няўры́мслівы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не можа супакоіцца, суняцца; непаседлівы. Сам гарачы, няўрымслівы, .. [Рэндал] і другім не дае сядзець без работы. Гамолка. Толькі няўрымслівыя хлапчукі.. увесь час выскоквалі на віднае месца, за што ім перападала ад бацькоў і матак. Броўка. // Уласцівы такому чалавеку. Лёня спрактыкаваным вокам прыкмеціў, што не ад хвалявання стары такі рухавы — характар няўрымслівы. Новікаў. Няўрымслівая натура не давала .. [Ганне] спакою, асабліва цяпер, калі яна апынулася ў гушчы барацьбы. Няхай. // Які не сціхае, не змаўкае, не спыняе працяглы час сваёй дзейнасці. Кіпіць у цяснінах, ляціць на прастор Бурлівы, няўрымслівы Вахш. Кірэенка. Вее вецер вясновы, няўрымслівы, свежы. Зарыцкі.

2. Нецярплівы. Самыя наравістыя, самыя няўрымслівыя коні ў яго станавіліся рахманыя, супакойныя, пакорлівыя. Дубоўка. Маленькім крыклівым няўрымслівым сынам наогул здаецца, што час стаіць на месцы... Гаўрылкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раздо́лле, ‑я, н.

1. Шыр, прастор; шырокая вольная прастора. Стэпавае раздолле. □ Абрысы хат з заснежанымі стрэхамі зводдалі ў цемры нельга было разабраць, і агеньчыкі нагадвалі буйныя зоркі, што ўпалі з неба на снегавое раздолле. Хадкевіч. Прыемна было ісці па гэтай роўнядзі, па гэтым свежым раздоллі, упрыгожаным зыбучай павуцінкай золкавай расы. Кулакоўскі.

2. Разм. Шырокая прастора, якая дае магчымасць свабодна дзейнічаць каму‑, чаму‑н., праяўляцца чаму‑н. і пад. Высечаныя дрэвы далі раздолле тым, што асталіся з бакоў, і яны галінамі сваімі пацягнуліся на прагалы і стварылі жывыя шаты. Пальчэўскі. [Кажамяка:] — Толькі асушыць балота, тады будзе тваёй птушцы раздолле. Гурскі. // перан. Поўная свабода, адсутнасць абмежаванняў у чым‑н.; спрыяльныя, зручныя абставіны, умовы для каго‑, чаго‑н. Пачынаецца раздолле для аматараў грыбоў. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́валачы, ‑лачу, ‑лачаш, ‑лача; ‑лачам, ‑лачаце, ‑лакуць; пр. вывалак, ‑ла; зак., што.

1. Выцягнуць волакам што‑н. адкуль‑н. Вывалачы лодку з вады на бераг. // Разм. Выцягваючы, выбавіць што‑н., што загрузла, засела. Вывалачы воз з гразі. □ Царкоўны стараста.. стаяў і спакойна пазіраў, як а. Мадэст церабіўся ў гразі і не мог вывалачы з балота ног. Колас. // Вынесці каго‑, што‑н. Яна [цётка Броня] вывалакла на ганак зэдлік, які раней валяўся ў сенцах. Шыловіч. Марна павалэндаўшыся так з гадзіну, двое паліцаяў вывалаклі Сотнікава з памяшкання і кінулі ў тую самую камеру, дзе стараста. Быкаў. // Выцягнуць, прымусіць выйсці. Хлопцы амаль сілком вывалаклі мяне з інтэрната на прастор ракі. Сабаленка. [Сцяпан:] — Не мог [Быкоўскі], як трэба, па-хрысціянску — з сватам.. маю дачку ўзяць, але, як злодзей, хацеў праз акно вывалачы! Купала.

2. Разм. Украсці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́лецець, ‑лечу, ‑леціш, ‑леціць; зак.

1. Узняўшыся адкуль‑н., паляцець. Птушка вылецела з гнязда. □ З самага крайняга вулля нечакана вылецеў рой. Кулакоўскі. // З’явіцца, паказацца адкуль‑н. у час палёту. Самалёты вылецелі з-за хмары. // Пачаць палёт, адправіцца, адляцець. Самалёт ужо вылецеў з Кіева.

2. З сілай вырвацца, выйсці на паверхню, прастор. Куля вылецела з ствала. Корак вылецеў з бутэлькі. // Імгненна выпасці адкуль‑н., з чаго‑н. Вылецелі шыбы ад выбуху.

3. перан. Імкліва выехаць, выбегчы адкуль‑н. Раптам з-за павароту дарогі вылецелі насустрач.. машыне тры грузавікі. Шамякін. Грыша схапіў кашулю і подскакам вылецеў з пакоя. Пестрак.

4. перан. Разм. Выбыць адкуль‑н. не па свайму жаданню. Вылецець з інстытута. Вылецець са службы.

•••

Вылецець (выскачыць) з галавы (з памяці) — забыцца.

Вылецець кулём (куляю) — тое, што і выскачыць кулём (куляю) (гл. выскачыць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ва́біць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; незак., каго.

1. Захапляючы, зачароўваючы сваім выглядам, прыцягваць да сябе. [Лабановіча] наогул захапляла і вабіла жыццё з прынаднымі малюнкамі і таемнымі чарамі. Колас. Я Чорнае мора зялёным назваў бы, калі ўтаймуецца бура і шторм. Сюды мяне змалку і клікаў і вабіў бязмежны, жывы і нястрымны прастор. Грахоўскі. / у безас. ужыв. Хоць не было спякоты, але так і вабіла пад засень дрэў. Шахавец. // Выклікаць цікавасць да сябе, прыхільнасць, сімпатыю. Шырокая барада [Тодара].., яго манера гаварыць проста, зразумела і ясна, — усё гэта вабіла да яго. Нікановіч. Даша належала да ліку тых жанчын, хараство якіх не кідаецца рэзка ў вочы, а вабіць, захапляе, грэе. Васілевіч.

2. Падзываць птушак або звяроў, падрабляючы іх голас. [Піліпоўскі] жартаваў, высвістваў маршы, вабіў свістам з прыдарожных хмызнякоў птушак. Чорны. Там у таямнічыя Ночы ля дубоў Нашы паляўнічыя Вабілі ваўкоў. Глебка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

старажы́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які даўно прайшоў, мінуў (пра час). [Павел Лукіч:] — Але ж пэўных граніц між плямёнамі ў тыя старажытныя часы быць не магло. В. Вольскі. Старажоўка нясе назву, відаць, аж са старажытнага часу. Новікаў. // Які існаваў, быў, жыў у мінулыя часы. Старажытныя грэкі. Старажытная Русь. □ Невялічкая палянка паміж гушчару, асвечаная месяцам, выглядала нейкім цудоўным гняздом старажытных людзей. Чарот.

2. Які створаны, узнік у далёкім мінулым і захаваўся да гэтага часу. Старажытная легенда. Старажытныя паданні. □ Апошні прыпынак — ля старажытных сцен Крамля, дзе жыла і працавала Н. К. Крупская. «Звязда». На старажытным дзядзінцы тая самая векавая ратуша. Грамовіч.

3. Вельмі стары. Не, не спіць, не дрэмле Старажытны бор: Ён вартуе землі, Даўні свой прастор. Колас. Голлямі хістаючы калматымі, Хвоі старажытныя рыпяць. Панчанка. // Старадаўні. Можна было ўявіць чалавека ў старажытнай доктарскай мантыі. Ліс.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Каля́ прыназоўнік з родн. скл. (прастор., аб’екта, кольк. адносіны) (БРС, ТСБМ) у Гарэц.; віл. Карск., Касп., Кліх ў прасторав. адносінах, у Сл. паўн.-зах. яшчэ і ’для, за’: …ён каля яе стараўся…; цёця каля яго возьмецца… і ’у час’. У форме кале ’каля’ адзначана Кліхам і Сержпутоўскім (Сержп. Грам. — асноўны арэал і з казак, мазыр.). Геаграфія пашыраецца, калі ўлічыць форму каляблізку ’у недалёкай адлегласці’ (КЭС, лаг.) і каляболацце (слаўг., Яшк.). Асноўны матэрыял у ДАБМ, к. 221, Камент., 766–767. Слова сустракаецца на большай частцы тэрыторыі, канцэнтрацыя — на паўночным захадзе. Укр. (у запісах Чубінскага) кіля, польск. крак. kola, славін. kolä. У шэрагу моў сустракаюцца формы, падобныя да бел. кале: польск. kole, kele, kiele, гл. Карл., 2, 406, 407, каш. kuole (і інш.), чэш. kole ’каля’. Паводле паходжання ўтварэнне з kolo (параўн. адносна этымалогіі кола) з традыцыйнай менай галоснага як у формах podlo/podle. ESSJ (SG, I, A, 89) мяркуе і аб магчымасці аднясення бел. каля да старога тыпу kole; пярэчыць гэтаму, на яго думку, рус. калуж. кала, кыла. Адносна апошняга параўн. кала (гл.). Бел. каля хутчэй за ўсё незалежнае ад польск., славін. форм (націск), наяўнасць формы кале, калі (ДАБМ) на беларускай можа сведчыць па карысць паходжання ‑я‑ з канцовак ‑е‑. Параўн. яшчэ ля (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

захіну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Засланіцца, прыкрыцца чым‑н. [Сотнікаў] захінуўся рукавом, але ад таго кашаль стаў і яшчэ больш нястрымным. Быкаў. / у перан. ужыв. Пакрывалам бялёсых туманаў захінуўся шырокі прастор. Машара. // Пасунуўшыся, закрыцца. Нават пасля таго, як захінулася заслона, гледачы ніяк не маглі суняцца ад смеху. Ус.

2. Ахінуць сябе чым‑н., закруціцца ў што‑н. Міхаліна захінулася кажушком і пайшла. Грамовіч. [Гвардыян] мацней захінуўся ў футра і няпэўнаю ступою пасунуўся да дзвярэй. Зарэцкі. // Разм. Захінуць на сабе краі вопраткі. — Халат расшпіліўся, захініся.

3. Схавацца дзе‑н., за што‑н. Захінуцца за вугал. □ Я захінуўся за куст, насцярожыўся — у цемры расла, набліжалася да лазняку чыясьці постаць. Сачанка. А як жа.. [Танечку] не знайсці, калі яна стаіць побач з табой, рукой дастанеш! Нават не здагадаецца захінуцца куды-небудзь пад ложак ці пад канапу. Рылько. Куды ў пануры гэткі дзень ісці? Дзе захінешся, куды дзенешся? Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ма́рка 1, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Значок аплаты паштовых і некаторых іншых збораў звычайна ў выглядзе чатырохвугольнай паперкі з абазначэннем цаны і якім‑н. рысункам. Гербавая марка. □ — Казімір! — хапіла яго за руку Ірынка. — Асцярожней! Ты ж не забывай, што я збіраю калекцыю паштовых марак. Краўчанка.

2. Знак, кляймо на тавары з абазначэннем горада, прадпрыемства, дзе вырабляўся тавар, яго якасць і інш. Фабрычная марка. □ І ў зарніцах аўтагеннай зваркі, Здаецца, бачым: з брамы завадской Аўтамабілі беларускай маркі Выходзяць на прастор зямлі маёй. Панчанка.

3. Гатунак, тып вырабу, тавару. Марка цэменту. Марка віна. □ Многія нават па гулу матора, пачутаму здалёк, пазнаюць ларку машыны. Дуброўскі.

4. Грашовая адзінка ў некаторых краінах. Задзівіўся дужа дзед, калі пакуп[нік] пачаў адлічваць яму грошы папяровымі маркамі. Колас.

•••

Пад маркай чаго — пад выглядам.

Трымаць (вытрымліваць) марку гл. трымаць.

ма́рка 2, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Гіст.

1. Пагранічная вобласць з ваенным упраўлення ў раннефеадальнай Франкскай дзяржаве і ў сярэдневяковай Германіі.

2. Сялянская абшчына ў сярэдневяковай Заходняй Еўропе.

[Ням. Mark — мяжа.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пача́цца, ‑чнецца; зак.

1. Пачаць прасцірацца. Павявае ветрык свежы. Але кончыўся прастор, Пачалася Белавежа, Векавечны цёмны бор. Вітка. Вось ужо скончыліся палеткі, пачалася сенажаць. Машына далей ехаць не магла. Марціновіч.

2. Пачаць адбывацца, здзяйсняцца. Самы рух пачаўся тады, як пачынала ўжо ўсходзіць сонца. Колас. Адна за адной пачаліся шалёныя атакі. Мележ. Пачаўся допыт. Хто? Адкуль? Чаму ўзарваў мост? Дзе штаб? Лынькоў. // Адкрыцца, пачаць працу (пра сход, пасяджэнне і пад.). Так пачалося пасяджэнне прэзідыума Савета дэпутатаў. Чорны. Праўленне адразу ж пачалося бурна. Пянкрат. // Наступіць, настаць. Пачалося лета, а з ім і работа навалілася: касьба, а там і жніво. Колас. Пачаўся сапраўдны дождж. Кроплі былі буйныя і частыя. Навуменка. Памерла яна [маці] яшчэ тою часінай, Калі толькі трэці пачаўся мне год. Прыходзька.

3. Разм. Пачаць з’яўляцца; абазначыцца. У козліка — рожкі і пад мызачкай ледзь-ледзь пачалася бародка. Брыль. [Гушка:] — Калі пачнецца свая гаспадарка, дык і ты тады парабкоўства кінеш. Чорны. [Бацька:] — А ягад у нашым Варку — хоць вазамі вазі, хутка і грыбы пачнуцца. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)