раскры́цца, ‑крыюся, ‑крыешся, ‑крыецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Рассунуцца, расхінуцца, каб адкрыць, паказаць што‑н. Заслона раскрылася.

2. Вызваліцца ад таго, чым быў накрыты; стаць нічым не прыкрытым; агаліцца. Раскрыцца ў сне. □ [Урач] хацеў узяцца за прасціну, якой была ўкрыта пацыентка. Але яна яго апярэдзіла. Сама раскрылася да самых калень. Алешка. // Разваліцца, прадзіравіцца (пра страху). Але дома за гэтыя гады ўсё заняпала, раскрыўся хлеў, пабурылася ў хаце печ. Сачанка.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разгарнуцца, раскласціся, распасцерціся (пра што‑н. складзенае). Парасон раскрыўся. Кніга раскрылася. □ Роўна на пятай секундзе, як гаварыў пасля інструктар, я тузануў за кольца. Над галавой раскрыўся парашут. «Маладосць». // Распусціцца (пра пупышкі). Набраклі, вось-вось раскрыюцца .. смолкія пупышкі на дрэвах. Мыслівец.

4. Адкрыцца (пра рот, вочы). І раптам затросся дзед Талаш. Вочы яго шырока раскрыліся, на твары адбіўся жах. Колас. Кручкаватая драпежная дзюба раскрылася. На Сашку ўставілася мёртвае злоснае вока. Даніленка.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць бачным, адкрыцца вачам. Апошні раз расступіўся лес, і перад вачамі настаўніка раскрылася шырокая палянка, вясёлая і прыветная. Колас. Раптам тунель скончыўся, і перад намі раскрылася панарама Нью-Йорка. Новікаў. // перан. Стаць даступным, магчымым для каго‑н. Светлае жыццё раскрылася перад юнаком. □ У Расіі раскрыліся перад паэтам [А. Міцкевічам] новыя далі. Лойка.

6. Праявіць, выявіць сябе, сваю сутнасць. Вось тады і раскрыліся гаспадарчыя здольнасці Булая. Шыцік. Міхаіла Сярмяжку прызначылі брыгадзірам. І тут неўзабаве раскрыўся талент не толькі высокакваліфікаванага муляра, але і разумнага выхавацеля. Дадзіёмаў. // Адкрыцца, пакінуць гаіцца, расказаць аб сабе і сваіх думках, пачуццях. — Ты ведаеш, што ў кожнага чалавека ёсць патрэба абавязкова раскрыцца перад другім? Скрыган.

7. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць вядомым; выкрыцца. Злачынства раскрылася. Тайна раскрылася. □ Сцёпка прыкінуўся, што нічога не цяміць, .. і дзівіцца, што так скора раскрылася іх бязбожніцкая дзейнасць. Колас. Я пазнаёміўся з бацькамі, і сакрэт раскрыўся адразу. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сабра́цца, збяруся, збярэшся, збярэцца; збяромся, зберацеся; зак.

1. Сысціся, з’ехацца ў адно месца. Заўтра дзень кірмашовы ў сяле Сілічах, Там, ён [Цімох] ведае гэта, збяруцца сябры. Куляшоў. Калі ж мы зноў збяр[о]мся ў цесны круг, Як раніцай збіраюцца заранкі? Глебка. Яшчэ ў першы дзень, як толькі Сашка прыехаў у Багатую Граду, у дзедаву хату сабралася нямала хлопчыкаў і дзяўчынак. Даніленка. // Адкрыцца, пачаць сваю работу (пра сход, пасяджэнне і пад.). Раніцай павінен быў сабрацца савет МТС. Лобан. Можна сказаць, не пас[я]дж[э]нне гэта было, а сапраўдны сход. Увесь сельсавет сабраўся, і так яшчэ актывістаў пазвалі. Чорны. // Згрупавацца тым ці іншым чынам вакол каго‑, чаго‑н. Сабралася ў кола Шаснаццаць сясцёр, Усе маладыя, амаль аднагодкі. Здружыла ў змаганні, ў паходах жыццё І працай зраднілі сясцёр пяцігодкі. Лужанін. // Зляцецца ў чародкі (пра птушак). Па позвах тых гусі З лясоў і балот Сабраліся: хутка У вырай адлёт. Калачынскі.

2. Дайсці да якой‑н. колькасці, да якога‑н. ліку. Гасцей сабралася чалавек дваццаць. Дуброўскі. Войска, брат, ёсць. Узвод — не ўзвод, а аддзяленне добрае збярэцца. Брыль.

3. Паступова накапіцца ў адным месцы, у адных руках. Аднойчы здарылася так, што нам выдалі стыпендыю ды мой старэйшы брат прыслаў мне дапамогу — рублёў дваццаць пяць. Разам у мяне сабраўся цэлы капітал. Дубоўка. // перан. Адкласціся ў душы, набалець. У гэтай сцэне сабраўся ўвесь накіп усяго таго, што рабілася каля .. карчмы праз шмат год. Чорны. Старая зноў ўспомніла Лідачку, Міхася, і ўся тая злосць на жыццё, якую яна толькі мела, сабралася, здаецца, адразу. Брыль.

4. Адвольна назбірацца ў якой‑н. колькасці (пра вадкасць, пару і пад.). [Залатарова:] — Усё зразумела. У воку сабралася глаўкомная вадкасць. Мяжэвіч. Ралля паруе — цеплыня Сабралася за час зімовы. Прануза. // Паступова насунуцца, згусціцца (пра хмары, навальніцу). Пад вечар шэрыя хмаркі ўсё ж такі сабраліся ў адну і затулілі ўсё неба. Маўр. / у безас. ужыв. І, бач, зноў жа сабралася на дождж. М. Стральцоў. // Пачацца ў выніку паступовага нарастання пэўных змен у атмасферы. Пад раніцу дождж збярэцца.

5. Набухнуць (пра пупышкі дрэў, кветак). На верхавіне сцябла парасонам сабраліся пучкі, гатовыя распусціцца ў кветкі. Маўр.

6. Падрыхтаваць усё неабходнае ў дарогу. Сабраўся дзед Баўтрук, забраў сякія-такія рэчы, сякерку сваю цяслярскую вострую ўзяў і, не аказаўшыся нявестцы, выйшаў з хутара на дарогу. Колас. // Намерыцца пайсці куды‑н., пабываць дзе‑н. Сабраўся аднойчы дзядзька Антось у лес, закінуў стрэльбу за плечы, гукнуў Таксу. С. Александровіч. — Куды гэта ў поўнач сабралася? — нездаволена спытала .. [Маню] маці. Васілевіч. // з інф. Наважыцца зрабіць што‑н. — Ці не вагоны ты перасаджваць сабралася? Якімовіч. Часамі мне хочацца як-небудзь сабрацца перачытаць іх [ апавяданні] ды паправіць. Скрыган. // Надумацца стаць кім‑н. Сабрацца ў інжынеры.

7. (звычайна са словамі «сілы», «думкі», «дух» і пад.). Унутрана арганізаваць сябе. Трэба было супакоіцца, сабрацца з сілаю, суняць сэрца ў грудзях, каб ударыць без промаху. Быкаў. Мімаволі падкасіліся ногі, і Анісся прыхілілася да заснежанага плота, каб аддыхацца, сабрацца з думкамі. Лынькоў. Разгублены Папас не ўмеў сабрацца са словамі. Галавач. І дзіва, чым бліжэй падыходзіў [Сіліцкі] да Людмілінага дома, тым больш пачынаў хвалявацца.. Каля самага дома ён аж прыпыніўся, каб сабрацца з духам. Арабей. // Напружыць мышцы, падрыхтавацца да якога‑н. руху, дзеяння. Усё .. цела [Аляксея] напружылася, сабралася. Мележ. Кошка ў гэты момант .. ужо сабралася скокнуць, каб схапіць вераб’я. Бяспалы.

8. Стуліцца, як быццам зрабіцца меншым. Вялікі жаль да бацькі агарнуў усю .. малую істоту [Міколкі], і ён нібы сабраўся ўвесь у маленькі камок. Лынькоў. Бровы яе збегліся на пераноссі, і ўвесь твар сабраўся ў жаласлівы камяк. Крапіва. // Утварыцца, з’явіцца (пра маршчыны, складкі). Залатыя дзянькі прайшлі і канулі ў нябыт. Маршчынкі, як павуцінне, сабраліся ўжо каля вачэй. Чарнышэвіч. Лоб сабраўся ў гармонік і гэтым выразна аддзяляў сябе ад лысіны. Кулакоўскі.

•••

Сабрацца адно к аднаму — накапіцца чаго‑н. дзе‑н. (пра справы, незадавальненне, гнеў). [Злобіч:] — Даруй, Рыгор ... неяк з гарачкі я ... Сабралася адно к аднаму. М. Ткачоў.

Сабрацца (пайсці) у прочкі — звычайна пайсці ад мужа; пакінуць сям’ю, сваю хату з прычыны неладоў.

Сабрацца (прыйсці) у свіныя галасы — позна, у позні час, са спазненнем.

Хмары сабраліся над кім-чым гл. хмара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)