бу́рны, ‑ая, ‑ае.

1. З бурамі; навальнічны. Расшумеліся цымбалы, Быццам Нарач бурным днём. Танк. З поўначы — холаду, сіверу бурнага Гусі на поўдзень ляцяць. Колас.

2. Які бушуе, бурліць. [Сярго:] На Каўказе ў нас, Там рэкі бурныя. Грымяць і выюць, Укрытыя пушыстай белай пенай, Аж рэха скрозь ідзе... Глебка. // Багаты падзеямі, неспакойны, хвалюючы. Пачалося ўсё ў той бурны трыццаты год, калі ў Навасёлках загаварылі аб калгасе. Шчарбатаў. // Які вельмі моцна праяўляецца, палкі, гарачы. Тапурыя чамусьці не падзяляў бурнай радасці Іліко. Самуйлёнак. Бурная была тая размова бацькі з сынам. Жычка.

3. Які імкліва праходзіць або развіваецца. Бурныя тэмпы развіцця прамысловасць □ Нарэшце і да нас на Чукотку прыйшла кароткая бурная вясна, а за ёй адразу ж і лета. Бяганская.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

во́дгук, ‑у, м.

1. Адбіццё гуку; водгулле, рэха. Затрашчала галлё — панёсся водгук. Гартны. // Слабы гук, які даносіцца здалёку. З ветрам, што кідаўся зверху,.. даносіліся водгукі нейкіх слоў, крыку. Лынькоў.

2. перан. Спачувальныя адносіны, салідарнасць з чым‑н. Шырокі водгук. □ Я веру, песень маіх кліч бунтарскі Знаходзіць водгук будзе ў сэрцах братніх. Купала. Водгук на чужое гора жыў у.. сэрцы [Ядвісі]. Колас.

3. перан. Тое, што з’яўляецца вынікам чаго‑н., адказам на якія‑н. падзеі, з’явы. Рэвалюцыйныя падзеі знайшлі магутны водгук у дакастрычніцкай беларускай літаратуры. Пшыркоў. Творы [Лынькова, Чорнага, Труса] з явіліся гарачым водгукам на хвалюючыя пытанні свайго часу. Казека.

4. Разм. Тое, што і водзыў (у 1 знач.). Кніга водгукаў. □ Вялікую цікавасць мелі.. [Купалавы] водгукі аб.. паэзіі Адама Міцкевіча. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разле́гчыся, ‑лягуся, ‑ляжашся, ‑ляжацца; пр. разлёгся, ‑ляглася, ‑лося і ‑леглася; заг. разляжся; зак.

Разм.

1. Легчы, свабодна раскінуўшыся, выцягнуўшыся. Сярод гушчарніку пушчы, каля палаючага вогнішча, разлеглася ўся каманда паўстанцаў. Нікановіч. Зіну знайшоў Валодзя, шапнуў бадзёрае: — Зараз пераб’ём фашысту сон, маленькі перапалох устроім, а то разлёгся тут у нас, як дома. Ваданосаў.

2. перан. Заняць вялікую прастору; раскінуцца. Ад Курыльскіх сопак і наўсцяж да Гродна неабдымнай сушай край разлёгся родны. А. Вольскі. Глядзі, вунь зацвітаюць ільны: возера мяккага блакітнага колеру разляглося на даляглядзе. Гамолка. Разляглася вёска Хатамі ў рад. Іверс.

3. Раздацца, далёка пракаціцца. Па лесе разлёгся вясёлы смех. Шчарбатаў. [Толік] .. паставіў касу, утыркнуўшы яе касавільнам у зямлю, узяў у руку мянташку. Жах! Жах! Жах! — звонка разлеглася рэха на поплаве. Капыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узры́ў, ‑рыву, м.

1. Хімічны распад рэчыва і ўтварэнне нагрэтых газаў, якія суправаджаюцца моцным гукам і разбурэннем чаго‑н.; выбух. Гэта тут грымелі ўзрывы аманалу, а цяпер спакой і толькі блакітныя дыябазавыя сцены .. сведчаць пра тое, з якімі цяжкасцямі быў збудаваны гэты шлюз. Галавач. // Выбух, выбуховая хваля. Паветра раздзерлі гулкія, цяжкія ўзрывы — некалькі .. гранат разнеслі .. сцены штабнога дом[а]. Лынькоў. Нібы вогненнае рэха, частыя ўзрывы трэслі аэрадром. Шахавец.

2. Разбурэнне, знішчэнне чаго‑н. выбуховым рэчывам. — Хто з вас возьмецца за ўзрыў завода? — паставіў пытанне Паддубны. Пестрак. [Кацярына] загінула смерцю храбрых пры выкананні складанага задання па ўзрыву чыгуначнага моста. Кавалёў.

3. перан. Раптоўнае бурнае праяўленне чаго‑н. [Барташэвіч] .. валіўся на брызент, ажно грымела падлога, а ў зале выбухаў новы ўзрыў весялосці. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Луна́1 ’зарава’ (Бес.), у выразе: хадзіць па луне ’быць лунацікам’ (віл., Сл. ПЗБ), луна́рэха’ (Растарг.), ’маладзік’ (добруш., Бел. хр. дыял.). Укр. луна́ ’водбліск, зарава’, ’рэха, водгулле’, рус. луна́ ’месяц’, ’водбліск на небе’, ’промень святла’, ’асветленае праменямі святла неба’, паўд.рэха’; польск. łuna ’водбліск моцнага святла, вялікага агню’, ’святло’, ’вясёлка’, ’чырвонае неба’, ’чырвань на шчоках’, каш. łu̇na, łǫna ’чырвань агню’, палаб. lau̯nǝ, lai̯nǝ ’месяц’, чэш. і славац. (паэтыч.) luna, ст.-чэш. luna ’промень, святло, бляск’, ’месяц’, славен. lúna ’месяц’, młȃdạ, pȍu̯nạ łȗnạ ’маладзік’, серб.-харв. чак. lunȁ, дуброўн. lȗna ’вясёлка’, макед. (паэтыч.) луна і серб.-харв. лу́на ’месяц’, балг. луна́ ’тс’, ст.-слав. лоуна ’тс’, ц.-слав. ’святло месяца’. Прасл. luná ’бляск, водбліск’, ’месяц’, ’вясёлка’, якому адпавядаюць: ст.-прус. lauxnos ’свяцілы’, лац. lux ’святло’, lūna ’месяц’ (у больш старажытным напісанні losna), авест. raōχšmā‑ ’святло, бляск’, ст.-ірл. lūan ’тс’, ’месяц’, ст.-грэч. λευκός ’светлы’, λύχνος ’свяцільнік, ліхтар’, ст.-в.-ням. liehsen ’ясны’, арм. lusin ’месяц’, тах. lukśanu ’які свеціцца’. І.‑е. праформа *louk‑s‑nā ’свяціла’, ’якая свеціцца’ суадносіцца з дзеясловам *leuk‑/*louk‑ (Бернекер, 745; Фасмер, 2, 533; Слаўскі, 5, 308–311; Мее, Études, 130, 442, 444; Скок, 2, 330–331; Махэк₂, 344; БЕР, 3, 509–510; Аткупшчыкоў, Из истории, 234). Мартынаў (Балта-слав.-іт. ізагл., 30) мяркуе, што прасл. luna з’яўляецца інфільтрацыяй іт. louksnā на зах.-балт. арэале.

Луна́2 ’ленасць, гультайства, нерухавасць’ (КЭС, лаг.). Да лунь3 ’гультай’ (гл.). Магчыма, тут назіраецца пэўны ўплыў на семантыку з боку лексем лунацік, хадзіць па луне́.

Луна́3 ’невялікая хмарка’ (гродз., бяроз., Сл. ПЗБ), ваўк. лунёк ’хмарка’ (там жа). Першапачаткова было лунь (ці ⁺лунъ), а жаночы род з’явіўся пад уплывам лексемы хмара (а, магчыма, і луна ’водбліск’), параўн. лунь, лунёк ’невялікая дажджавая хмара’ (віл., Жыв. сл.), ’здань, прывід’, луні́ ’кучаравыя воблакі’ (віл., Нар. лекс.), лунь ’белы балотны туман’ (ТСБМ). Названа паводле бела-шэрага колеру, бледнага водбліску. Генетычна да лупа́1 (гл.). Сюды ж луні́сты ’хмарны’ (віл., Сл. ПЗБ).

Луна́4 ’незарослае вадзяное месца ў балоце, якое адсвечваецца’ (зах.-бел., Яшк.). З лума́ > лу́міна (гл.). Відавочна, сема ’водбліск’ і вызначыла фіналь, аформіўшы яго ў ‑на, як ⁺луна́ (гл. луна́1), якое зафіксавана ў в.-дзв. гаворках у мн. ліку: луны́ ходзюць ’блішчаць, пераліваюцца, льсняцца’ (Сл. ПЗБ). Параўн. таксама лу́нка, лу́нька (гл.).

Луна5 ’няшчасце, бедства’ (Шат.). Генетычна роднаснае да укр. лун, лунь у выразе лу́на пійма́ти ’памерці’, рус. луна́ ’смерть’ і, магчыма, да балг. лу́на ’моцны вецер з віхром’, лу́на і лу́ня ’бура’ (Дурыданаў, Болг. русистика, 1979, 4, 32–34), а таксама чэш. кіёўск. luňák ’хуткі вецер’. Утвораны пры дапамозе старога суфікса ‑на (< прасл. ‑na) ад асновы лу‑, якую Буга (Rinkt, 2, 373), Фасмер (2, 533), разглядаючы рус. луна́ ’смерць’, бачаць у роднасных літ. lavónas і liavónas ’труп’, liáujuosi gyvenęs, прус. au‑laũt ’памерці’, liáutis, paliáuti ’спыняць’, лат. ļaũt ’дапускаць, дазваляць’; сюды ж прасл. lěviti: укр. ліви́ти ’слабець’, чэш. leviti ’палягчаць’; гоц. lēwjan ’аддаваць на што-небудзь’. Сюды ж лу́нуць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́лік1 ’след зайца’ (Інстр. II). Да малы́ (гл.): заяц малымі крокамі ідзе на жыроўку, а адтуль на новае лежбішча. Параўн. рус. паўн.-усх. малик ’лыжня на снезе’ — ’малы след’ у адрозненне ад вялікага — са́нный след (Фасмер, 2, 563).

Ма́лік2 ’малады заяц’ (гом., Мат. Гом.). Да малы́ (гл.): малады заяц (да 1 года ўзростам), значна меншы за старога. Аналагічна ўтвораны чэш. malík ’мезенец’, ст.-польск. malik (XV ст.), ст.-славян. mȁlič ’гном, нячысцік’, ’д’ябал’, malíkрэха’. Не выключана сувязь зайца з міфалогіяй ці старажытнымі вераваннямі (параўн. Брукнер, 319).

Малі́к ’патыліца’ (Нас., Растарг.), паўд.-усх. ма́лік (КЭС), чачэр. ’карак у свінні’ (Мат. Гом., Жыв. сл.). З укр. мали́к ’тс’, ’гарбун’, якое з гамали́к ’карак’ < тур. hamallık ’прафесія насільшчыка’ < hamal ’насільшчык’ > араб. ḥammāl ’тс’ (ЕСУМ, 1, 464). Сюды ж і польск. malik ’хвароба коней і валоў: падскурныя гузы на шыі і лбе’, koń malikowaty ’конь з праваленым, увагнутым хрыбетным’; ’нешчаслівы, фатальны’ (Варш. сл., 2, 858).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

звіне́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак.

Утвараць тонкі металічны гук. Гулі паравозы, ляскаталі пад’ёмнікі на прыстані, звінелі трамваі. Асіпенка. У кузні грукаталі молаты. Звінела жалеза. Чарнышэвіч. Шуміць піла, звініць тапор, Разносіць рэха гул далёка. Астрэйка. // чым. Утвараць пры дапамозе чаго‑н. такі гук. Вярнуўся [Патапчыкаў] не тым Іванам, што звінеў медалямі адразу пасля дэмабілізацыі з арміі, а зусім не падобным да сябе: прыціхлым, бязмоўным. Васілевіч. А Зося.., пачала расказваць далей, не зважаючы на тое, што Маша хадзіла, звінела шклянкамі. Шамякін. // Звонка гучаць. У школах савецкіх растуць нашы дзеці, роднаю мовай звіняць галасы. Машара. / Пра насякомых, птушак. Над зялёнымі жытнімі каласамі таўкуць мак і звіняць камары. Пташнікаў. У небе бесперастанку звінеў жаваранак. Гурскі. // перан. Поўніцца чым‑н. звінючым. Наваколле зранку звінела дзіцячымі галасамі. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чу́тны, ‑ая, ‑ае; чуцён, чутна.

1. Даступны слыху; які ўспрымаецца слыхам. І дзявочы голас звоніць над лясамі: «Будуць у калгасе слаўныя дажынкі, Будуць чутны песні за гарой высокай». Панчанка. Рагочуць мужчыны. Доўга адзін да аднаго бародамі варочаюцца, а тады паасобныя галасы — кожны па-свойму чуцён. Скрыган. А гэта што — ледзь чутны крок? Ці проста шоргнула ігліца? А. Вольскі. // перан. Вядомы. Бедны хлопец Кастусь, Што каленьмі свяціў у апратцы кастравай, Выспеў коласам буйным, а Беларусь Стала чутнай і знанай на свеце дзяржавай. Лужанін.

2. у знач. вык. Чуецца, гучыць. Ледзь чутны ціхі звон Звычайным свежым ранкам, Калі страсае клён З галін сваіх мядзянкі. Астрэйка. У кнізе чутны і рэха гераічнай.. гісторыі Беларусі, і перазвон зброі ў часы рэвалюцыйных выступленняў народных мас. Ярош.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Слых ‘успрыманне гукаў’, ‘вестка’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Шат., Варл., Нар. словатв., Сл. ПЗБ), слух ‘тс’ (Ласт., Байк. і Некр., Бяльк., Сл. ПЗБ), ст.-бел. слухъ ‘тс’ (Альтбаўэр), слых ‘пагроза’ (ашм., Стан.), ‘рэха’ (навагр., Жыв. сл.), слух ‘паслухмянасць, пакорлівасць’ (Барад.), слыха́ць безас. ‘чуваць, чутна’ (БРС, Нас., Ласт.), слы́хі ‘пагалоскі’ (в.-дзв., бяроз., Сл. ПЗБ). Сюды ж фразеалагізмы слыхом не слыхаць (Рам. 6), ні слыху, ні дыху (Пятк. 2). Аддзеяслоўнае ўтварэнне, прасл. *sluxъ; параўн. укр., рус. слух, польск. słych, słuch, чэш., славац. sluch, серб.-харв. слу̑х, славен. slúh, балг., макед. слух, ст.-слав. слоухъ, што да прасл. *sluxati, *slyšati. Параўн. укр. слиха́ти, рус. слыха́ть, слы́шать, ст.-слав. слышати, польск. słyszeć, в.-луж. słyšeć, н.-луж. słyšaś, чэш. slyšeti, славац. slyšať, серб.-харв. сли̏шати ‘выслухоўваць, распытваць аб зададзеным’, славен. slišati. Паводле Махэка₂ (559), прасл. *slyšati з’яўляецца ітэратывам да прасл. *slušeti (гл. слухаць). Роднаснае літ. klausýti ‘слухаць’, paklýsti ‘слухацца’, ст.-в.-ням. hlosēn ‘слухаць, слухацца’, нов.-в.-ням. дыял. losen ‘слухаць’, авест. a‑srušti‑ ‘непаслухмянасць’, ст.-інд. śróṣati ‘ён чуе’. Гл. Траўтман, 308; Мюленбах-Эндзелін, 3, 920; Вальдэ-Гофман, 1, 238; Майргофер, 3, 394; Фасмер, 3, 680; Сной₁, 583; Борысь, 560–561; ЕСУМ, 5, 301.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

во́дгулле, ‑я, н.

1. Адбіццё гуку, рэха; водгук (у 1 знач.). Бой яшчэ не скончан. Б’юць гарматы, Аж гудуць ад водгулля лясы. Панчанка. У адным канцы сяла, ад пераезду, спявалі вясковыя дзяўчаты, і водгулле іх аднатоннай песні, адбіваючыся дзесь каля чыгункі, даносілася сюды цэлымі хвалямі мяккіх жалобных гукаў. Колас. Стрэлы пратрашчалі ў ранішнім паветры, водгулле гулка разнесла іх па далёкіх цяснінах. Быкаў.

2. перан. Тое, што і водгук (у 3 знач.). Пятлюк абвінавачваў мяне ў прыхільнасці да ясенінскай «кулацкай паэзіі», якая быццам з’яўляецца водгуллем варожай ідэалогіі ў літаратуры. Сабаленка. Ды будзе пратэз рыпець — як напамін, як водгулле тых бед, што прынесла вайна... Рудкоўскі. // перан. Пачуццё, якое з’яўляецца адказам на што‑н. Даўно ўжо юнацтва мінулася, А ўдзячнасць жыве ў душы, Водгуллем адгукнулася, Прыстала, сказала: пішы. Вітка. Мост павісне лёгка над вадой, у прасторы, гулкаю струной, і крануць яго з разгону колы — сэрца поўна водгуллем вясёлым. Русецкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)