па́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Варыцца ў закрытай пасудзіне пры дапамозе пары.

2. Мыцца ў гарачай лазні з парай. Лазня была прасторная і выгодная. Адна палавіна была адведзена для раздзявальн[і], а ў другой мыліся і парыліся. Колас. Цікава.. [Людвіку] было паглядзець, што за лазня ў беларускай вёсцы і як у ёй трэба парыцца. Кулакоўскі.

3. Разм. Знемагаць, знясільвацца ад духаты, ад спякоты. Баравінчане не надта горача выказваліся за пабудову і не надта горача супярэчылі, хоць гадзіны дзве парыліся ў кажухах. Сташэўскі. З усіх, хто ў зале, бадай адзін.. [Веньямін] парыцца ў чорным пінжаку з вялікімі адвіслымі лацканамі. Навуменка. // перан. Доўга і старанна працаваць над чым‑н., што не ўдаецца. Парыцца над задачай. // перан. Марнавацца, пакутаваць. [Калатухін:] У цябе б, Сізоў, павінна быць светла. Вырваўся так удала! Іншыя там парацца на губе! Мележ.

4. Вылучаць пару пад уздзеяннем цяпла на што‑н. халоднае. Учора дождж.. прайшоў. Парыцца на сонцы вуліца. Колас. — Парыцца зямля, — неяк летуценна кажа Пятрок. — Самая пара сеяць. Хадановіч.

5. Зал. да па́рыць (у 1–5 знач.).

пары́цца, ‑ры́юся, ‑ры́ешся, ‑ры́ецца; зак.

Рыцца некаторы час. Падбяжыць [Бадзюля], адкіне дзверцы, прысядзе, парыецца на ніжняй паліцы, зноў устане і курыць. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

со́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. сох, ‑ла; незак.

1. Рабіцца сухім, траціць вільгаць; высыхаць (пра што‑н. мокрае). Над палаткамі сохлі недаробленыя палазы. Чорны. Ля кастроў гаманілі вясёлыя хлопцы, сохла мокрая вопратка. Брыль. Увачавідкі сохне трава ў валках. Васілевіч. // Рабіцца занадта сухім, трацячы неабходную вільгаць; смагнуць. Нешта сціскала сэрца, у галаве стаяў сапраўдны тлум, ад смагі сохлі губы. Хадкевіч. Зямля пачала прыкметна параваць і сохнуць. Мележ. / у безас. ужыв. У горле сохне. // Рабіцца цвёрдым, трацячы вільгаць; засыхаць. Хлеб сохне. // Выпарацца, высыхаць (пра вадкасць, вільгаць). Раса на лузе сохне. / Пра вадаёмы. Рэчка сохне. Сажалка сохне.

2. Вянуць, гінуць (пра расліны). [Юрка:] — Мы з Наташай былі ў парку, што летась увосень пасадзілі камсамольцы. Дрэўцы сохнуць. Ніхто не налівае. Пяць таполяў зусім засохла... Бяганская.

3. перан. Разм. Худзець (ад хваробы, цяжкай працы, перажыванняў). На тутэйшай зямлі Дзве сястрыцы жылі, Як забытыя ў лесе, каліны; Жыватворных крыніц Не было для сястрыц, Яны вялі і сохлі націнай. Купала. Маці ўпотайкі выцірала слёзы, ёй здавалася, што Алёша ад працы сохне. Шамякін. // Пакутаваць ад кахання, ад гора. Сохнуць сэрцы ў разлуцы, у горы. Астрэйка. Патанцавалі вечар у школе, а праводзячы дадому, Аніс сказаў: — Даўно праз цябе сохну. Гроднеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кармі́ць, кармлю, корміш, корміць; незак., каго-што.

1. чым і без дап. Даваць корм, ежу. Святланка і карміла, і паіла, і гладзіла казулю. Юрэвіч. Кармі парсюка мукою — пойдзе рукою. Прыказка. // Уводзіць ежу ў рот (таму, хто не можа есці самастойна). Карміць хворага. □ [Арлоўскага] ўсё яшчэ былі вымушаны карміць, як малое дзіця, з лыжачкі!.. Апранаць, абуваць!.. Паслядовіч. // Выкормліваць дзіця сваім малаком. Карміць грудным малаком. □ [Таццяна] хутка ўзяла дзіця да сябе і сказала: — Я... я не кармлю яго... Шамякін. // Адкормліваць на забой. Карміць кабана на сала.

2. перан. Забяспечваць сродкамі да жыцця; мець каго‑н. на сваім утрыманні. Карміць старых бацькоў. □ — Хлопец працуе на заводзе, корміць усю сям’ю! Ваданосаў. Цяпер па просьбе Андрэя Драчуна [Яўхім] жыў у яго жонкі. Памагаў засяваць ёй шнуры і карміць дзяцей... Чарот. // Служыць сродкам для пражыцця, крыніцай даходу. Засталася там ніва, Што адмалку карміла, Засталася крыніца, Што вадою паіла. Броўка. Ваўка ногі кормяць. Прымаўка. Летні дзень год корміць. Прымаўка.

•••

Карміць абяцаннямі — даваць абяцанні зрабіць што‑н., але не выконваць іх.

Карміць блох (клапоў, вошай) — знаходзіцца ў такіх умовах, пры якіх даводзіцца пакутаваць ад насякомых-паразітаў.

Карміць хлебам — забяспечваць сродкамі для існавання.

Карміць чарвей — быць забітым, гнісці ў зямлі.

Паіць і карміць гл. паіць.

Хлебам не кармі каго — нічога не трэба каму‑н., толькі дай яму магчымасць зрабіць тое, да чаго ён мае вялікую схільнасць, ахвоту.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тамі́цца, тамлюся, томішся, томіцца; незак.

1. Заморвацца, прыставаць ад цяжкай, непасільнай працы. Закіпела дружная спорная праца, у якой Марына Паўлаўна не толькі не тамілася больш, а нібы адпачывала ад ранейшае зморы. Зарэцкі. Бацька з маткай на рабоце не томяцца, калі з дзетак сваіх цешацца. Прыказка. / Пра рукі, ногі і інш. Пэўны час Максім глядзіць у акно, але томяцца вочы, і ён пачынае пазіраць на пасажыраў. Мікуліч.

2. Мучыцца, пакутаваць, будучы пазбаўленым свабоды. Таміцца ў турме. □ Вякамі таміліся народы Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі пад панскім гнётам. Купала. Пры мястэчку па-над Сожам У фашысцкім гарнізоне За калючай агароджай Люд таміўся ў палоне. Кірэенка. // Тужыць, перажываць, клапоцячыся аб кім‑, чым‑н. І з таго часу ад Настулі І з дому вестак не было — І ўсё там здарыцца магло, і ён [Дзяжа] за іх таміцца мусіў. Колас. Ці ж ёй [Ганне] так і марнець адной, таміцца невядомасцю, гадаць па зорках, што там з Васілём? Мележ. // Знемагаць. Там, ля камбайна, прымасцілася з восем старых жанчын. Зыркае ранішняе сонца сляпіла ім вочы, і яны таміліся ў чаканні. Хадановіч. / Пра прыроду. Усё тамілася і млела ў гэтай ласкавай веснавой цеплыні. Лобан. Гарачы поўдзень таміўся ў цішы сцен фермы. Ракітны. Зямля тамілася, а ноч над ёй спявала. Панчанка.

3. Спец. Вытрымлівацца пры пэўных умовах для набыцця неабходных якасцей. На доле ў кучы тамілася сырая гліна. Скрыган.

4. Зал. да таміць (у 3, 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стагна́ць, стагну, стогнеш, стогне; незак.

1. Абзывацца стогнам (у 1 знач.). Пятро стагнаў — [Саша] пяшчотна гладзіла яго рукі, шчокі, быццам хацела гэтак суцішыць боль. Шамякін. Палкоўнік доўгія хвіліны маўчаў, стагнаў і адпачываў ад сваёй нядаўняй гаворкі. Чорны. Ці то зламала, ці то вывіхнула нагу ў калене — не разабраць, але стогне і енчыць [бабка] так, што сэрца разрываецца... Васілевіч. // Утвараць працяглыя, нудныя крыкі або гукі, падобныя да стогну (пра птушак, жывёл). У травах стогнуць кулікі. Рудкоўскі. Недзе ў далёкай сажалцы стагналі жабы. Корбан. / у перан. ужыв. А тут і бура такая паднялася, што лес крышыўся і стагнаў. Колас. Не ціхне бура. Стогне лес... На ўсе лады віхура свішча!.. Чарот.

2. перан. Гаварыць роспачна, скардзіцца, наракаць. Максім пазіраў на парваны кажушок і ціха стагнаў: — Ай-яй-яй, браток, што гаспадар скажа. Асіпенка. [Рачкоўскі:] — Дрэнны той майстар, што, зрабіўшы якую няўдалую шкодную рэч — ці ў памылцы, ці праз недасканалае ўмельства сваё, — будзе клапаціцца над ёй, будзе ахаць,.. енчыць, стагнаць... Зарэцкі.

3. перан. Пакутаваць пад прыгнётам каго‑, чаго‑н. Хай бацькі стагналі ўчора, Йшлі на той свет без пары; Сёння ў нашай моцы гора, Мы жыцця гаспадары! Купала. Палалі гарады і вёскі, усё было ў агні, здавалася, чалавеку не было ніякага ратунку. Плакала, стагнала беларуская зямля. Гурскі. // Аддавацца працяглым гулам на ўдары, гусці пад цяжарам чаго‑н. Зернавы адчуў, як у твар яму дыхнула гарачай парай, кропелькамі вады. Адчуў, як дрыжыць зямля пад цяжарам вагонаў, як стогнуць рэйкі. Нядзведскі. Суткі стагнала зямля ад гармат. Баранавых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ту́жыць ‘туга нацягваць’ (Нас., Байк. і Некр.), ‘рабіць тужэйшым’ (Юрч. Вытв.), ту́жіць: ту́жʼіцʼ самаму́ ‘цягнуць павозку самому, без дапамогі цяглавай сілы’ (лоеў., Нікан., Трансп.), параўн. самату́гам ‘тс’ (ТСБМ), ту́жацца ‘цвярдзець’ (Мат. Гом.), тужэ́ць ‘станавіцца больш тугім, шчыльным, мацнець’ (Нас., Касп., Байк. і Некр., ТС), ‘дранцвець, дубець, пруцянець’ (Ласт.), тужа́ты ‘цвярдзець (пра зерне, зямлю)’ (стол., Выг.), ту́жыння ‘зацягванне з мэтай зрабіць тужэй’ (Юрч. СНЛ), тужы́ць ‘нацягваць аснову красён’ (уздз., Сл. ПЗБ), ту́жыцца ‘намагацца, напружвацца’ (ТСБМ; зэльв., Нар. словатв.). Укр. тужі́ти, ту́житися, тужа́віти ‘налівацца (пра колас), цвярдзець, шчыльнець, загусаць’, рус. ту́житься ‘напружвацца’, в.-луж. tužić ‘звужвацца’, ‘сціскаць, ушчыльняцца’; ‘прымацоўваць, нацягваць, напружваць’, ‘прыглушаць’, польск. tężeć ‘цвярдзець’, дыял. tużyć ‘цягнуцца, схіляцца’, чэш. tužit ‘рабіць цвёрдым’, ‘крухмаліць’, ‘умацоўваць (мускулы)’, tužit se ‘намагацца, напружвацца’, ‘націскаць’, славац. tužiť ‘тс’, tužieť sa ‘падсілкоўвацца’, tužieť ‘мацнець, дужэць’, ‘загартоўвацца’. Прасл. *tǫžiti (sę) < *tǫgъ ‘напружаны, нацягнуты’ (гл. тугі), чаргуецца з прасл. *tęgti ‘цягнуць, валачыць’, ‘быць цяжкім’, што да і.-е. *t​heng​h ‘тс’ (Покарны, 1067; Борысь, 631; Сной, 769), гл. туга́, ту́жба, укр. ту́га́ ‘натуга, напружанне’, якія семантычна звязваюць дзеясловы ту́жыць і тужы́ць (гл.), што падкрэслівае іх агульнае паходжанне.

Тужы́ць ‘сумаваць, маркоціцца, журыцца’ (ТСБМ, Гарэц., Байк. і Некр., Шат., ТС, Вушац. сл., Сл. ПЗБ), ‘пакутаваць з тугою’ (Юрч. Сін.), ‘нудзіцца, быць ахопленым сумам’, ‘гараваць, перажываць няшчасце’ (ТСБМ, ТС), ст.-бел. тужити, тужыти ‘знаходзіцца ў стане смутку’ (ГСБМ). Укр. тужи́ти, рус. тужи́ть ‘тс’, польск. дыял. tążyć ‘сумаваць (пра жывёл)’, ст.-польск. tążyć, tężyć, tużyć ‘сумаваць’ (XVI ст.), н.-луж. tužyś (se) ‘сумаваць, маркоціцца’, в.-луж. tužić ‘засмучаць’, ‘трывожыцца, непакоіць’, чэш. toužiti ‘тс’, славац. túžiť ‘сумаваць (па радзіме)’, ‘моцна хацець’, ‘марыць’, серб. ту́жити ‘скардзіцца’, ‘падаваць скаргу’, ‘аплакваць каго-небудзь’, макед. тужи ‘падаваць у суд’, тажи ‘сумаваць, журыцца’, балг. тъжа́ ‘тс’, ‘мець жалобу па кім-небудзь’. Прасл. *tǫžiti ўтворана ад *tǫga (гл. туга), што далей да tęgnǫti (гл. цягнуць). Паводле Шустар-Шэўца (1555), развіццё значэння ад ‘ціснуць, цягнуць уніз’ да ‘прыгнечанасць, маркота, сум’ прадстаўлена ў роднасных ст.-ірл. þung ‘цяжкі’, þungol ‘смутак, сум, клопат, гора’, літ. tingė́ti ‘ленавацца’, tìngiu ‘я вялы, неактыўны’. Фармальна блізкае літ. tũžyti(e)s ‘злавацца’ лічыцца (гл. Фрэнкель, 2, 1148) запазычаннем з беларускай мовы, а літ. tū́žti ‘набухаць, уздымацца’, į́tū́žti ‘раззлавацца’ Смачынскі (697) пакідае без этымалогіі. Памылковае сцвярджэнне аб запазычанні з рус. тужить у Сл. ПЗБ, 5, 144. Сюды ж тужлі́вы ‘смутны, журботны’ (Гарэц., Байк. і Некр.), ту́жыкі ‘памінальны абед’: ту́жыкі е́сці (Шат.), тужэ́й ‘цяжэй, горш’ (пух., капыл., Сл. ПЗБ), ту́жык ‘ныцік’ (Байк. і Некр.), параўн. рус. ту́жик ‘хто заўсёды плача, скардзіцца на свой лёс’, серб. тужа̀кало ‘тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

уда́цца, удамся, удасіся, удасца; удадзімся, удасцеся, удадуцца; пр. удаўся, удалася, ‑лося; заг. удайся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Паспяхова ажыццявіцца, завяршыцца. Спроба ворага з ходу авалодаць пераправай і ўварвацца ў пушчу на гэтым участку — не ўдалася. Брыль. Справа ўдалася, і цяпер .. [Уладзік] ідзе, спакойны і ў добрым гуморы. Крапіва. Узрушаны, задуманы і крыху разгублены, Крывахіж уздыхнуў: палёт у зону ўдаўся. Алешка. // Атрымацца, выйсці вельмі добрым, удалым і пад. Іван Навумавіч не памыліўся: ураджай сапраўды ўдаўся незвычайны. Якімовіч. Аднаго разу ў Лукашыхі не ўдаўся хлеб: чамусьці выйшаў .. з закальцам. Сабаленка. [Сальвэсь:] — Не ўдалося мне жыццё, дык чаму павінны яшчэ бацькі мае пакутаваць? Чорны. // (часцей у пр. часе). Пра людзей, жывыя істоты. З выгляду Пятрок не вельмі прыкметы: ростам не ўдаўся, з твару худы, рыжанькі. Ракітны.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Атрымацца якім‑н. (што мае якія‑н. якасці, уласцівасці). Дзень удаўся дажджлівы. Бядуля. Світанак удаўся пагодны, Звініць на лугах касавіца. Зарыцкі. Для поўнай урачыстасць, для спаўнення чаканай радасці ўсіх удзельнікаў паездкі, пагода ўдалася ціхая і ясная. Грамовіч. // (часцей у пр. часе). Разм. Пра людзей, жывыя істоты. [Сымон:] Які я ўжо ўдаўся, такі і буду. Купала. А меншы сын такі гультай удаўся, што хоць ты яго з хаты гані. Якімовіч. Пад лета з Мурвы вырас і ўдаўся добры сабака, падгалісты, злы. Капыловіч.

3. безас. каму і з інф. Аказацца магчымым зрабіць што‑н.; пашчаслівіцца. З вельмі вялікімі намаганнямі .. [радысту] ўдалося прабрацца да ракі. Шамякін. Калі ж не ўдасца паехаць машынай, дык у яго [Лабановіча] — маладыя ногі, да хады прывычныя. Колас. Некуды трэба было зайсці [Паходню], бо дома .. пазбавіцца пачуцця адзіноты не ўдасца. Хадкевіч.

4. (часцей у пр. часе), у каго. Урадзіцца, вырасці падобным на каго‑н. [Іваноў:] Ну і характар у цябе. Нябожчыца маці была мяккай душы чалавек. Ты ў каго ўдаўся? Кучар. Максім удаўся не ў шчуплага бацьку. У хлопца былі шырачэзныя плечы, пудовыя кулакі. Даніленка.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Урэзацца, зайсці далёка ў глыб чаго‑н. Бераг удаўся ў мора. // Запасці. Вочы [Петруся] ўдаліся глыбей у арбіты. Гартны.

6. перан.; у што. Унікнуць, паглыбіцца ў што‑н., аддацца якой‑н. дзейнасці; захапіцца чым‑н. Удацца ў сутнасць справы. □ Вера ўдалася ў пісанне, [Марына Паўлаўна] з прагавітай увагай разглядала яе схілены над паперай твар. Зарэцкі. // Аддацца якому‑н. пачуццю, упасці ў які‑н. стан. Удацца ў тугу. Удацца ў фантазію.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

То́ргаць1 ’цягнуць не роўна, а рыўкамі, рэзкімі рухамі’ (ТСБМ, Касп., Сл. ПЗБ, ТС; бялын., Янк. Мат.): то́ргаў трактор трактора з ямы (ТС), ’тузаць за лейцы, прымушаючы каня ісці’ (ТСБМ), то́ргыць ’чапаць’ (Бяльк.), тарга́ць ’цягаць, валачы ў розныя бакі’, ’тузаць, шморгаць’ (Нас.), то́ргаті ’тузаць аснову красён’ (лун., Шатал.), то́ргаць ’кляваць, прыводзіць у рух паплавок’ (ТСБМ, ТС), ’дрыжаць, пацепвацца, перасмыквацца’ (ТСБМ), ’торгаць пры нарыванні (з болем), балець праз аднолькавыя прамежкі часу, тузаць пры нарыванні’ (ТСБМ, Шат., Жд. 2, Жд. 3, Сл. ПЗБ; бялын., Янк. Мат.), то́ргаты ’нарываць’ (бяроз., ЖНС), ’шморгаць, часаць лён’ (Клім., Горбач, Зах.-пол. гов.), ст.-бел. торгати ’тузаць, церабіць, рваць’ (Сл. Скар.), сюды ж то́ргацца ’тузацца’ (Касп.), выклічнік торг: торг‑торг ’тык-мык’ (віл., Сл. ПЗБ). Укр. харк. то́ргати ’тузаць’, рус. то́ргать ’штурхаць’, ’тузаць’, ’тармасіць’, ’цягаць, скубці’, ’ірваць (лён)’, ’вымотваць нервы’; польск. targać ’тс’, ст.-польск. tergać, н.-луж. tergaś ’ірваць, раздзіраць’, ’тузаць’, ’тармасіць’, ’шчыпаць’, ’цягнуць’, ’перакідаць, зносіць’, ’разбіваць’, в.-луж. torhać ’тс’, ’драць’, ’вырываць’, чэш. trhati ’тс’, ’зношваць (адзенне, абутак)’, ’падрываць (скалу)’, ’пацепваць (плячом)’, славац. trhať ’тс’, ’торгаць пры нарыванні’, ’зрываць (адзенне)’, ’рэзаць (слых)’, славен. tŕgati ’рваць, зрываць’, ’расхопліваць (тавар)’, ’разрываць (адносіны)’, ’раздзіраць (адзежу)’, ’адломваць, адрываць’, харв. tȑgati, серб. тр̏гати ’рваць’, ’зрываць (плады)’, ’тузаць пры нарыванні раны’, макед. трга ’торгаць, цягнуць рыўкамі’, ’ад’язджаць’, ’піць з бутэлькі’, ’цярпець, пакутаваць, мучыцца’, балг. тъ̀ргам (Младэнаў, 640), тръ̀гвам, тръ̀гна ’ад’язджаць, рухацца ў дарогу, адыходзіць’, ’лахаць па розных месцах’, ст.-слав. истръгати ’разрываць, перарываць’, истръгнѫти ’вырваць, выцягнуць’, ’адабраць ад каго-небудзь’. Прасл. *tъrgati, звязанае чаргаваннем галосных з *tьrg‑ (Фасмер, 4, 83), *tr̋gati або *trgãti (Сной₂, 782; Рэйзак, 673) ці *tr̥gati (Борысь, 627), роднасныя лац. tergēre ’выціраць, асушаць, чысціць’, ’казытаць’, ст.-грэч. τρώγω ’грызу, хрумстаю, ем’, арм. tʼurc ’сківіца’, тахар. A і тахар. B trask ’жаваць’. Махэк₂ (651) прасл. *tъrgati супастаўляе з лац. stringere ’зрываць з паверхні, абрываць’, ’жаць, касіць’, ’злёгку драпаць, раніць’, ’датыкацца’ (з s‑mobile, якое ў *tьrgati страцілася), сцвярджаючы, што ‑r‑ тут не з’яўляецца каранёвым, звязвае яго з прасл. *tęg‑ ’цягнуць’, а Фасмер (там жа) — са ст.-інд. tṛṇḗḍhi ’расколаты, раздроблены’. Тым не менш Скок (3, 499), як і Борысь, Рэйзак і Сной, мяркуе, што прасл. лексема ўзыходзіць да і.-е. *ter‑ ’церці’, пашыранага фармантамі ‑gh‑ і ‑g̑h‑. Блізкім да то́ргаць (варыянт з азванчэннем пачатковага зычнага?) з’яўляецца до́ргаць ’торгаць’, ’патузваць чым-небудзь’, ’прагна хапаць ежу’, ’ванітаваць’, раздо́ргаць ’стан, калі нападае лютасць, ашалеласць, раз’юшанасць’ (Нас.), дэ́ргаты, да́ргаты ’часаць лён на грэбні’ (Уладз.), якое да прасл. *dьrgati, параўн. укр. де́ргати ’тузаць, торгаць’, дыял. де́рʼгати ’часаць (валакно)’, рус. дёргать ’торгаць’, ’рваць, выцягваць’, ’цягнуць’, ’рабіць рэзкі рух’, смал. дарга́ть ’раздзіраць’, стараж.-рус. дьргати ’торгаць’, польск. dziergać, старое dzierzgać ’фастрыгаваць’, ’вязаць’, н.-луж. źergaś ’часаць лён’, чэш. drhati, ст.-чэш. držěti se ’трэсціся’, drhat ’калыхаць’, dŕhat ’шчыпаць курыцу’, славен. dŕgati ’церці, месці’, dŕzati ’часаць’, ’шчыпаць траву’, балг. дъ́рзам ’мяць лён, трапаць яго’, якія суадносяць з *dьrati пашыраным на ‑g‑ < і.-е. *derH‑gh‑ ’цягнуць, ірваць, торгаць, здзіраць скуру’ (Фасмер, 1, 500–501; ЭССЯ, 5, 221; Сной₂, 124; Махэк₂, 127; ЕСУМ, 5, 603).

То́ргаць2 ’крычаць (пра драча)’ (ТСБМ). Слова пабудавана на гукаперайманні крыку гэтай птушкі, падобнага да дорг! (рус. дёрг!, польск. der‑der!), якое паўтараецца да 15 разоў (Праабражэнскі, 1, 179; Фасмер, 1, 501; Булахоўскі, ИАН ОЛЯ, 7, 103; Струтынскі, Nazwy, 114).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

не́сці 1, нясу, нясеш, нясе; нясём, несяце; пр. нёс, несла і нясла, несла і нясло; заг. нясі; незак.

1. каго-што. Узяўшы ў рукі, нагрузіўшы на сябе, перамяшчаць, дастаўляць куды‑н. [Людзі] неслі на насілках хворага. Якімовіч. Стары нёс за плячыма маленькі куфэрак. Чорны. // Дастаўляць, адносіць куды‑н. І нясуць, і нясуць транспарцёры На-гара, на-гара сільвініт. Хведаровіч. І нясуць у прасторы раскутыя міжпланетныя караблі Нашы вымпелы пяцікутныя. Бураўкін. // перан. Перадаваць каму‑н.; распаўсюджваць. Несці культуру ў масы. Несці веды народу.

2. каго-што і без дап. Перамяшчаць сілай свайго руху (пра вецер, плынь вады і пад.). Вецер нясе па небе хмары. □ Спакойна і павольна, як у зачарованым сне, утуліўшыся ў балоты, нясе Прыпяць сухадоламу Дняпру сваю багатую даніну. Колас. / у безас. ужыв. З усяго поля дзень і ноч дзерла снег і пясок і несла ў вёску. Пташнікаў. // Імкліва рухацца, імчаць; везці. Лодка ўвечар нас чакала, Несла нас ракою плыннай. Зарыцкі. Коні шпарка неслі па наезджанай саннай дарозе. Быкаў.

3. каго-што (толькі ў 3 ас., пераважна ў пытальных і клічных сказах). Разм. Прымушаць каго‑н. ісці куды‑н.; цягнуць. [Сымон:] — Куды гэта вас бог нясе? Лынькоў. Ажно млосна Саўку стала, Аж яго затрэсла: — А што цябе ў карак гнала? Куды цябе несла? Гілевіч.

4. Дзьмуць, павяваць, месці (пра халоднае паветра, завіруху і пад.). Мяккі снег лятае пухам, І канца яму няма, І нясе сярдзітым духам, Дзікім сіверам зіма. Колас. / у безас. ужыв. Ад акна несла холадам, тут хадзіў вецер, — нехта забыўся зачыніць фортку. Адамчык. // пераважна безас. Перадавацца па паветры, быць адчувальным (пра пах, цяпло і пад.). Пажарышча далёка відаць — на многа вёрст. Нясе гарам. Бядуля.

5. перан.; што. Выконваць якія‑н. даручэнні, абавязкі па службе і пад. Несці вахту. Несці ахову. Несці адказнасць. □ Сваю абходчыцкую службу Птах шануе і нясе спраўна, але не дае маху і на старане. Навуменка.

6. перан.; што. Пакутаваць ад чаго‑н.; мець страты. Несці кару. □ На стыку трох рэспублік Насыпаны курган. Тут біліся без страху І рускі, і латыш. Мы неслі разам страты, Салдаты і браты. Панчанка.

7. што. Прыносіць з сабою як вынік; выклікаць што‑н. Восень нясла смугу і доўгія ночы. Чорны. Хачу, каб славілі мы ўсе Паход, што людзям мір нясе. Куляшоў. Вайна заўсёды боль нясе. Броўка.

8. перан.; што. Разм. Гаварыць што‑н. недарэчнае, бязглуздае.

9. перан.; што. Мець, змяшчаць у сабе. Кожны сённяшні дзень нясе ў сабе крупінку дня ўчарашняга. «Маладосць». // Быць носьбітам чаго‑н. (якіх-н пачуццяў і пад.). Будзе ў сэрцы з веку ў век Несці творчай працы радасць Непакорны чалавек. Глебка.

10. што. Спец. Быць аснашчаным чым‑н. Карабель нясе шэсць гармат.

•••

Несці ахінею — гаварыць, пісаць і г. д. глупства.

Несці крыж — цярпліва пераносіць пакуты, выпрабаванні.

Несці сябе (высока) — трымаць сябе ганарліва. Які ён гога! які дока! Як ён сябе нясе высока! Колас.

Ногі не нясуць гл. нага.

не́сці 2, нясе; пр. несла і нясла; незак., што.

Класці яйцы (пра птушак). — [Куры-афрыканкі] нясуць малюсенькія і вельмі ж моцныя яйкі. Баранавых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ба́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.

1. каго-што. Успрымаць зрокам. А Аленка бачыла Сцёпку. Стаяла ў хаце каля акна і бачыла, як Сцёпка прайшоў па вуліцы. Колас.

2. Сустракаць каго‑, што‑н. [Люба:] — Таварыша Іванчанку дзе мне тут бачыць? Кучар. [Лабановіч:] — Ну, а вось ты, бабка, дзякаваць богу, трошкі пажыла-такі, а скажы ж мне, ці бачыла ты хоць раз начыстую сілу? Колас. // Трапляцца на вочы, сустракаць у жыцці. А сосны! Сосен ты такіх не бачыў, дружа любы! Свірка.

3. Уяўляць у думках. У нас у жылах творчы сок, Мы ўперад на стагоддзі бачым. Таўбін. Лесавод у думках бачыць перад сабой магутны лес з лістоўніц, дзе кожнае дрэва — волат. Мяжэвіч.

4. каго-што і чаго. Звяртаць увагу, заўважаць. На.. схуднелых бледных тварах [хлапцоў] можна было бачыць сляды глыбокіх чалавечых пакут. «ЛіМ». [Пніцкі:] — Мы не прывыклі да акуратнасці. Мы яе, сказаць, ніколі і не мелі.. У нас часта пад нагамі прападае, а мы не бачым гэтага. Чорны.

5. без дап. Валодаць пачуццём зроку. [Вася:] — Паступова да мяне вярнулася здольнасць бачыць. Шамякін.

6. што і з дадан. сказам. Усведамляць, разумець, адчуваць. Костусь бачыў, што праўду кажа Іллюк. Чорны. // Знаёміцца з кім‑, чым‑н., асабіста набыўшы дзе‑н. І Волгу бачыў я і Дон, багата рэк сібірскіх бачыў. Дубоўка. // Перажываць, зазнаваць, адчуваць на сабе. [Дзед:] — Добра табе [Міколку] так разважаць, калі ты ўсяго старога жыцця не бачыў. Лынькоў. [Лясніцкі] ніколі да гэтага не бачыў вайны. Шамякін. Ніколі ў жыцці нічыёй Не бачыла ласкі дзяўчынка. Смагаровіч. // Карыстацца, мець, валодаць. А цяпер, калі за гэту справу ўзяўся Рыгор і камсамольская ячэйка — не бачыць Грамабою гэтай зямлі. Крапіва.

7. каго-што. Выяўляць у кім‑, чым‑н. каго‑, што‑н. [Крушынскі:] — Цяпер бачу ў вас [Іван Мацвеевіч] свайго старога прыяцеля. Бядуля. Я чытаў і быў рад,.. што ў гэтым мужыку бацька бачыць самога сябе. Скрыган. З гэтага моманту Валя пачала бачыць у Любе не тое, што бачыла раней. Чорны. // Знаходзіць, успрымаць. Лічачы сябе пакрыўджаная. [Лёдзя] ва ўсім бачыла крыўднае для сябе, а ў кожным свайго крыўдзіцеля. Карпаў. Хтось бачыць музыку ў сасне, А хтосьці — новае карыта. Пысін.

8. што. Разм. Мець, атрымліваць. Што мы ад яго бачым — адны непрыемнасці.

9. у знач. пабочн. Падкрэслівае якую‑н. акалічнасць, які‑н. факт. [Пракурор:] — Ім, бачыце, цесна, ім мала Прастору, нямецкай зямлі. Колас. [Маёр:] — У нас тут, бачыце, чарніц вельмі многа. Брыль.

•••

Бачыць (навылёт) навылет, бачыць наскрозь — вельмі добра ведаць каго‑н.

Бачыць не магу (не можа) — ненавідзець, не пераносіць, не цярпець каго‑н.

Бачыць (на тры аршыны, на тры сажні) пад зямлёю — вызначацца праніклівасцю.

Бачыць саву смаляную — нічога не бачыць.

Бачыш ты! — пры выказванні здзіўлення.

Бог бачыць гл. бог.

Вось бачыш (бачыце)! — гаворыцца для пацвярджэння правільнасці чыіх‑н. слоў, вывадаў; ужываецца пры выказванні папроку і інш.

Вочы б мае не бачылі гл. вока.

Дай бог чутае бачыць гл. бог.

Далей свайго носа не бачыць — не бачыць таго, што робіцца навокал.

Дзе ты бачыў, дзе вы бачылі — ніколі, нізашто.

За дрэвамі не бачыць лесу — за чым‑н. дробным не заўважаць значнага, вялікага.

Зроду не бачыць — ніколі не бачыць каго‑, чаго‑н.

І бачыць не бачыў — поўнае адмаўленне ад чаго-небудзь.

Каб (мае) вочы не бачылі гл. вока.

Каб жа чутае бачыць — каб здзейснілася тое, што паабяцана.

Каго я бачу! — ужываецца пры выказванні здзіўлення, радасці ад сустрэчы з кім‑н.

На свае (уласныя) вочы бачыць — быць сведкам чаго‑н.

Не бачыць прасвету — быць вельмі занятым справамі, працай; доўгі час пакутаваць ад чаго‑н.

Не бачыць у вочы каго — зусім не бачыць.

Не бачыць, як сваіх вушэй — не быць таму, чаго хто‑н. жадае.

Па вачах бачыць — даведвацца аб унутраным стане, учынках каго‑н. па абліччы, па выразе твару.

Рад бачыць (вас) — форма ветлівага звароту пры сустрэчы са знаёмымі.

Свет не бачыў — надзвычай, незвычайна.

Свету белага (божага) не бачыць — быць вельмі занятым.

Спаць і курэй бачыць гл. спаць.

Толькі і бачылі — пра раптоўнае бясследнае знікненне каго‑н.

У вочы не бачыць — а) не сустракаць каго‑, чаго‑н.; б) не мець чаго‑н.

Як бачыш — а) хутка, скора. Конь добры, як бачыш заехалі; б) як пацвярджэнне пры адказе — так, але.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)