ле́зці, ле́зу, ле́зеш, ле́зе; лезь; незак.

1. Хапаючыся рукамі і чапляючыся нагамі ўзбірацца, падымацца куды-н. або спускацца ўніз.

Л. на гару.

Л. на дрэва.

2. Пранікаць, уваходзіць куды-н. крадучыся.

Л. ў чужы сад.

3. Пранікаць, забірацца куды-н., унутр чаго-н., а таксама выбірацца адтуль.

Л. ў кішэню.

Л. ў акно.

Л. ў ваду.

4. Настойліва ўмешвацца ў чужыя справы, жыццё і пад., дакучаць (разм.).

Л. не ў сваю справу.

5. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.; звычайна з адмоўем). Змяшчацца, быць у самы раз (пра абутак, адзенне).

Чаравік не лезе на нагу.

6. Насоўвацца, налазіць, спаўзаць.

Шапка лезе на вочы.

7. Надаедліва прыставаць, звяртацца з чым-н. да каго-н. (разм.).

Не лезь ты з такім глупствам.

8. Увязвацца ў што-н. непрыемнае.

Л. ў бойку.

9. Настойліва ісці, праходзіць, рабіць што-н., нягледзячы на забарону, перашкоды, цяжкасці.

10. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Выпадаць (пра валасы, поўсць).

11. Імкнуцца стаць кім-н., заняць больш высокую пасаду (разм.).

Л. ў начальнікі.

12. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Распаўзацца, ірвацца.

Сукенка лезе па швах.

Лезці (перціся) на ражон (разм.) — рабіць што-н. рызыкоўнае, загадзя асуджанае на няўдачу.

Лезці ў душу — умешвацца ў чые-н. асабістыя справы, пачуцці, перажыванні.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

таму́, прысл.

1. Па гэтай прычыне, вось чаму. [Характар мужа], відаць, добра разумела Зіна, таму і сама маўчала і прасіла, каб Ярмолаў нічога насупроць не гаварыў. Кулакоўскі. Вада ў іншыя гады даходзіла не толькі да хат, але пападала і ў хаты .. Таму і гразі хапала ад марозаў да марозаў. Чарнышэвіч.

2. Разм. З гэтай (такой) мэтай. — Пойдзем у кіно? — Я таму і зайшоў да цябе.

3. у знач. выніковага злучн. Ужываецца для надпарадкавання даданых выніковых сказаў з прычынным адценнем (звычайна ў спалучэнні са злучнікам або часціцай «і»). Шчокі дзяўчыны разгарэліся на марозе, і таму вочы здаваліся надзвычай блакітнымі і яснымі. Шыцік. [Іван Аўдолевіч] прыехаў следам за намі, у гушчар далёка не палез, сасну спусціў маладую, — таму вось і гатоў, ужо ўвязвае воз. Брыль. [Тацяна] проста не зводзіла вачэй з маладога чалавека. І таму, напэўна, што ён першы прынёс гэту незвычайную вестку. Васілёнак. // Уваходзіць у склад састаўнога прычыннага злучніка таму што. Часта прыходзілася спыняцца, таму што дарога была несамавітая. Мележ. [Даніла:] Не гарачыся, дзед, даслухай да канца. Я кажу так не таму, што шкадую гэту гадзіну, а таму, што хачу выратаваць людзей, якіх чакае смерць. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

той, таго́, м., та́я, той, ж., то́е, таго́, н., мн. ты́я, тых; займ. указ.

1. Паказвае на асобу ці прадмет, аддаленыя ў прасторы ці часе.

Той лес.

На тым тыдні.

2. Паказвае на прадмет ці асобу, што вылучаюцца з ліку іншых.

Вазьмі тую кніжку, якую яшчэ не чытаў.

3. Паказвае на які-н. прадмет, асобу, пра якія гаварылася раней.

Прыйшла тая жанчына, якую мы чакалі.

4. Паказвае на вядомую ўжо асобу ці прадмет.

Добры скрыпач быў той Мікола.

5. Іменна ён, не іншы, гэты ж самы (звычайна ў спалучэннях «той жа», «той самы», «той жа самы»).

Ехалі ў тым жа вагоне.

6. у знач. наз. то́е, таго́, н. Паказвае на якія-н. акалічнасці, падзеі, дзеянні і пад., пра якія ўжо ішла размова.

Яны выканалі і маю норму, а я таму і рады.

7. Ужыв. як суадноснае слова ў галоўнай частцы складаназалежных сказаў з даданымі дапаўняльнымі.

Думы, мары мае!

Ганаруся я той, што навек заўладала сэрцам маім.

8. Уваходзіць у склад:

а) складаных злучнікаў «дзякуючы таму што», «з прычыны таго што», «для таго што», «да тых пор пакуль», «за тое што» «у той час як», «нягледзячы на тое што», «пасля таго калі», «перад тым як», «тым больш што» і інш.;

б) словазлучэнняў, звычайна пабочнага характару, якія звязваюць розныя часткі выказвання: «апрача таго», «акрамя таго», «разам з тым», «між тым» і інш.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Ле́зці ’ўзбірацца, залазіць, караскацца’, ’апускацца ўніз’, ’забірацца куды-небудзь, улазіць у што-небудзь’, ’пранікаць крадучыся’, ’змяшчацца’, ’выбівацца наверх’, красл. ’вылазіць, выпірацца’ (Бяльк., Касп., Яруш., ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), ’надакучаць, назаліць, дражніцца’ ў выразе лезці ў вочы, лезці ў галаву (Шат., КЭС, лаг.; драг., в.-дзв., Сл. паўн.-зах.), беласт., драг. ’паўзці’, ’марудна ісці’, пруж., драг. ’падыходзіць, дакранацца’ (Сл. паўн.-зах.), ’моцна крычаць’, ’старанна рабіць’ у выразе із шкуры лезці (Ян.), драг. косэ лізуть ’падаюць валасы’ (Лучыц-Федарэц). Укр. лізти ’лезці, улазіць у што-небудзь, вылазіць’, ’поўзаць’, лі́заты ’лазіць’, рус. ле́зти, лезтьуваходзіць куды-небудзь’, ’гразнуць’, польск. ležć (1‑я ас. lezę, ст.-польск. lazę) ’лезці’, н.-луж. lězć ’ісці, паўзці’, ’узбірацца’, в.-луж. lězć ’лезці’, чэш. lézti ’паўзці, цягнуцца’, ’прыходзіць не ў час’, ’паволі падаць, знікаць’, славац. liezť ’лезці’, славен. lę́sti, ст.-серб.-харв. љести, ле̏сти, ли̏сти ’паўзці, ускарасквацца’, сучаснае серб.-харв. ужываецца з прэфіксамі до‑, па‑, у‑ і замяняе дзеяслоў ѝћи ’ісці’, макед. дыял. љазʼа ’(дзіцё) рачкуе’, балг. ле́за, лезя ’лазіць, поўзаць’, ст.-слав. възлѣзѫ, лѣсти ’узбірацца’. Прасл. lěsti (lězǫ) ’паўзці, пасоўвацца наперад’. Самымі блізкімі адпаведнікамі з’яўляюцца балтыйскія мовы, у якіх прасл. ‑ě‑ адпавядае ‑ē‑: ст.-прус. līse (< *lēza) ’паўзе’, лат. lēžât ’ссоўвацца’, lēžuôt ’ісці паволі, цягнуцца’, літ. lė̃kštas ’плоскі’, lažà, lãžas ’паншчына’; параўн. яшчэ ст.-ісл. lágr ’нізкі’, с.-в.-ням. laege ’плоскі’, гал. laeg, ст.-грэч. λαχύς, англ. low ’нізкі’. Да і.-е. *lēg̑h‑ (Бернекер, 1, 715; Фасмер, 2, 476–477; Слаўскі, 4, 192–193; Скок, 2, 278–279; Шустар Шэўц, 11, 835; Бязлай, 2, 136).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

чым 1, злучн.

1. злучн. параўнальны. Ужываецца для сувязі параўнальных сказаў і членаў сказа са значэннем параўнання, супастаўлення, якія паясняюць у галоўным сказе прыслоўе ці прыметнік у форме вышэйшай ступені параўнання. Хутчэй перасохнуць крыніцы ды рэкі, Чым клятву парушу сваю. Бялевіч. Чым па-рабску жыць на каленях, лепей стоячы паміраць! Таўлай. [Паўліна:] Не, сваток, нас такім козырам не заб’еш. Мы крыху дужэйшыя, чым ты думаеш. Крапіва. Алесь бегаў на каньках значна лепш, чым на лыжах. Шыцік. Дзед быў узрушаны не менш, чым Міколка. Лынькоў.

2. злучн. супастаўляльны. Падпарадкоўвае даданыя супастаўляльныя сказы і часткі сказа пры суадносным слове «тым» у галоўным сказе. І чым больш аддаляліся, заміралі гукі, тым больш вастрэйшая станавілася туга. М. Ткачоў. Пачалі браты церабіць прасекі.. Але дзе там! Чым далей, тым лес гусцей, а ў ім такія нетры, што і выбрацца нельга. Якімовіч. Чым госць радзейшы, тым мілейшы. Прыказка.

3. Уваходзіць у склад састаўнога непадзельнага злучніка «перш чым», пры дапамозе якога падпарадкоўваюцца даданыя часавыя сказы. Перш чым сеяць, трэба падрыхтаваць глебу, трэба павыкарчоўваць старое карэнне... Зарэцкі. Дзён пяць блукаў Антось па навакольных вёсках і хутарах, перш чым натрапіў на след пана Томчака. Бажко.

чым 2,

гл. што ​1.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

употребле́ние ср.

1. (действие) скарыста́нне, -ння ср., выкарыста́нне, -ння ср.; неоконч. карыста́нне, -ння ср., скарысто́ўванне, -ння ср., выкарысто́ўванне, -ння ср.; ужыва́нне, -ння ср.; тра́чанне, -ння ср.;

спо́соб употребле́ния спо́саб ужыва́ння (карыста́ння);

лека́рство для вну́треннего употребления ляка́рства для ўну́транага ўжыва́ння;

непра́вильное употребле́ние няпра́вільнае выкарыста́нне (ужыва́нне);

2. (состояние) ужы́так, -тку м., ужыва́нне, -ння ср.;

в большо́м употребле́нии у шыро́кім ужы́тку (шыро́ка ўжыва́ецца);

вводи́ть (входи́ть) в употребле́ние уво́дзіць (увахо́дзіць) ва ўжы́так;

выходи́ть из употребле́ния выхо́дзіць з ужы́тку (з ужыва́ння);

сде́лать хоро́шее употребле́ние из чего́-л. до́бра вы́карыстаць што-не́будзь;

вы́шедший из употребле́ния неўжыва́льны, які́ пераста́ў ужыва́цца (выкарысто́ўвацца);

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ко́рань, ‑я; мн. карані, ‑ёў; м.

1. Падземная частка расліны, пры дапамозе якой яна замацоўваецца ў зямлі і атрымлівае пажыўныя рэчывы. Галіністы корань. Вырваць дрэва з коранем. □ У глыб зямлі ўвайшлі Карані яго. Крэпка дуб стаіць, Не варушыцца! Колас. // Драўніна або рэчыва гэтай часткі расліны. Дзед кадраў у бары сасновых каранёў і пачаў плесці кош. Якімовіч. // Сцябло тытуню, з якога прыгатаўляюць махорку ​2. Пакрышыць корань. □ Дубовік зноў набіваў піпку, трушчачы ў потнай і цвёрдай руцэ карані самасаду. Сіўцоў.

2. Частка зуба, ногця, воласа і пад., якая знаходзіцца ў целе. Корань зуба. // Месца злучэння органа з целам. Корань языка.

3. перан. Пачатак, аснова, крыніца чаго‑н. Корань зла. Корань недахопаў. // Разм. Род, пачатак пакалення. — Няхай жа гарыць, выгарае [панскі палац], каб і кораня панскага не засталося... Лынькоў.

4. Асноўная частка слова (без суфікса і прыстаўкі), якая далей не раскладваецца на значымыя састаўныя часткі.

5. Матэматычная велічыня, якая пры ўзвядзенні яе ў пэўную ступень дае даны лік. Здабыць корань. Квадраты корань.

•••

Фіялкавы корань — карнявішча некаторых відаў касачоў, у склад якіх уваходзіць эфірнае масла.

Вырваць з коранем гл. вырваць.

Глядзець у корань гл. глядзець.

Корань жыцця — адна з назваў жэньшэня.

На корані — не зжаты, не скошаны (пра траву, злакі).

Пад корань — а) ля самай асновы (ссякаць, зразаць што‑н.). Высякаць лазу пад корань; б) зусім, канчаткова (разбураць, падрываць і пад.). Развіццё чыста капіталістычнай наёмнай работы падрывае пад корань сістэму адработкаў. Ленін; в) усіх пагалоўна, нікога не пакідаючы (нішчыць, забіваць і пад.).

Пусціць карані гл. пусціць.

У корані — а) абсалютна, зусім (не згаджацца з чым‑н.). — Не так, Мацвей Пятровіч. У корані не так. Ракітны; б) у самай аснове, карэнным чынам (змяняць і пад.). У выніку перамогі сацыялізма ў корані змянілася аблічча народнай гаспадаркі нашай краіны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нале́жаць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак.

1. каму-чаму. Быць, з’яўляцца ўласнасцю каго‑, чаго‑н. Гэтыя кнігі належаць таварышу. □ Дзед не раз гаварыў пра зямлю пад Дубамі, пра паплавы на рэчцы, якія калісьці належалі мужыкам. Колас. // Быць, знаходзіцца ў распараджэнні каго‑н. Будучае належыць моладзі. □ Цяпер вуліца належала .. [працэсіі]: сустрэчныя аўтамашыны збаўлялі хуткасць, а тыя, што даганялі, паволі сунуліся ззаду. Карпаў. // Быць, з’яўляцца чыім‑н. тварэннем, быць напісаным, створаным (пра твор, ідэю, думкі і пад.). Пяру Янкі Купалы належаць пераклады многіх вершаў з «Кабзара». Палітыка. // перан. Быць прысвечаным каму‑, чаму‑н. Усё жыццё Дзяміда належала лесу. В. Вольскі. // (з займеннікам «сабе»). Свабодна распараджацца сабою, ні ад каго не залежаць. Цяпер Міхал Шарупіч належаў не толькі сабе. Дэлегацыю на вакзале ўжо чакалі, і прыйшлося пасяліцца ў гасцініцы «Масква». Карпаў.

2. да каго-чаго. Адносіцца да якой‑н. групы, уваходзіць у склад чаго‑н. Відаць, прахожыя належалі да тутэйшых механізатараў і цяпер па нейкай патрэба ішлі ў РТС. Быкаў. Адчувалася, што доктар не належаў да вельмі спакойных і ўраўнаважаных натур. Васілевіч.

3. каму-чаму. Быць чыім‑н. правам, непасрэдным абавязкам. [Андрыян Цітавіч:] — Калі справа ідзе аб павышэнні, то рашаючае слова павінна належаць .. [Валі]. Марціновіч.

4. безас. каму. Падлягаць выплаце, выдачы за што‑н. Вам належыць заплаціць за білет. □ Бабка была зацікаўлена ў гэтай ссыпцы, бо і ёй належала некаторая частка гарцаў. Колас. // з каго. Разм. Пра пачастунак з якой‑н. нагоды. — З цябе сёння належыць, — смеючыся на ўсю палатку, сказаў Пракапенка. — Пішы, што ты імяніннік.. Пойдзем у клуб, пачытаеш, як там цябе ў заводскай насценгазеце расхвалілі. Кулакоўскі. [Лявон:] Ну, пане гаспадар, дакоскі зрабіў, з вас бутэлька належыць. Козел.

5. безас. каму і без дап. Быць устаноўленым, вызначаным. Па статуту нам належаць пісталеты. Але дзе ж там.. — калі і вінтовак усім не хапіла... Брыль.

6. безас. з інф., каму. Быць неабходным. Перш за ўсё належала сабраць насенне, ачысціць яго, пратруціць, каб увесну было што ўкінуць у зямельку. Сабаленка. Нарэшце пагадзіліся [настаўнікі] на тым, што дырэктару школы належыць яшчэ раз сустрэцца са старшынёй.. сельскага Савета. «Звязда».

•••

Як (і) належыць — як патрэбна, як мае быць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ці, злучн. і часціца.

1. злучн. размеркавальны. Ужываецца для супастаўлення членаў сказа і сказаў, якія па сваім значэнні з’яўляюцца аднолькава магчымымі ці раўназначнымі, указваючы на выбар аднаго з іх. Мы аддана служылі і не варажылі, Скосіць нас смерць ці не скосіць. Панчанка. Рана ці позна, позна ці рана высахнуць слёзы, загоіцца рана. Вярцінскі. Я люблю слухаць Дарафея Сцяпанавіча. Асабліва яго паляўнічыя ці рыбацкія апавяданні. Паслядовіч. // З адценнем дапушчэння магчымасці аднаго з членаў сказа. Па-над Прыпяццю між лясоў, пяскоў і балот туліцца невялічкая вёсачка, хат можа так трыццаць ці сорак. Колас. [Граніца] праходзіла за дзве ці тры гадзіны хады на ўсход ад вёскі. Брыль.

2. злучн. размеркавальна-пералічальны. Аб’ядноўвае члены сказа і сказы пры пералічэнні. Ці буду я ў шчасці, ці буду я ў смутку, Ці буду ў вялікай бядзе — Цябе на часінку, цябе на мінутку Нідзе не забуду, нідзе. Бялевіч.

3. Уваходзіць у склад паўторнага пералічальна-размеркавальнага злучніка «ці то..., ці то». Тое, што і то ​1 (у 2 знач.).

4. злучн. далучальны. Ужываецца для далучэння членаў сказа і сказаў з заўвагамі дадатковага характару. Бруно Шмульке, ці, як клікалі яго за вочы, Брунька-Шмунька, быў ціхім, непрыкметным чалавекам, негаваркім. Лынькоў. Бурыя, пад колер зямлі, берагавыя ластаўкі, ці, як іх яшчэ называюць, беражанкі, спрытна вывіваліся над вадой. Пальчэўскі.

5. злучн. падпарадкавальны. Ужываецца пры даданых сказах з ускосным пытаннем. [Пашка:] — Слухай, ці не знойдзецца ў цябе чаго ад бяссонніцы? Паўлаў. Толькі ў калідоры Надзя падумала, ці не збіраецца Сашка выступаць у канцэрце. Гроднеў. У Льва Раманавіча, помніцца, варухнулася сумненне, ці варта высяляць Сапуна. Асіпенка.

6. часціца пытальная. Узмацняе пытальны характар. [Гена:] Нязручна поначы ісці да чужых людзей... Гасцініца... Ці будзе там месца? Арабей. Дзе ж, дарога ты другая? Я стаю адзін, адзін, Ноч вакол ляжыць глухая... Ці ж то свет сышоўся ў клін? Колас. // З асобнымі прыслоўямі, назоўнікамі, займеннікамі, часціцамі ўтварае спалучэнні са значэннем сумнення, няўпэўненасці, нерашучасці, здзіўлення. Страху ў мяне цяпер як і не было. Ці мо проста не было калі думаць пра яго? Якімовіч. Пайшоў я зранку ў свой горад, бо ведаў, што ўдзень наўрад ці ўбачыш каго дома з блізкіх знаёмых. Кулакоўскі. — Ты што гэта, на Месяц ляцець сабралася, ці што? Гэтулькі пакункаў! — здзівіўся дзед, які зайшоў на кухню. Гарбук.

•••

Так ці інакш (іначай) гл. так.

Ці доўга, ці коратка гл. доўга.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слаць 1, шлю, шлеш, шле; шлём, шляце; пр. слаў, слала; незак., каго-што.

1. Пасылаць куды‑н. з якой‑н. мэтай, з якім‑н. даручэннем; адпраўляць. Імя тваё славячы, Ленін, гараць ярка зоры Крамля. Сюды, да твайго маўзалея, сыноў шле ўся наша зямля. Машара. Да буданоў ён [Міхал] пад’язджае. Пад’ехаў, коніка спыняе, Знімае стол, услон, салому. Алеся шле з канём дадому. Колас.

2. Адпраўляць, пасылаць што‑н. для перадачы, дастаўкі паводле прызначэння. Слаць лісты. Слаць пасылкі. □ [Ігар:] — Разумееш, ні маці, ні сястра ўжо другі тыдзень не шлюць грошай. Карпюк. Я помню, на дапамогу Сялянам Трактараград Патокам слаў трактар за трактарам. Куляшоў. // Пры звароце да каго‑н. выказваць свае адносіны і пачуцці ў словах, на пісьме і пад. [Паўтарак:] Шафёры нашай аўтабазы шлюць вам нізкі паклон і вялікае дзякуй за выдатную машыну. Крапіва. Мы шлём табе, Масква, прывет З заходняе граніцы. Колас. Мы шлём табе, горад, жаданыя весці: Ты родзішся зноўку, абуджаны Мінск. Броўка.

3. Накіроўваць што‑н. куды‑н., да каго‑н. Кулямёт то змаўкаў, то слаў зноў доўгія перарывістыя чэргі. Навуменка. З нябёсаў хмары шэрыя Ёй [сасонцы] слалі цёплы дождж. Прыходзька.

слаць 2, сцялю, сцелеш, сцеле; незак., што.

1. Класці, накрываючы паверхню чаго‑н. Слаць коўдру па ложак. Слаць абрус на стол. □ Пясок гарачы, і мама сцеле для Юркі шырокі, калматы ручнік. Брыль. // Рыхтаваць (пасцель), раскладваючы пасцельныя рэчы. Чатыры санітары, якія былі пры раненых, сталі слаць і сабе пасцелі на саломе. Чорны.

2. Раскладваць на лузе, полі тонкім слоем для вылежкі (лён, каноплі); рассцілаць на траве для адбельвання (палатно). Слаць лён. □ На сіўцы аж да самага лесу ляжаў раскіданы гэтымі днямі лён — яшчэ не пачыналі слаць. Пташнікаў.

3. Рабіць, укладваючы шчыльна дошкі, пліткі і пад. Слаць падлогу. □ Уначы .. [сапёры] білі палі і слалі мост пад вадою. Грамовіч.

4. Пракладваць барозны, пракосы і пад. Пяціплужны трактар упэўнена, павольна слаў глыбокія барозны ўпоперак. Пестрак.

5. перан. Рассцілаць што‑н. па паверхні або нізка над паверхняй чаго‑н. Ранак сцеле туман. □ Зноў і зноў па беражок тонкай выдмаю пясок вольны вецер сцеле. Вялюгін. / у паэт. ужыв. Мы вольны, мы песні спяваем, Мы кветкамі сцелем дарогу. Чарот.

•••

Слаць лістам (пухам) — лісліва дагаджаць каму‑н. з карыслівай мэтай. Уваходзіць госць неспадзяваны, Мікодым Богут, той павук, Што лістам сцеле перад панам, Перад панамі гнецца ў крук. Колас. Вось другі. Усюды сцеле пухам, Прасвяціць бы, — што там на душы? Можа, ён пляткар альбо хапуга, Мо чый-небудзь талент прыдушыў? Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)