Дыэтыламід лізергінавай кіслаты 7/403

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АЦЫЛІ́РАВАННЕ,

хімічная рэакцыя ўвядзення ў малекулу арганічных рэчываў ацыльнай групы (RCO). У залежнасці ад тыпу ацыльнай групы адрозніваюць ацэтыліраванне (ацыл воцатнай кіслаты), бензаіліраванне (ацыл бензойнай кіслаты), фарміліраванне (астатак мурашынай кіслаты HCO) і інш. Выкарыстоўваецца ў лабараторным і прамысл. сінтэзе для «захоўвання» рэакцыйназдольных гідраксільных і амінных груп, таксама ў вытв-сці лекаў.

т. 2, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЦЭТА́ТЫ ЦЭЛЮЛО́ЗЫ,

ацэтылцэлюлоза, вытворныя цэлюлозы (воцатнакіслыя эфіры) формулы [C6H7O2(OH)3-x (OCOCH3)x] n; тэрмапластычныя палімеры. Мал. м. 25—115 тыс., 52—61,5% звязанай воцатнай кіслаты, т-ра размякчэння 190—210 °C, шчыльн. (1,29—1,33)·103 кг/м³, нерастваральныя ў вадзе, спірце. Ацэтат цэлюлозы, які мае 60—61,5% воцатнай кіслаты (трыацэтат), у тэхніцы наз. першасным, пры яго частковым гідролізе ўтвараецца другасны ацэтат цэлюлозы з колькасцю воцатнай кіслаты 52—58%. Ацэтаты цэлюлозы няўстойлівыя да разбаўленых кіслот і шчолачаў, маюць добрыя валокна- і плёнкаўтваральныя ўласцівасці. Трыацэтат атрымліваюць апрацоўкай бавоўнавай ці драўніннай цэлюлозы воцатным ангідрыдам, другасны — амыленнем трыацэтату водным растворам воцатнай кіслаты. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці ацэтатнага валакна, электраізаляцыйных плёнак і кінаплёнак, пластмасаў (напр., этролы).

т. 2, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫКАДО́Н (ад анты... + кадон),

участак малекулы транспартнай рыбануклеінавай кіслаты (тРНК). Складаецца з трох нуклеатыдаў, якія маюць незамешчаныя вадародныя сувязі. Антыкадон камплементарны адпаведнаму кадону матрычнай рыбануклеінавай кіслаты (мРНК) і таму спецыфічна звязваецца з ім. Узаемадзеянне кадон — антыкадон, што адбываецца на рыбасомах у працэсе трансляцыі, забяспечвае правільнае размяшчэнне кожнай амінакіслаты ў поліпептыдным ланцугу пры біясінтэзе бялку.

т. 1, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЦЭТАЛЬДЭГІ́Д,

альдэгід воцатнай кіслаты, CH3CHO. Мал. м. 44,05. Бясколерная вадкасць з рэзкім пахам, tкіп 20,2 °C, шчыльн. 0,78·103 кг/м³, змешваецца з вадой і арган. растваральнікамі. У прысутнасці мінер. кіслот утварае цыклічны трымер—паральдэгід і тэтрамер—метальдэгід. Атрымліваюць каталітычным акісленнем ацэтылену ці прапілену. Выкарыстоўваюць у вытв-сці воцатнай кіслаты, воцатнага ангідрыду, этылацэтату, хларалю, поліацэталяў і інш.

т. 2, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ ХІМІ́ЧНЫ ЗАВО́Д.

Утвораны ў 1965. Да 1968 называўся суперфасфатны завод. У 1970 уведзены магутнасці па выпуску складаназмяшаных мін. угнаенняў; у 1974 — пушчаны цэхі 2-й чаргі з-да (грануляванага амафосу, фосфарнай кіслаты і фторыстых солей); у 1978 — цэх тэхн. сульфатанатрыю; у 1980 — новы цэх сернай кіслаты. У 1986 асвоена азотна-кіслародная ўстаноўка. Выпускае больш за 20 відаў прадукцыі.

т. 5, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРО́ТАВАЯ КІСЛАТА́ (ад грэч. oros малодзіва),

вітамін B13, 2,4-дыоксіпірамідзін-6-карбонавая кіслата. Прысутнічае ў тканках жывёл, раслін і мікраарганізмах; стымулюе рост. Папярэднік пірымідзінавых асноў, неабходных для біясінтэзу нуклеінавых кіслот, сінтэзуецца з аспарагінавай кіслаты і карбамілфасфату. Вылучана ў 1905 з каровінага малака, выяўлена ў малацэ інш. жывёл і жаночым, шмат у дражджах і печані. Каліевую соль аротавай кіслаты выкарыстоўваюць у медыцыне.

т. 1, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПУ́РАВАЯ КІСЛАТА́,

бензаіл-гліцын, C6H5CONH2CH2COOH, адзін з канчатковых прадуктаў абмену рэчываў у большасці пазваночных жывёл. Утвараецца ў печані і нырках з бензойнай к-ты і гліцыну пры ўдзеле каэнзіму A; выдаляецца з мачой (у норме ў чалавека за суткі выдаляецца 0,1—2 г гіпуравай кіслаты). Проба на сінтэз гіпуравай кіслаты выкарыстоўваецца ў клініцы для вызначэння здольнасці печані абясшкоджваць таксічныя рэчывы (Квіка—Пытэля проба).

т. 5, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСЦЫ́ЗАВАЯ КІСЛАТА́,

гармон раслін. Па хім. будове ізапрэноід. Рэгулюе працэсы завядання і ападання лісця (паскарае ўтварэнне аддзяляльнага слоя), тармозіць рост адрэзкаў сцяблоў і калеоптыляў. Біясінтэз абсцызавай кіслаты і гармонаў росту — гіберэлінаў — адбываецца ў раслінах з мевалонавай к-ты. Мяркуюць, што сістэма біясінтэзу абсцызавай кіслаты або гіберэлінаў рэгулюецца лішкам аднаго з гэтых прадуктаў. Прэпарат абсцызавая кіслата выкарыстоўваецца для вывучэння тармажэння працэсаў росту.

т. 1, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРБІТУ́РАВАЯ КІСЛАТА́,

маланілмачавіна, гетэрацыклічнае арганічнае рэчыва, C4H4N2O3, мал. м. 128,10. Бясколерныя крышталі, tпл 248 °C (з раскладаннем). Кіслотныя ўласцівасці абумоўлены таўтамерыяй. Сінтэзуюць з мачавіны і малонавай кіслаты.

Вытворныя барбітуравай кіслаты, што маюць алкільныя, цыклаалкільныя, арыльныя замяшчальнікі, наз. барбітуратамі. Яны прыгнечваюць ц. н. с., выкарыстоўваюцца як снатворныя, процісутаргавыя і наркатычныя сродкі. Пры працяглым ужыванні барбітуратаў арганізм прывыкае да іх; вял. дозы — смяротныя.

т. 2, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)