СІПАКО́Ў (Янка) (Іван Данілавіч; н. 15.1.1936, в. Зубрэвічы Аршанскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. пісьменнік. Засл. дз. культ. Беларусі (1997). Скончыў БДУ (1960). Працаваў у час. «Вожык» (1960—73), «Маладосць» (1973—93), выд-ве «Беларуская Энцыклапедыя» (1993—97). З 1997 у час. «Беларусь». Друкуецца з 1953. Першы зб. вершаў «Сонечны дождж» (1960). Паэт пераважна лірычнага складу, актыўны ў пошуках самавызначэння, спалучэння творчай традыцыі і наватарства. Аўтар зб. «Лірычны вырай» (1965), кніг паэзіі «Дзень» (1968), «З вясны ў лета» (1972), у якіх паглыбленае асэнсаванне гістарызму і гуманізму, паэт. эксперыменту на сумежжы сілаба-танічнага верша і верлібра. Гармонія зместу і формы, стылявая выразнасць у этапным творы «Вечаславянскіх балад» (1973, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1976, дап. выд. 1998). Трывога за лёс зямлі і чалавека на ёй у зб-ках «У поўдзень, да вады» (1976), «Усміхніся мне» (1984). У вянку санетаў «Жанчына» тэмы адказнасці чалавека за будучае планеты, чысціні і прыгажосці чалавечых дачыненняў. Аўтар зб. нарысаў «Па зялёную маланку» (1971), кнігі прозы «Крыло цішыні» (1976). Аповесці «Крыло цішыні» (1974) і «Усе мы з хат» (1975) вызначылі лірычную стыхію і «перакрыжаваную» ў часе кампазіцыю наступных яго празаічных твораў (кнігі «Жанчына сярод мужчын», 1980; «Спадзяванне на радасць», 1983; «Пяць струн», 1984; «Журба ў стылі рэтра», 1990). У аповесці «Жыві як хочацца» (1979), апавяданнях праблемы сучаснага горада, духоўны свет інтэлігента. Развівае ў бел. л-ры жанры прытчаў (зб. «Тыя, што ідуць», 1993), паэм у прозе («Ахвярны двор», 1991). Аўтар фантастычна-прыгодніцкай аповесці «Блуканне па іншасвеце» (1994), гіст. апавяданняў, цыклаў мініяцюр, а таксама зб-каў гумару «Лысы юбілей» (1965), «Плюс на мінус» (1973), «Ланцугі для мух» (1980), «Пятніца ў суботу» (1988). На бел. мову пераклаў асобныя творы Ду Фу, А.Пушкіна, А.Блока, Т.Шаўчэнкі, Р.Тагора, А.Міцкевіча, А.Туманяна, А.Цэрэтэлі, В.Хлебнікава, Э.Межэлайціса і інш., паасобныя песні карэла-фінскага эпасу «Калевала». Выдаў кн. перакладаў «Лісце травы» У.Уітмена (1978), «Турэмны дзённік» Хо Шы Міна (1985), «Санеты смутку» Ф.Прэшэрна (1987), «Вершы ў прозе» І.Тургенева (1994), зб. «На волю птушку выпускаю» (1989).
Тв.:
Вочы ў вочы: Выбр. паэзія. Мн., 1978;
Сад людзей: Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1985;
Выбр.тв. Т 1—2. Мн., 1995—97;
Падары нам дрэва. Мн., 1997.
Літ.:
Бечык В. Свет жывы і блізкі. Мн., 1974;
Юрэвіч У. Абрысы. Мн., 1976;
Вярцінскі А. Высокае неба ідэалу. Мн., 1980;
Лойка А. Паэзія і час.Мн., 1981;
Савік Л. Адчуванне часу. Мн., 1981;
Андраюк С. Жыць чалавекам. Мн., 1983;
Тычына М. Змена квадры. Мн., 1983;
Кабаковіч А. Беларускі свабодны верш. Мн., 1984;
Лобан М. Пяць раніц тыдня. Мн., 1984;
Лысенка А. Лінія гарызонта: Нарыс творчасці Янкі Сіпакова Мн., 1986.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУБО́ВІЧ (Леанід Міхайлавіч) (н. 12.8.1950, в. Вароніна Клецкага р-на Мінскай вобл.),
бел.паэт. Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1989). Працаваў электрыкам на прадпрыемствах Слуцка, Жабінкі, Клецка. У 1990—94 рэдактар гал. рэдакцыі літ.-драм. праграм Бел. тэлебачання. З 1994 — у час. «Крыніца». Друкуецца з 1967. Першы паэт.зб. «Таемнасць агню» (1984). Яднанне пошуку і адкрыцця характэрна для гэтага і інш. зб-каў Галубовіча («Споведзь бяссоннай душы», 1989, «Таемнасць споведзі», 1993, «Заложнік цемры», 1994).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬПЯРО́ВІЧ (Навум Якаўлевіч) (н. 14.1.1948, г. Полацк),
бел.паэт. Вучыўся ў БДУ (1967—70). Скончыў Віцебскі пед.ін-т (1979). Працаваў у Наваполацку на радыёвяшчанні (1977—80). З 1981 — уласны карэспандэнт Дзяржтэлерадыё Беларусі па Віцебскай вобл. Друкуецца з 1967. Адзін з аўтараў калектыўнага зб. «Сцяжына» (1983). Выдаў кн. паэзіі «Брама» (1990) і «Востраў душы» (1995), у якіх боль і трывога за людзей свайго пакалення, спроба сродкамі лір. паэзіі адгукнуцца на клопаты нашага часу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КА́ЛЕВАЛА»
(«Kalevala»),
карэла-фінскі нар. эпас. Складаецца з карэльскіх, фін. і іжорскіх нар. песень (рунаў), якія сабраў і запісаў у 1-й пал. 19 ст. фінскі фалькларыст Э.Лёнрат. Упершыню апубл. ў 1835 (1-я кампазіцыя, 32 руны), у 1849—2-я кампазіцыя (50 рунаў).
«К.» паэтызуе подзвігі і прыгоды герояў казачнай краіны Калевала. Яе героі — чарадзей Вяйнямёйнен, каваль Ільмарынен, які выкаваў цудоўны млын сампа, што забяспечвае багацце. Сюжэт, які аб’ядноўвае руны — барацьба за млын з чараўніцай Лоўхі, гаспадыняй змрочнай паўн. краіны Пох’ялы. На бел. мову «К.» пераклаў М.Машара, асобныя вершы з 1-й руны — Я.Сіпакоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́МПЕР ((Semper) Іаханес) (22.3.1892, с. Пахуверс, Эстонія — 21.2.1970),
эстонскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Эстоніі (1964). Скончыў Тартускі ун-т (1928), у 1928—40 выкладаў у ім. У 1930—40 працаваў у перыяд. друку. У 1940 міністр асветы Эстоніі. Друкаваўся з 1910. Аўтар раманаў «Камень на камень» (1939), «Чырвоныя гваздзікі» (1955) пра эст. інтэлігенцыю, зб-каў грамадз. і філас. лірыкі «Не магу маўчаць» (1943), «Як бы змог ты жыць?» (1958), «Старонкі, як лісты ў вецер» (апубл. 1972), п’ес, дарожных нататак, кн. мемуараў «Падарожжа ў мінулае» (1969). На бел. мову яго асобныя вершы пераклалі Ю.Свірка, Я.Сіпакоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯНО́К САНЕ́ТАЎ,
вершаваны твор з 15 санетаў, адна з цвёрдых страфічных формаў. Кампазіцыйнай асновай вянка санетаў з’яўляецца апошні санет — магістрал. Звычайна ён пішацца раней за іншыя, бо яго радкі ў строгай паслядоўнасці замыкаюць папярэднія санеты: 1-ы санет пачынаецца 1-м і канчаецца 2-м радком магістрала, 2-і адпаведна 2-м і 3-м радком і г.д.; 14-ы санет пачынаецца апошнім і канчаецца 1-м радком магістрала. Вядомы з эпохі барока. Надзвычай складаная форма, якая вымагае дасканалага паэт. майстэрства. Першы бел. вянок санетаў напісаў А.Салавей («Вянок першы», 1958), да гэтай формы звярталіся Н.Гілевіч («Нарач»), Х.Жычка («Абеліск»), А.Сербантовіч («Васілёк», «Курганы»), Я.Сіпакоў («Жанчына») і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫСЕ́НКА (Антаніна Фёдараўна) (н. 14.9.1930, в. Зарачаны Полацкага р-на Віцебскай вобл.),
бел.літ.-знавец і крытык. Канд.філал.н. (1965). Сястра П.Ф.Лысенкі. Скончыла Гомельскі пед.ін-т (1955). Настаўнічала. З 1964 у Ін-це л-ры Нац.АН Беларусі. Друкуецца з 1962. Даследуе пераважна публіцыстыку, творчую індывідуальнасць пісьменнікаў (З.Бядуля, Я.Сіпакоў, І.Шамякін, Х.Шынклер і інш.). Сааўтар кніг «Беларуская савецкая проза: Апавяданне, нарыс» (1971), «Стыль пісьменніка» (1974), «Беларуская літаратура: Дзень сённяшні» (1980), «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (ч. 1—2, 1981—82) і інш.
Тв.:
Сучасны беларускі нарыс. Мн., 1978;
Лінія гарызонта: Нарыс творчасці Я.Сіпакова. Мн., 1986;
3 трывогай і надзеяй: Бел. публіцыстыка 80-х гт. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЧ (Іван Фёдаравіч) (н. 17.10.1936, с. Цялежынцы Таціеўскага р-на Кіеўскай вобл.),
украінскі паэт. Скончыў Кіеўскі ун-т (1962), Вышэйшыя сцэнарныя курсы (Масква, 1964). Філасафічнасць, асацыятыўна-ўмоўная вобразнасць, метафарычнасць — рысы паэзіі Д. (зб-кі «Сланечнік», 1962, «Балады будняў», 1967; «Корань і крона», 1974, Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1976; «Зялёныя вароты», 1980, Дзярж. прэмія СССР 1983; «Пісьмо да каліны», 1990, і інш.). Пераклаў на ўкр. мову вершы Р.Барадуліна, А.Бачылы, Г.Бураўкіна, Н.Гілевіча, А.Звонака, М.Танка. На бел. мову вершы Д. перакладалі Барадулін, Бураўкін, А.Вярцінскі, Гілевіч, А.Грачанікаў, У.Караткевіч, Я.Сіпакоў і інш.