Лы́га 1 ’лгун, брахун’ (гародокск., Нар. лекс.), ’п’яніца, дармаед, бывалы чалавек’ (Федар. 4), лыга́ч, лы́гма, лыгу́н, лыгма́р ’ілгун’ (шчуч., Сл. ПЗБ; Сцяшк.; Сцяшк.; Сл. паўн.-зах., КЭС), ’памаўза, шкоднік’ (ТС), лыгаць ’ілгаць’ (лід., карэліц., Сл. ПЗБ), ’маніць, гаварыць няпраўду’ (Сцяшк.), лы́жы ’хлуслівы’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Рус. лы́га, лыга́н ’манюка’, ст.-рус. лыжа ’памылковая звестка’ (пач. XVII ст.), рус. лыга́ть, польск. łygać, каш. ləgác, славац. lyhať ’тс’, ц.-слав. облыгати ’абчарняць’. Прасл. lygati — ітэратыў з падаўжэннем вакалізму кораня ад lъgati > ілга́ць (гл.).

Лы́га 2 ў выразе лыгу даць ’уцячы’ (Грыг.), ’лытка’ (петрык., Мат. Гом.), ’нага’ (капыл., Жыв. сл.; карэліц., Сцяшк. Сл.), лыгі ’ногі’ (навагр., Нар. словатв.), лы́гі ’тс’ (ТС), ’доўгія ногі’ (Бір. Дзярж.), лы́гі ’тоўстыя ногі’ (Шат.), ’доўгія, тонкія ногі’ (Янк. 3.; клец., Нар. лекс.), лы́гаць ’павольна ісці’ (ТС), ’бадзяцца’, ’дарэмна траціць час’ (Шпіл.), лы́гацца ’часта хадзіць або ездзіць туды-сюды’ (стаўб., Нар. сл.), Рус. пск., цвяр. лы́ку даць ’уцячы’, укр. ли́ги дати ’пабегчы’, лигону́ти ’спешна пабегчы’, рус. уладз., валаг. лыды ’доўгія ногі’, варон. ’ногі’, урал., перм. лыдка — ’даўганогі чалавек’, польск. łyda < łydka ’лытка’, славац. lida ’сцягно’. Паўн.-слав. lyda (Слаўскі, 5, 388) з менай д > г пад уплывам лексемы нага́. З прычыны экспрэсіўнасці ў некаторых гаворках г > ґ. Да лы́тка (гл.). Сюды ж лыгнуць ’выцяць, сцебануць’ (Бяльк.).

Лы́га 3 ’віка’ (Жд. 1, Касп., Сл. Эп.-Шып.; маладз., Шчарб.; зэльв., Жыв. сл.), ’сумесь вікі і гароху, пасеяныя на корм жывёле’ (Сцяшк. Сл.). Польск. радзынск., падляш. łyga ’дзікі гарошак’, люблінск. łužyšýńi ’парасткі гароху’. З ві́ка > вы́ка > выґа > łyga > лыгa.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Морда 1 ’пярэдняя частка галавы жывёлы’ (ТСБМ, Шат., Бяльк.; лід., Сл. ПЗБ), ’твар чалавека’ (Нас., Бес., Яруш., Шат., Сл. Брэс.; Бяльк., Растарг., Сл. ПЗБ; хойн., капыл., КЭС), ’шчака’ (ТС; пін., Сл. Брэс.), марда́ць ’надзяваць наморднік’ (Крыў., Дзіс.), марда́чы ’мардаты’ (лід., Сл. ПЗБ), мардач ’удар па твары’ (Растарг.), мардахлы́ст ’п’яніца’, марда́сты ’таўстагубы, таўстаморды’ (Нас.), мардагля́д ’люстэрка’ (Сцяшк. Сл.). Укр. морда, рус. морда, усх.-польск., мазавецк., паўн.-малапольск. morda ’морда свойскіх жывёл’. Паводле Бартоламэ (440), запазычана з іран. мовы (параўн. авест. ka‑mərəδa ’агідная галава’) і з’яўляецца роднасным да ст.-інд. mūrdhán‑ ’лоб, галава, вяршыня’, англасакс. molda ’галава’, ст.-грэч. βλωθρόσ ’які высока падняўся’ (Фасмер, 2, 652–653); Пізані (Paideia, 9 (4–5), 1954, 312) дапускае роднаснасць слав. морда з лац. mordēre ’кусаць, грызці, есці, жэрці’ і інш. Курціна (ОЛА–1972, 215–217), прымаючы пад увагу семантычныя адносіны рада слоў у зах. і паўд.-слав. мовах з асновай mъrd‑ ’хутка рухацца’ → ’крыўляцца’ → ’грымаса’, а таксама сінанімію ст.-рус. мордати і моркати ’крыўляцца’, выказвае дапушчэнне аб роднаснасці ўсх.-слав. морда і славен. mȓd ’грымаса’ і аб спрадвечнай агульнасці асноў mъrk‑/mъrd‑/mъrg‑, якія развіліся з кораня mъr‑ < і.-е. *mer‑ (Покарны, 1, 733). Яшчэ раней Краўчук (БЛ, 6, 79) выказаў меркаванне, што слав. морда не іранізм, а слав. пеяратыўнае ўтварэнне ад дзеяслова тыпу славен. mrdati ’махаць, варушыць’ > mrda ’грымаса’ > ’скрыўленая фізіяномія’. Сюды ж ст.-бел. мордка ’грашовая адзінка’ (Юрэвіч–Яновіч, Зб. Крапіве, 297).

Морда 2 ’лазовы кош для лоўлі рыбы’ (гродз., Сцяшк. Сл.), брэсц. ’аднагорлавы буч з дубцоў або з дранак’ (Браім, 61). Рус. паўн. мо́рда, морда́ ’нерат, венцер, буч’, а таксама ме́рда, мерёда, якія з уграфінскіх моў, параўн. карэльск. merta, эст. mōrd, ліўск. mørda ’буч’ (Праабражэнскі, 1, 556; Каліма, 164; Фасмер, 2, 601 і 653).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апо́ка 1 ’гатунак вапняка’, ’рама для ліцейнай формы’ (БРС). Рус., укр. опока ’тс’, польск. opoka ’скала, камень, камяністы грунт; фундамент’, чэш., славац. opuka ’вапняк’, славен. opǫ̑ka ’вапняк, камяністая глеба’, ц.-слав. опока ’скала, камень’; гэта значэнне адзначаецца ў старабеларускім помніку XV ст. (Карскі, Труды, 313), зафіксавана ва ўкраінскай мове ў XIX ст. Першаснае значэнне ’вапняк’, хаця зарэгістравана яно на ўсходнеславянскай тэрыторыі толькі ў XVI ст. (Сразн.), ад гэтага значэння, паводле матэрыялу, апокай стала называцца ліцейная форма (рэгіструецца ва ўсходнеславянскіх мовах з XVII ст.), а пазней — рама для ліцейнай формы. Іншае разгалінаванне значэння ’вапняк’ > ’скала з вапняка (крэйды)’ > ’скала’ > ’камень’ > ’камяністы грунт’, ’фундамент’. Пашырэнне значэння ’скала’ ў старабеларускай і ўкраінскай, магчыма, адбылося шляхам запазычання з польскай ці царкоўнаславянскай. Этымалогія — перагаласоўка e/o да дзеяслоўнага кораня *pek‑ (параўн. пяку, пячора), прынятая Міклашычаім, 235, і Бернекерам IF, 13, 214, выклікае сумненні з боку семантыкі (Праабражэнскі, 1, 653). Чэш. форма з u замест o тлумачыцца кантамінацыяй з коранем *puk ’трэскацца’ ў сувязі з тым, што апокавыя пароды часта трэскаюцца на пласты; у сувязі з гэтым Махэк₂ (416) лічыў чэшскую форму першаснай, а ‑o‑ ў іншых мовах паясняў вынікам асіміляцыі з першым o; апошняе малаверагодна. Прымаючы семантычны бок тлумачэння Махэка, Супрун (Веснік БДУ, 1970, 2, 83–84) звязвае корань слова апока з беларускім дзеясловам покацца ’трэскацца, расколвацца, расшчапляцца’ (гл.), звязаным, магчыма, з выклічнікам пок гукапераймальнага характару. Корань пок‑ адвечна быў варыянтам кораня пук‑ з блізкім значэннем (гл. апука 2) ці быў пазней ім выцеснены.

Апока 2 ’цяжкі прадмет, напр. бервяно’ (Крывіцкі ў Бяльк.), апо́чча, апо́чына ’палена, што кепска колецца’. Гэта далейшае развіццё значэння апока 1: ’скала’ > ’камень’ > ’цяжкі камень’ > ’цяжкі прадмет’. Праз выраз ляжаць апокай гэта значэнне пераносіцца і на чалавека: апока ’абібок, гультай, лодар’ (Касп., Юрч., Бяльк., Серб., Мядзв.), апочына ’гультаіна’ (Бяльк.). Супрун, Веснік БДУ, 1970, 2, 84.

Апо́ка 3 ’аб’ядала, п’яніца’ (Нас.). Рус. смал. опока ’тс’ (Дабр.). Параўн. покала ’абжора’ (Нас.). Утворана ад дзеяслова по́каць ’жэрці’ (Нас.) паводле мадэлі, блізкай да той, што ляжыць у аснове слова абʼядала; магчыма, усечана з *апокала пад уплывам апока ’гультай’, кантамінацыя з якім, напэўна, адбывалася (гл. апока 2). Супрун, Веснік БДУ, 1970, 2, 84.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)