё горла супраць ветру, вось і села яму скула ў горле. Якімовіч. [Вацік:] — Дык нельга ж цярпець такі боль: скулу трэба выціснуць, а рану загаіць. Баранавых.

•••

Гадзіць як благой (ліхой) скуле гл. гадзіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)