прэ́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не мае дастатковай колькасці солі або зусім пазбаўлены яе; не салёны. Прэсная вада. // Які змяшчае ў сабе такую ваду. Прэсныя азёры. □ Рачныя вугры большую частку жыцця праводзяць у прэсных вадаёмах і толькі для нерасту ідуць аж недзе ў акіян, пасля гэтага яны гінуць. Гурскі.

2. Прыгатаваны без дастатковай колькасці солі або цукру, кіслаты, прыпраў; які не мае пэўнага смаку. Юшка не ўдалася. Зварылі яе шмат, і таму не хапіла ні солі, ні спецый. Рыба, як трава, прэсная, не лезла ў горла. Асіпенка.

3. Прыгатаваны без закваскі, не квашаны. Прэсны хлеб. Прэсны корж.

4. перан. Пазбаўлены вастрыні, займальнасці, жывасці; сумны. Прэсныя жарты. □ — Не! Трэба нарэшце вырвацца з-пад улады гэтай прэснай ідыліі! Трэба ўзняцца над ёю самому і ўзняць, вырваць адгэтуль Люду! Брыль. Вядома, ён гаворыць і робіць усё правільна, але сам Туміловіч — чалавек сумны і прэсны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Жур ’негусты аўсяны кісель’ (ТСБМ), журы́ха ’тс’, журэнька ’ўха’ (Касп.), жур ’назвы розных рэдкіх страў’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. смал., пск., цвяр. жур ’тс’, укр. жур ’тс’ (Жэлях.), польск. żur ’суп на аўсянай ці жытняй заквасцы або такая закваска’, серб.-луж. žur ’кіслае цеста, квас’, чэш. дыял. žur ’гразь, асадак’ < ’кісель’ (Махэк), славен. žȗr ’сыроватка’. Ст.-рус. журъ ’рэдкая страва’ (з XVI ст.). Паводле Брукнера, 669, Більфельдта, Die deutsche Lehnwörter im Obersorbischen, Leipzig, 1933, 297; Махэка₂, 731; Трубачова, Slavia, XXIX, 1960, с. 16, зах.-слав. < с.-в.-ням. sûr ’кіслае цеста’ (суч. ням. sauer ’кіслы’). Лідэн (IF, 19, 344), Бернекер (IF, 10, 156) прымаюць слав. паходжанне, да гэтага асцярожна схіляецца Фасмер, 2, 67. Супрун (Бюлетин за съпоставително изеледване на българския език с други езици, 1976, 5, 78–79) звяртае ўвагу, з аднаго боку, на наяўнасць у н.-луж. (паводле Мукі) у словах гэтага кораня паралельна са значэннем ’кіслаты’ значэння ’цяжкасці’, напр., žuriś se ’скісаць; гневацца’ і г. д., а з другога боку, на наяўнасць слоў са значэннем ’едкі’ ў чэш. мове на базе кораня žír < *žur‑ і слова журавіна ’кіслая ягада’. Магчыма, хаця і не абавязкова, што ў некаторых слав. семантычных адгалінаваннях слова жур адбываецца семантычнае ўзаемадзеянне запазычанага і слав. кораня. Для параўнання Фасмер прыводзіць нарв. køur ’вязкая сырная маса’, kjōre ’сыр у першай стадыі, калі малако яшчэ не закіпела’. Параўн. журэць, журыцца. Калекцыю дыял. значэнняў дае Козыраў, Очерки по сравнительно-исторической лексикологии русского і белорусского языков, 1970, с. 154.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прэ́сны1 ’які прыгатаваны без дастатковай колькасці солі або цукру, кіслаты, прыпраў; які не мае пэўнага смаку’; ’прыгатаваны без закваскі, не квашаны’ (ТСБМ, Ласт.), ’някіслы’, пре́сный ’тс’ (гродз., воран., ганц., рагач., рас., Сл. ПЗБ; ТС), ’свежы (пра малако)’ (КЭС; воран., гродз., Сл. ПЗБ), прэ́сна ’агульная назва прэснай стравы’ (гродз., Сл. ПЗБ); укр. при́сний, рус. пре́сный ’прэсны, някіслы, прыгатаваны без закваскі, няквашаны’, польск. przasny ’няквашаны, свежы’, чэш. přesný ’дакладны’, дыял. ’няквашаны (хлеб)’, славац. presný ’тс’, серб.-харв. пре́сан ’незаквашаны; сыры (аб мясе)’, славен. présen ’свежы; няквашаны’, балг. пре́сен ’тс’, макед. пресен ’свежы; сыры (пра мяса і пад.)’. Прасл. *prěsnъ з *prěsknъ, якое роднаснае літ. prė́skas ’свежы; няквашаны (пра хлеб, малако, капусту)’; гл. Траўтман, 231; Атрэмбскі, LP, 1, 140. Параўнанне са ст.-в.-ням. frisc ’свежы’. Фасмер (3, 360) лічыць сумнеўным з-за гукавай неадпаведнасці. Гл. таксама Фрэнкель, 652. Вештарт (Лекс. Палесся, 116) мяркуе, што ў адносінах да хлеба гэта — семантычная інавацыя, паколькі такое значэнне магло з’явіцца толькі пасля таго, як стаў вядомы квашаны хлеб, для дыферэнцыяцыі гэтых відаў хлеба.

Прэ́сны2 ’сыры’; ’незамёрзлы’ (ТС, ПСл). Параўн. укр. жытом. прэ́сна земля́ ’зямля, якая не замерзла (пад снегам)’, прэ́сна зіма́ ’зіма, калі снег выпадае на зямлю, якая яшчэ не замерзла’ (Лексика Пол.). Этымалагічна тое ж, што і папярэдняе слова (гл.), першапачаткова, відаць, пра зямлю свежа раскарчаваную (гл. Банькоўскі, 2, 809) або распрацаваную, параўн. балг. пре́снище ’від глебы’ (БЕР, 5, 668).

Прэ́сны3 ’нядрэнны, добры, няшкодны’: прэ́сная баба (Мілкоўскі, Наша Слова, 2000, 1 сак.). Да прэ́сны1; відаць, у супастаўленні з салёны (гл.) пра чалавека з рэзкім характарам. Інакш Гаўлава (Зб. памяці Слаўскага, 122), якая, лічачы што “няквашаны хлеб быў цвёрды”, дапускае развіццё ’цвёрды’ > ’злосны, жорсткі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

соль 1, ‑і, ж.

1. Белае крышталічнае рэчыва з вострым характэрным смакам, якое ўжываецца як прыправа да ежы. Сталовая соль. □ Тым часам маці тарапліва Закон дзядоў сваіх спаўняе: Кладзе кусочак хлеба з соллю Пад красны кут. Колас.

2. перан. Асаблівы сэнс, значэнне чаго‑н. [Апейка:] — Уся соль, па-мойму, у тым — што шукаць і як шукаць. Па-мойму, заўсёды трэба помніць пра людзей, якія цябе чытаюць і слухаюць. Мележ. Але ўся соль твора звычайна выступае на паверхні, адкрываецца ў поўным сваім аб’ёме менавіта ў трапных заключных радках добрай байкі. Бугаёў.

3. Хімічнае злучэнне, рэчыва — прадукт поўнага або частковага замяшчэння вадароду кіслаты металам. Калійная соль. Глаўберава соль. Берталетава соль. Каменная соль. Горкая соль. Кіслая соль.

•••

Насыпаць солі на хвост гл. насыпаць.

Падсыпаць солі гл. падсыпаць.

Пуд солі з’есці з кім гл. з’есці.

Соль зямлі — пра лепшых людзей якой‑н. грамадскай групы, грамадства.

Соль табе ў вочы — прымаўка, якую ўжываюць, каб засцерагчы ад дрэннага вока, ад уроку.

Сыпаць соль на раны гл. сыпаць.

Хлеб ды соль гл. хлеб.

Хлеб-соль гл. хлеб.

соль 2, нескл., н.

Пяты гук музычнай тамы, а таксама нота, якая абазначае гэты гук. І цудоўныя гукі то раптам паніжаліся да ніжняга соль і амаль знікалі, то нечакана ўзляталі да верхняга фа дыез. Васілёнак.

[Іт. sol.]

соль 3, ‑я, м.

Грашовая адзінка Перу, роўная 100 сентава.

[Ісп. sol.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)