трэ́ска, ‑і, ДМ ‑сцы; Р мн. ‑сак; ж.

Тонкі кусок дрэва, адчасаны ад бервяна, палена і пад.; шчэпка. Доўгая белая трэска круцілася з-пад сякеры. Дуброўскі. Пахне свежымі трэскамі, стружкамі, пілавіннем, смалою — мусіць, кожны зможа ўявіць, які водар дрэва стаіць навокал, калі адразу ставіцца столькі новых зрубаў! Сіпакоў. Паволі, роўна чахкае яго бывалая сякера, плазуючы бервяно, і не трэскі ляцяць, а адганяецца ад бервяна суцэльная і доўгая, як дошка, трэска. Брыль. От яна [дзяўчына] спынілася, разаслала на зямлю дзяругу і пачала выбіраць і класці на яе большыя трэскі. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эмансіпа́цыя, ‑і, ж.

Вызваленне ад якой‑н. залежнасці, прыгнёту; адмена якіх‑н. абмежаванняў. Адной з характэрных рыс светапогляду Скарыны было імкненне да эмансіпацыі ад заплеснеўшых царкоўна-феадальных традыцый, да абгрунтавання прынцыпаў развіцця царкоўна-феадальных традыцый, да абгрунтавання прынцыпаў развіцця свабоднай чалавечай асобы. Алексютовіч. // Грамадою рух у Заходняй Еўропе і дарэвалюцыйнай Расіі за роўныя правы жанчын з мужчынамі ў галіне грамадскага і працоўнага жыцця. За сваю эмансіпацыю, мне здаецца, жанчына дорага заплаціла: за ёй засталіся ўсе яе жаночыя абавязкі, і звыш таго, яна яшчэ ўзваліла на свае плечы вельмі многія мужчынскія. Сіпакоў.

[Лац. emancipatio.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

база́р, ‑у, м.

1. Гандаль (пераважна прыватны) прадуктамі і іншымі таварамі шырокага ўжытку ў пэўныя дні на спецыяльна адведзеных плошчах. Базар пачаўся рана. // Вялікі перадсвяточны або сезонны гандаль спецыяльнымі таварамі, звычайна на адкрытым месцы. Кніжны базар. Навагодні базар. // Людзі, што знаходзяцца на базары. Базар ужо раз’язджаўся. Збегся ўвесь базар.

2. Спецыяльна адведзенае месца з адпаведнымі прыстасаваннямі і будынкамі для гандлю. Маўчаць спусцела голыя базары. Сіпакоў.

3. перан. Разм. Бязладная гаворка, крык, тлум. — Дык рабіць жа што будзем? Чаго ж гэта мы базар адкрылі тут? Галавач.

•••

Птушыны базар — месцы на берагах мора, дзе гняздзяцца вялікія масы птушак.

[Перс. bāsar.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

схо́вань, ‑і, ж.

Разм.

1. Хаванне, захоўванне чаго‑н.; схоў. Халуста за сховань крадзенага трапіў усё-такі ў турму. Чарнышэвіч. [Уладыслаў:] — Татусь, вось гэты спіс раздадзенай у сховань маёмасці аддайце арандатару. Чорны.

2. Месца, дзе можна схавацца ад каго‑, чаго‑н., дзе можна знайсці прыстанішча. Кукуруза месцамі як лес, высокая і густая, часам рэдкая і невялікая. Але ўсюды сховань добрая. С. Александровіч.

3. Якое‑н. патаемнае месца, збудаванне для ўкрыцця каго‑, чаго‑н. А ў мяне сховань тут ёсць у дубе .. — не стрымаўся, каб не пахваліцца хлапчук. Сачанка.

4. перан. Пра што‑н., дзе з’асяроджваецца, збіраецца што‑н. Чалавечая памяць — цудоўная сховань. Сіпакоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шату́н, ‑а, м.

1. Спец. Дэталь машыны, механізма, якая злучае поршань з валам рухавіка і служыць для перадачы руху ў час работы. Перад .. [трактара] вісеў на цурбалках, а радыятар, поршні, шатуны — усё нутро машыны ляжала, параскіданае на ўтаптанай каленямі раллі і на кавалачках бруднай фанеры. Ракітны.

2. Разм. Мядзведзь, які блукае зімой па лесе, а не спіць у берлагу. Бывае, што і самому раптам нейкім мулкім стане твой любімы горад, куды звычайна з радасцю і нецярпеннем спяшаешся з усіх дарог, і ты ходзіш па ачышчаных ад снегу вуліцах, нібы той мядзведзь-шатун, і не ведаеш, дзе дзець сябе, такога злога, незадаволенага, вуглаватага. Сіпакоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кары́сць, ‑і, ж.

Добры рэзультат, спрыяльныя вынікі для каго‑, чаго‑н. Усе пагаджаліся на думцы, што Шаройку трэба змяніць, і чым хутчэй — тым больш карысці будзе для калгаса. Шамякін. Фабрыкант Альбіні, які далучыўся да нас, сваім прыкладам, зрабіў значную карысць усёй справе. Маўр. // Матэрыяльная выгада для каго‑, чаго‑н.; прыбытак. Мець карысць з уласнай працы.

•••

Гаварыць на карысць каго-чаго гл. гаварыць.

На карысць каго-чаго — а) са станоўчымі вынікамі для каго‑, чаго‑н. Сялянка падала на кулака скаргу, і гэтая справа вырашылася на карысць сялянкі. Сіпакоў; б) дзеля чыёй‑н. выгады, карысці. У жыцці камсамольца Віктара адбылася значная змена, якая ў сутнасці рэчы пайшла яму на карысць. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

на́валач, ‑ы, ж.

Разм.

1. Хмары, туман, смуга. На момант святлее, а пасля навалач насоўваецца ізноў. Пестрак. Ноч пацямнела, у змрочнай навалачы зусім знік месяц. Быкаў.

2. Груб. Той, хто прыйшоў, з’явіўся аднекуль, не тутэйшы. — Нейкая навалач з усяго свету сядзіць у Наносах, як скула, і адважваецца папракаць яго, Сцяпана Івашкевіча! Чарнышэвіч.

3. зб. Пагард. Зброд, варожыя людзі. Фронт штодзённа патрабаваў як мага больш паравозаў, баявой тэхнікі для барацьбы з фашысцкай навалаччу. Сабаленка.

4. Тое, што і напасць. «І што гэта за навалач такая,.. — не гараць дровы, хоць ты трэсні». Сіпакоў. «Што за навалач?» Боль, уеўшыся ў спіну, дзіўным водгуллем чуўся то ў баку, то ў жываце. Вышынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спас 1, ‑у, м.

У выразе: спасу няма — тое, што і ратунку няма (гл. няма). Я ўпаў. Вось тут на мяне і ўссела зграя раз’юшаных вясковых сабак і давай калашмаціць.. Бачу, няма спасу, пабег, а яны за мною. Сяргейчык.

спас 2, ‑а, м.

Разм.

1. Збавіцель; адна з назваў Хрыста. // Абраз з вобразам Хрыста. Памаліўся [Клопікаў] перад пазелянелым спасам — госпадзі, блаславі на новую жытку! — і .. патупаў цераз вуліцу. Лынькоў. // Царква ў імя Хрыста-збавіцеля. Спас Нярэдзіцкі.

2. Назва кожнага з трох асенніх царкоўных свят. Спас першы — мядовы; другі — яблычны; трэці — палатняны. □ [Нікіпар] любіць святкаваць. Таму не абміне ні дзяды, ні коляды, ні радаўніцу, ні спас. Сіпакоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сто́млены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад стаміць.

2. у знач. прым. Абяссілены, змораны цяжкай работай ці якім‑н. іншым заняткам. Стомлены хлопец цяжка ўзняўся з сядзення, з сэрцам узяўся за .. лапату і .. стаў падкідваць вугаль. Лынькоў. Тады з неба — глыбокага звона — Горда падае стомлены жаўранак. А за ім доўга яшчэ Асыпаецца, як лісце з дрэў, Яго песня... Сіпакоў. / у знач. наз. сто́млены, ‑ага, м. Стомленаму прыемна легчы адпачыць на свежым духмяным сене. Машара. // Які выяўляе стомленасць. Як бы знарок марудзячы прызнавацца, чаго прыйшоў, Пазняк аглядаў стомленым позіркам сцены, увешаныя фотакарткамі. Дуброўскі. У акне адбіваўся крышку стомлены, немалады ўжо твар жанчыны, адбіваўся чырвоны шалік, шэрае паліто. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́меркаваць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.

1. Знайсці, сэканоміць шляхам дакладнага разліку; выгадаць, выкраіць. Вымеркаваць з бюджэту тысячу рублёў на рамонт. Вымеркаваць свабодную гадзіну. □ Ліпа са сваёй малою дачкою ехала з поўдня, дзе яны адпачывалі ля мора, і ўсё ж вымеркавала, колькі дзён, каб заехаць у Жыцькава. Сіпакоў.

2. Выбраць зручны момант. [Стафанковіч:] — Выбачайце, але калі я вас магу застаць дома? [Люба:] — Я сама не ведаю. — Калі так, то я ўжо як-небудзь вымеркую. Чорны.

3. У адпаведнасці з абставінамі ўлічыць усё неабходнае для ажыццяўлення якой‑н. мэты; правільна разлічыць. Як толькі сагнала з палёў снег, пан Зыгмусь сам зрабіў агляд зямлі, каб загадзя вымеркаваць, дзе што засеяць. Колас. [Павел Іванавіч:] — Вымеркуем так, што ў дні заняткаў у цябе будуць меншыя рэйсы. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)