Тка́ха ’ткалля’ (Некр. і Байк., Ян., Жд. 1, Растарг., Нас., Ласт., Сцяшк. Сл., Уладз., Сл. Брэс., Шатал., Крыч.; ветк., ЛА, 4). Укр. тка́ха ’тс’, рус. дыял. тка́ха ’тс’. Паводле Сяткоўскага (Słow. nazwy, 114), скарочаная форма ад ткачы́ха з павелічальным (аўгментатыўным) значэннем; хутчэй ад тка́чка ’ткалля, прадзільшчыца’ (гл. ткач). Няпэўна; магчыма, утворана пад уплывам рус. пря́ха ’пралля’, параўн. ни пряха, ни ткаха (Нас.), вядомага і на частцы беларускай тэрыторыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Драпе́жны ’драпежны’ (БРС, Нас., Касп., Сл. паўн.-зах.). Запазычанне з польск. drapieżny ’тс’ (запазычанне ўжо ў ст.-бел. мове, гл. Булыка, Запазыч., 101). З польск. мовы ўзяты і шматлікія вытворныя: драпе́жыць, драпе́жства (Нас.), драпе́жнік, драпе́жніцкі, драпе́жніцтва (БРС); яны вядомы і ў ст.-бел. мове (Булыка, там жа). Насуперак Трубачову (Эт. сл., 5, 102) ст.-рус. драпежити з’яўляецца звычайным паланізмам. Здаецца, Слаўскі (1, 161) лічыць бел. драпе́жны, драпе́жыць роднаснымі з польск. лексемамі, што вельмі няпэўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Размаглява́ць (размаглева́ць) ’нарумяніць’, ’намасліць’ (Нас.), ’размаляваць, упрыгожыць’ (Шпіл.), размагліва́ць ’размаляваць, нафарбаваць’ (Бяльк.), размаглева́цца ’прыгожа апранацца, румяніцца’ (Нас.), размаглёванный ’нарумянены’ (Нас.), укр. маґлюва́ти ’дрэнна маляваць’, ст.-польск. maglować ’разгладжваць валасы, скуру’ (XVI–XVII ст.). Лучыц-Федарэц збліжае з ма́гель ’прылада, якой качаюць бялізну’, маглява́ць ’качаць бялізну’, гл. ЭСБМ, 6, 150, 152. Няпэўна. Па іншай версіі, якая падаецца больш верагоднай, лексема ўзнікла ў выніку збліжэння малява́ць (гл.) з фанетычна блізкім маглява́ць ’качаць бялізну’ (ЕСУМ, 3, 354).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сці́біць ’падхапіць, украсці’ (Варл., Кал.), сцы́біць, зьдзі́біць ’тс’ (Некр. і Байк.), сці́брыць ’тс’ (Касп., Бяльк., Растарг.), сці́брыты ’тс’ (Сл. Брэс.), сцы́брыць ’тс’ (Мат. Гом.), сці́бчыць ’тс’ (Жд. 3), сюды ж, відаць, сці́біцца ’ўшчамляцца, лезці’ (трак., Сл. ПЗБ); паводле аўтараў слоўніка, з літ. stiẽbtis ’выцягвацца’ (Сл. ПЗБ, 5, 39), што няпэўна. Параўн. рус. сти́брить ’тс’ і ’з’есці’. Няясна (Фасмер, 3, 759); паводле Горбача (Арго, 31), аргат. зци́брить ’украсці’ з цыган. тэ стырдэс ’тс’. Гл. цібрыць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кане́шне і кане́чне,

1. пабочн. сл. Само сабой зразумела, без сумнення. Аб гэтым канцэрце яшчэ задоўга прагудзелі ўсе вушы, і я вырашыў не прамінуць яго і, канешне, запрасіць Соню. Ракітны. Канечне, вельмі добра ведаць мову суседзяў, але найперш трэба ведаць сваю. Арабей.

2. прысл. Абавязкова, што б там ні было. Рызыкаваць хлопцам не хацелася: у іх жа вунь колькі зброі, і яны павінны канешне знайсці партызан... Якімовіч. // безас. у знач. вык. (часцей з адмоўем). Разм. Абавязкова. — А ты, брат Янка, пільнуй адзежу, бо прыдзецца зняць усё, апроч шапак... Не канечне стаяць над ёю крукам, — зрабіў агаворку Марцін, — а з вока спускаць не трэба. Колас. Пасля пачалі казаць: «Няхай сабе жывуць здаровенькі, а мне не канешне зрывацца з бацькаўскіх сцежак». Чорны.

3. сцвярдж. часціца. Так, зразумела, вядома. — [Ваш сын] служыў разам з маім Андрушам, хацела праведаць, пагаварыць... — А-а, яно канешне, канешне, — няпэўна прамовіў стары. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спяша́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак., з інф., з чым і без дап.

1. Імкнуцца рабіць што‑н. як можна хутчэй; спяшаць. Яны стаялі ўжо ля каліткі дома, дзе кватаравала Рэня. Алёшка спяшаўся дагаварыць: — Я люблю.. Цябе... Цябе я люблю... Лынькоў. Ляснічы няпэўна гмыкнуў. Ён ніколі не спяшаўся з вывадамі. Навуменка. Пакручасты кароткі хвост, прыроблены да апошняй літары, і распырсканае ў канцы чарніла павялі [Агнёва] на думку, што начальнік спяшаўся. Асіпенка.

2. Імкнуцца хутчэй ісці, рухацца, хутчэй трапіць куды‑н. Кожны дзень яна спяшаецца да бальшака І, прыклаўшы руку да вачэй, Прагна ўглядаецца на захад .. А яе каханага яшчэ і сёння Не адпускае вайна. Сіпакоў. Да кагосьці ляцеў і кагосьці ў душу сваю клікаў, Так спяшаўся — хаця б не спазніцца, паспець. Кірэенка. Алена расшпіляе і зноў зашпіляе ватоўку, перавязвае на галаве хустку і спяшаецца на двор, да сяброўкі Ганны. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Бі́гус ’бігус, сечанае мяса’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб.); пераносна ’ханжа, крывадушнік’ (Гарэц., Др.-Падб.). Укр. бігос ’смажаная капуста з салам’, рус. би́гус. З польск. bigos ’тс’ (а гэта з ням. Beguß; Латання, РФВ, 1, 262; Міклашыч, 13; Фасмер, 1, 164, або з ням. Beiguß; Шалудзька, Нім., 22). Гл. Кюнэ, Poln., 44; Шалудзька, Нім., там жа, і прыведзеную вышэй літ-py (няпэўна Брукнер, 27, які першакрыніцай лічыць ням. Bleiguß ’кавалачкі волава’). Параўн. ст.-бел. бигос ’рагу’ (XVII ст., Булыка, Запазыч.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гіча́н ’лісце і сцяблы рознай агародніны’ (БРС), таксама гіч, гі́чка, гічанё, гіча́ннік, гічы́ўнік, гіча́нне, гічэ́ўе (гл. Смулкова, Лекс. балтызмы, 41). Лічыцца запазычаннем з літ. gỹčas ’сцяблы табакі’ (Смулкова, там жа). Вельмі няпэўна. Ва ўкр. мове, акрамя форм тыпу гич, гича́, гича́ль (таксама гита́ль), гича́лля, ги́чка (гл. Грынч.), ёсць і ги́ка (лем.), гик (бойк.), што робіць версію аб літ. паходжанні гэтых слоў неверагоднай. Паводле Рудніцкага (614), паходжанне гэтых лексем няяснае. Параўн. і гіча́н ’качан салёнай капусты’ (Сцяшк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дварані́н ’дваранін’ (БРС). Рус. дворяни́н, укр. дворяни́н, польск. dworzanin, ст.-чэш. dvořěnin і г. д. Шанскі (1, Д, Е, Ж, 30) мяркуе, што гэта слова агульнаславянскае, што вельмі няпэўна. Паводле Слаўскага (1), польск. слова вядома толькі з XV ст.; Фасмер (1, 489) указвае, што рус. слова ў значэнні ’чалядзін князя’ вядома з XVII ст., рус. слова і польск. dworzanin — гэта калькі з с.-н.-ням. hövesch. Слав. словы хутчэй у большасці самастойныя ўтварэнні па вядомай мадэлі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

До́сыць ’досыць’ (БРС, Нас., Байк. і Некр.), таксама до́сіць, дос (Касп.). Паводле Кюнэ (Poln., 51), запазычанне, як і ўкр. до́сить, з польск. dosyć ’тс’. Вельмі няпэўна. Хутчэй за ўсё не запазычанне, а роднасныя формы. Гл. у Фасмера, 1, 532: рус. дыял. до́сыть, бел. до́сыць, польск. dosyć, чэш. dost, dosti, славац. dosti < *do syta. Так жа мяркуе (але без бел. форм) Слаўскі, 1, 157. Параўн. досць (гл.). Агляд форм гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 86–87.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)