дык, часціца.

1. Ужываецца ў пачатку пытальных і клічных сказаў, якія указваюць на вывады або падводзяць вынікі таго, аб чым гаварылася раней. — Дык як, Іван Данілавіч, з гэтым чалавекам? — спытаў Галаўня і з ледзь прыкметнай усмешкай дадаў: — Я думаю, няхай застаецца ў тваёй брыгадзе. Гроднеў. — Дык вось. Вера ў партыю дапамагла народу правільна разабрацца ў тых падзеях. Шыцік. / У рэпліках, якія ўзнаўляюць пачатую гутарку ці вяртаюць яе да якой‑н. тэмы. — Ну, брат Грышка, дык я еду!.. Колас. — А пра галоўнае дык ты і не пытаешся, браток. Брыль.

2. Ужываецца ў пачатку сказаў, якія ўказваюць на вынік, што выцякае са зместу папярэдніх сказаў; адпавядае па значэнню: у такім выпадку, тады. — Дзе ён? — Няма. — Дык знайсці яго. // Ужываецца ў якасці суадноснага слова ў складаназалежных сказах з даданымі часу, умовы, мэты, уступальнымі. Калі вяртаўся Лёня дамоў, дык на вуліцы, на зялёных прысядзібных участках.. займаўся дзень. Кулакоўскі. [Лютынскі:] Як толькі змеркнецца, дык ты праз акно ды ў жыта. А там — сцежкі табе вядомыя. Крапіва. — Калі любіш, дык любі, А не любіш адкажы! Танк. — Што б ні сказаў ты, браце мой, дык усё роўна мяне не здзівіш. Не тое бачылі. Зарэцкі. / У бяззлучнікавых умоўных сказах паміж аднолькавымі словамі. Працаваць, дык працаваць. Ну што ж, ісці, дык ісці.

3. Падкрэслівае наяўнасць выключных якасцей, асаблівасцей, уласцівых каму‑, чаму‑н. (звычайна пры паўтарэнні азначаемага слова). Вось будзе штука вам, дык штука! Колас. Вот зрабіў, дык зрабіў. Гартны.

4. Ужываецца пры проціпастаўленні або супастаўленні, каб вылучыць слова, якое проціпастаўляецца. — Машыне і той добры шафёр дае астыць трохі, а ты нават... — Дык то ж машына, а ты чалавек. Пальчэўскі. // Узмацняе слова або групу слоў, да якіх адносіцца. На Вайнера лічба не зрабіла ўражання, а вось перакладчык дык заікаўся, калі называў яе маёру на нямецкай мове. Шахавец. Нешта сёння ў Агаты Лямпа весела гарыць, А людзей дык поўна хата, — Так як дзверы зачыніць. Крапіва. Хто баіцца, Юрка Іванавіч, — гаворыць Шарэйка, — дык той заявы не пісаў. Брыль.

5. у значэнні выніковага злучніка. Ужываецца для сувязі сказаў з прычынна-выніковымі адносінамі. — У нас тут няма камуністаў, дык за ўсё павінны адказваць мы, камсамольская арганізацыя. Кулакоўскі. / Злучае сказы з умоўна-выніковымі адносінамі; дзеянне другой часткі такіх сказаў ажыццяўляецца пры ўмове, аб якой гаворыцца ў першай частцы. — Ты не панясеш, дык я занясу, — цвёрда сказала Ларыса. Кулакоўскі. [Насця:] Самому трэба сумленна рабіць, дык і станок лепшы будзе. Крапіва.

6. у значэнні супраціўнага злучніка. Ужываецца для сувязі процілеглых сказаў з узаемным выключэннем; па значэнню адпавядае злучнікам «але», «а». Была адна надзея, дык і тая сёння прапала. Пестрак. — Сцёпка, ведаю, не адмовіўся б, дык ён у лес ходзіць у заработкі. Крапіва. — Дай.. [каню] вады. — Даваў. Дык ён адно губы памачыў. Чорны. // Злучае сказы, змест адной часткі якіх не адпавядае таму, што павінна адбыцца з пункту погляду гаворачай асобы; па значэнню адпавядае злучнікам «аднак», «але». Пара б і вучыцца, Дык школы няма. Колас. Хацеў выспацца, дык не даюць. Чорны.

7. у значэнні далучальнага злучніка. Далучае сказы з нечаканымі або непрадбачанымі падзеямі. — Я прачнуўся — дык таты няма ў хаце. Чорны. // Далучае сказы, якія ўказваюць на вывад, заключэнне ў сувязі з выказанай раней думкай. Скрыпка — хлеб твой і апора, Дык шануй яе, мой сын! Колас. — Час зараз такі, што сакратара выбраць нельга, дык вось я цябе прызначаю сакратаром гэтай арганізацыі. Шамякін. // Разам з часціцай «яшчэ» далучае сказы з дадатковымі паведамленнямі. — Мілы ты мой друг! Мала таго, што твая галава міністэрская, дык ты яшчэ і чараўнік, — натхнёна прамовіў Лабановіч. Колас. // Далучае сказы з дадатковымі звесткамі, якія абмяжоўваюць папярэднія думкі. — Цяпер тут, значыцца, амбулаторыя? Дык нешта ж шыльды яшчэ не відаць. Брыль.

•••

А не дык гл. а ​2.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

які́, ‑ая, ‑ое; займ.

1. пытальны. Абазначае пытанне аб якасці, уласцівасці каго‑, чаго‑н. «Патрэбны тэмпы», — сказаў Куніцкі. — «Якія тэмпы?» — «Такія. Бальшавіцкія». Самуйлёнак. І хто яны? Якія людзі? Мо праўды светлае сыны? Куды ідуць? Чаго там блудзяць? З якою помстаю для суддзяў Нясуць на сэрцы кайданы? Трус. // Абазначае пытанне аб часе і парадку з’яўлення каго‑, чаго‑н. У якой колькасці і якім парадкам паедзем на палявыя работы? // Каторы іменна, каторы па парадку. Якая ж цяпер гадзіна? □ Ох, гэта дзецям знаць цікава, Калі якая будзе страва?.. Колас. // Ужываецца ў рытарычных пытаннях і воклічах у значэнні: «зусім не», «хіба», «ніякі». — Які з цябе будзе муж! — сказала Мальвіна, калі Адам прапанаваў выйсці за яго замуж. Корбан. І стралок з .. [Талаша] быў не кепскі: які ж ён быў бы паляшук, каб не ўмеў добра страляць? Колас.

2. азначальны. Выражае захапленне, здзіўленне якасцю, уласцівасцю каго‑, чаго‑н. Якія горы! А сады якія! Панчанка. Час не так вялікі, а якія змены! Колас. — І якая дзяўчына! — хваліў Веру Рыгор Паўловіч. — Партызанка, камсамолка, мае медаль «За баявыя заслугі». Арабей. // (у спалучэнні са словам «вось»). Такі. Латаны кажушак Ці такая ж світка, Лапці на сем вушак — Вось які Мікітка. Крапіва. Калі строга разбірацца ў фактах, то хата, аб якой была тут гутарка, не зусім дведава хата.. Шэсцьдзесят гадоў таму назад прыстаў Талаш у прымы да Насці Балыгі.. Вось якім парадкам стаў Талаш уладаром гэтай хаты. Колас. // (у спалучэнні са словам «хоць»). Любы, магчымы, усякі. Хоць які там салдацкі пачастунак, але ён, відаць, быў дарагі для дзіцяці. Няхай. Можа, хоць сукеначку [Нюрка] якую сабе справіць, пальцечка, не будзе локцямі свяціць. Гіль.

3. неазначальны. Разм. Які-небудзь, якісьці. Праз якіх хвілін пяток вартавы асцярожна падсунуў.. [Васілю Іванавічу] пад галаву нечую ватоўку, пакрыў шынялём. Лынькоў. Пільня патроху скрыпела, і не на адны толькі вайсковыя патрэбы. Праўда, цывільных рабочых тут было ўсяго якіх чалавек дзесяць. Чорны. [Люська:] — Хто той чарнявы? У будзёнаўцы?.. Брат ваш ці сваяк які блізкі-далёкі? Ракітны. // Каторы. Дзе ж вы хаваліся? Мой жа стары які дзень шукае вас па лесе. Дзенісевіч.

4. адносны. Падпарадкоўвае даданыя азначальныя сказы. Наперадзе.. цягнулася паласа альховых кустоў, праз якія працякаў ручай. Шамякін. Прыгоды, якія пачаліся яшчэ раніцой, не скончыліся для людзей пад самы вечар. Лынькоў. Чырвонаармеец узышоў на гнілы ганак, усходы якога ляжалі на падстаўленых камянях. Чорны. / Пры наяўнасці суадноснага слова ў галоўным сказе. З-пад гаці спакойна цякла рэчка, несучы тую порцыю вады, якую прызначалі ёй будаўнікі. Колас. [Русаковіч:] Я гавару пра тыя дасягненні, якія ўжо выкарыстоўваюцца на перадавых заводах. Крапіва.

5. адносны. Падпарадкоўвае даданыя дапаўняльныя сказы. Не гадаю, з якое дарогі ўбачу я край любы мой. Панчанка. Якая гэта была надзея, на што накіроўвалася яна, якая яе была сутнасць — Раман не мог разабрацца. Колас. / Пры наяўнасці суадноснага слова ў галоўным сказе. Помню, я думаў пра тое, які дзень там, у нас, за Дняпром. Шамякін.

6. адносны. Падпарадкоўвае даданыя выказнікавыя сказы. Які ты ў быту, такі ты і на справе. Корбан. [Ціхан:] — А наш народ угору ўзняўся, Васіль Іванавіч, не той ён, якім быў у тыя гады. Лынькоў. Якая работа, такая і плата. Прыказка.

7. адносны. Падпарадкоўвае даданыя дзейнікавыя сказы. Сустракаліся і такія, якія нібы абмяклі адразу, страцілі ўсякую волю і жылі раслінным жыццём, абы дзень пражыць. Лынькоў.

•••

З якой (гэта) ласкі? гл. ласка.

Калі што якое гл. што.

На якое ліха (лаянк.) гл. ліха.

Не лезе ні ў якія вароты гл. лезці.

Ні за якія грошы гл. грошы.

Ні ў якім выпадку гл. выпадак.

Ні ў якой меры гл. мера.

Якая розніца? гл. розніца ​1.

Які з сябе (сабою)? — як выглядае? (пра знешнасць чалавека).

Якім ветрам (прыгнала, занесла, прынесла) гл. вецер.

Якім макарам гл. макарам.

Якога чорта гл. чорт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)