рассячы́ і рассе́кчы, ‑сяку, ‑сячэш, ‑сячэ; ‑сячом, ‑сечаце, ‑сякуць; пр. рассек, ‑ла; зак., каго-што.
1. Разбіць, раздзяліць на часткі, кавалкі ўдарам вострага прадмета. Рассячы калоду. Рассячы костку. □ Сякера яе глыбока сядзела ў сукаватым яловым палене, якое .. [цётка], відаць, марна старалася рассекчы папалам. Быкаў. // перан. Быстрым рухам, узмахам як бы разрэзаць, раздзяліць (паветра, ваду). — Аб чым гаворка, збяром дошак, — рассек рукою паветра дзед з шырокаю барадою. Гурскі. // перан. Рэзка прагучаўшы або засвяціўшы, парушыць цішыню, рассеяць змрок і пад.; разарваць. Раптам мірную цішыню лесу рассеклі кароткія стрэлы. Шамякін. Зарніца рассекла цемру, і ў палахліва-яркім святле Майка ўбачыла, як аднекуль, з зарыва, падаў проста на яе чалавек з распасцёртымі рукамі. Караткевіч.
2. Нанесці глыбокую рану, парэз чым‑н. вострым. — Чаму ты тупіцаю колеш? — Бо тата не дае вострае сякеры. Кажа, што я яшчэ калена рассяку сабе. Чорны.
3. Прайсці па паверхні чаго‑н., падзяліўшы на часткі. Граніца, якая рассекла Беларусь на дзве часткі пасля Рыжскага дагавору, стала на шляху [дадому] неадольнай перашкодай. Данілевіч. // Прарваўшы, раздзяліць (войска, фронт, армію праціўніка).
•••
Рассячы гордзіеў вузел — смела, рашуча вырашыць якія‑н. цяжкасці, супярэчнасці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перарва́ць, -ву́, -ве́ш, -ве́; -вём, -вяце́, -ву́ць; -ві́; -ва́ны; зак.
1. што. Разарваўшы, раздзяліць на часткі.
П. вяроўку.
2. што. Перапыніць на некаторы час якое-н. дзеянне, развіццё чаго-н.; парушыць які-н. стан, працэс.
П. перапіску з кім-н. П. маўчанне.
3. каго. Перабіць чыю-н. размову, гутарку.
П. прамоўцу.
4. што. Разарваць усё, многае.
П. усе ніткі.
|| незак. перарыва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е (да 1—3 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
разгарадзі́ць, ‑раджу, ‑родзіш, ‑родзіць; зак., што.
1. Раздзяліць якой‑н. перагародкай, загародай; перагарадзіць. Разгарадзіць хату на дзве палавіны.
2. Разбурыць, разабраць тое, чым перагароджана, загароджана што‑н. Разгарадзіў .. [Сомік] верхнюю засаўку, каб лягчэй было свінні пераскочыць. Крапіва. // Зняўшы перагародку ліквідаваць надзел чаго‑н. — Трэба скінуць панскія загарадкі з зямлі, разгарадзіць яе. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разрэ́заць, ‑рэжу, ‑рэжаш, ‑рэжа; зак., каго-што.
1. Рэжучы, раздзяліць на часткі, кавалкі. Як дарослы, [хлапчук] узяў з паліцы, з-за занавеска, бохан хлеба, разрэзаў вялікім нажом напалам, палавіну аддаў Шуру... Навуменка. У хаце Аня ўзяла са стала нож, разрэзала вузел і, прысеўшы на ўслон, пачала спрытна разгортваць зляжалую істужку бінту. Мележ. // Рэжучы, раздзяліць (старонкі кнігі, часопіса і пад.). Разрэзаць часопіс. // перан. Рассекчы (паверхню вады, паветра і пад.). Разрэзаць плынь ракі. □ Канчук .. са свістам разрэзаў паветра. Мурашка.
2. Падзяліць, расчляніць што‑н. на часткі. Франкісты стараліся авалодаць гэтай дарогай, каб разрэзаць рэспубліканскія часці. Кухараў.
3. Зрабіць надрэз на чым‑н. Разрэзаць нарыў. // Пашкодзіць чым‑н. вострым; парэзаць. Аб цвік, якім жалеза было прыбіта к тронку, [Сашка Стафанковіч] разрэзаў палец. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перакрышы́ць, ‑крышу, ‑крышыш, ‑крышыць; зак., што.
1. Пакрышыць, раздзяліць, раздрабіць што‑н. поўнасцю або ўсё, многае. Трэба яшчэ горы перавярнуць, пакуль дойдзе чарга да пасадкі. Ачыстка, раўнаванне. А затым — узварушыць здзірванелы пласт дыскамі. Усе дзікія карэнні перакрышыць, павыцягваць... Тады трактар. Кулакоўскі.
2. Парэзаць, пасекчы што‑н. яшчэ раз, нанава. Перакрышыць тытунь драбней.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
размеркава́ць, ‑мяркую, ‑мяркуеш, ‑мяркуе; зак., каго-што.
1. Раздзяліць, падзяліць паміж кім‑, чым‑н., прадаставіўшы кожнаму пэўную частку. Міша загадаў размеркаваць наяўныя запасы не менш як на тыдзень. Новікаў. // Вызначыць месцы для каго‑н., размясціць, расставіць дзе‑н.; паслаць куды‑н. Размеркаваць студэнтаў-выпускнікоў. □ Падрыхтавалі [партызаны] пазіцыю, размеркавалі на ёй байцоў, заняўшы два бакі дарогі. Колас. Раненых размяркуем па сёлах у сваіх людзей. Няхай. // Раздзяліць на групы, разрады, катэгорыі па якіх‑н. адметных рысах. Размеркаваць мінералы па групах.
2. Вызначыць паслядоўнасць чаго‑н., размясціць у якой‑н. паслядоўнасці. — Міленькі, Андрэй Пятровіч, навучыце ж мяне, як жа размеркаваць работу так, каб можна было добра весці яе. Колас.
3. Мяркуючы, падлічыць, вырашыць. У сваіх планах цётка даўно размеркавала, колькі кватарантаў можна змясціць у разгароджанай прыбудоўцы. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перашчыкну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што.
Раздзяліць шчыпком надвае. Генерал устаў, узяў каля печы венік. Вылузаў з яго дубчык і даў зламаць. Ражэ перашчыкнуў яго ў двух пальцах. Алешка. Перастаўшы гайдацца, .. [грак] пасядзеў у спакоі, нібыта нешта думаў ці разважаў, потым прымерыўся да ніштаватай галінкі, сціснуў яе ў моцнай дзюбе і перашчыкнуў, як нажніцамі. Лужанін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Аце́п ’выклічнік для адгону сабакі’ (Нас.). Меркаванні Насовіча пра сувязь з рус. цепь ’ланцуг’ (пагроза ланцугом: «А на цепь!») здаюцца малаверагоднымі. Магчыма, звязана з укр. аці́ба ’выгук для адгону сабак’, якое Краўчук (ВЯ, 1968, 4, 124) суадносіць з рум. tíbă ’тс’ і іншымі адгоннымі выгукамі тыпу а псік, што дазваляе раздзяліць слова на а і ціба насуперак Рудніцкаму, 1, 43, (а!‑ці!‑ба!); параўн. таксама балг. ти́ба, макед. чиба ’тс’, далейшая гісторыя якіх застаецца няяснай. Менш верагодна ад *це́паць ’біць’, параўн. польск. ciepać, рус. тепти́.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
непары́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, якога нельга раздзяліць на часткі; суцэльны. Непарыўныя часткі якой-небудзь сістэмы. □ Насустрач цягніку ля дарогі мільгаюць непарыўнымі пасачкамі краскі: жоўтыя, сінія, белыя. Галавач.
2. Такі, якога нельга раз’яднаць; непарушны. Барацьба за мір, дэмакратыю, нацыянальную незалежнасць, сацыялізм — гэта непарыўныя звенні адзінага працэсу. «Звязда». [Хлопцы] доўга, яшчэ за поўнач, гаварылі на сене аб іхняй непарыўнай дружбе, шкадавалі адзін аднаго. Каваль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
размежава́ць, ‑мяжую, ‑мяжуеш, ‑мяжуе; зак., каго-што.
1. Раздзяліць, правёўшы межы, граніцы. Размежаваць поле. □ Старыя сябры і прыяцелі, Турсевіч і Лабановіч, размясціліся ў кватэры найлепшым чынам. Усё падзялілі, размежавалі, і ніводзін ні ў чым не замінаў другому. Колас.
2. перан. Аддзяліць, адмежаваць адно (аднаго) ад другога. Адкрыла [Стэфа] вочы, але не адразу размежавала тое, што перажыла, і тое, што ўбачыла. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)